Перамога ценю
Вітаўт Чаропка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 1996
1990 г.
ЗАКОН МАЯТНІКА
Дарэмна мы лічым сябе людзьмі, якіх аб’яднала слова, нас аб’яднаў стол, за якім мы сядзім: вялікі, круглы, масіўны і паліраваны. Мы, далёкія і чужыя адзін аднаму, амаль нічога не ведаем пра кожнага з нас у асобку. У нашым панурым маўчанні адчуваецца адчужанасць, у нашых вачах — самота. Падобныя мы на выпадковых людзей, што сабраліся разам, каб выканаць нейкі абавязак ці рытуал, які нас не цікавіць і не хвалюе, і мы жадаем, каб хутчэй ён скончыўся.
Слухаем апавяданне. Аўтар сам чытае. Голас нідзе не задрыжыць, нідзе не сарвецца, не прыцішыцца. Так звы-
чайна перад шэрагам у войску зачытваюць загад. Ды і сам аўтар сваім цвёрдым голасам, суровым тварам, падазроным позіркам шэрых вачэй, якім ён час ад часу, адарваўшыся ад паперы, акідвае нас, нагадвае мне вайскоўца. Так і чакаю, што ён зараз рэзка ўскочыць з крэсла і гаркне на ўсю глотку нешта накшталт: «Слухай мой загад». I апавяданне ён чытае, здаецца, для таго, каб мы пасля дружна крыкнулі: «Ура!» Я сумую: апавяданне мне не падабаецца. He магу доўга зразумець, што менавіта чытае аўтар: ці гэта проста замалёўкі з натуры, якія з пратакольнай дакладнасцю перанесены на паперу, ці нешта падобнае на «акынпрозу» (што бачу, пра тое і пішу), ці сапраўды, як сцвярджаў аўтар, апавяданне. Які сэнс ва ўсіх гэтых дэталёвых апісаннях таго, што адбываецца вакол героя аповеда? У чарзе па квіток на аўтобус, у дыялогах людзей, апісанні іх вопраткі і твораў.
Каля мяне сядзіць старшыня літаб’яднання. Кучаравая рудая барада, якую ён адгадаваў за зіму, састарыла яго на некалькі гадоў. Старшыня крэмзае алоўкам па аркушы, на якім ужо намалявана зорка Давіда і напісана: «Пошукі... Каштоўнае — жыццё... Няма дынамікі... Адмысловая проза... Паказ мускулаў... Культурыст...»
Я бяру паперу і пішу асадкай: «Сумна. Я ўжо нічога не разумею. Завязка на шматтомны раман». Старшыня піша мне ў адказ: «Такая проза патрэбна». Нарэшце апавяданне прачытана. Аўтар дзелавіта збірае лісткі ў стос, выраўноўвае іх. Зняважліва паглядае на нас.
— Ну, пачнём абмяркоўваць? — кажа старшыня.— Хто першы? — Ён абводзіць нас позіркам.— М., давай з цябе.
— He, я ў прыватнай гутарцы выкажу свае меркаванні,— адказвае М. і ўсміхаецца прыязна аўтару.
— Ну, давайце, хлопцы, смялей,— падбадзёрвае нас старшыня.
Ён нібыта будзіць нас ад сну, а нам прачынацца не хочацца.
Цягнецца доўгая няёмкая цішыня. Мы апускаем вочы, каб не пазіраць адзін на аднаго.
Першы адважыўся крытык Ш. Ён доўга вяшчае пра канстатацыю факта, апісальнасць аповеда, культуру мовы, кажа, што не паказаны характар героя ў развязцы, не разумее, да чаго прывёў свайго героя аўтар.
— А ты чаго маўчыш? — звяртаецца да мяне шэптам паэт, што сядзіць леваруч.
А што мне казаць? Што апавяданне сумнае, зацягну-
тае і сапраўды апісальнае. Хаця я б мог мовіць аўтару. He, яго герой не зробіць крок цераз парог новага жыцця. Аўтар нічога не ведае пра закон маятніка, пра няўмольны закон маятніка. Калі чалавек не зробіць свой рашучы крок сёння, калі адкладвае яго на заўтра — спрацоўвае закон маятніка; сілы ўчарашняга дня цягнуць яго назад, туды, адкуль ён так прагне вырвацца. Заўтра настае сёння, і сёння трэба было герою парваць з усім тым, што яго злучала з учарашнім. Вось так і будзе герой ірвацца душою са свайго апрыклага становішча, і не вырвацца яму, бо старое нязменна будзе мацнейшае за яго самога. Туды-сюды, тудысюды — закон маятніка. Вось так.
— Калі казаць праўду, дык мне не хочацца даваць якіясь ацэнкі. Адчуваеш пакуты адзінокага чалавека, падзяляеш яго пошукі адказаў на няпростыя пытанні жыцця,— прамовіў паэт В., гэткі інтэлектуальны гвалтоўнік, яму дай толькі слова — і не спыніць, не стрымаць. У мяне такое ўражанне, што ён проста інтэлектуальны дурань, бо чалавек без пачуцця меры падобны на дурня.
Празаік Г., які нешта запісваў у блакнот, падняў галаву. I па яго агрэсіўным позірку можна здагадацца, што ён падкіне жару.
— Тут, калі паслухаць В., дык перад намі жывы класік. А я ў гэтым аповедзе нічога незвычайнага не знаходжу,— прамовіў ён суровым голасам.— Такое ўяўленне, што літаратура для аўтара — палігон для выпрабавання сваіх «саракапятак». Думак і на абразок не набярэцца.
— Я вельмі абрадаваны, што хоць на абразок вы набралі думак. У цябе іх набіраецца толькі на хайку,— кінуў у адказ раззлаваны аўтар.
Празаік Г. прапусціў гэтыя словы, працягваў:
— Я думаю, ты закамплексаваўся ў смакаванні сваёй адзіноты і смутку. Як бы любуешся імі...
— Чаму закамплексаваўся?..— у размову ўступіў паэт, што сядзіць леваруч ад мяне.— Аўтар падымае вельмі важнае пытанне. Мы ж усе адзінокія.
Калі нарэшце закончыцца гэтае сумнае абмеркаванне? Дома мяне, пэўна, чакае званок ад жанчыны. Я ведаю, яна не супраць правесці вечар са мною. I я вазьму бутэльку шампанскага і паеду да яе. На стаянцы таксі п’яныя мужыкі будуць хапаць адзін аднаго загрудкі, высвятляць, хто з іх першы ў чарзе. А першы — я. Мяне чакаюць. Іх ніхто не чакае, ім няма куды спяшацца. Адкуль я ведаю, што адбудзецца менавіта так? А так некалі было. А што было
аднойчы, тое аднойчы і паўторыцца. Ужо тады, калі таксі рванецца скрозь начную імглу, асветленую ліхтарамі, я падумаю, што зараз робіць паэт В. Ён, пэўна, сачыняе вершы, а празаік, пэўна, перарабляе сваё апавяданне, крытык Ш., магчыма, ужо спіць, а я ўцёк ад літаратуры. Я хачу жыць. I заўтра закон маятніка верне мяне да літаратуры.
1987 г.
ПАКУЛЬ HE СЦІХНЕ ДОЖДЖ
Ён нібыта сышоў з экранаў амерыканскіх баевікоў.
Рослы, шыракаплечы, з вузкай таліяй — вылеплены з мускулаў, як элінскі атлет. Яго па-мужчынску суровы твар рамантычны. Ён смелы і дужы, валодае прыёмамі ўсіх школ барацьбы — ударамі далоні ломіць дошкі і цагліны, забаўляючыся, завязвае ў вузлы арматуру, кідае нажы на шоргат ды трапляе ў ціры толькі ў дзесяткі. Утаймоўвае дзікіх коней, можа тыднямі жыць без ежы і вады, умее кіраваць машынай, матацыклам, яхтай і самалётам. Ніколі і нічога не баіцца: ні смерці — ні жыцця, ні закону — ні беззаконня. Ён эрудыт і палітолаг, гурман і меламан... Адным словам — Супермен.
Вось ён, нібы старшакласнік сярод малодшых вучняў, з пачуццём сваёй перавагі і абранасці крочыць па праспекце. Яму няма куды спяшацца: ні ў віна-гарэлачную краму, ні ў чаргу па цукар ды масла, ні на працу — Супермен далёкі ад штодзённай мітусні. Усё, што патрэбна для жыцця і прэстыжу,— мае.
У цьмяных шкельцах яго акуляраў адбіваецца людская плынь. Супермен нібыта не бачыць нікога і ў той жа час бачыць усіх. Жанчыны пажадліва паглядаюць на яго. Бывала і такое, што некаторыя з іх насмельваліся пазнаёміцца. Але Супермен прывык выбіраць сам...
Сёння ён выйшаў на шпацыр. Дзень не абяцаў нічога незвычайнага. Як надакучыў яму горад з будынкамі-скрынямі, плакатамі, што заклікаюць усіх выконваць пастановы ўрада, з гэтымі людзьмі-ценямі, якія сноўдаюць па вуліцах і спуджана зашываюцца ў натоўп, убачыўшы ахоўніка парадку. Рэдка хто з іх усміхаецца. I калі ў каго і блішчаць вочы, дык не ад нейкіх перажыванняў, а ад выпітага віна.
Людзі баяцца моцных пачуццяў. Падыдзі да любога і прапануй самае лёгкае — плюнуць на партрэт прэзідэнта. Крый божа пачуць ім такое — як ад вар’ята пабягуць.
Няўжо наканавана без прыгод туляцца па горадзе, а пасля гібець вечар у шынку, піць каньяк і назіраць за п’янчугамі? Усё гэта так надакучыла. Часам здаецца, што ён і сам падобны да іх, з выглядам шчасліўчыка сядзіць за сталом і з юрлівасцю пазірае на жаночыя ногі.
Супермен збочыў з шумлівага праспекта на вузкую вулку старога горада. Абшарпаныя будынкі шчыльна туліліся адзін да аднаго, нібыта баючыся нападу сучасных хмарачосаў. Раптам за спінаю хлопца прагучаў патрабавальны аўтамабільны сігнал. Ён не звярнуў на гэта ніякай увагі. Сігнал паўтарыўся.
— Гэй, таварыш, аглух?! — аклікнулі з аўто.
Супермен азірнуўся на чорны лімузін — з акенца глядзела галава шафёра.
— I што ты хочаш мне такое сказаць, чаго я не ведаю?
— Таварыш, праезджая частка не для таго, каб па ёй прагульвацца,— павучальна, нібы настаўнік вучню, прамовіў шафёр.
Уладальнік лімузіна меў усе атрыбуты прадстаўнічага чалавека: добра выгалены падбародак, тройку, белую кашулю і галыптук. У ягоных вачах, здавалася б, нязлосных і прыяцельскіх, Супермен прачытаў: «Ну і што з таго, што ты малады і прыгожы. А вось я пры пасадзе, пры сувязях, я — валадар гэтага жыцця. Любое маё жаданне выконваецца».
На заднім сядзенні хлопец убачыў дзяўчыну гадоў васемнаццаці. Тая, адкінуўшыся на спінку, папыхвала цыгарэтай, выпускаючы з танклявых ноздраў прамога носіка струменьчыкі дыму. Прыжмурыўшы вочы, яна насмешліва паглядала на Супермена, нібы ацэньвала.
— Ну што, прыяцель...— Супермен схапіўся за дзверцы машыны і рвануў іх на сябе.
— Што вы робіце? — віскнуў шафёр.
He ведаў ён, што калі б хлопец захацеў — вырваў бы гэтыя дзверцы разам з завесамі. Кароткае імгненне барацьбы — і Супермен выцягнуў уладальніка з ягонага лімузіна, адштурхнуў убок, сеў у машыну, закрыў дзверцы. Рабіў ён усё спакойна, з поўнай абыякавасцю да скавытанняў прадстаўнічага чалавека, няўмольны ў сваёй саманадзейнасці. Рукі звыкла ўзяліся за баранку. Лімузін крануўся з месца, пакідаючы пасярод вуліцы свайго разгубленага гаспадара.
Праз люстэрка Супермен паглядзеў на дзяўчыну. Збянтэжаная, тая пачырванела. Ён усміхнуўся і надаў хуткасці. Машына панеслася па вузкай брукаванцы.
Дзяўчына нарэшце апамяталася, выкінула ў акенца канчарык, таропка дастала з сумачкі пачак цыгарэт і зноў запаліла. Глыбока зацягнуўшыся, спытала:
— Навошта ты гэта зрабіў?
— Дух супярэчнасці прыносіць у наша жыццё гераічнае. Згадзіся, не кожны пойдзе супраць устаноўленых нормаў паводзін або насуперак свайму страху.— Ён зірнуў у люстэрка — дзяўчына дыміла цыгарэтай, абыякава паглядаючы яму ў патыліцу.— Зрабі што-небудзь у сваім жыцці насуперак агульнапрынятаму — і табе гарантавана слава героя або чалавека, які апярэдзіў свой час.
— Хм...— азвалася дзяўчына.— Ты хоць ведаеш, хто ўладальнік гэтай машыны?
— I не цікаўлюся. Лепш скажы, як цябе велічаць?
— Вольгай.
— А я — Супермен.
— Супермен...— захіхікала тая.— Шыза косіць нашы шэрагі.
— Ты што, дзявуля, тармозіш па выпадку? Кажу табе: Супермен.— Ён вывеў лімузін на праспект, абганяючы адну машыну за другой.