Пітэр Пэн  Джэймс Мэцью Бары

Пітэр Пэн

Джэймс Мэцью Бары
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 192с.
Мінск 2017
60.69 МБ
Мінск Кнігазбор 2017
УДК 821.111-93
ББК 84(4Вел)-44
Б24
Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”.
Падсерыя “Каляровы ровар”. Заснаваная ў 2013 годзе. Выпуск 20.
Бібліятэка часопіса “ПрайдзіСвет” “PostSriptum”.
Пераклад з англійскай Улядзя Лянкевіча паводле выдання: Peter Pan and Wendy by Janies Matthew Barrie.
A Millennium Fulcrum Edition, 1991 by Duncan Research. Gutenberg eBook project, eBook #16, 2008. www.gutenberg.org.
Ілюстрацыі Кацярыны Дубовік
Бары, ДжМ.
Б24 Пітэр Пэн / Джэймс Мэцью Бары ; пер. з англ. Уладзь Лянкевіч ; маст. Кацярына Дубовік. — Мінск : Кнігазбор, 2017. — 192 с. : іл. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”. Падсерыя “Каляровы ровар” ; вып. 20. Бібліятэка часопіса “ПрайдзіСвет” “PostSriptum”).
ISBN 978-985-7180-55-4.
Вы трымаеце ў руках першы пераклад на беларускую мову самага знакамітага твора англійскага пісьменніка Джэймса Мэцью Бары пра заўсёднага хлопчыка Пітэра, пра чароўную краіну Неверляндыю, у якой ён жыве, пра тое, як туды трапілі Вэндзі, Джон і Майкл — дзеці з нашага свету, — і пра прыгоды, якія іх там напаткалі.
УДК 821.111-93 ББК 84(4Вел)-44
ISBN 978-985-7180-55-4	© Barrie J. М„ 1991, 2008
© Лянкевіч У., пераклад на беларускую мову, 2017
© Дубовік К., ілюстрацыі, 2017
© Выданне на беларускай мове, афармленне.
ПУП “Кнігазбор”, 2017
Усе дзеці растуць — усе, акрамя аднаго. Яны рана пачынаюць разумець, што калісьці ўсё-ткі вырастуць. 3 Вэндзі гэта здарылася так. Аднойчы, калі ёй было два гады, яна бавілася ў садзе, збіраючы кветкі. Нарвала цэлы букет і пабегла да мамы. У той момант дзяўчынка, напэўна, выглядала вельмі-вельмі міла, бо місіс Дарлінг ахнула ад захаплення і ледзьве не заплакала: “Ну чаму ты не можаш застацца такой назаўсёды!” I больш нічога не сказала. Але з таго часу Вэндзі ведала: ёй наканавана вырасці. Калі табе ажно два гады, сорам такога не ведаць. Два гады — гэта пачатак канца.
Адным словам, яны жылі ў доме нумар 14, і пакуль не з’явілася Вэндзі, усё круцілася вакол маці. Яна была прыгожай і рамантычнай жанчынай з чароўнай усмешкай. Яе рамантычны розум нагадваў усходнія куфэрачкі, адзін з якіх хаваецца ў наступным: колькі ні адкрывай, унутры ёсць яшчэ. А на яе чароўных насмешлівых вуснах жыў пацалунак, як Вэндзі ніколі не дастанецца, хоць вось жа ён, добра бачны ў правым кутку ўсмешкі.
А як яе дабіўся містар Дарлінг — гэта асобная гісторыя. Многія джэнтэльмены, якія былі хлопчыкамі ў той час, як яна была дзяўчынкай, раптам у той жа самы дзень зразумелі, што кахаюць яе, і ўсім кагалам пабеглі да яе дома, каб у гэтым прызнацца. Пабеглі ўсе, апрача містара Дарлінга, які злавіў экіпаж і дабраўся першым. Вось так ён яе і заваяваў, толькі да самага глыбокага куфэрачка і таго пацалунку дабрацца не здолеў. Зрэшты, ён пра апошні куфэрак ніколі і не ведаў, а што да пацалунку... містар Дарлінг проста стаміўся яго шукаць. Вэндзі здавалася, што здабыць яго можа хіба што Напалеон, але я так і бачу, як ён пнецца, стараецца, а потым, раззлаваны, сыходзіць, ляпнуўшы дзвярыма.
8
Містар Дарлінг часта выхваляўся перад Вэндзі, што яе маці не толькі кахае яго, але яшчэ і паважае. Ён быў з тых сур’ёзных людзей, якія ведаюць усё пра акцыі і аблігацыі. Насамрэч усё пра іх не ведае ніхто, але ён лічыў, што ён — ведае, і часта казаў: “Акцыі выраслі, аблігацыі ўпалі”, — і казаў гэта неяк так, што любая кінецца паважаць.
Місіс Дарлінг выходзіла замуж яшчэ зусім дзяўчынай. Спачатку яна з радасцю, ледзь не з захапленнем займалася хатняй бухгалтэрыяй, быццам у гульні гулялася, але аднойчы не ўлічыла брусэльскую капусту, потым і квяцістая пачала прападаць — а замест гэтага з’явіліся малюнкі безыменных дзетак. Яна крэмзала лічбы, а марыла пра дзяцей.
Першай нарадзілася Вэндзі, затым Джон, а пасля Майкл.
Праз пару тыдняў пасля нараджэння Вэндзі было няясна, ці змогуць яны пракарміць яшчэ адзін рот. Місіс Дарлінг страіпэнна ганарылася дачкой, але яе муж быў чалавек прамы: ён сеў на край жончынага ложка, узяў яе за руку і пачаў лічыць выдаткі. Яна ўмольна глядзела на яго, маўляў, рызыкнем, паспрабуем, што атрымаецца, але гэта было не ў ягонай натуры. У ягонай натуры — кавалак паперы ды аловак, а калі яна збівала яго сваімі заўвагамі і прапановамі, ён пачынаў зноў і зноў.
— Зараз не перашкаджай, — прасіў ён. — Так, тут у мяне фунт сямнаццаць, плюс два шэсцьдзесят на працы, ну, магу зэканоміць на каве, гэта, дапусцім, дзесяць шылінгаў, значыць, два... дзевяць... шэсць... плюс твае васямнаццаць... трыццаць... выходзіць... тры... дзевяць... сем... плюс пяць на асабістым рахунку, значыць, восем... дзевяць... сем... коска і, калі ласка, сем, дарагая, памаўчы, і яшчэ фунт ты пазычыла суседу, дзіця, не плач, коска, ага, я казаў дзевяць-дзевяць-сем? Так, я казаў дзевяць-дзевяць-сем, пытанне ў тым, ці зможам мы пражыць у год на дзевяцьсот дзевяноста сем.
— Канечне, зможам, Джордж, — упрошвала яна. Місіс Дарлінг прагнула пакінуць Вэндзі, але ў яго быў цвярдзейшы нораў.
— А як жа свінка? — папярэджваў ён так, быццам хвароба ўжо вісела ў паветры, і працягваў: — Свінка — адзін фунт, гэта я цяпер так думаю, але, магчыма, і больш — на трыццаць, ска-
жам, шылінгаў, памаўчы, адзёр — паўтара, краснуха — паўгінеі, выходзіць два... пятнаццаць... шэсць... не стукай пальцам, коклюш, скажам, пятнаццаць шылінгаў, — далей працягваў ён. Кожны раз выходзіла па-рознаму, але Вэндзі пашанцавала: на свінку пайшло дванаццаць і шэсць, а краснуха і адзёр лячыліся разам, адным коштам.
Тая самая небяспека чакала іх і пасля нараджэння Джона, а ў Майкла ўвогуле амаль не было шанцаў, аднак іх абодвух пакінулі. Неўзабаве можна было ўбачыць, як яны ўтраіх, пад пільным вокам нянькі, ідуць у садок міс Фулсам.
Місіс Дарлінг любіла, каб усё было як трэба, а містар Дарлінг — каб усё было як у суседзяў, таму яны, безумоўна, узялі няньку. Аднак яны былі небагатыя, бо даводзілася купляць шмат малака для малых, — і таму за няньку яны выбралі строгага ньюфаўндлэнда з мянушкай Нэна. Дагэтуль Нэна была нічыйнай, але заўсёды ведала, што дзеці — гэта вам не проста так. Дарлінгі пазнаёміліся з ёй у Кенсігнтанскім садзе, дзе Нэна бавіла вольны час, назіраючы за дзецьмі ў вазках. За гэта яе не любілі нядбайныя нянькі: яна праводзіла іх дадому і магла паскардзіцца на іх гаспадыням. О, яна была цуд, а не нянька! Вы б бачылі яе падчас купання малых, а ўначы яна прачыналася ў той жа момант, калі нехта з яе выхаванцаў выдаваў першы ўсхліп. Натуральна, яе будка стаяла ў дзіцячым пакоі. Яшчэ ў яе быў талент вызначаць, калі дзіця кашляе проста так і лячыць яго не трэба, а калі варта закруціць горла старой шкарпэткай. Яна заўсёды верыла ў народную медыцыну, кшталту ўсіх гэтых лістоў рэвеню, і з пагардай рыкала, калі чула навамодныя размовы пра мікробаў і ўсё такое. Ацаніць ейнае выхаваўчае майстэрства можна, падгледзеўшы, як яна вядзе дзяцей у школу: вось яна чынна крочыць побач — значыць, тыя добра сябе паводзяць, а вось яна адно за адным вяртае іх у строй — значыць, малыя сваволяць. Калі ў Джона быў футбол, яна ніколі не забывала прыхапіць швэдар, а на выпадак дажджу звычайна несла ў зубах парасон. У школе міс Фулсам, унізе, быў пакой, дзе нянькі чакалі выхаванцаў. Усе сядзелі на лавах, а Нэна — на падлозе, вось і ўся розніца. Іншыя нянькі рабілі выгляд, што яе няма, бо яна была ніжэйшая за іх па
9
10
ўсіх параметрах, а яна, у сваю чаргу, ігнаравала іх пустыя размовы. Нэна не любіла, калі сяброўкі місіс Дарлінг раптам заходзілі ў дзіцячы пакой, але калі такое здаралася, яна хуценька нацягвала на Майкла свежы фартушок, папраўляла прычоску Вэндзі і тут жа бралася за Джонавы кучары.
Лепшай нянькі і быць не магло, і містар Дарлінг выдатна гэта разумеў, хаця часам і пераймаўся, што скажуць суседзі. Ён дбаў пра рэпутацыю, бо ўсё ж меў пэўны статус у горадзе.
Нэна непакоіла містара Дарлінга яшчэ і таму, што часам яму падавалася, нібыта яна яго недалюблівае. “Ну што ты, яна ад цябе ў захапленні, Джордж”, — пераконвала яго місіс Дарлінг і падміргвала дзецям, каб тыя былі асабліва ласкавымі з бацькам. Тады пачыналіся слаўныя танцы — да іх зрэдчас дапускалі нават Лізу, адзіную служку ў доме. У доўгай спадніцы і каптуры, яна выглядала маленькай, быццам карузлік, хаця, калі яе наймалі, тая бажылася, што ёй болып за дзесяць гадоў. Гэта былі вар’яцкія танцы! I весялей за ўсіх скакала місіс Дарлінг, вырабляючы такія шалёныя піруэты, што быў бачны ўжо толькі той пацалунак — калі ў гэты момант з ёй сутыкнуцца, яго можна нават атрымаць. Гэта была самая шчаслівая сям’я на свеце, пакуль не з’явіўся Пітэр Пэн.
Місіс Дарлінг упершыню пачула пра Пітэра Пэна, калі наводзіла парадак у галовах дзяцей. Гэта такі вечаровы звычай усіх добрых мам: дзеці засынаюць, а мамы прыбіраюцца ў маленькіх галовах, раскладаючы па палічках тое, што за дзень абы-як паперакручвалася, каб на наступную раніцу ўсё ляжала на сваіх месцах. Калі б ты ўсю ноч не спаў (праўда, ты так не ўмееш), то ўбачыў бы, як гэта робіць твая мама — і табе напэўна спадабалася б: відовішча ўражвае. Гэта як наводзіць парадак у шуфлядах.
Бачыў бы ты яе — стаіць на каленках, з усмешкай дастае штосьці з тваёй галавы і думае, адкуль яно ўзялося, робіць прыемныя і не вельмі адкрыцці, прыціскае вынятае да шчакі, быццам нешта мяккае і пяшчотнае, як кацяня, і таропка прыбірае падалей з вачэй. Калі ты прачынаешся зранку, уся неслухмянасць і выбрыкі, з якімі ты клаўся спаць, змяшчаюцца на невялікай палічцы на самым дне тваёй галавы, а наверсе, праветраныя, як новенькія, ляжаць найлепшыя думкі, — і чакаюць, каб ты іх хутчэй прыдумаў.
He ведаю, ці бачыў ты калі-небудзь карту чалавечага розуму. Часам дактары робяць карты іншых частак твайго цела, і карта ўсяго цябе была б, напэўна, цікавай штукай. Але не так і проста намаляваць карту дзіцячага розуму, якому ўвесь час не сядзіцца: ён круціцца ва ўсе бакі, збіваецца сам і ўсіх вакол збівае з тропу. Ёсць там такія лініі зігзагам, што нагадваюць тэмпературу на медыцынскай карце, — магчыма, гэта дарогі на той самы востраў. Бо Неверляндыя — гэта часцей за ўсё востраў, стракаты, каляровы, з каралавымі рыфамі і быстраходным караблём на даляглядзе, дзікунамі і гномамі (збольшага — краўцамі), з адзінокімі зацішнымі логавішчамі і пячорамі, праз якія цякуць рэкі, прынцамі, у якіх ёсць шасцёра старэйшых братоў, з пахілай хаткай і маленькай бабулькай з гарбатым носам. Калі б толькі гэта, то такую карту скласці было б не дужа складана, але ж заставаліся яшчэ першы дзень у школе, паходы ў царкву, бацькі, круглая сажалка, шытво, забойствы, фіранкі, як чуецца, так і пішацца, дзень яблычнага пірага, фігурныя дужкі, сказаць “каТлета”, марозіва за тое, што сам вырваў сабе зуб, і яшчэ, і яшчэ — усё гэта ці то на тым жа востраве, ці то на карце, што прасвечваецца праз яго... Цяжка разабрацца, асабліва калі нічога не стаіць на месцы і лётае туды-сюды.