I ён пачаў. РАПАРТ КАПІТАНА КАПЕЙКІНА Вы ўсе маладыя бліскучыя людзі, карэнныя мінчане і мінчанкі, жыхары Серабранкі, да бабулі ў вёску толькі на выходныя. А я нарадзіўся ў сям’і селяніна і сабакі. Так мой бацька называў маці. Першыя восем гадоў жыцця я помню дрэнна — быць можа, праз тое, што мама паіла мяне самагонам, каб я крапчэй спаў, а можа, проста не помню, і чорт бы з ім, што там і ўзгадваць. Тое, што помню далей, лепш і не пераказваць. Кожны лічыў за свой абавязак даць мне ў плечы, пад сраку і па лбе. Плюнуць у твар, насцаць у кеды — заўсёды калі ласка і дзяньдобры. Страшныя гэта былі гады. Бывалі такія дні, што не мог на лаву сесці, так балеў мой збіты азадак, прашу прабачэння ў паненак. Але ўсё змянілася навыпрасткі, адным махам і дазвання ў пятым класе. Святкавалі дваццаць трэцяга лютага. Дзень Савецкай арміі і Ваеннамарскога флоту. I быў у нас конкурс «А ну-ка, хлопчыкі». I неяк так атрымалася, што на сцэну выклікалі мяне і, як цяпер помню, Надзю Петухову. Далі той Надзі бульбіну і нож і мне далі бульбіну і нож. I гэта быў не нажавы бой. Усяго толькі трэба было гэтую бульбіну абабраць і каб луска мая была даўжэйшая, чым у Надзі Петуховай. Здавалася б, проста ўсё, але я бульбу ніколі ў жыцці не абіраў. Тут і Віталь Рыжкоў, і Андрэй Адамовіч, і Ліза Лянкевіч, і Агата Кокс, і Барыс, і яго жонка, і яшчэ шэсць беларусаў пачалі гучна смяяцца і выказвацца ў тым духу, што гэта вельмі заяб-сты агент КДБ і гісторыя яго выдуманая ад пачатку да канца. Калі ўсе сціхлі, Капейкін працягнуў. Так, бо бацькі мае лічылі гэта за балаўство і варылі бульбу проста так, не абіраючы. Бачыце, панове, а вам бы толькі пакпіць з беднага капіта- на КДБ. Стаю я з гэтым нажом, слухаю правілы і жарцікі, а ў скронях маіх тахкае кроў. Думаю, як яе абіраць, гэтую бульбу? Ніколі такога не было і вось — давай-давай, хутчэй-хутчэй і даўжэй-даўжэй. Выдыхнуў я, а вядоўца і кажа: «Тры-чатыры, жопу шырэ, паехалі!» Я гляджу, Надзька абіраць пачала, і я пакрысе, раблю, як яна робіць, пальцы ўспатнелі, чорныя ад бульбы зрабіліся, трасуцца, рыхтык апазіцыянеры на мітынгу. Я ўжо думаў, усё, зноў мяне абыдуць, яна ж выдатніца, гонар класа, а я хто? Я Пашка Капейкін, што з мяне ўзяць па-за дурасцю? I тая суседская. I вось прагучаў трывожны сігнал. Скончыўся ваш час — прад’яўляйце луску. Вось прыклалі іх адну да адной. I што вы думаеце? Мая была даўжэйшая, хай усяго на паўсантыметра, але даўжэйшая! Пачырванела ў мяне ўваччу. У той самы момант, пры дошцы, у класе, дзе я атрымліваў толькі двойкі (і тое калі пашчасціць), у той самы момант я зразумеў, што я не такі, як усе, што мне наканаваны незвычайны лёс, што сам бог кажа мне ў гэтае імгненне: «Глядзі, Пашка Капейкін, падаю табе знак. He памыліся». Два дні думаў, што цяпер з гэтым рабіць. Зразумеў нарэшце, што трэба заснаваць панк-рок-гурт і даць яму дзіўную назву кшталту «Жопу шырэ». I зафундаваў. Для пачатку я скраў гітару ў клубе. I так далей гладка пайшло-паехала маё мастацкае жыццё, што нібыта з горкі ледзяной на срацы. Праз чатыры гады мы зайгралі перад дыскатэкаю ў вясковым клубе, а яшчэ праз паўгода распаліся ў выніку фатальнай несумяшчальнасці нашых поглядаў на прыроду панк-року. Тады я задумаўся: а што цяпер рабіць? Які гэта знак? Што значыць распад нашага гурта? Думаць доўга не выпадала: вырашыў я паступаць на журфак. Напісаў дзве зацемкі ў раённую газету, вывучыў тры правілы і паехаў у сталіцу нашай Радзімы, горад-герой Мінск. Там мне адразу далі інтэрнат і прыпісалі да трыццаць трэцяй студэнцкай паліклінікі. Вельмі мне спадабалася і ў інтэрнаце, і ў паліклініцы. А неўрапатолаг нават дала мне накіраванне ў Навінкі, там усе былі да мяне добрымі і нават выдалі мне паперку па форме 7Б. Доўга ці коратка вучыўся я на тым журфаку, цяпер сказаць вам не магу, але ў мяне там былі два любімыя прадметы: «Ідэалогія беларускай дзяржавы» і «Фотасправа». На фотасправе мы замыкаліся ў цёмным пакоі і распушчалі едкія парашкі ў цёплай вадзе, апускалі ў той раствор паперкі, і на тых паперках з’яўляліся дзіўныя малюнкі калі дом, калі дрэва, а калі-нікалі і птушка з прыгожым хвастом. На ідэалогіі нам распавядалі, што Беларусь — наш агульны дом і ў ім заўсёды для кожнага знойдзецца справа. Праз пяць гадоў справа для мяне сапраўды знайшлася: мяне адправілі ахоўваць мяжу з Латвіяй. Там мне далі аўтамат, бінокль і восем нарадаў па-за чаргой. Але не магу сказаць нічога дрэннага пра камандзіраў, усе яны былі як адзін вялікія патрыёты і алкаголікі, таму ўначы пераносілі ў Латвію гарэлку і цыгарэты. Мне даручылі самае цяжкае: пераплываць раку, не замачыўшы тытуню. I так у мяне гэта добра выходзіла, што мяне прызначылі сяржантам і далі два тыдні адпачынку. Калі я вярнуўся, усіх афіцэраў адправілі пад следства за выкрытыя факты кантрабанды. А да мяне падышоў палкоўнік у невядомай форме. — Ці не хочаш ты паслужыць Радзіме, шчыглік? — Служу Беларусі! — што моцы закрычаў я. Праз некалькі тыдняў мяне перавялі ў спецшколу агентаў КДБ. Там мяне навучылі страляць з пісталета Макарава і вызначаць агентаў NATO па форме носа. Як скончыў я тую школу, то мне прысвоілі званне лейтэнанта Камітэта дзяржаўнай бяспекі і персанальнага апазіцыянера. Хадзіў я за тым апазіцыянерам, хадзіў, слухаў яго тэлефонныя размовы, чытаў яго пошту на mail.ru і ліставанне ў «Аднакласніках». I, скажу я вам, спадарства, вельмі цікавым жыццём жыў гэты апазіцыянер. Ён працаваў прарабам у будаўнічай канторы і прызначаў дзяўчатам сустрэчы па ціндары — маўляў, дапаможа ім з рамонтам на кухні. Мне б яго спрыт! Я нават падумваў, ці не кінуць мне КДБ і ці не зрабіцца брыгадзірам муляроў, бо вельмі ж дзяўчаты любяць, калі ім рамонт на кухні робяць. А самы, я вам скажу, цымус — гэта падарыць ёй выцяжку. Слухаў я яго сустрэчы з дзяўчатамі праз выключаны тэлефон, слухаў-слухаў як раптам выклікае мяне сам кіраўнік пятага аддзела генерал-маёр з засакрэчаным прозвішчам. — Ты, — пытае ён мяне, — лейтэнант Капейкін? Так! адказваю. — Я. — Я прачытаў твае справаздачы, Капейкін, — і глядзіць на мяне так цяжка. — Давай разам іх прачытаем, Капейкін. I пачынае чытаць: «0, так, Віталь! Вось тут пацалуй! Так! Так, Віталю! Увайдзі ўжо ў мяне, Віталю! Глыбей! Госпадзе! Давай перавернемся!» — I так тры тысячы старонак, Капейкін! — Мне маёр Папяровы, — адказваю, — даў строгі загад, занатоўваць усё самае цікавае з жыцця майго персанальнага апазіцыянера, не пісаць жа мне, як ён раствор на будаўніцтве замешвае. — Я разумею, Капейкін, ты трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю. Я паперкі твае прачытаў, асабліва вось цікавая з Рэспубліканскага псіханеўралагічнага дыспансэра, дзе ты праходзіў стацыянарнае лячэнне. Кажа ён гэта, кажа, а ў мяне ажно мароз па скуры: няўжо я дзесьці штосьці не тое зрабіў, падвёў кіраўніцтва? Можа, апазіцыянер мой раствор рабіў па даведніку з бэнээфа або дзеўкі гэтыя сувязныя з-за мяжы. Нічога не магу ўцяміць. — Ведаеш што, Капейкін, мы з кіраўніцтвам параіліся і вырашылі даць табе ўнікальную магчымасць паслужыць Радзіме. Сказаў гэта генэрал і пачаў выкладваць на стол тоўстыя-тоўстыя тэчкі. Я толькі і думаю сабе: «Ого, з кім гэта генерал-маёр з засакрэчаным прозвішчам мог абмяркоўваць мой лёс, лёс простага лейтэнанта Капейкіна?» А генерал усё дастае і дастае гэтыя тэчкі. I вось ужо ўвесь стол імі завалены. — Гэта, — кажа тады кіраўнік пятага ўпраўлення, — твая новая справа, Капейкін. У мяне аж вочы засвяціліся: во гэта справа дык справа. На пяцьдзясят тэчак. — Але гэта яшчэ не ўсё, — сказаў генерал. За мной. Мы пайшлі да ліфта і спусціліся ў сутарэнні, прайшлі праз чатыры пасты аховы і двух ку- лямётчыкаў, апошнія дзверы ахоўваў асабісты шалёны сабака генерала. Гаспадару сабака аблізаў боты, а на мяне паглядзеў строга: як што якое — клац — і развітаюся я са сваёю мужнасцю. Генерал адчыніў сталёвыя дзверы і завёў мяне ў падземную анфіладу, само існаванне якой Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь ніяк не каментуе. Усё было спрэс завалена тэчкамі. Іх былі сотні тысяч. — Але, таварыш генерал-маёр, я гэта ніколі не змагу нават прачытаць. — На шчасце, Капейкін, — кажа генерал, а сам мяне з анфілады выводзіць і дзверы зачыняе. — КДБ не страціў яшчэ рэшткі прафэсіяналізму, ніхто не дасць табе такі ўзровень допуску да сакрэтных матэрыялаў, каб ты мог з гэтай справай азнаёміцца. Я сам тут не да ўсяго маю допуск. Але для разведчыка найгоршае — гэта быць дэзінфармаваным, то цяпер ты ведаеш веліч справы, над якой будзеш працаваць. — Мне забраць тэчкі з вашага кабінета? Ты што, Капейкін! Да іх ты таксама не маеш допуску, я ўжо і так пайшоў на службовы праступак, калі паказаў іх табе. — 3 чаго мне тады пачаць? — Правільнае пытанне, Капейкін! Па-першае, ты будзеш весці справу, ён нахіліўся да мяне і сказаў вельмі ціха ў самае вуха. Цімура Хоміча. Па-другое, зайдзі ў аддзел кадраў, мы табе званне капітана прысвоілі, атрымаеш там забеспячэнне і цывільную вопратку. Камандзіруем цябе ў Варшаву. Згодна з апошнімі сакрэтнымі дадзенымі, герой тваёй справы менавіта там. На гэтым рапарт капітана Капейкіна быў скончаны і ён звярнуўся да гасцей дома Шымана і Таццяны: — Вось і ўся мая гісторыя, спадарства. Што было далей, вам вядома. Дык вось, ці дапаможаце вы мне знайсці Цімура Хоміча? Увесь мой лёс цяпер у вашых руках. Усе вельмі ажывіліся і пачалі перабіраць розныя варыянты, дзе можна было б знайсці таго Цімура і хто яго бачыў апошнім. Але хутка высветлілася, што ніхто нічога канкрэтнага сказаць не можа. Так, надоечы чуў пра Цімура, нібыта ён аформіў крэдыт, каб набыць духоўку, але дзе аформіў, у якой краме, праз які банк, на якую мадэль і скуль гэта вядома — ніхто паведаміць не мог. — У нас жа сабралася сапраўдная беларуская багема, няўжо, спадарства вы не дасце рады і не дапаможаце беднаму капітану Капейкіну адшукаць Цімура Хоміча? запытала Таццяна. Усе дружна заківалі галовамі, асабліва гарачыя прапанавалі за гэта тут жа выпіць і выпілі, пасля выпілі яшчэ па адной. 1 Шыман сказаў, што спадары беларусы проста абавязаны дапамагчы агенту КДБ знайсці Цімура Хоміча і што цяпер яны будуць па чарзе хадзіць у госці да кожнага з прысутных, а той будзе прыводзіць сваіх знаёмых — і так яны пакрысе апытаюць мільён беларусаў, якія цяпер жывуць у Варшаве.