Песня пра Цімура  Андрэй Адамовіч

Песня пра Цімура

Андрэй Адамовіч
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 208с.
Мінск 2019
51.95 МБ

 

Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
А як звязуць тое каменне да кароўніка, ён туды ўночы яшчэ прыйдзе і з тых камянёў вежу збудуе. Так да адзінаццатага класа цэлы замак зрабіў — гэта жарт вам, ці што? Можа, той замак і цяпер стаяў бы, але прадсядацель загадаў разабраць і яшчэ адзін кароўнік змураваць».
Гледачы ажно зажмурыліся і вочы рукамі прыкрылі, а хто быў жаночага полу, крыху і войкнуў, бо псіхатып Марэка нам усім быў ясны: дурань кручаны. Мы ўжо думалі, усё, прадсядацелю таму кішкі выпусціўшы быў і цяпер матае першы тэрмін разам з хлопцам, які ў Менску людзей бензапілой парэзаў.
He, аказалася, прадсядацель таго Марэка ацаніў (абы-каго ўсё ж прадсядацелем калгаса не паставяць, крыху ў псіхалогіі разбіраецца той прадсядацель). Во і яго самога паказваюць. Такі дзядзька самавіты. Худы, праўда. Вылез з «Рэндж Ровера» і пайшоў у кароўнік. Аператар за ім бяжыць. А дзядзька спыніўся, паглядзеў на захад сонца, на боты свае лакавыя і кажа грозна:
— Вы ж самі ўсё разумееце.
I мы, гледачы то-бок, як бы ў разгубе: «А як жа абвёў той прадсядацель Марэка вакол пальца?» Тут і разгадка — шыльда казённая буйным планам. Мы спачатку падумалі: «Ясна, пасадзілі змагара прэвентыўна», — але чытаем шыльду, а там напісана: «Гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта». Мы ад задавальнення аж кракнулі, як тая качка, бо гэта было псіхалагічна даставерна і гіперрэалістычна: такому псіхапату адна дарога — на гістфак.
I ўжо інтэрв’ю з выкладчыкамі. Кажуць, так, на археалагічнай практыцы не было роўных і ў бібліятэчнай справе. Выдатнік, чырвоны дыплом — гонар факультэта, за БДУ ў шахматы і шашкі гуляў — першае месца ва ўсім. Дык ясна, што такі дужы — ты паспрабуй усюды пахадзі ў латах, у шаломе і з мячом на поясе. Тут мы нічога не зразумелі спачатку, але пасля пачалі фотаздымкі паказваць і раз-пораз відэаролікі.
Во практыка археалагічная, мужыкі ў майтках, бабы — у купальніках, толькі Марэк у латах і з рыдлёўкай, у зямлю сышоў па плечы, хутка да скарбаў ВКЛ дакапаецца. А во бібліятэка: усе ў акулярах, Марэк з вядром на галаве, ну не з вядром, а ў шаломе, але лепш бы з вядром, клянуся. I тут мы як бы ўжо да канца зразумелі, што адна яму была дарога на гэтым свеце — у аспірантуру, а пасля — у выкладчыкі, бо ў школу да дзяцей такога не пусціш. Можа, трыста нам фотаздымкаў паказалі, можа, чатырыста, яны яшчэ выязджалі ў кадр так прыгожа то злева, то справа. I ўсё герой у цэнтры, а калі не ў цэнтры — чырвоным фламастарам абведзены. I ўсюды ў латах сваіх і з вядром на галаве, нават піў у вядро гэтае і еў туды ж. He сагнуць такога чалавека крывіцкая Пагоня, а не чалавек.
I вось даюць дыпломы, дэкан у акулярах шырокіх цісне жалезную пальчатку. Выдалі корачку. Выселілі яго з інтэрната. Музыка пачалася трывожная (можа, знаеце, — такая арганная), пераломны момант фільма прыйшоў, як гадавіна вяселля, пра якую муж ізноў забыўся. I што вы думаеце? Ніколі не паверыце, атрымаў Марэк карту паляка! Ды ладна, не бывае такіх супадзенняў! He можа быць! Можаце не верыць, але і карта сама ў кадры, а на ёй — фотапартрэт Марэка: вось вядро, вось меч, вось кальчуга, — ні з кім не зблытаць. Фотадоказ, як ён ёсць.
I адразу кадры архіўныя са сталіцы Польшчы. Вось Марэк выходзіць з аўтобуса, вось ідзе кудысьці ў далячынь, толькі плашч яго разлятаецца ад ветру, толькі меч па асфальце шкрабае, агідны гук такі — ажно перасмыкае. Пасля зноў інтэрв’ю дзядзькі нейкага.
— Так, добра помню той дзень, як Марэк да нас прыйшоў. Я да дзясятай толькі падцягнуўся, а ён ужо сядзіць на сходах чакае. Так і так, кажа, хачу, кажа, проста з аўтобуса ўступіць у партыю «Права і справядлівасць», бо дужа паважаю права і не магу, калі штосьці несправядліва.
Зноў мантаж — і ўжо Марэк на мітынгу, выцягнуў меч, махае ім і крычыць: «Польшча будзе польскай», «Польшча ад мора да мора», — і далей у гэтым духу. А пасля падпальвае паходню і сыходзіць у ноч, як трыста спартанцаў. Ажно ў нас мурашы па скуры калонамі пайшлі, як рымскія легіянеры ў Галію.
Тут зноў гэты дзядзька з партыйнай ячэйкі, выбары на носе, трэба дэлегата ад ваяводства на цэнтральны сход адправіць. А каго ад ваяводства можна адправіць, як не Марэка ў ягоных латах? Закруцілася, выбралі яго ў цэнтральны камітэт партыі. Ты паспрабуй яго не выбраць, калі ён так голасна крычыць «Польшча ад мора да мора» і сыходзіць з паходняй у ноч, толькі сабакі брэшуць і ў іхнім брэху ясна чутно «Deus vult!». Аж кусок каніны ў горла не лезе, такі страх і дысцыпліна.
Мы ўжо думаем: «I што ж далей? Стаў ён прэзідэнтам Польшчы? Ці, можа, ва ўрадзе засядае?» А тут зноў той Войтэк. I ўсё плача-заліваецца. Паглядзелі мы яго хвіліны з тры, ужо я сам у экран кажу: «Войтачак, ты мой родненькі, ты мне па-простаму патлумач, што за гора ў цябе, што там за француз, памёр, можа, хто?» На мяне зацыкалі, нават хтосьці па рэбрах уваліў, але паслухаў мяне Войтэк.
— Успомніў, — кажа. — Толькі не француз. Невядомы гішпанскі аўтар — «Песня пра майго Сіда»,
канфлікт паміж пачуццямі і доўгам, — працягнуў хтосьці Войтэку шклянку вады. Ён адпіў крыху, аддаў. — Пачалося ў нас з Марэкам.
А хтосьці Войтэка з-за кадра пытае: «Што пачалося? Ты кажы проста, не юлі». А Войтэк так як бы адной рукой бочку паказвае, а другой па ёй пляскае. Мы ажно падскочылі на месцах. Во гэта паварот, во гэта нічога сабе, ні богу качарга, ні чорту свечка, гэта ж Войтэк, атрымліваецца галубец! Як такога галасіць клікаць? Засмяюць жа. А праз секунду разумны чалавек голас падаў, кажа: «Не, не засмяюць, ты сам падумай, дзе ты такога яшчэ знойдзеш: і ў гарнітуры-тройцы, запінкі — чыстая плаціна, і галосіць так жаласліва, ды паляк з правай партыі? Дый ён абдзярэ як ліпку — такі кошт заломіць за галашэнні».
А Войтэк усё выпрастанай даланёй па кулаку пляскае — спадабалася.
— Дык канфлікт у чым, Войтэк? — гэта ўжо з-за кадра нехта пытае ў галасільшчыка. — Пасля ты свае найлепшыя моманты ўзгадаеш, ты нам караценька па справе, a то і без гэтага агульны хранаметраж два дваццаць.
— А вы самі гляньце, — кажа Войтэк і выцягвае тэлефон.
I відэа з тэлефона: нумар гатэля, стаіць пасярод пакоя Марэк увесь з сябе ў латах, а Войтэк яго здымае. Ідзе Марэк у душ — Войтэк за ім. Зайшоў рыцар у душ, абліўся ледзяной вадой і выходзіць. У пакоі распранацца пачынае.
Як распрануўся ён — то бачым мы ў кадры: як ёсць мурын двух метраў ростам. Яшчэ Войтэка з заплаканым тварам паказалі на хвільку — і ўсё, пайшлі фінальныя тытры. Вось такі быў выбар па-
між пачуццямі і абавязкам у Войтэка: расказаць таварышам па партыі, што Марэк мурын або пакінуць у сакрэце? I што? I, вядома ж, нікому ён таго сакрэту не выдаў — пачуцці перамаглі.
Божухна, як мы пляскалі гэтаму тонкаму раскрыццю характараў і перапляценню лёсаў!
Але пакуль Капейкін выцягваў партрэт з клумбы, вячоркі ў Андрэя Куцілы працягваліся. Крыху адышоўшы ад скажэння рэзкасці, якую прыўнёс у фільм нечаканы госць, рэжысёр вырашыў даведацца, чым абавязаны надзвычайнай цікавасцю багемы да сваёй асобы.
— Васпане, мы сёння сабраліся, каб абмяняцца навінамі пра Цімура Хоміча і запытацца, ці не ведаеце вы што-небудзь пра яго? сказала Агата Кокс. Яна адкінулася на канапе так, каб рэжысёру сталі бачныя яе грудзі, нічым пад сукенкай не прыкрытыя, аднак той толькі дэманстратыўна адвёў позірк.
Хоміч, Хоміч... — Куціла як бы пакруціў гэтае прозвішча на языку. — Ці не той гэта стрыптызёр, у каторага яшчэ дзед у Савеце ветэранаў працуе?
— He, Цімур — геніяльны паэт. Кажуць, цяпер ён жыве ў Варшаве, але, на жаль, невядома, дзе канкрэтна.
— Тады абсалютна не ўяўляю, хто гэта такі і дзе яго шукаць, — адказаў рэжысёр, засмучаны тым, што людзі сабраліся не на прагляд.
— Але, можа быць, хтосьці з вашых сяброў ведае? — пачала настойваць Агата.
I тут прапанавалі тост за наступны фільм Андрэя Куцілы. Але і Агата не хацела так проста адступаць. Калі ўсе выпілі, яна голасна сказала:
— Вы, натуральна, геній, але дазвольце Віталю расказаць, што ён даведаўся пра Цімура, — і ваш новы фільм будзе пра Хоміча, бо праўду кажу вам: гэта геніяльны паэт.
Калі вы так хочаце, каб Віталь распавёў пра Хоміча, хай распавядае, я ўжо стаміўся слухаць пра свае мінулыя і будучыя фільмы.
— Спадарства, — пачаў Віталь Рыжкоў. — Я сказаў у прысутнасці Агаты, што даведаўся тое-сёе з мінулага Цімура Хоміча, і гэта праўда, хаця прызнаюся, што не магу прадставіць вам нешта ўнікальнае, здаецца, кожны ў Менску ведае гэтыя акалічнасці жыцця Цімура.
— Я так даўно не была ў Беларусі, — какетліва перабіла яго Агата і закаціла вочы. У выкананні порназоркі гэтая пошласць выглядала нават мілай.
— Пачну з таго, што Цімур нарадзіўся не ў сталіцы, але ў Салігорску — горадзе, дзе людзі ўгрызаюцца ў зямлю, уздымаючы на дол угнаенні, каб трава ў Індыі і Кітаі расла лепш. У дзяцінстве ён не раз спускаўся ў забой і мусіў бы стаць шахцёрам, але замест гэтага вырас камуністым.
Спадарства, кожны, хто спусціцца там пад зямлю, пачуе штосьці вельмі спецыяльнае, там людзі не метафарычна, але абсалютна рэальна сядзяць у пекле для таго, каб капітал рос. Аднаго разу ў Хоміча атрымалася застацца ў забоі аднаму — пад зямлю яго спусціў стрыечны брат-маркшайдар і пакінуў на тры гадзіны. Цімур ішоў у поўнай цемры забоем, трымаючыся рукою за гіганцкія сухія крышталі — соль здавалася касмічным артэфактам, які ўбірае не толькі вільгаць, але і само жыццё з тых, хто спускаецца ў забой.
Цімур уяўляў, як выглядае радовішча цалкам: гіганцкія лінзы на месцы старажытных азёр, падобныя да лятучых талерак або да каравякоў, схаваныя глыбока пад глінай, пяском і вапняком.
Шмат хто адчувае вусціш майскім вечарам у палётах хрушчоў або жнівеньскай ноччу пад зорамі, але Цімур спазнаў увесь жах быцця там — на трыста метраў глыбей за паверхню, у паветры сухім, як подых Багдановіча, думаючы пра людзей, якія вырылі гэтыя калідоры, якія рызыкавалі жыццём незразумела дзеля чаго і навошта, ён адчуў на далонях іх мазалі, ён узіраўся ў цемру іх збалелымі вачыма.
Паверце, спадарства, Цімур не баяўся там, пад зямлёю, у яго сэрцы не было ні каліва страху, толькі ўсмешка на вуснах, хаця ніхто б не здолеў яе разглядзець у поўнай цемры.
Прайшоўшы метраў з пяцьдзясят, ён спыніўся (ходу далей не было або Цімур проста не хацеў рухацца наперад не важна), ён сеў пры сцяне і запаліў. Будучы паэт адкінуў галаву да сцяны і адчуў, як дзесьці далёка іншыя людзі, якіх ён не ведаў, але ж, напэўна, сустракаў на вуліцах роднага горада, ламалі пароду. Ён прасядзеў так, косткамі слухаючы, што робіцца дзесьці далёка, у іншым рудніку, усе тры гадзіны. Хоміч чуў выбухі, дробную вібрацыю ад адбойных малаткоў, раўнамерную хаду ваганетак, нават крокі працоўных — яны былі далёка, у іншай шахце, але гукі пад зямлёй распаўсюджваюцца зусім не так, як на паверхні.