Над мяжою збіраліся хмары, капітан памежнай службы Вольга Мікалаеўна Непушчай фарбавала вусны. Як скончыла яна з гэтым заняткам, то паглядзела на ўвесь свой стан праз люстра, паправіла на грудзях ордэн Францішка Скарыны трэцяй ступені, дубовыя лісты на каўняры і пайшла правяраць дакументы. На выхадзе са службовага памяшкання яе спыніў старэйшы змены: — Як ты мяне затрахала, Волечка! — сказаў ён. — Каб праз тры хвіліны была на працоўным месцы без ордэна і не ў гэтай форме афіцэра СС! Цяпер, спадарове, вы разумееце, што праскочыць мяжу без якой-небудзь прыгоды ў Хоміча і A. I. Бацкеля практычна не было шанцаў, бо памежніца расплакалася, настрой у яе сапсаваўся і яна ўзгадала, што вядзьмарка, бо да памежнай службы працавала ў сэксе па тэлефоне і прываражыла чортавы тузін мужыкоў, якіх яна ніколі не бачыла і, дасць бог, ніколі не пабачыць. Мама ў Волечкі вядзьмаркай не была, а проста жыла сабе ў Мастах і рабіла там у сталоўцы. А вось бабуля вядзьмаркай была, бо ў яе адно вока было сінім, а другое — касым. Экспазіцыю вы зразумелі, то пераходзім да драматычнай часткі прыгод. Капітан памежнай службы выйшла на ганак як была — з заплаканымі вачыма і злой усмешкай на вуснах. Але тут здарыўся другі за дзень знак з неба: Волечка сустрэлася позіркам з Цімурам Хомічам, які акурат паліў ля буса. — Паленне строга забаронена! — закрычала памежніца. — Зараз аформлю спагнанне на спадара, на бус і на ўвесь груз! — і яна палезла па афіцыйны бланк, каб упісаць у яго ўсялякія падрабязнасці кшталту прозвішча, дзяржаўнага нумара і вагі сандалавага паркету, бо сваім напрацаваным вокам памежніка яна бачыла не толькі праз тонкі метал бартоў, але і самую сутнасць бізнес-схемы Хоміча. Але тут, на дзясятую долю секунды ці, можа, і хутчэй — можа быць, на той кароткі момант, які патрэбны быў кванту святла, каб даляцець з пашпарта Цімура да вока капітаншы (часу на перадачу сігнала ў мозг не спатрэбілася, бо памежнікі прымаюць рашэнне нават не карыстаючыся магчымасцямі цэнтральнай нервовай сістэмы) — на гэты кароткі час капітана зацікавіла прозвішча Цімура. Прайшло не больш чым адна дваццаць пятая секунды, калі Волечка вырашыла, што хоча сабе такое ж. Яна спыніла руку, якая лезла па бланк, і аблізала зубы, не размыкаючы вуснаў — так робяць удавы, калі хочуць з’есці трусіка, хаця ва ўдава зубы толькі два, а ў Волечкі было трыццаць тры — і ўсе свае, толькі адна невялічкая пломба! Хоміча намеціў сабе на вячэру сур’ёзны драпежнік — самка чалавека. Далей Вольга Мікалаеўна ўсё рабіла нетаропка, бо яна заўсёды ўсё так рабіла — хіба вы самі ў тых памежных чэргах не стаялі! Што я вам яшчэ мушу тлумачыць — рэалізм, як ён, бляха, ёсць! Пакуль яна падыходзіла да Цімура, ён спаліў яшчэ дзве цыгарэты і перамог A. I. Бацкеля ў нацыянальнасці, успомніўшы кітайцаў і іх кароткія прычындалы. — Паслухайце, грамадзянін Рэспублікі Беларусь Хоміч Цімур Алегавіч! Цяпер у вас адсюль ёсць два шляхі: або са мной у ЗАГС пасля ночы палкага кахання, або на асабісты агляд да маёра Кавалёва Алега Кірылавіча. — Хто старэйшы змены!? — голасна закрычаў Хоміч, які ведаў гэтых памежнікаў з іх шлагбаумамі. Узняўся страшны вэрхал, старэйшы змены адправіў Волечку ў падсобку пад арышт, бо, хаця ён і загадаў зняць мундзір афіцэра СС, каманды надзець кактэйльную сукенку ён не даваў. Бус, на якім ехалі Цімур Хоміч і A. I. Бацкель, ён скіраваў у адстойнік для разбіральніцтва, ці яго не ўгналі ў Малапольскім ваяводстве тры гады таму. Самі, спадарове, бачыце, што іншага выйсця ў Хоміча не было, і ён прыняў адзінае вернае рашэнне — прайсці пашпартны кантроль, бус кінуць, паркет узваліць на каркі і звальваць ад пункта пропуску куды падалей. Спачатку Хоміч закінуў A. I. Бацкелю на карак палову паркету, а пасля маёр Кавалёў Алег Кірылавіч закінуў рэшткі на карак Хомічу, бо вельмі быў той службовец хцівы да бясплатных відовішчаў. Калі сябры выйшлі на беларускую зямлю, то на небе запальваліся першыя зоры — гэтыя скандалы з памежнікамі сабе даражэй і ім даражэй, і нікому яшчэ танней не выходзілі, а ў выпадку з маімі героямі аказалася, што гэта яшчэ і фізічна цяжка, адно што ратавала — ішлі па роднай зямельцы, якая нібы спружыніла пад нагамі і шаптала: «Нясіце, нясіце, нясіце сандалавы паркет на Жданы, там і адпачнеце». Ці трэба казаць, што ў Хоміча і A. I. Бацкеля на тварах, руках, нагах, спінах і нават жыватах напяліся жылы, а пот цёк так, што які чалавек, схільны да параноі, мог бы падумаць, што хутка з іх разам з потам выцячэ сама іх сутнасць. Але баязліўцы не ездзяць праз мяжу ў Горадні, яны на Беняконі кіруюць. Але ішлі нашы героі і неслі па трыста дваццаць пяць кілаграм сандалавага паркету кожны і яшчэ па адным пачку вязавага паркету. Вось яны ўжо і горад за спінамі пакінулі, і крыху адышлі ад аб’язной, але іх бяда была ў тым, што яны і думаць забылі пра капітана памежнай службы Вольгу Мікалаеўну Непушчай, якая, як вы, спадарове, помніце, была вядзьмаркай. Калі старэйшы змены пасадзіў яе ў падсобку, то яна не зарумзала, не здалася, не адчаялася, а перайшла да актыўнай падрыхтоўкі помсты, бо хаця яе і падаюць халоднай, але сам працэс падрыхтоўкі патрабуе высокай тэмпературы. Волечка расклала Таро. Паводле раскладу выходзіла, што час кідаць дурную справу і назаўсёды забыць пра новае прозвішча. Але дзяўчына была з упартых і пачала ліць воск у ваду, зазіраць у калідор з люстраў, варажыць на кішках голуба, якога прынадзіла хлебнымі крошкамі, круціць спірытычны круг. Зоры былі перакананыя і давалі адназначны адказ: забудзь ты, дурніца, пра Хоміча, у цябе сімпатычны кіраўнік змены пад бокам, а што ён жанаты, дык ты яго адаб’еш, вунь у іх дзяцей няма, а ты скажы, што народзіш. Мы табе, мы ўсе — і Сірыус, і Вялікі Воз, і Малы Воз, і Валасы Веранікі мы табе кажам, адчапіся ты ад Хоміча. Але Волечцы калі штосьці супраць кажуць, то яна толькі пераконваецца, што трэба рабіць, і чым хутчэй, тым лепш. Шпількай, якой звычайныя жанчыны фіксуюць валасы, а памежныя службоўцы — форменную фрызуру, Волечка ўскрыла замок кладоўкі, прайшла калідорам, зайшла ў кабінет адпачынку, адсунула кулер ад сцяны і націснула вялікую чырвоную кнопку. Нічога не адбылося, але так і мусіла быць. Толькі ў танных нямецкіх порнафільмах пасля таго, як гераіня націскае на чырвоную кнопку, у яе здараецца аргазм. У крыху лепшых самы цымус толькі пачынаецца. Так і на беларускай мяжы. Счакаўшы трыццаць секунд, Волечка яшчэ адзін раз націснула на кнопку, пасля яшчэ два разы, пасля зноў адзін — выстукала складаную камбінацыю — і ў падлозе пакоя адпачынку адкрыўся квадратны люк. Вольга Мікалаеўна пачала спускацца па бетонных сходах, асветленых фіялетавым святлом. Памежніца прайшла глухім калідорам метраў з трыццаць і ўперлася ў жалезныя дзверы. Да аднаго з датчыкаў яна прыклала далонь, да другога — вока, у трэці нешта сказала. Дзверы расчыніліся. Дзяўчына прайшла ў наступны пакой. Памяшканне было цалкам белае і добра асветленае. У цэнтры стаяў фатэль з чорнай скуры. Мікалаеўна трыма крокамі падышла і рашуча села. Са сцяны проста перад ёй палілося зялёнае святло, і Волечка ва ўсіх падрабязнасцях пачала ўяўляць сабе твар і ўвогуле постаць Цімура Хоміча. — Слухай, Хоміч! — сказаў у гэты самы момант A. I. Бацкель, які нічога яшчэ не ведаў пра актываваную сакрэтную беларускую зброю. — Мы з табой асілкі і паўбагі, я дык дакладна, але скажы мне, калі мы ўжо спынімся хаця б папаліць, а то я гэты паркет трымаю, не магу цыгарэты з кішэні выцягнуць. Хоміч падумаў, што калі ўжо па яго наводцы прасталытка навучыла A. I. Бацкеля піць, курыць і матацца па паркет у Польшчу, то можна да чалавека прыслухацца і зрабіць прывал, пагатоў яны ўзялі ў дзюціку гарэлкі — строга згодна з нормай, а цыгарэт крыху і больш, а праз усю гэтую сітуацыю з Волечкай спагнаць з іх мыту за паркет памежнікі забыліся. — Звальвай, — сказаў Хоміч. Праз пяць хвілін яны склалі сандалавы паркет у зручныя лавы, вязавы ламінат пакрышылі пальцамі, падпалілі яго, зрабіўшы вогнішча, і пачалі злоўжываць алкаголем, замест закускі чытаючы адзін аднаму хоку без апошняга слова. — Слухай, Хоміч! — сказаў праз паўгадзіны A. I. Бацкель. — Мы калі ішлі праз палі і лясы строга па азімуце на Менск, і тое зямля не гула. Яно, натуральна, у вогнішчы трэскі патрэскваюць і слава пра нас ідзе паперадзе нас, але скажы мне, што гэта за страшны гул? Бо з досведу дачыненняў з табой я так бачу, што ён не можа нас не датычыць, абавязкова гэта або па нас, або па нашы душы, або аўтарскі прыём Рыжкова, які расказвае гісторыю ў паэме Адамовіча. — Праўда твая, A. I. Бацкелю! Страшны гул ідзе, але, як і ты, я не маю аніводнай ідэі, што б гэта магло быць, а, як кажуць людзі, якія прыкідваюцца мудрымі, пра рэчы, якія ад цябе не залежаць, не варта і хвалявацца — такія во яны ўжо дзе разумныя, а калі кошты на тытунь і алкаголь урад задзірае, мне таксама не хвалявацца, ці што? Я ж не робат, а асілак і паўбог! Мне адной гарэлкі трэба тры літры, каб толькі закусіць захацелася, я ўжо пра тытунь маўчу, колькі мне яго трэба і як цяпер мала ў казіно плацяць, што мне — марксісту-ленінцу — давялося ўвязацца ў дробнабуржуазны таваразварот! — Цімуру, рабіць нічога не будзем? А то я чую, што гул нарастае і ўжо праз паркет сандалавы вібрацыі ад зямлі ідуць і ў срацы казычуць. — А што ты, A. I. Бацкелю, зробіш? Хіба ўстань, каб у срацы не казытала, калі табе не падабаецца, мне нічога, нармальна. — Сябруча, ты, можа, зусім бясстрашны, але гул спыніўся, а ў цябе за спінай над лесам больш зораў не бачна, яшчэ там палаюць два агромністыя чырвоныя вокі і штосьці чорнае варыцца ў паветры, нібы пара валіць ад подыху гіганцкага цмока. Нічога з гэтым рабіць не будзем? — А што ты, A. I. Бацкелю, прапануеш? Паводле твайго апісання, так бачу, што стаіць над лесам гіган- цкі зубр, на нас глядзіць і дыхае ў халодным начным паветры гарачай віхурай з пахам свежай травы і воднай дысперсіяй. Што ты прапануеш з гэтым зрабіць? Гусоўскага яму пачытаць, ці што? — А што, можа, неблагая ідэя! Іншых у нас усё адно няма! — сказаў A. I. Бацкель, які пачаў нервавацца ад перспектывы быць растаптаным гіганцкім зубрам з нясвежым подыхам.