Перамога ценю  Вітаўт Чаропка

Перамога ценю

Вітаўт Чаропка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 1996
95.66 МБ
— Я ведаю ўсе крамы. Прыехала ў горад, набрала прадуктаў — і дадому. Што яшчэ ў горадзе рабіць...
— Так, так,— згаджалася другая.— Раней лепш жыць было. А зараз... А кохта добрая... Багата ў гэтым годзе яблык у людзей. Можна капейку ўтаргаваць.
— Сённі, ета, адзін там, на рабоце, грошы атрымаў — пяцьдзесят рублёў. Дзяцей двох. Галодны ходзіць. А я вось і кажу. Ета, на хлеб мала. Праўда?
— He дай Бог. Што ты. А вось забылася. Сонін Саша ажаніўся. 3 Агул узяў дзяўчыну.
Заснеш тут з такімі. Супермен расплюшчыў вочы. Усё той жа краявід зжатых палеткаў за акном. Нейкая птушка,
з цяжкасцю ўзмахваючы крыламі, ляцела ўслед за вагонам. На памяць прыйшло: «Птушка з апаленымі крыламі». Некалі ён чытаў апавяданне з такой назвай. Ужо не прыгадае, хто яго напісаў, а вось назва спадабалася і запала ў душу. Расказвалася там пра школьнікаў, якія ў вандроўцы злавілі птушанё зязюлі. I гэтыя «правільныя» хлопчыкі, што пісалі ў сачыненнях прыгожыя і ўзнёслыя словы пра любоў да Радзімы, пра мужнасць, сумленне, душэўную прыгажосць, падпалілі зязюльчаня. Яно, маўляў, дрэннае, бо яго маці падкінула яйка ў чужое гняздо. Хлопчыкі рагаталі з таго, як ахопленае агнём птушаня з крыкам насілася па зямлі. I той, які быў адарвігалава, двоечнік, ганьба класа, не вытрымаў, падбег і забіў бездапаможную істоту, каб яна не пакутавала. Вось такое апавяданне. Кім сталі тыя хлопчыкі? Сапраўднымі мужчынамі? Кажуць, пэўна, зараз правільныя словы пра гонар, сумленне, любоў і вырашаюць, што ёсць добрае, а што — дрэннае. А той адарвігалава? Можа, гэта ён — Супермен? I вось цяпер вырашылі тыя мужчыны, што ён — нахабнік, жыць спакойна не дае. Але ў чым яго віна?.. Хіба зязюля па сваёй забаве падкідвае яйкі ў чужыя гнёзды? He. Такі яе лёс — інакш яна не можа. Так і ён. Суперменства — яго жыццё... Але ж нахабнік — і паднесена запалка да яго крылаў, апаліў іх агонь, і што ж, у несуцешным сваім горы адчайна не рвацца ў нябёсы? Салодкі смак хлеба з рук чалавека прамяняць на спеў ветру і птушыны палёт?
— Электрычка прыбывае на канцавую станцыю,— аб’явіў дынамік у вагоне.
За акном замільгалі драўляныя хаткі, шэрыя двухі трохпавярховыя будынкі нейкага мястэчка. Праехалі высокі пераходны мост, воданапорную вежу з чырвонай цэглы, пашарпаны будынак дэпо, перон, на якім стаяла купка людзей.
Вагон спыніўся далёка за станцыяй. Супермен пакрочыў уздоўж чыгункі, абыходзячы густыя мазутныя плямы. Злева, за півярняй, каля якой тупалі чырванатварыя мужыкі, цягнуўся высокі плот, справа, на запасных пуцях, знайшлі апошні прытулак старыя цягнікі. Глухая правінцыяльнасць кідалася ў вочы ва ўсім: у драўляных хатах, акружаных садамі, сумнай і ўбогай архітэктуры цагляных будынкаў, пакрытым пылам асфальце з выбоінамі, простай вопратцы людзей, адсутнасці няспыннай гарадской мітусні. Здавалася, час тут заблукаў і ніяк не мог выбрацца з лабірынтаў кладзішча цягнікоў.
На пераездзе панурыя мужыкі здымалі старыя знакі, вешалі на слупы новыя.
Горад застаўся за спіной. Вузкая сцяжынка, па якой крочыў Супермен, пабегла ўніз з насыпу. Вось ён ідзе і не ведае — куды. Як хацеў. Насустрач яму — мужчына і кабета. У абодвух абветраныя і загарэлыя твары. Кабета апранута па-вясковаму сціпла і безгустоўна: паношаная чорная спадніца, выцвілая кофта, стракатая хустка, з-пад якой выбіліся пасмы сівых валасоў. На мужчыне — старыя афіцэрскія боты, галіфэ і зашмальцаваны пінжак. Фуражка са слядамі ад кукарды і раменьчыка. Паперадзе іх бегла малое кудлатае сабачанё. Супермен збочыў са сцяжынкі, прапускаючы сустрэчных. Тыя недаверліва зірнулі на яго. Пачуў, як кабета прыкрыкнула на сабачанё:
— Жулік, хоць бы раз брахнуў. Што гэта такое?
Мужчына падтрымаў яе:
— Hi разу не брахне...
Ад насцярожанасці ў іх вачах, ад гэтага шкадавання, што сабака нават не брахнуў на яго, Супермен адчуў сябе чужым і не патрэбным нікому ў свеце, самым звычайным прыніжаным чалавекам. I яму стала шкада сябе.
Ён пайшоў далей. Роўныя, як нацягнутыя струны, рэйкі зіхацелі на сонцы. На дрэвах, што раслі абапал сцяжыны, чырванелі плямы дрывесных клапоў. У паветры гудзелі пчолы, кружыліся над кветкамі. 3-пад ног з шоргатам разбягаліся яшчаркі, якія грэліся на сонцы. Сцяжына звярнула ў хвойнік. У лесе стаяў вільготны прыемны пах смалы, ігліцы і моху. Сонечныя промні прабіваліся праз зялёнае скляпенне і светлымі блікамі клаліся на сцяжыну. Хвойнік хутка скончыўся, і хлопец выйшаў да невялічкай вёеачкі. У крайняй хаце палілі ў печы. Пахла гаркаватым дымам, сенам. I гэты водар вясковага жыцця, і выгляд хат, кукарэканне, кудахтанне і рыканне — усё хвалявала Супермена. Нікому не прызнаваўся ён, што некалі ў маленстве, пакуль не пайшоў у школу і маці не забрала яго да сябе ў горад, жыў у вёсцы ў бабулі. У школе яго, «дзікаватага і грубага», які размаўляў «па-вясковаму», называлі «деревней» і не сябравалі з ім. Нямала папацеў, каб навучыцца казаць «па-гарадскому», і як ён ненавідзеў сябе, калі раптам у размове з кімсьці міжволі з вуснаў зрывалася «деревенское» слоўца. I вось цяпер ён, які столькі гадоў выракаўся ўсяго вясковага, які стаў Суперменам, трапіўшы ў вёску, раптам усхваляваўся. Крочыў па вуліцы і з прагнай цікавасцю азіраўся вакол, нібы адкрыў для сябе новы
Вокны многіх хат былі забіты крыж-накрыж дошкамі. На пакінутых сядзібах вымахала ў чалавечы рост крапіва, агароды зараслі лебядою.
Супермен параўняўся з натоўпам старых. Скручаныя гадамі дзяды і бабулькі абапіраліся на кійкі, моўчкі паглядалі ў двор сядзібы, каля якой сабраліся. Убаку ля пахіленага плота тупалі музыкі. На траве зіхацелі іхнія трубы. «Хаваюць некага»,— падумаў хлопец.
На прызбе кабета ў чорнай вопратцы налівала з каністры мутную вадкасць у жбан, які трымала жанчына ў белым. Дзіўным і недарэчным быў кантраст іх адзення: чорнае і белае. Нібыта не ў жыцці ўсё адбывалася, а ў тэатры і жанчыны выконвалі ролі-сімвалы зла і дабра, жалобы і радасці.
Кабета ў белым выйшла з двара і, беражліва прыціскаючы жбан да грудзей, падалася праз вуліцу. Яна ўвайшла ў хату, каля якой бавілася выпацканая ў пыл басаногая малеча. 3 расчыненых вокнаў чуліся п’яныя галасы і крыкі «горка!». «Баляванне пад час чумы»,— падумалася Супермену.
Нешта знаёмае было і ў гэтай вёсцы. I ў краявідзе за яе ваколіцай. I здалося, некалі ён быў тут, бачыў вёску і луг за ёй, на якім адЗінока рос дубок, і сцяну лесу за лугам, вербы, што нахіліліся над пыльным шляхам, і цагляны будынак крамы некалі бачыў. Ці не сюды прыходзіў ён з бабуляй з суседняй вёскі па хлеб ды газу... А пасля вось гэтым шляхам яны вярталіся дадому. Час ад часу сядалі на траву адпачыць. Дык няўжо трапіў у тыя мясціны, якія гадоў дваццаць як пакінуў? I гэтая рэчка, што нясе празрыстыя воды паміж зарослых ярнікам і вербалозам берагоў, знаёмая яму. Ён памятае, як кошыкам лавілі яны з сябрам рыбу. Якую радасць выклікала плотка ці пячкур, што біліся аб пруткія лазовыя галінкі. Ну а калі трапляў шчупак— стрымгалоў беглі яны да берага, каб, барані Божа, не выскачыў у ваду. Але ж якое імя сябрука? Даня? Гедзя? Ці яшчэ як?.. Маленства з ім правёў. Памятае, як той выбіў яму два зубы — каталіся з горкі на санках, як тады плакаў і харкаўся крывёю, а сябрук рагатаў.
Супермен перайшоў драўляны, з дзіркамі, без парэнчаў, мост. Кіраваўся ён у бабуліну вёску. Як называлася яна, таксама дакладна не ведаў. Ці то Ліцвінава, ці то Лучыцы. Здаецца, Лучыцы; яшчэ было тады віно «Лучыстае», што ў вёсцы называлі на свой лад «Лучыцкім». Відаць, Лучыцы...
Хлопцу хацелася зірнуць на старую хату. Пасля смерці бабулі ён ужо ніколі не чуў, як рыпяць пад нагамі палавіцы, не грэўся на печцы, не паглядаў з акна на суседні двор, чакаючы ўбачыць суседскую дзяўчыну, не выбягаў ранкам у сад, каб назбіраць пад яблыняй сакавітых медавікоў, не слухаў. як спявае ў падпеччы цвыркун. Успомнілася, як цягнула яго з горада да бабулі, як першыя дні, уткнуўшыся ў сцяну, плакаў і канючыў: «Ба-а-ба», па-дзіцячы спадзеючыся, што яго слёзы крануць маці і яна адвязе яго зноў у вёску, дзе ніхто не смяяўся з яго мовы. Ды матулю слёзы так і не кранулі. Яна раззлавана крычала, каб сціхнуў і не скуголіў — даў ёй спаць.
Такое адчуванне, што ён вяртаўся ў мінулае, дзе не было ні расчараванняў, ні гора, ні суму, ні трывог, ні думак пра будучае. Ен — выгнаннік сённяшняга дня, і нічога ў яго не засталося, апроч маленства — там яго чакаюць, там радзіма і дом.
Замест старой бабулінай хаткі з крытым драніцай дахам, за высокім плотам, што ашчэрыў вострыя зубы, паверх якіх быў нацягнуты калючы дрот, стаяў прасторны цагляны дом. Высокія шчыльныя вароты, што пакоіліся на дубовых слупах, вартавалі ўваход у двор. Дзе тая старая хатка, у якой было столькі незвычайнага? Хлопчыкам ён верыў, што ў падпеччы жыве хатнік, а калі адчыніць паддзімала — адтуль выскачыць чорны, як сажа, чорт. (Так казала яму бабуля.) Таямнічымі і непаўторнымі былі рэчы: вышыўкі ў партрэтных рамках, вялікі куфар.і дзе ляжала адзежа, разныя паліцы, на якія бабуля хавала ад яго цукеркі і варэнне, дзверы, у якіх куля ў вайну прабіла дзірачку, партрэты бабулінай радні, што жыла ў Амерыцы, старыя кнігі з малюнкамі, абразы, абвешаныя ручнікамі, колкі вялікі альяс, што рос у дзежцы, шафа, у якой ляжалі розныя жалезныя прылады: малаткі, завесы, цвікі, замкі — яго цацкі.
Супермен хацеў зайсці ў двор, але за варотамі пачулася бразганне ланцуга і пагрозлівы сабачы брэх. Хлопец пашукаў вачыма, куды прысесці, але нідзе паблізу лаўкі не было, сеў на траву каля плота. Прыгадаў, як калісьці выбягаў з двара і лавіў у траве конікаў.
Ён запаліў. «Адшукаць бы сябра. Цікава, ці пазнае мяне?» — падумаў і падняўся з долу. Як памятаў, сябар яго жыў недзе ў канцы вёскі.
На выгане ўбачыў людзей, падышоў да іх. Ніхто на яго не звярнуў увагі. Большасць з іх былі старыя. Людзі акру-
жылі чырвоны «МАЗ», на кабіне якога красаваўся белы надпіс «Агітацыя». На кузаве стаялі пяць чалавек. Супермен адразу пазнаў уладальніка лімузіна. Той, апрануты ў чорную тройку з белай кашуляю, пры гальштуку, трымаючы за спіной рукі, сумна пазіраў паверх людскіх галоў. Побач з ім стаяла Вольга. Гледзячы на яе сур’ёзны, заклапочаны твар, нельга было і паверыць, што яшчэ нейкую гадзіну назад гэтая дзяўчына без асаблівага сораму ледзь не легла на канапу з чалавекам, якога ўпершыню ўбачыла. За спінамі ўладальніка лімузіна і Вольгі тупалі два здаравенныя дзецюкі ў форме ахоўнікаў парадку з доўгімі чорнымі дубінкамі ў руках. А перад мікрафонам выступаў юнак у галіфэ і фрэнчы без пагонаў. На нагах былі ялавыя боты. На грудзях ярчэй за люстэрка на сонцы зіхацеў ордэн. Людзі адводзілі вочы ад прамоўцы.