Капейкін паставіў партрэт да сцяны і сеў пры стале, застаўленым бутэлькамі з-пад віна. Хутка прыйшлі Віталь Рыжкоў з Андрэем Адамовічам, яны не сталі чакаць гаспадара, а пачалі піць і размаўляць пра нешта сваё. Капейкіна сябры нібыта не заўважалі. Дапіўшы гаспадарскае віно, паэты ўзяліся за прынесенае з сабой. Калі некалькі бутэлек зніклі ў іх глотках, Андрэй пайшоў корпацца ў ноўтбуку гаспадара. Пакуль ён штосьці там круціў, да кампаніі далучылася Агата Кокс. Спадарства, ці даведаліся вы што-небудзь пра Цімура? — запытаў Капейкін. — Пакуль нічога новага, але мы дазналіся аб тымсім з яго мінулага. Калі капітану Капейкіну цікава, я з задавальненнем раскажу. Толькі, магчыма, варта пачакаць іншых, каб бясконца не пачынаць гісторыю з пачатку? — адказаў Віталь. — Хіба Цімур Хоміч можа зацікавіць кагосьці, апроч мяне? — Васпане, паверце, гісторыя Цімура Хоміча зацікавіць кожнага. Што ж у ёй такога незвычайнага? — капітан Капейкін пачынаў ускіпаць, як курыны булён, ажно ў яго на лбе, там, дзе мусіў быць край фуражкі, з’явілася шэрая пена, якую хацелася зняць шумоўкай. Але Адамовіч даў рады з ноўтбукам і запусціў на праектар першы і самы знаны фільм Андрэя Куцілы. Фільм быў дакументальны і, як гісторыя Цімура Хоміча, зацікавіў кожнага, нават Капейкіна, з тых, хто быў у пакоі, і кожнага з тых, хто да іх далучыўся падчас прагляду, нават самога Андрэя Куцілу і яго пакаёўку, якая раней ніколі не бачыла фільмаў гаспадара. Яна зайшла запытаць у Андрэя, ці што-небудзь патрэбна, але так і засталася стаяць з разяўленым ротам да канца прагляду. Калі пачаліся фінальныя тытры, госці, якіх набраўся поўны пакой, усталі і пайшлі пляскаць так горача, што рэжысёр спачатку пачырванеў, пасля пабялеў ды на астачу пазелянеў. Пазелянеў ён, праўда, не праз апладысменты. — Хто!? — зароў рэжысёр так, што пакаёўка падскочыла на месцы, нарэшце зразумеўшы, што фільм скончыўся. — Хто паставіў сюды фота гэтага ўрода!? — з дзікім крыкам Андрэй Куціла схапіў партрэт капітана Капейкіна і выкінуў яго ў французскае акно, якое адчынілі, бо ў пакоі было задушна. Рэжысёр абвёў гасцей чырвонымі, як познія вершы Коласа, вачыма, яго трэсла. He было сумневаў: калі ён толькі даведаецца, хто прынёс сюды гэты партрэт, а самае галоўнае — паставіў яго акурат пры той сцяне, на якой яны і глядзелі фільм, — ён кінецца на гэтага чалавека і паспрабуе разбіць яму галаву або выціснуць вочы пальцамі. Раззлаваўся ён не на жарт, бо зразумеў, што муляла яму вока цэлыя паўтары гадзіны. Больш за тое, у яго з’явілася падазрэнне, што гледачы былі ў захапленні, бо стужка наклалася на партрэт кадэбэшніка з медалём і аксельбантамі. На шчасце капітана Капейкіна, ён стаяў акурат плячо ў плячо з Андрэем Куцілам, апрануты быў у цывільнае, а валасы ў яго за паўгода адраслі так, што ён нічым не нагадваў таго маладога паголенага хлопчыка на фотаздымку. Пакаёўка ж разумела, што, калі яна пакажа на капітана Капейкіна, турэмнага тэрміну гаспадару ніяк не абмінуць. Пакрысе госці пачалі супакойваць рэжысёра: маўляў, гэта нічога, давай вып’ем за твае новыя фільмы, клянёмся табе, пасля таго, што мы ўбачылі, мы ўжо ніколі не будзем ранейшымі, гэта перавярнула нас, як бы падчапіўшы крукам за ўспаміны, якія мы лічылі страчанымі, і перамяшаўшы з самым добрым з таго, што ёсць у нас, — і гэты сплаў забытых успамінаў і найлепшага — гэта цяпер і ёсць мы. Пакуль госці супакойвалі рэжысёра, Капейкін зрабіў выгляд, што ідзе ў прыбіральню, а сам выскачыў з кватэры, каб падабраць партрэт. Ён думаў, што, каб вярнуць грошы за друк, яго давядзецца здаць па вопісе на канспіратыўную кватэру. Але я вас ведаю, як звараны бурак: пачнеш з вамі пра сур’ёзныя рэчы, а з вас скура злупіцца — і ўсё сваёй чырвонай цікаўнасцю павымазваеце. Што там такога ў тым фільме было, дый чаго рэжысёр так праз той партрэт раз’юшыўся? Чаго раз’юшыўся — то ясна, як напрамілы хлеб і на халодную рэйку шчакою прылегчы ў гарачы поўдзень, проста не любіў, калі парушаецца аўтарская задума (а вы ж ведаеце, якое ў рэжысёраў жыццё: прыйдзе прадзюсар, улезе ў мантаж — і «давай-давай, хэпі энд мусіць быць, а драмы дадаць, а пакажы крытыка ўсяго ў белым, а тут трэба маю дачку ў галоўнай ролі»), Вось і раз’юшыўся рэжысёр, што брудным партрэтам лезуць да яго ў глыбіню рэзкасці. А фільм вырашылі заўтра яшчэ раз пераглядзець. Але я на заўтра адкладваць не буду, зараз вам караценька перакажу, што ў тым фільме, як было і чым скончылася. ЧОРНЫ РЫЦАР Адразу ў кадры з’явіўся мужык. I давай плакаць: «Што мне рабіць, што рабіць? Так я ўжо змарнаваўся і замучыўся, як у гэтага класіка французскага». Глядзіць кудысьці ўверх, у столь, ці што? Камера столь паказвае — там нібыта нічога цікавага. Мужык зноў: «Як гэтага француза, га?» А сам плача. Раптам з-за кадра хтосьці кажа: — Войтэк, ды не ўбівайся так праз гэтага француза, ну забыў, як зваць, з кім не бывае. Мы як бы даведаліся, што ў кадры плача Войтэк. А ён толькі мацней румзае і галосіць, а сам сядзіць у гарнітуры-тройцы, не раўнуючы прэзас правай партыі, ці, можа, натарыус, ці, на благі канец, прадсядацель райспажыўчага саюза. У гледачоў не-не дый узнікне думка: «Вось бы гэтага Войтэка ды на хаўтуры да Нюркі Парасінай сына, калі таго газавым балонам забіла, во гэта быў бы нумар! Нюрцы ўсе бабкі зайздросцілі б — то праўда, такі ўжо дзе плакальшчык, не ўзгадаю нават, каб такія ў каго на пахаваннях былі. Галоўнае, апрануты так густоўна». Гледачы ўжо прыцэньваюцца: «Вось Адэлька хутка коні дзвіне, ужо яе выпісалі з больніцы — паміраць, напэўна. Дык як бы гэтага Войтэка ды і выпісаць бы нам на вёсачку пагаласіць, колькі ён возьме? Усё ж мужчына такі відны». — Рабле! — падказвае хтосьці з-за кадра Войтэку. Войтэк толькі галавой пакруціў: не, не Рабле. Гледачы ўжо думаюць: «Нічога сабе, які таленавіты, вось бы ён гэтак матнуў галавой — маўляў, на каго ж ты нас, Адэля, пакінула, што мы без цябе і як? Цьху з носу і падэшвай зацерці мы без цябе. I гэта адной мімікай!» — Луі дэ Фюнэс! — ужо жаночым голасам падказваюць, і такім яшчэ паскудным, нібы на пахаванне суседчына ўнучка прыйшла гарадская і смешна ёй, як бабы надрываюцца-плачуць, а ім, можа, і самім не сумна, але грошы ўплочаны. Ты ж чакаеш, што iPhone працавацьме як мае быць, а не так сабе, бо грошы ўплочаны. Каб зняць дупу ў люстры і адразу шэсць мужыкоў у дырэкт напісалі, во і мы так — мы, можна сказаць, iPhone ад свету плакальшчыкаў, Instagram пахавання — гарантыя два гады па ўсім тагасвецці. Пачуў Войтэк пра Луі дэ Фюнэса, і на секунду ў яго на твары як цень прайшоў, — але стрымаўся, пахітаў галавою і далей плача. Адразу бачна, прафесіянал: дзе на яго залезеш — там з яго і злезеш. А за кадрам у некага ажно нервы здаюць, быццам у алкаголікаў на хаўтурах: маўляў, калі ўжо выпіваць будзем, затрахалі вы галасіць. — Дык пра што пісаў твой француз? — крычыць нехта. — Пра каханне ці пра што? Войтэк замаўчаў і проста ў камеру паглядзеў. I адразу тытры, то-бок пачаўся фільм. Рэжысёр Андрэй Куціла, мантаж Андрэй Куціла, і далей яшчэ дваццаць тры разы ўсё «Андрэй Куціла» і «Андрэй Куціла», і толькі пазней назва фільма вялікімі літарамі: «ЧОРНЫ РЫЦАР». Скончыліся тытры — і паляцелі буслы, але не сапраўдныя, а маляваныя такія, нават крышачку, але захацелася прылегчы і паспаць, як калыханку паглядзеўшы. Ляцелі-ляцелі гэтыя буслы, разляцеліся — а мы ў хаце вясковай. Бабка сядзіць. Гледачы аж падскочылі на месцах. «Ого, — ду- маюць, — то во гэтая бабка зараз да Абрама на піва, а сваякі — да Войтэка: “А за сто еўра паплачаш?” А Войтэк такі: “Вы што, хочаце сказаць, што так нізка цанілі нябожчыцу? У мяне адзін гарнітур тры тысячы еўра і дзесяць гадоў практыкі, з такімі прапазыцыямі папрошу да дупы”». I толькі нам усім прымроілася гэтая драма паміж попытам і прапановай, як пачала бабка казаць: — 0, Марэк! Марэк заўсёды быў такі сур’ёзны дзіцёнак. 3 самага малалецтва. А гледачы такія: «Ого, новыя часы — новыя героі. Марэк нейкі... Што за Марэк?» А бабка фотаздымкі паказвае на тэлефоне, але яны як бы не ў рэзкасці. Кшталту, вось ён Марэк. Мы задуму рэжысёра хутка раскусілі — сутыкнуў ён традыцыі і сучаснасць: бусла з ультрагукам, мікрахвалёўку з калодзежам, — такое штосьці. — Як было яму сем гадоў, прыйшоў на паседжанне райсавета і ўсіх кайлом разагнаў! Бо не хацелі нам грэйдарам дарогу параўняць! Яго тады паставілі на ўлік у дзіцячы пакой міліцыі. Мне Адка з Гэлькай: «Хуліган-хуліган!» А я: «Не, кажу, ніякі не хуліган — пацярпеў за перакананні. Самі вы, — кажу, — не пагналі б іх кайлом, калі б сілы былі?» Што яны адкажуць канешне, яны пагналі б кожнага гэнага дэпутата кайлом, на халеру яны патрэбныя, гэныя дэпутаты, як не могуць каня нам даць і нават грэйдарам дарогу параўняць? Гарадскія ездзяць скрывілі дарогу, а Марэка праз гэта ў пакой міліцыі на ўлік? Дзе справядлівасць, га? 1 гледачы (мы то-бок); «Ага, намячаецца класічны канфлікт героя з грамадствам, рост і буянне змагара. Бач ты, малы-малы, а ўжо райсавет кайлом разагнаў. I такі ўжо як бы гонар бярэ за гэтага Марэка: пакуль мы пясок жэрлі і ў дупе калупаліся, чалавек быў заняты рэальнай справай — да яго гэты райсавет толькі дывізія СС разагнала, як на Менск ішла, а ён ад гаршка метр, а даў рады. Нават думаеш, можа, гэта Зянона ўнук які?» Тут давай нейкіх дзевак паказваць: ідуць баб шэсць па вуліцы, вазочкі вязуць. I мы ўжо: такі во кабяліна, шэсць дзевак — і ўсе вазочкі вязуць. Проста Рока Сіфрэдзі з-пад Глыбокага. Ну і дзеўкі не расчаравалі. Сапраўды, не даваў нам праходу, не даваў, як быў малады, то толькі хаваліся ад яго пасля дыскатэкі, ледзьве паспявалі ўрассыпную разбягацца. Зноў хата з бабкай, яна далей распісвае, які ўжо гэты Марэк яе добры. I райсавет разагнаў, і вучыўся на адны пяцёркі, і па фізкультуры заўсёды бегаў на лыжах, нават выйграў гонку пераследу. Але кадр змянілі. Шэры двухпавярховы будынак (як турма, толькі аўтаматчыкаў не хапае), адразу бачна — школа. Раз — баба з тытрам «Ядвіга Браніславаўна, першая настаўніца». I яна бабку падтрымлівае: «Не тое, што вучыўся, яшчэ і мяне павучаў. А што я зраблю? Ён жа спартсмен, баксёр-разраднік. А на камянях як рабіў, як рабіў! Толькі прыйдзе разнарадка клас на камяні адправіць — ён першы ў разоры, яго і прасіць не трэба і ўпрошваць, возьме толькі каша — і парачкаваў-парачкаваў — трактары за ім не паспяваюць.