Узяла цётка Сіма нейкага поца, той устаў на рынку і прадаў кавуны. I што вы думаеце, была ў цёткі Сімы тысяча рублёў, а стала тры тысячы. Бацька ёй тады сказаў так: «Сіма, дарагая мая, ты з тысячы рублёў зрабіла тры тысячы. He ганьбі, калі ласка, сям’ю, гэткі бізнес можа рабіць любы гой, гэта прыніжае ўвесь наш народ і ўсіх тваіх продкаў, якія не дзеля таго перажылі Халакост, каб ты іх так зневажала. Гэта не бізнес, а бессэнсоўныя скокі. Такі паступай ты ў кансерваторыю і спісвай скрыпкі па ліпавых накладных». Вось, і вы такую ж х-рню прыдумалі. За такое брацца — гэта пляма на мундзіры афіцэра КДБ. — Спадар Галандскі, што ж нам рабіць, хто можа дапамагчы нам з гаспадарчымі пытаннямі? — Вам дапамагу я, — цвёрда сказаў габрэй. — Але вы толькі што сказалі, што наша прадпрыемства гэта х-рня і пляма на мундзіры. — Безумоўна, сказаў. Але паглядзіце на мой мундур — мой лапсярдак увесь заплямлены. Да таго ж, я люблю, калі ў людзях праяўляецца іх характар. Я дам хахлам праявіць антысемітызм напоўніцу, я ім пакажу, што такое жыд пархаты! — афіцэр шырока пасміхаўся і нават махаў сціснутым кулаком. — Калі вы зможаце пачаць? — запытала Таццяна. — Слухай, я ўжо пачаў, засталося толькі абмеркаваць мой ганарар. Абмеркаваўшы фінансавыя пытанні, маёр Галандскі ўстаў, паціснуў руку капітану Капейкіну і сказаў наступнае: — Цэх будзе заўтра. Хахлоў найму да сярэдзіны наступнага тыдня. Мужчына пакланіўся і пайшоў насвістваючы ХаваНагілу. — Капейкін, — пачала Таццяна. — Я бачу, што вы знайшлі для нас найлепшага спецыяліста з усіх магчымых. Калі маёр Галандскі не дасць рады, я наогул не ведаю, хто б мог яе даць. Мы вам дужа ўдзячныя. — He варта марнаваць час, каб пахваліць мяне, усё гэта я раблю з адной толькі інтэнцыяй услужыць вам, спадарыні. Капейкін і жанчыны абмяняліся яшчэ дзясяткам фраз, градус ліслівасці якіх сягнуў проста фантастычных значэнняў пасля чаго Капейкін сышоў. Сяброўкі яшчэ нейкі час пілі каву, а потым раз’ехаліся па малазначных для гэтага апавядання справах: Кася да дылера, а Таццяна — дадому, пракантраляваць, што там з вячэрай. Тым часам Пшэмак Мятліцкі сядзеў дома і назіраў за крыветкамі ў акварыуме, якіх толькі што пачаставаў MDMA. Акварыум быў на пяць тысяч літраў, таму мужчына вырашыў высыпаць у ваду дзесяць грам. 3 хвіліны на хвіліну крыветак мусіла забраць, Пшэмаку нават пачало здавацца, што яны збіваюцца ў касяк, але тут у дзверы пазванілі. На парозе была Агата. Гаспадар правёў дзяўчыну ў гасцёўню і адразу скруціў ёй джойнт. — Ты не супраць, калі я да цябе сантэхніка выклічу? I яна блытана патлумачыла, што пакаёўка Андрэя Куцілы расказала, нібы Цімур працуе сантэхнікам у прыватнай фірме. Агата знайшла нумар і лічыла, што найлепшы спосаб — гэта выклікаць спецыяліста ў кватэру Мятліцкіх. Пшэмак прапанову горача падтрымаў. Агата выцягнула тэлефон і хутка нахлусіла, што пачала працякаць труба ў ванным пакоі. — Абяцалі, што будзе праз гадзіну, — падвяла яна вынік размовы. — Давай згуляем у якую-небудзь гульню, — прапанаваў Пшэмак, які быў вялікім аматарам настолак. — На распрананне? — запытала Агата такім тонам, што стала зразумела, што менавіта гэтага яна і чакае. Пшэмак падумаў, што MDMA трэба было пачаставаць яе, а не крыветак, якія ўжо наладжвалі штосьці кшталту оргіі, за якой мужчына з цікавасцю назіраў. — Сёння без распранання, — не без шкадавання адказаў Пшэмак і палез па гульню. — Гэта вельмі цікавая штука, называецца «Лядовы палац». Набыў у Менску, — Мятлік пачаў тлумачыць правілы. — У кожнага ёсць персанаж і шэсць дзялак. Спачатку на іх можна садзіць толькі бульбу. Калі высаджваеш дзве градкі, адкрываецца слот з курамі. Калі адкрыў усе куратнікі, можна завесці свінню. Але давай гуляць, так хутчэй зразумееш. — Гэта што за карта? — запытала Агата. — Твой персанаж. Калі на рукі персанаж не выпаў — пачынаеш з настаўніка. Ты пачынаеш з участковага, — сказаў Пшэмак. — Участковы дае больш бульбы на кожным ходзе, але яго нельга апгрэйдзіць да праграміста. — Нічога не разумею, — сказала Агата. — Вось гэта што? — яна паказала карталюшку з выявай Нацыянальнай бібліятэкі. — Гэта суботнік: ты прапускаеш ход. — А як перамагчы? — Трэба сабраць пяць тысяч даляраў, амерыканскую візу і квіток на лаўкост. — А як візу атрымаць? — Ёсць два спосабы. Можна або гуляць у латарэю, або стаць праграмістам. — А праграмістам як стаць? — Трэба прамацоўваць персанажа. Спачатку ты настаўнік, пасля камбайнер, потым дырэктар СТА, потым — праграміст. Кідай кубік, раскажу падчас гульні. Агата кінула кубік, які выпаў гранню з каларадскім жуком да верху. — У цябе ўраджайнасць падае да дзесяці цэнтнераў з гэктара. Што здараецца, калі ўраджайнасць падае, Агата не даведалася, бо Кася прыехала ад дылера і пачала балбатаць пра тое, як яны цяпер будуць працаваць з маёрам Галандскім і Таццянай. — Каханы, — звярнулася Кася да мужа. А што з крыветкамі? Крыветкі сабраліся ў складаную геаметрычную фігуру, максімальна блізкую да тэтраэдра. — У іх пачаўся нераст, — не задумваючыся, схлусіў Пшэмак. Кася не дала яму веры, але нічога не паспела сказаць, бо у дзверы пазванілі. Сантэхніка выклікалі? — на парозе стаяла бландынка ў мініспадніцы і з яркім макіяжам, на плячы ў яе вісела чорная торба. — Так-так, — сказаў Пшэмак. — Заходзьце. Кася адкрыла рот, але адсунулася ад прахода, прапускаючы дзяўчыну. — Вы што, сантэхнік? — запытала Агата, папраўляючы акуляры. — Так, адказала бландынка, нахіляючыся на прамых нагах, каб расшпіліць чаравікі. — Дзе ў вас ванна? — запытала яна, даўшы рады з ботамі. — Вунь тыя дзверы, у канцы калідора, — Пшэмак махнуў рукою ў патрэбны бок. Калі бландынка адышла, Кася запытала: — Каханы, што гэта за бл-дзь у нашым доме? — Кася, гэта не бл-дзь, гэта сантэхнік, — адказала Агата. Мятліцкая паглядзела на Агату з падазрэннем, маўляў, ты калегу не прыкрывай, але за хвіліну Пшэмак з Агатаю амаль пераканалі гаспадыню, што гэта сантэхнік. — Мы схлусілі, што ў ванне цячэ труба. Вось яна і пайшла глядзець, — скончыла Агата. Тут бландынка выйшла ў гасцёўню. Замест сукенкі на ёй быў ручнік. Вы прысаджвайцеся, — першым апрытомнеў Пшэмак. — Але мы сантэхніка выклікалі. — Я ведаю, — сказала бландынка. — Я і ёсць сантэхнік. Проста прасталыткам плацяць дзвесце злотых за гадзіну і сантэхніку столькі ж. Але ў сантэхнікаў заказаў нашмат больш. Калі я прыязджаю да кліен- та, то шмат хто пагаджаецца зрабіць сантэхніку сам, але, бачу, што з вамі так не выйдзе. — А ў нас нічога не цячэ, — сказала Агата. — Мы проста чулі, што ў вас у фірме працуе Цімур Хоміч, і думалі, можа, ён прыедзе або вы дасцё нам яго нумар. — Так, Цімур працаваў з намі. Mary вам пра яго апавесці. Усе прысутныя, нават Кася, вельмі ўзрадаваліся, што ў іх атрымалася напасці на след Цімура, і выказаліся ў тым духу, што яны гатовыя слухаць і нават занатоўваць самыя цікавыя моманты з аповеда. Дзяўчына расслабілася, папрасіла запаліць, але ад джойнта адмовілася, спаслаўшыся на тое, што ў яе сёння шмат працы. Я нарадзілася ў Жлобіне ў тысяча дзевяцьсот дзевяноста трэцім годзе, дзяцінства маё прыпала на галодныя гады станаўлення беларускай дзяржаўнасці. 3 трэцяга класа я прадавала вялікія мяккія цацкі пасажырам цягнікоў, якія праходзілі праз наш горад, казала жанчына неяк механічна, нібыта вывучыла тэкст з шэрай метадычкі. — А пасля адзін з пасажыраў прапанаваў вам стаць прасталыткай проста ў яго купэ? — запытала Кася. He, — сказала жанчына. — Пасля я пачала гандляваць кнігамі і часопісамі, бо ў нішу мяккіх цацак прыйшла экстрэмальная канкурэнцыя, якая з цягам часу замацавалася ў форме картэльнай манаполіі. У дзявятым класе ў мяне ўжо было два шапікі і чатырыста праваднікоў у долі. Такім чынам я стварыла манаполію на ветцы Пецярбург — Адэса, але паколькі ў мяне не было спосабу лабіявання сваіх эканамічных інтарэсаў, то кіраўніцтва беларускай чыгункі забараніла продаж друкаванай прадукцыі ў цягніках і на станцыях. Таму я вырашыла паступіць у лясны тэхнікум, акурат быў недалёка — дзевяць гадзін дызелем да Віцебска і там яшчэ на трамвайчыку. — Ого, — сказаў Пшэмак. — Надта добры разлік. На лесе можна зрабіць цэлы капітал! — I я так думала, — сказала жанчына. — Ды дзе там! Да лесу нас не дапускалі, а прымушалі цэлымі днямі пісаць канспекты і вучыць падрабязнасці інтымнага жыцця шашаля. Але я сама знайшла ладны лапік лесу са спелай сасной, дамовілася з машынай, знайшла каму прадаць, але праблема была ў вальшчыках. У фае інтэрната я вывесіла абвестку, што ў каледжы будзе дадатковы дзень практыкі, а калі хлопцы сабраліся, раздала ім аранжавыя камізэлькі, і мы паехалі на трамваі. Звалілі мы той лапік, згрузілі ўсё у пяць машын, і я хутка прадала каму трэба, але ўжо ў панядзелак мяне выклікаў дырэктар тэхнікума і адабраў палову грошай. Я не моцна пакрыўдзілася, усё-ткі працоўная сіла была ягонай. I так мы ладна з ім валілі цэлы год лес, але тут яго выбралі дэпутатам, і ён з’ехаў у Менск. Так ужо ён прасіў у аблано не ставіць яго народным выбраннікам, але каго калі ў тым аблано слухалі. Засталася я без патрона, дый мне ўжо і сігналізавалі: «Дзяржкантроль па тваіх дзялках ходзіць, лічыць шкоду, справы шые». Я вырашыла вярнуцца ў папярэдні бізнес і адкрыць выдавецтва. Самым складаным было атрымаць ліцэнзію на выданне мастацкай літаратуры, бо трэба было вывучыць метадычку з санітарнымі нормамі на памяць. Я спачатку вучыла, а пасля пераспала са старшынёй камісіі. Але гэта так — прыказка. Адным словам, адкрыла я выдавецтва. Усё-ткі першасны капітал быў назапашаны. — Але ж выдавецтва гэта нерэнтабельны бізнес, — заўважыў Пшэмак. — Задумка была не ў гэтым, — адказала прасталытка. Адкрыла я выдавецтва. I тут вам будзе больш цікава, бо ў першы ж дзень да мяне прыйшоў Цімур Хоміч і прапанаваў выдаць ягоны раман «Духоўка». Я прачытала рукапіс і зразумела: тое, што трэба. Выдалі мы яго накладам у сто тысяч асобнікаў і яшчэ планавалі на мяккай паперы дадрукаваць. — А пра што раман быў? — запытала Агата. — Я вам патлумачыць не змагу — усё ж гэта быў раман Цімура Хоміча, а не бульварнае чытво. А я ўсё ж вальшчыца лесу, а не магістр філалогіі, таму дзевяць дзясятых я адтуль не зразумела, але ўцяміла, што гэтую кнігу абавязкова пусцяць пад нож у друкарні. Так і выйшла.