Яны церліся каля «Жабкі» ўжо дзесяць хвілін і ўсё чакалі, калі Мятліцкія вылезуць з машыны. У Шымана пакуль не было нікога, апроч ягонага бультэр’ера, ягонай жонкі Таццяны і ягонай дачкі, якую мы можам назваць выпадковым імем напрыклад, Зояй (у мяне так цешчу клічуць, хай ёй будзе прыемна, што адзіны светлы персанаж у кнізе названы ейным імем). «А як жа мама?» — пацікавіцеся вы. Заканамернае пытанне, але вы маю маму і так будзеце часта ўзгадваць, на халеру вам яшчэ і імя ейнае ведаць. Пакрысе госці сабраліся і расселіся на тэрасе вакол вялікага стала з мармуровай стальніцай, якая знізу была ўмацаваная жалезнай арматурай: гаспадар хоць і быў паляк, але мог бачыць наперад, праз алкагольныя выпарэнні ў канец п’янкі, якая праз свой дызайн, праз быццё ў сабе і часе была спраектаваная так, каб скончыцца танцамі на стале. Як бывае ў кампаніях, дзе ёсць палякі, героі перш-наперш вырашылі высветліць, хто ў таварыстве габрэй. — Барыс, ты што, габрэй? — запытаў Віталь Рыжкоў, як толькі Барыс далучыўся да стала. Ніякі я не габрэй, — адказаў Барыс, які сапраўды не быў габрэем, але быў уладальнікам начнога клуба на ўзбярэжнай Віслы. — Шыман, дык ты габрэй? — запытаў Віталь у гаспадара кватэры. Выявілася, што і Шыман не габрэй, а паляк, дый усе астатнія спрэс беларусы. Як вы разумееце, Віталь быў за крок ад таго, каб атрымаць у твар. — He, Барыс, ты ўсё-ткі габрэй, — Віталь вырашыў пайсці all-in. — Слухайце, а хто яго сюды паклікаў? — запытаў Шыман. Паколькі Кася Мятліцкая, якая паклікала Віталя, у той момант спала і не магла ўзяць на сябе адказ- насць, не раўнуючы Гітлер за стан беларускай ЖКГ, то Віталь вырашыў адкласці пытанне з габрэем на заўтра. Вячоркі пайшлі па звычайным для такіх імпрэз сцэнары. Найперш мужчыны абмеркавалі справы: — Барыс, зрабі мне канцэрт у сваім клубе, — папрасіў Віталь. — Восем тысяч шэкеляў, — з ходу адказаў той. Віталь уважліва паглядзеў на Барыса і неяк адразу яго запаважаў - Чатыры, — адказаў Віталь, які абсалютна не ўяўляў цяперашняга курсу шэкеля. Барыс паглядзеў на Віталя таксама не без павагі, але прапанаваў для пачатку выпіць дзве бутэлькі віна. Чырвонага і такога густога, што само жыццё па ім рабілася поўным па макаўку, а не такім сухім і бессэнсоўным, быццам той фантан у яго берлінскім доме, помпа якога зламалася, калі ўсю ваду выдзьмула клятым нямецкім ветрам. А тады ўжо паслухаць Віталёвыя песні. Так за келіхамі героі вялі прадушаныя тонкай іроніяй і адсылкамі да грэцкіх аўтараў размовы, якія могуць быць толькі між блізкімі сябрамі ці людзьмі, што бачаць адно аднаго ўпершыню. Напрыклад, жонка Барыса, брунетка гадоў сарака, загорнутая ў шоўкавую чорную сукенку з моднай калекцыі, распавядала Пшэмаку Мятліцкаму, чаму яны не бяруць у каманду ўкраінцаў і малдаван. — Разумееш, калі я наймаю хахла, увесь клуб робіцца нібыта змазаны салам, яно сцякае з жырандоляў на столікі, у кілішкі і кубкі, плавае пад піўной пенай, ліецца са столікаў на падлогу, працякае паміж дошкамі, тахкае па пяску, збіраецца ў ручаіны, коціцца да Віслы. Ляжыць у прыбіральнях на рукамыйніках, ажно госці думаюць, што гэта мыла. Усе робяцца бліскучымі ад гэтага сала, на танцполе каго-небудзь абняць немагчыма, ахова не можа нікога скруціць, усе выслізгваюць. I раптам хочацца танчыць гапак, разумееш? Гапак! Як можна танчыць гапак, калі ў нас рэгі-бар? Які гапак, якое сала? Зусім іншая канцэпцыя, разумееш? — А малдаван чаму не наймаеш? — са спачуваннем да Жонкі Барыса запытаў Пшэмак. — Я іх ад украінцаў не адрозніваю, навошта мне гэтая рызыка? — Рызыкаваць не варта, Пшэмак цалкам падтрымліваў такі мудры рэкрутынг. У гэты час Шыман трымаў бультэр’ера за заднія лапы за агароджай тэрасы, якая месцілася на восьмым паверсе. Від адсюль адкрываўся, нібыта раман Сянкевіча пра веліч польскага народа, эпічны, з прысмакам фантастыкі. Відно было Цэнтр Каперніка, музей сучаснага мастацтва і нават кавалачак Віслы. Пад тэрасай гулялі людзі. — Бачыш вунь таго? — запытаў Шыман у бультэр’ера. Бультэр’ер кіўнуў галавой. — Гэтага ў белай кепцы ці таго рудаватага з дзеўкай? — удакладніў Шыман. У адказ сабака зрабіў амаль што цыркавы нумар: выгнуўся ўсім целам і ўважліва паглядзеў гаспадару ў вочы, маўляў, гаспадару, я толькі сабака, скуль я ведаю, каго ты меў на ўвазе? — Твая праўда, — Шыман на хвіліну задумаўся. — Добра, як думаеш, той у кепцы — славак? — бультэр’ер адмоўна пакруціў пысай. — А той лысаваты — славак? — сабака зноў не прызнаў славака. — Ну, а можа, дзяўчына з ім, у гэтай сукенцы ў гарохі, можа, яна славачка? Прыгледзься, можа, гэта не гарохі, можа, гэта гербочкі Браціславы? Сабака нейкі час прыглядаўся, але пасля яшчэ раз адмоўна пакруціў галавой. Шыман выцягнуў сабаку з-за агароджы і паставіў на паркет. — Дзіўлюся я табе: другі тыдзень ніводнага славака. Сабака вінавата віхляў хвастом і лашчыўся аб калені Шымана, быццам напраўду шкадаваў пра свой сапсаваны нос. Добра, праз гадзінку яшчэ славакаў пашукаем. А карміць сёння я цябе ўжо не буду, ты і так раз’еўся, ледзьве трымаю. Шыман вярнуўся за стол і задумаўся. У жыцці было ўсяго дзве радасці: прадаць беларускаму калгасу трактар і калі сабака пазнае ў мінаку славака. 3 трактарамі ішло добра, а вось са славакамі — горш, нібыта чорная паласа пачалася. Шыман нават разважаў, ці не звадзіць сабаку да ветэрынара праверыць зрок. — Зноў ты славакаў шукаў? — запытала Таццяна, жонка Шымана. Сабака кульгае. Таццяна была асляпляльнай рудой прыгажуняй. Такой бліскучай, што Ліза Лянкевіч, беларуская мастачка, якая, як кожны беларускі мастак, што можа намаляваць каня або яшчэ лепш — упэўнена патлумачыць, што раздрукоўка допіса з фэйсбука — гэта і ёсць конь, — жыла ў Варшаве і ў гэты момант таксама была на тэрасе, балюча ўдарыла Пшэмака мыском чаравіка па назе. Гэта каб Мятлік не прапусціў яе аповед, бо Касі, якая ўтрымала б галаву мужа адвернутай ад грудзей Таццяны, усё яшчэ не было за сталом. — Таня, каханая, — сказаў Шыман. — Ты ж ведаеш, нешта ўжо два тыдні ніводнага славака. — Пашкадуй сабаку, — Таццяна села пры стале і агледзелася. Нас з вамі не прадставілі, здаецца, — звярнулася яна да маладога чалавека гадоў трыццаці. — А гэты дзядзька, — сказаў Пшэмак, — гэта капітан Капейкін, вельмі вядомы ў Беларусі агент КДБ. Яго ў гэтым сезоне рэкамэндуюць да кожнага дома, ва ўсіх пабываў. Мы яго называем проста Чорны. Ён мне як брат. I што, Чорны, вы напраўду агент КДБ? — зацікаўлена спытала Таццяна. — Так, — адказаў капітан Капейкін. — Напраўду. Было бачна, што шпіён крыху сумеўся ад прыгажосці Таццяны і ад гэтых цёплых слоў Пшэмака. Шчыра кажучы, Чорны паўгода сядзеў у Варшаве і далей за тры-чатыры салоны пакуль не трапіў. Але знаёмства з Шыманам і Таццянай мусіла адкрыць яму мноства дзвярэй — ва ўсе знаныя дамы, за глухія дзверы мастацкіх залаў, у падвалы з оргіямі, на гарышчы з падвешваннямі на нацыянальных сцягах, у пісьменніцкія майстэрні з няскончанымі раманамі пра Радзіму і, чым чорт не жартуе, можа быць, яго звядуць і з кімсьці з кансерваторыі, кімсьці, хто піша гімн па замове ўрада БНР у выгнанні. Таму ад сённяшняга вечара залежала вельмі шмат ці ўдасца яму зрабіць добрае ўражанне? Ці скажуць гэтыя людзі, што ён насамрэч заяб-сты агент КДБ, ці рэкамэндуюць яго, ці прадставяць патрэбным людзям? Ці хаця б запросяць наступным разам? Чорны нават хацеў адказаць Віталю, што ён і ёсць габрэем у гэтай кампаніі, адно каб паказаць наколькі ён самаіранічны, маўляў, не думайце, што мы, кадэбэшнікі, на пафасе — зусім не, мы ўмеем пасмяяцца. Але ад самага пачатку ён казаў, што беларус, і таму падкрэслена размаўляў толькі па-руску, гэта мінчукі з дзедам-габрэем выдурняюцца або бе- расцейскія хлопцы могуць пагаманіць па-беларуску, маўляў, беларусы мы, беларусы, а ніякія не хахлы, ці яшчэ там можа гарадзенец штосьці матчынай мовай сказаць, а такому простаму хлопцу з-пад Ліды не трэба нікому даводзіць, што ён беларус, ён можа і па-расейску размаўляць усё жыццё. — Вы, Капейкін, напраўду, капітан? А можа, вы, як Джэймс Бонд, палкоўнік? — запытала Ліза Лянкевіч, якую таксама зацікавіў кадэбэшнік. — Мушу прызнацца, — сарамліва пачаў Капейкін, — што мой лёс цяпер цалкам у вашых ласкавых руках, шаноўная пані і шаноўныя ўсе тут прысутныя, варшавяне і госці сталіцы. — Ды што вы кажаце, капітане? — манерна сказала Ліза і прыклала далонь да твару. — He смейцеся з простага капітана беларускага КДБ. Каб вы ведалі, чаго мне каштавала трапіць у дом Шымана і Таццяны! — Але, Чорны! Ты заяб-сты агент! Я бачыў справаздачы Капейкіна маёру! — улез Пшэмак. — 0, сябры! Паверце, адны гэтыя справаздачы зробяць славу вашаму дому! Ён дакладна запіша ўсё, што вы казалі, і яшчэ ад сябе дадасць, чаго не казалі. Гэты чалавек — хадзячая пастка, вельмі небяспечны. Ён мне абяцаў, што, як толькі я прыеду ў Беларусь, мяне адразу арыштуюць і адправяць у «амерыканку». Адаб’юць ныркі і адправяць назад у Польшчу лекавацца, забараніўшы ўезд самае малое на восем гадоў! I гэта пры тым, што ён пра мяне нічога дрэннага не ведае. Вось які гэты чалавек! Скала, а не чалавек! Пасля палкай прамовы Пшэмака капітан Капейкін увесь пачырванеў, як быў — ад кончыка носа да грудзей Таццяны, на якія не-не ды пазіраў. — Што мы можам зрабіць для такога прыемнага маладога чалавека? запытала гаспадыня дому. — Але дазвольце мне расказаць маю гісторыю ад пачатку да самага канца, а тады ўжо вырашайце, ці варты я вашага сяброўства і вашай дапамогі. Абяцаю, што буду такім шчырым, якім толькі дазволіць мне прысяга, якую я склаў, паступіўшы на службу ЎКДБ. То-бок будзеце хлусіць ад пачатку да канца? — запытала Агата Кокс, што была порназоркай з Беларусі і праз гэта вылучалася вытрымкай, якой мог бы пазайздросціць генерал Карбышаў, таму дагэтуль удзелу ў гутарцы не брала. Уласна, праз гэтую якасць яе і любілі запрашаць у гэты дом. Рацыя, пані, абсалютна так. — Што я казаў? Што я казаў? — Пшэмак аж свяціўся. — Гэта золата, а не агент, за хвіліну абвядзе вас вакол сабачай будкі і скажа, што гэта былі Lazienki Krolewskie. — Пачынайце ўжо, васпане! — горача папрасіла Таццяна. Усе прысутныя заківалі галовамі, маўляў, так-так, капітане, не какетнічайце, не прымушайце вас угаворваць, мы ж бачым, што вам і самому хочацца падзяліцца гісторыяй вашага жыцця.