На экране з’явіўся надпіс: «Тэлевізары “Гарызонт” — найлепшыя ў свеце». Словы патрывалі з паўхвіліны, і зноў з’явіліся мужыкі, а Мікалай пачаў скардзіцца на Іваныча. Кася выключыла тэлевізар. — Сур’ёзная праца, — сказала Таццяна. — Я ж табе казала, — Кася прамовіла нейтральным тонам, але ў душы вельмі радавалася, што сяброўцы спадабалася. — Амаль задарма адарвала. — У суд не пададуць? — запытала Таццяна. — Калі пададуць, то кошт вырасце. Больш, праўда, у мяне нічога няма. Таму я цябе і запрасіла. Мне патрэбная партнёрка, каб адбіраць працы. Цяпер я закупаюся на Беларусі, але, можа быць, варта браць і ўкраінскія, малдаўскія, казахскія ці якія там яшчэ. Карацей, гэта мы маглі б абмеркаваць. — Слухай, такое пытанне. Можа, мы набудзем цэх дзе-небудзь у Беластоку, ці дзе там цэхі цяпер танныя, прывязём туды чалавек сто ўкраінцаў і хай яны робяць? Кася задумалася. — Ідэя класная. Біяграфіі мастакам самі будзем пісаць? — Навошта? Так і будзем казаць, што яны ў нас на хлебе і вадзе ў цэху робяць працы. Шкада, што іх бізунамі біць нельга. — Дык, можа, на Беларусі такі цэх зробім? — А хто іх лупцаваць паедзе? Я не хачу. I могуць прымусіць якую-небудзь мыту плаціць. He, давай тут, хай сабе і без бізуноў. — Крута. Толькі нам патрэбны чалавек, каб сачыў за імі. Сяброўкі пачалі думаць, каго паставіць сачыць за ўкраінцамі. Хутка яны сышліся на тым, што найлепшы кандыдат — Ліза Лянкевіч. Апроч таго, што яны добра ведалі мастачку, ніякіх іншых пераваг у яе кандыдатуры не было, зрэшты, пры безальтэрнатыўным галасаванні перамагчы можа нават Статкевіч. — Гэта ты супер прыдумала, я сама ніколі не здагадалася б. Тут нават не трыста адсоткаў — да канца жыцця будзем забяспечаныя. Таццяна ў гэтым шчыра сумнявалася, але бачыла нічым не абмежаваныя магчымасці па ператварэн- ні дзяржаўных датацый у цяжкую металургію на футры з дыямантамі для сябе і прыватныя школы ды шырокія перспектывы для Зоі. Яшчэ колькі хвілін яны радаваліся свайму новаму бізнес-плану і вырашылі рабіць справу, пакуль справа не зрабіла іх. Патэлефонілі Лізе Лянкевіч. Мастачка ў гэты час ляжала на лясах пад купалам у касцёле Трох крыжоў і прамалёўвала крылы нейкаму анёлу, а можа быць, і арханёлу, хто іх там разбярэ. Званка яна не пачула. Ладна, сказала Кася. — Датэлімся пазней. Давай пакуль падумаем наконт цэха і хто будзе займацца адміністрацыйнымі справамі. — Слухай, давай ноймем Капейкіна? Ён усё адно нічога не робіць, толькі шукае свайго Хоміча, хай чымсьці карысным зоймецца! Уяўляеш, у нас сапраўдны агент КДБ будзе апекавацца мастакамі! Прапанова Тані вельмі спадабалася Касьцы, і яна патэлефоніла Капейкіну. Афіцэр таксама не зняў слухаўку, бо акурат у гэты момант ён часткова знаходзіўся ў Агаце Кокс. Усім вам цікава, якім менавіта чынам афіцэр заглыбіўся ў іншага чалавека, але хоць гэта і парнаграфічная паэма, ды толькі ў тым сэнсе, што яна мае на мэце паказаць самыя нізкія чалавечыя памкненні і подлыя справы, на якія наважваюцца людзі, трапіўшы ў розныя жыццёвыя калізіі (перадусім я маю на ўвазе самога сабе — каго толькі абэлтухам не выставіш, каб вам спадабалася). Сэкс жа дваіх дарослых людзей па ўзаемнай згодзе ніякім чынам не з’яўляецца справай нізкай. Таму скажу проста: агент КДБ клосціў порназорку ў догі-стайл, або па-простаму пёр ракам. Аднак праз пяць хвілін (так-так ён быў з тых людзей, якія любяць пасля сэксу паляжаць пяць хвілін абняўшыся), Капейкін перанабраў Каську, але размаўляць па тэлефоне пра справы адмовіўся напрамілы бог і ўжо праз паўгадзіны прыехаў у галерэю. — Капейкін, вам так пасуе гэтая форма! А гэтыя аксельбанты цудоўна падкрэсліваюць колер вашых вачэй, — сказала Таццяна, пакуль агент КДБ раскланьваўся. — Дзякую, Капейкін прысеў на крэсла і прыклаў руку да грудзей. — Я ўважліва вас слухаю, у чым бы ні палягала ваша прапанова, упэўнены, што з радасцю яе прыму. Аднак выслухаўшы сябровак Капейкін пачаў так: — Я клянуся вам, яснавяльможныя пані, што ўсёю душою і ўсім сэрцам прагну прыняць вашу шчодрую і прывабную прапазіцыю, аднак статут, паводле якога я жыву і якому прынёс страшныя клятвы, абавязвае мяне адмовіцца на карысць маёра Галандскага. Якога яшчэ маёра Галандскага? — не зразумела Таццяна. — 0, гэта адзін з самых спрытных афіцэраў пятага ўпраўлення, якіх я толькі ведаю. Але рэч нават не ў гэтым — проста ён стоадсоткавы габрэй, а паводле нашага статута, займацца справамі гаспадарчымі можа толькі габрэй. — Што за дзікунства? — запытала Кася. — Вы што, антысеміты? — Hi ў якім разе, спадарыня, святло маіх вачэй. Сярод афіцэраў КДБ няма ніводнага антысеміта. Каб паступіць на службу ў камітэт, трэба мець хаця б аднаго найлепшага сябра габрэя, які засведчыць, што ты не антысеміт, а ён — твой найлепшы сябар. Гэта адно з самых складаных выпрабаванняў пры прыёме на службу: правесці жыдоўскую морду вельмі складана. Я ледзьве не пасадзіў печань, калі цэлыя два гады бухаў з маім сябрам Барысам і спусціў усе сямейныя накапленні на прадажных жанчын для яго. — Напрыклад, — сказала Кася. — Але чаму толькі габрэі могуць займацца гаспадарчымі справамі? — Гэта вы можаце запытаць у самога маёра Галандскага, калі ён прыедзе. Я ж магу толькі засведчыць, што сам Натан Бірнбаўм атрымаў бы прыступ вострага антысемітызму, падагры і пранцаў, каб меў агульныя справы з маёрам Галандскім. Такая рэкамендацыя задаволіла сябровак, яны патэлефонілі маёру, і праз паўгадзіны ён быў у галерэі. Самыя дасведчаныя чытачы могуць запытаць, як жа так гладка выходзіла, што і капітан Капейкін прыехаў праз трыццаць хвілін і маёр Галандскі — праз паўгадзіны? Чаму як вы робіце якую-небудзь справу, — то кладаўшчык пайшоў на базу, то трамваі сталі і перагарадзілі прашпект, то ў друкарцы папера скончылася? На гэта я адкажу так, што калі чалавек па жыцці не лох, то ў яго і справа ідзе хутка, а калі вы ў сваіх Івацэвічах седзіцё, то чаго вы хочаце? Маёр Галандскі быў апрануты ў белую кашулю, чорную зашмальцаваную камізэльку, а на галаве меў кіпу, якую ў памяшканні не зняў. Апроч таго, на галаве ён меў доўгія пейсы і бараду, якія выглядалі дзіўна, бо афіцэр быў блакітнавокі бландын. Натуральна, усё гэта блішчала ад тлушчу. У барадзе захраслі кавалкі ежы. Але калі Кася прыгледзелася, зразумела, што гэта не тлушч, а лак, а кавалкі ежы — пластыкавая імітацыя. — Маёр, капітан Капейкін сказаў нам, што вы стопрацэнтны габрэй, але як так атрымалася, што вы служыце ў КДБ? — Такі сама бачыш, што ў КДБ бяруць усіх без разбору, нават во Капейкіна ўзялі. Дзе ўжо той КДБ, а дзе Капейкін. — Але чаму вы самі паступілі ў КДБ? Я табе кажу, жыццё габрэя гэта пераадоленне пакут, якія прыносяць у гэты свет гоі. Узяць хаця б цябе. Я сядзеў сабе ў кабінеце, не дзьмуў у х-р, еў мацу. Ты звоніш. Так і з КДБ. Мама заўсёды мне казала: «Не май ты нічога агульнага з гоямі, прывядзі ў дом нармальную габрэйку, каб я яе прыніжала, і абыходзь КДБ далёка, як Гітлер лінію Манэргейма, хай ён будзе пракляты на векі вечныя». To я прывёў дадому нармальную габрэйку і паступіў у КДБ, каб маме было за што мяне клясці. Як бабка кляла майго тату, які быў генералам КДБ і мне выбіў цёплае месцейка, як у вашага Хрыста за пазухай, нездарма мы яго ўкрыжавалі. — Чаму ж вы не пайшлі ў Масад? — запытала Таццяна. Хто табе такое сказаў? — Дык вы служыце і ў КДБ, і ў Масадзе? — здзівілася Кася. Вам, гоям, усё трэба ведаць. Служу-не служу гэта знае толькі кіраўнік Масада. Але я даўно пракляў той дзень, калі паступіў у КДБ. Я табе скажу так: вось сядзіць Капейкін, такога антысеміта яшчэ пашукаць, дык ён просты капітан, а ў КДБ каго ні вазьмі — юдафоб юдафобавіч. Кажу табе, мая душа гартуецца кожнага разу, як я прыходжу на службу. — А чаму ў КДБ толькі габрэям дазваляюць весці гаспадарчыя справы? — Такі сама падумай. Хто даверыць гою якоекольвечы пытанне па эканамічнай частцы? Любы гой вырашыць яго за дзесяць хвілін. Іншая рэч я. Я прыйду на склад, там антысеміт на юдафобе. Трэба пашукаць нашых. Шукаеш-шукаеш, а дзе ты нашага знойдзеш на авашчабазе? Так і ў КДБ. Адказу Кася з Таняй не зразумелі, але вырашылі перайсці да сваёй прапановы і хутка выклалі яе маёру Галандскаму. — Вы прыдумалі х-рню, — сказаў габрэй. — Я такога трызнення даўно не чуў. Толькі, помню, штосьці падобнае было ў маім дзяцінстве, калі цётка Сіма прыдумала гандляваць кавунамі. Яна паехала ў Душанбэ, — Галандскі зрабіў паўзу, каб даць слухачам магчымасць выкрыкнуць, штосьці кшталту «Што за дурасць!», але яны прамаўчалі. — Яна ўзяла квіток на цягнік і паехала ў Душанбэ. Там знайшла аднаго нашага, і яны паехалі ў далёкі кішлак, каб узяць кавуноў, але па дарозе машына зламалася. Я не ведаю, што там быў за наш, але ён палез у капот і стаў перабіраць рухавік. — Гэта ўсё вельмі пазнавальна, але ў нашай справе што не так? — перабіла яго Кася. — Дзяўчынка, цябе што не вучылі, што старэйшых перабіваць нельга? Калі маёр Галандскі кажа штосьці мудрае, ты мусіш сядзець і слухаць, бо я кажу ад імя ўсяго габрэйскага народа і крыху ад прыгнечанага народа Палестыны. Ты не дасі веры, але той наш адрамантаваў рухавік і яны даехалі. У кішлаку іх адразу скруцілі і пасадзілі ў склеп. Таджыкі далі тэлеграму майму дзеду, што адпусцяць цётку Сіму і таго нашага за тры месцы ў чарзе па «масквічы». «Тры месцы ў чарзе?» закрычаў мой дзед і адразу патэлефанаваў кіраўніку абкама КПСС у Душанбэ. Кіраўнік абкама КПСС выклікаў да сябе старшыню камсамола Душанбэ. Кіраўнік камсамола ўзяў камсамольцаў з транспарантамі, і яны паехалі ў кішлак. Там адразу арганізавалі камуністычны суботнік, хоць была серада і час збору бавоўны. На суботніку галоўны камсамолец набіў пысу аднаму таджыку, і той хутка выпусціў цётку Сіму і нашага. Тады цётка Сіма купіла ў тым кішлаку дзве тоны кавуноў, і яны паехалі ў Менск. Але па дарозе машына зноў зламалася, а наш сказаў, што ён-такі габрэй і другі раз рамантаваць не будзе. I што вы думаеце, цётка Сіма сама палезла ў капот і направіла рухавік. Прыехалі яны ў Менск і пайшлі на калгасны KipMam. Але трэба было ўзяць даведку, што ты калгаснік. А хто можа даць цётцы Сіме такую даведку, калі яна нават не ведае, як выглядае рыдлёўка? Толькі прадсядацель калгаса. Туды-сюды, знайшлі аднаго прадсядацеля з нашых, стрыечны брат цёткі Сімы, у яго яшчэ калгас такі быў — адзін пакой, стос паперак і пячатка. Па паказчыках — першы ў рэспубліцы, калгас-мільянер.