Дык гуляе брат Нарэка ў «дэндзі», як прайграе, то або брату, або мне ў вуха дасць, але так — без злобы, у чвэрць сілы, і дадасць штосьці па-армянску, нібыта ён сцаў на магілы нашых мацярок. Можна падумаць, мая мама па-іхняму разумее. Мы не крыўдзіліся, такая ўжо ў дзевяностых была завядзёнка: атрымліваць ад чорных і гуляць у «дэндзі», уяўляючы, што пульт кіравання ў цябе ў руках, а не ў нейкага абмудка, якога з аўтаслесарнай вучэльні выгналі за амаралку. Але мне тым разам не да яго зусім было, я нене дый паглядаў у дзвярны прахон у суседні пакой, дзе сястра Нарэка з рудой дзеўкаю абмяркоўвалі хлопцаў. Нарэк мне тады і кажа: — Што? — і руку мне на плячо кладзе. — Прыўстаў струк? — Ты пра сястру сваю? перапытваю. — Так, ёсць крыху. Тут Нарэк мне ўваліў, мы па падлозе паваляліся, то нам брат яго нагамі натоўк і мы прыціхлі ля канапы. Але я не здаўся і ўсё адно на яе не-не, а вока кіну. — Віталь, ты калі на Таньку глядзіш, дык у яе хлопец на рынку грузчыкам працуе, ён табе рукі завяжа ў гордзіеў вузел, а пасля ў «траўме» табе іх рассякуць — і тое калі ты туды даедзеш, я б не пайшоў у заклад, што давязуць цябе. Лепш ты ў хадж схадзі — калі расціснуць каля каабы, прынамсі, у рай да гурый трапіш. — Адчапіся, — кажу. I зрабіў выгляд, што чытаю газету «Сакрэтныя матэрыялы». Але пакуль рабіў выгляд, так і чытаць стаў, там пісалі пра ўнікальную беларускую пачвару — зебрападобнага кракена, які яшчэ ў шаснаццатым стагоддзі жыў на Менскім узвышшы, дакладней, выпаўзаў туды зімою, а летам грэўся ў палескіх балотах. Пра яго яшчэ Леў Сапега пісаў у Статуце Вялікага Княства Літоўскага, што кракен — жывёла чырвонакніжная і паляванне на яго строга забаронена, прынамсі, без адмысловага каралеўскага прывілею, зацверджанага на сойме. Кракен гэты быў мала таго што драпежны, яшчэ і тэлепат, ён мог падпаўзці да вёскі, унушыць людзям, што ў лагчыне пачалі малако раздаваць па талонах, людзі беглі, а ён іх хапаў тэнтаклямі, душыў і жэр. Галоўнае, людзі да апошняга не маглі зразумець, што гэта за талоны і чаму іх трэба атаварваць строга з панядзелка па пятніцу ў працоўны час з тэхнічным перапынкам, але ішлі хто з вядром, хто з гладышом, а хто і з бочкай на брычцы ехаў. Так пасля і вызначалі, што кракен паляваў — па вёдрах і колах з бочкамі. Але нарваўся той кракен на аднаго ветэрана Шведскай вайны з боку Карла XII. Там было так, што той Густаў прыжаніўся да адной дачкі млынара і жыў сабе, але тут да іх вёскі падабраўся гэты кальмар. Унушыў усім, што трэба па малако, людзі пацягнуліся. А Густаву гэта дзіка было: што за талоны? У іх у Швецыі тады быў капіта- лізм з чалавечым тварам, без намёку на сацыяльнае забеспячэнне, то ён змікіціў, што нячыста тут, нібы ў прыбіральні кавярні не рабілі вільготную прыборку, а проста распісваліся на паперцы, што зрабілі. А можа, і не так ён падумаў, а наадварот, хацеў малака без талонаў атаварыць па-за чаргой як ветэран і кавалер ордэнаў, то ўзяў з сабой дубальтоўку і шаблю. Прыйшоў, глядзіць — кракен ягонага цесця даядае. Стрэліў Густаў у кракена. Забіць не забіў, але відзежа знікла, людзі давай таго малюска вёдрамі біць, а швед — шчупальцы шабляй секчы. Збегалі па вілы, па святара — забілі таго малюска, але не без стратаў: Густаву, напрыклад, дупу віламі пракалолі. Але баявыя раны баявымі ранамі, а жэрці хочацца тры разы на дзень і ўсё жыцце. Пачалі вяскоўцы кракена разбіраць на часткі — думалі, малака не папілі, то хаця б насмажым кольцаў. Пакуль яны гэтага кракена квасілі, не раўнуючы капусту, прыехала камісія са сталіцы. А ў нас камісіі як працуюць? Спачатку зжэрлі ўсё, што ад таго кракена засталося, з ракавіны яго напілілі караляў і абкладак на нажы, а пасля ўжо разбірацца пачалі. Зірнулі ў Статут Вялікага Княства Літоўскага, а там чорным па белым. Чвартавалі таго Густава, а хату яго спалілі. Усё адно і цесця, і жонку шведа з’еў той кракен, дык, каб у той хаце чорт не пасяліўся, вырашылі пытанне радыкальна. А як вы хацелі? Толькі-толькі Сярэднявечча скончылася. Людзі былі схільныя да экзатычных поглядаў на жыццё. Пакуль я гэта чытаў, гляджу, сястра з Танькай міма нас — і ў вітальню. Я тады кажу Нарэку: «Ладна, я ўспомніў, мне мама сказала смятаны ку- піць, бітончык са мной, але грошы дома засталіся. Давай, заўтра пабачымся, дуа зробім». — Ага, — кажа сябар мой. — Давай. Толькі помні, што жанчына — падступнае стварэнне, у заклад іду, брат, у заклад іду, сама цябе здасць свайму грузчыку. Паглядзім, братку, паглядзім, — і пабег за імі. Сачыў іх, сачыў, а яны разам — у бок авашчной крамы. «Во, — думаю, — мо і меў рацыю Нарэк, можа, сапраўды не варта за ёй цягацца?» Але зайшлі яны ў краму, чагосьці там пакруціліся і зноў кудысьці пайшлі без аніякага грузчыка. Я за імі. Хадзілі-хадзілі, прыйшлі на Дняпро. Тут, як на тое ліха, цёмна зрабілася, не як ноччу, а так, прыцемкі. Верыце вы або не, але згубіў я іх: гляджу — не бачу. Што рабіць? Бегаў-бегаў. «Вось, — думаю, пазнаёміўся з дзеўкай». Ды ўсё б нічога, але развярнуўся я ўжо і дахаты пайшоў, як раз — злева трое, справа — чацвёра і за спінаю адзін. «Во, — думаю, — пачытаў пра кракена, лепш бы ў “дэндзі” гуляў. Яны яшчэ і фанаты “Дняпро-Трансмаша”, а той на апошнім месцы ў трэцяй лізе, ніводнай перамогі за сезон». Добра так мяне адмудохалі, нібыта агеты КДБ або грузчыкі з авашчняка: нос разбілі, пад сраку нагой далі і сказалі больш там не хадзіць. Пасунуўся я дадому і думаю: «Лепш бы дачытаў гісторыю пра кракена, чаму яго не зрабілі эмблемай “Дняпро-Трансмаша” і чаму гэтыя прыдуркі сабе на герб узялі шаблю Густава». А тут яшчэ, як на злосць, мне насустрач Нарэкава сястра і Танька. — Ну, што, — кажуць. — Атрымаў п-зды? I смяюцца. Віталь пракашляўся, гісторыя скончылася, хаця ніякай маралі ў ёй не было, дый ніхто яго і не слухаў, я ж змог яе пераказаць толькі таму, што ў гэтым тэксце, як я пісаў напачатку, я — і сяржант вучэбкі, і прадавачка ў начніку, і нават крыху Цімурка што хачу, тое і ведаю, тое і выдаю за праўду. Рэпер ўстаў, нібы адна дэталь ад ікееўскага ложка ў іншую — лёгка і адным рухам, сказаў, што яму трэба ў прыбіральню, але кудысьці ў паветра, так што на яго ніхто не звярнуў увагі, але сам выйшаў з клуба на пляж. Ён зняў боты і пайшоў уздоўж ракі. Узяў піва ў іншым бары і лёг у шэзлонг. Выпіў паўлітра горкага напою, яго чамусьці вельмі моцна забрала. Мы сядзелі на тэрасе рэстарана з мішленаўскай зорачкай. Богдан Задура еў марозіва. Было горача, шарыкі ў талерцы расцякліся адразу, як страву прынеслі тры афіцыянты. Мужчыны былі такія важныя, што здавалася, адзін з іх вось-вось скажа другому: «Мір вам». Я піў каву і абціраў сурвэткай пот з твару, каб салёная вадкасць не накапала ў высокую шклянку. Мастацкі кіраўнік не глядзеў мне ў вочы і сумна расказваў пра свайго сябра, які не перажыў гэтага лета, гэтай гарачыні, гэтага сораму. — Я дачытаў, нарэшце перайшоў ён да справы, але больш нічога не дадаў, што само па сабе было красамоўна. Богдан пакруціў лыжку ў руках. Яго пальцы калаціла, я супакойваў сябе тым, што гэта ўсяго толькі старасць. Андрэй, ты прабач мне, але гэта слаба, надта слаба. Я памятаю, сваю першую аповесць (я праз яе з факультэта ледзьве не вылецеў) тры месяцы пісаў, на заняткі не хадзіў. He атрымаеш ты Гедройца, нават лонг-ліст пад пытаннем. — Скажу, трапіў пад уплыў польскай культуры. У вас нічога да канца не даводзяць, яшчэ з часоў Халакосту, — паспрабаваў я пажартаваць. — Як там, нагадай, жэбы жыце мяла смачэк? — Раз дзеўчынка, раз хлапачэк, — аўтаматычна працягнуў я. — Бачыш, Андрэю, чаму ты навучыўся ў Польшчы. Каб пра гэта даведаліся ў Міністэрстве культуры, баюся, яны б скасавалі стыпэндыяльную праграму, — Богдан выцягнуў футарал з акулярамі і невядома навошта надзеў іх — можа, каб лепш разгледзець мае бессаромныя вочы. — Добра, ён з’еў дзве лыжкі брыдкай сумесі, у якую ператварылася марозіва, і памаўчаў. — He атрымалася. Бывае, але скажы мне адно: навошта Капейкін шукаў Хоміча? Сам разумееш? Я развёў рукамі: разумею, але, ведаеш, Богдане, тлумачэнне жарту не робіць яго смешным. Ён уздыхнуў. Задура выцягнуў з кішэні тэлефон і сфатаграфаў мяне. На імгненне я адчуў нешта дзіўнае, нібыта мы развітваемся назаўсёды, а гэтыя здымкі — занадта нетрывалая памяць пра нашы сустрэчы. Яны знікнуць, вельмі хутка знікнуць, калі тэлефон зламаецца, ці ты яго згубіш, ці забудзеш, як ім карыстацца. Я таксама выцягнуў мабільнік і сфатаграфаваў Богдана, нібыта мае здымкі больш трывалыя, чым яго. Мы паглядзелі адзін на аднаго, мастацкі кіраўнік, здавалася, больш не злуецца. He я першы, хто не зрабіў таго, што ён хацеў. — Спадзяюся, мы яшчэ пабачымся. Вельмі спадзяюся, — сказаў Богдан. — Тое, што ты даслаў, гэта ўсё, канец? — Засталася яшчэ адна гісторыя пра Хоміча, — адказаў я. — Хай яе, як і іншыя гісторыі пра Цімура, раскажа мой сябар па дарозе дадому. Бо навошта патрэбна дарога, калі яна не вядзе дадому? А пасля я чытаў кнігу вершаў майго мастацкага кіраўніка Богдана Кшыштафа Задуры — «Ро szkodzie» — і ў адным з тэкстаў ён звяртаўся да чытачоў, да мяне, да вас, якія ніколі не прачытаюць яго радкі, называў усіх нас разам і ўсіх нас паасобку словам «robaczki» — «чарвячкі». Мне так спадабаўся гэты зварот, гэтая найвышэйшая ступень непавагі да чытачоў. Але я вырашыў спраўдзіць у Богдана, і не выявілася, што не лічыць ён нас за ідыётаў, а толькі так звяртаецца крыху паблажліва, з візіі чалавека сямідзесяці васьмі гадоў, як той дзед з украінскага тэлебачання. Вось така х-йня, малята, вось така х-йня. Казаў я вам, з «ПіСам» горш будзе, а вы мне веры не давалі, то во распішыцеся тут, пад словамі. Мог бы і я так да вас звяртацца: чарвячкі, мілыя вы мае чарвячкі. Але, але кніжка скончана, было крыху інтрыгі, ды амаль ужо не засталося. Позна зневажаць, позна намякаць, позна трымаць паўзу. Усё сказана, усё пачута, sapienti sat. Але, напэўна, у тым сэнсе, у якім гэтае слова ўжываецца ў рускай літаратуры часоў распаду Расейскай імперыі, напэўна, мне хочацца дадаць некалькі старонак пра тое, што было далей. Над фіналам паэмы я доўга думаў. Думаў не ў тым сэнсе, што гуляў у парку і разглядаў аблокі з тварам для фотасесіі да інтэрв’ю пісьменніка ў «Сіцідогу». Я перабіраў варыянты: вывесці абсурд апавядання