Песня пра Цімура  Андрэй Адамовіч

Песня пра Цімура

Андрэй Адамовіч
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 208с.
Мінск 2019
51.95 МБ

 

Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
— Разумею, сказаў Пшэмак. — I вы адразу папрасілі палітычны прытулак у Польшчы.
Я бачу, васпане, што вы маеце надзвычай праніклівы і практычны розум, — сказала прасталытка. — Як толькі стала вядома, што наклад пайшоў пад нож, я набыла квіток на цягнік і ўжо праз дзесяць гадзін мела статус палітычнага ўцекача.
— Чаму вы проста не набылі даведку ў «Аб’яднанай беларускай партыі», што вас пераследуюць за ўдзел у мітынгах? Усё-ткі парэзаць сто тысяч кніжак гэта дорага неяк, — сказала Агата.
Я простая дзяўчынка са Жлобіна, скуль мне было ведаць, што Гусенка гэтыя даведкі па тры даляры прадае? Але я ўсё застрахавала, мне грошы вярнулі. У Варшаве я вырашыла адкрыць барбер-шоп. Проста з лесам не вельмі ў мяне пайшло, потым яшчэ красоўкамі займалася і торбамі сінімі. 3 лесам наогул
ледзьве не села, хабар палякі, канешне, бяруць, але стаўкі не такія, як пад Віцебскам.
На апошнія грошы я адкрыла барбер-шоп. Разлік быў просты, але не настолькі просты, каб прынесці прыбытак. За няпоўныя паўгода я збанкрутавала. Тады і ўзгадала пра Цімура. Думаю, Хоміч — чалавек надзвычайнага розуму, штосьці ён мне ды і парадзіць.
— I што, што ён парадзіў? — з імпэтам пацікавіўся Пшэмак.
0! Хоміч гэта галава! — сказала прасталытка. — Ён прапанаваў працаваць сантэхнікам. А стаць прасталыткай гэта ўжо я сама здагадалася, калі першы раз прыехала на выклік і зразумела, што не магу гайку адкруціць.
— Дык дзе нам яго шукаць? — запытала Агата.
Прасталытка паглядзела на яе з недаверам.
— He ведаю, спадарыня, ён паўгода таму змяніў тэлефон. Сказаў, кантора яго шукае. Прыслалі ў Варшаву нейкага Капейкіна з Менска па яго душу. Трэ адляжацца пэўны час.
Мне здаецца, яна круціць, сказала Кася. Залівае нам пра лес. Хто прасталыткам верыць?
Сантэхнічны матылёк хацела штосьці адказаць, але ўмяшаўся Пшэмак.
— Спадарыня, а што калі мы арганізуем сустрэчу Капейкіна, які і напраўду шукае паважанага спадара Хоміча, дзе-небудзь у людным месцы? Я сам абяцаю быць і прасачыць, каб Капейкін не зрабіў нічога дрэннага Цімуру. Яны проста пагавораць, і ўсё. Я клянуся, капітан Капейкін — чалавек слова, і я вазьму з яго строгія абяцанні, што ён толькі пагаворыць.
Дый не ведаю я, дзе Хоміч, сказала прасталытка. Я ж вам кажу, Цімур — галава, даўно ён і пра Капейкіна ведае, і вас яшчэ высачыць і ў плечы натаўчэ.
— Так мы твайго Хоміча баімся, — рассмяялася Агата. — Нібыта мы не ведаем, як яго Сцебурака па пушчы ганяў. А таго Сцебураку нават я здолею. Во такі твой Хоміч страшны.
— Давайце не будзем сварыцца, — сказала Кася. — Скажыце, а што калі я вазьму вас працаваць у маю галерэю? Дапаможа гэта ў пошуках Цімура?
Ды не патрэбная мне ваша галерэя, я тысячу злотых у дзень зарабляю. Знаю я гэтыя галерэі: сто мужыкоў — ні ў каго грошай няма, а сантэхнікаў выклікаюць нармальныя людзі. Дарэчы, з вас дзвесце злотых.
— Якія дзвесце злотых?! — закрычала Агата, але Пшэмак выцягнуў з кішэні паперкі.
— Вельмі рады быў пазнаёміцца з вамі, спадарыня. Калі вам штосьці стане вядома пра Цімура, абавязкова дайце мне ведаць, паверце, Хомічу нішто не пагражае, а мы знойдзем спосаб вам аддзячыць.
— Я што думаю, — сказаў Пшэмак, калі прасталытка пайшла. — Трэба заўтра зноў сантэхніка выклікаць, думаю, дашлюць іншага, і мы яго яшчэ распытаем.
— Толькі не да нас, — сказала Кася. — Давайце выклічам да Андрэя Якушава. Мы ў яго яшчэ не былі, а дамаўляліся да ўсіх па чарзе хадзіць.
Пшэмак пагадзіўся, што выклікаць сантэхніка да іх не найлепшы варыянт, але запярэчыў, што Якушаў прымусіць іх слухаць ягоную оперу, а такое выпрабаванне вытрымаць складана нават без рэчываў, а пад кайфам гэта наогул невыносна, а калі кампазітар пачне спяваць, як тым разам, суседзі выклічуць паліцыю.
— He выклічуць, — сказала гаспадыня. — Ён сабе гукаізаляцыю зрабіў. I Капейкіну трэба пазваніць. A то неяк няёмка, мы ж для яго Хоміча шукаем.
— А ты ведаеш, каханая, я ўжо і сам хачу пазнаёміцца з Цімурам. Думаю нават узяць яго з сабой на Ямайку.
Наступнага дня а другой гадзіне Пшэмак чакаў Андрэя Адамовіча ў цырульні, дзе яны надоечы дамовіліся сустрэцца. У салоне гаспадарыў Сяргей Календа. Гэта быў знаны на ўсю беларускую Варшаву майстар, вядомы, праўда, хутчэй праз свае таленты да напісання кніг. Трэба прызнаць, што методыка яго была даволі арыгінальнай.
Найперш Сяргей Календа выбіраў тэму для апавядання. Прадказаць, пра што ён напіша наступным разам, не мог і сам пісьменнік, але ў назве кнігі абавязкова мусіла быць слова «маёнтак». Так цырульнік напісаў трылогію з кніг «Купіў маёнтак», «Маю маёнтак» і «Прадаў маёнтак», а таксама два дадатковыя тамы «Навошта я прадаў маёнтак» і «Галоўная памылка з купляй і продажам маёнтка». Выходзілі ў яго і спін-офы да пенталогіі напрыклад, аповесць «Як я стрыг на маёнтку», навела «Меліраванне на маёнтку ўвосень», апавяданне «Сабакі на маёнтку». Пра кнігі класікаў у Вікіпедыі звычайна пішуць: «Была горача прынятая крытыкамі» альбо «крытыкі прынялі твор прахалодна», у скрайнім выпадку бывае сказана, што кнігу не ацанілі. Аднак трэба разумець, што ўсё гэта пішуць пра тэксты, якія вартыя таго, каб пра іх узгадваць.
Пасля выбару назвы і тэматыкі Сяргей сядаў за само напісанне. Як той казаў, існуюць геніі, якім, каб пісаць, трэба апусціць ногі ў тазік з халодным свежым фуагра, або заціснуць у зубах хвост сабакі пароды тайпін, або нават паехаць на Капры — гля-
дзець на хвалі і абмяркоўваць лёсы радзімы з прывідамі Шэкспіра, Сервантэса і Хвядоса Шынклера. Ёсць і геніі іншага кшталту: калі такога замкнеш у пуні, ён вырве са сцяны цвік і напіша тым цвіком па сцяне верш, а знізу яшчэ прыпіша штосьці мацернае; а замкнеш у памяшканні без цвікоў — пракусіць жылу і напіша крывёй па тынкоўцы. А ў Борхеса быў такі герой: вялі яго расстрэльваць, а ён так папрасіў, што бог для яго час спыніў на год, каб ён у сваёй галаве напісаў драму.
Сяргей, на шчасце, не належаў да другога тыпу пісьменнікаў і даваў чытачам адпачыць, не належаў ён і да першага тыпу творцаў, а таму замест таго, каб шукаць натхненне ў дарагой драбязе, у працоўны час рабіў фрызуры, якімі дзяўчаты хваліліся ў інстаграме.
Сяргей наследаваў прынцыпу «Можаш не пісаць — не пішы». Праблема была акурат у тым, што пісаць ён мог і для гэтага стварыў сабе ўсе ўмовы: замест нармальнай кватэры ён наняў дзірку ў сцяне, у якой былі рыпучыя дзверы, акно з відам на габрэйскія могілкі, клапы і стол.
«А што, — запытаеце вы, — больш нічога не было?» Так, больш там не было нічога, таму Сяргей прынёс туды ноўтбук і крэсла. Спаў ён проста на падлозе. Рэчы складаў у кучу, мыўся ў грамадзкай лазні. Чаму менавіта пісьменнік добраахвотна наклаў на сябе епітым’ю, сказаць цяжка, але я скажу: бо ён прагнуў быць творцам.
Але давайце ўжо подбегам пройдземся па самім працэсе. Сяргей рабіў проста. Ён сядаў за ноўтбук і пісаў. «Так проста?» — запытаецеся вы. Так, адкажу я, але, паверце, гэта яшчэ нічога не значыць. Можна проста сесці і расплесці цэлы клубок лёсаў, вырас-
ціць суквецце характараў, апісаць пылінку ў промні сонца так, што чытач нібыта і сам пагрэе твар у той дзень на мансардзе. Гэта не быў шлях Сяргея. Календа метадычна, з упартасцю маці трох дзяцей у чарзе па кватэру на Каменнай Горцы, апісваў, як ён набыў, меў і прадаў маёнтак. Пры гэтым ён хацеў паказацца чалавекам дасведчаным, таму браў энцыклапедычныя слоўнікі, выцягваў адтуль словы, складаў іх у граматычна правільныя канструкцыі, атрымліваючы фразы, нібыта напоўненыя глыбокім сэнсам, але чыста выпадковыя.
Усё гэта ён рабіў выключна ў вольны ад стрыжкі час. У выніку сярод беларускіх пісьменнікаў нават узнік выраз «даць календы» — то-бок хутка напісаць вялікую бессэнсоўную кнігу і нагаварыць два інтэрв’ю пра тое, што цябе ігнаруюць крытыкі і не ведаюць чытачы. Даць календы атрымлівалася не ў аднаго Сяргея, але і ў іншых прадстаўнікоў беларускай літаратуры. Напрыклад, я даваў календы тры разы.
Сяргей быў фрыкам адносна бясшкодным, мала зацікаўленым ва ўласнай прамоцыі, задавальненне ён атрымліваў ад самога факта напісання. Цяпер ён стрыг бараду іншаму беларускаму пісьменніку Андрусю Горвату, які прыехаў у Варшаву выступіць у Беларускім доме. Горват акурат дбаў пра прамоцыю, таму не мог прыйсці на імпрэзу з барадой, якая не выглядала б, як барада механізатара чацвёртага разрада. Пакуль цырульнік шчыраваў, Горват выдаляў акаўнт у фэйсбуку — ліквідаваў старонку ён як найменей тры разы на месяц.
— Ведаеш, Андрусь, як палякі называюць тваю кнігу? — запытаў Календа.
— He, — адказаў пісьменнік.
Гаўна кавалак! — сказаў Календа і засмяяўся. Сто злотых з цябе. Гэта са зніжкай ужо. От!
Горват не засмяяўся, хаця Календа не хацеў яго пакрыўдзіць, проста перарабіў адзін з жартаў пісьменніка і думаў, што атрымалася няблага. Але Горват выйшаў з салона незадаволены халодным прыёмам і коштамі. Ён быў пісьменнікам да болю ў скронях самазакаханым. Гэтая любоў напаўняла ўсю прастору ягоных тэкстаў па самую юшку.
Таму збоку яго проза падавалася пуставатай. Аднак калі чытач знаходзіў у сабе першасныя сілы пасмяяцца з аднаго і таго ж жарту пяцьсот разоў ды знайсці ў гэтым анекдоце тонкі гумар і разнастайнасць думак, разгледзець у гэтай забаўцы адгалоскі антычнага тэатра і пачаць задаволена падхіхікваць, калі гэты чытач крыху гвалціў сябе і адшукваў у героі Андруся далікатную фігуру ў крохкім шалупінні пад бязлітасным промнем святла сярод халоднай чужой прасторы.
Такі чытач, такі чытач ператвараўся ў фаната і мог з памадай на вуснах пераконваць у геніяльнасці Горвата, яго недаацэненасці і выкшталцонай арганізацыі структуры Горватавай прозы нават выпадковага дэмбеля ў плацкартным вагоне. Калі ж гэты выпадковы небарака-спадарожнік Горватавай фанаткі знаходзіў у сабе моц спыніць верніцу рухам рукі і ўскрыкнуць: «Спадарыня, ды адчапіцеся вы ад мяне нарэшце! Я прысягаю вам, што, як толькі сыду з гэтага тройчы клятага цягніка і адзначуся ў ваенкамаце, адразу замоўлю сабе томік Горвата!», — у такім разе фанатка пачынала сцвярджаць, што выпадковы знаёмы проста зайздросціць Горвату. Напрыклад, старшыня праўлення Белпрамгазбанка быў вымушаны спансаваць чарговы наклад кнігі пісьменніка толькі праз
тое, што не даў рады іншым чынам давесці кансьержцы, што ён чуе пра Горвата ўпершыню і ніяк не можа зайздросціць мужыку, які доіць казу, пакуль ён старшыня праўлення — адпачывае на яхце.