Пітэр Пэн  Джэймс Мэцью Бары

Пітэр Пэн

Джэймс Мэцью Бары
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 192с.
Мінск 2017
60.69 МБ
На наступны дзень Пітэр перш-наперш абмераў Вэндзі, Джона і Майкла для хадоў у дрэвах. Памятаеце, капітан Крук смяяўся з хлопчыкаў, што ў іх па ўваходзе на кожнага, але так ён выявіў уласнае невуцтва. Бо калі дрэва не падыходзіла табе па параметрах, то вельмі цяжка туды-сюды залазіць і вылазіць, а хлопчыкаў абсалютна аднолькавага памеру не было. Калі дрэва табе ў самы раз, то ты залазіш, глыбока ўдыхаеш і слізгаеш уніз з правільнай хуткасцю, а каб вылезці наверх, папераменна ўдыхаеш і выдыхаеш і гэтак крыху звіваешся ды выскокваеш на паверхню. Вядома, спрактыкаваны жыхар дома нават не задумваецца пра гэта, таму спускі ды пад’ёмы атрымліваюцца вельмі грацыёзна.
Так што перадусім ты мусіш адпавядаць памерам. I таму Пітэр абмерае цябе для дрэва так жа дбайна, як для гарнітуру ці сукенкі: толькі адзенне павінна пасаваць табе, а тут ты павінен пасаваць дрэву. Звычайна гэта робіцца вельмі проста: на цябе апранаюць усяго паболын, або наадварот, здымаюць лішнюю вопратку. Калі ж ты месцамі шыракаваты або калі дрэва зусім няправільна выгнутае, то Пітэр падпраўляў цябе самога. А калі ты адзін раз падышоў, самае галоўнае — зберагчы адпаведную фігуру і памер, і, як потым зазначала Вэндзі з асаблівым задавальненнем, гэта дазваляла трымаць у форме ўсю сям’ю.
Вэндзі і Майкл падышлі сваім дрэвам з першага разу, а Джона давялося крыху дапрацаваць.
Пасля некалькіх дзён трэніроўкі яны маглі весела слізгаць узад і ўперад, як тое вядро ў калодзеж. Яны вельмі палюбілі свой новы падземны дом, але Вэндзі была ў захапленні больш за астатніх. У доме быў адзін вялікі пакой (усім дамам нашага свету варта ўзяць гэта за ўзор) з падлогай, у якой можна было накапаць чарвякоў перад рыбалкай. На гэтай жа падлозе раслі крамяныя
грыбы чароўнага колеру — на іх сядзелі як на зэдліках. Па цэнтры пакоя з усіх сіл намагалася расці Нявер-дрэва, але шторанку камель падпілоўвалі ўровень з падлогай. Аднак надвячоркам, калі самы час піць гарбату, яно ўжо сягала двух футаў, і тады на яго зверху клалі дзверы — атрымліваўся стол, а пасля гарбаты прыбіраліся і зноў спілоўвалі тое, што нарасло, каб вызваліць месца для гульняў. Яшчэ ў пакоі быў вялізны агмень — яго можна было пераносіць і запальваць дзе пажадаеш, — над ім Вэндзі нацягвала вяроўкі сушыць бялізну. Удзень ложак адкідаўся да сцяны, а ў шэсць трыццаць вечара апускаўся і займаў амаль палову пакоя. Усе хлопчыкі, апрача Майкла, спалі на ім, як шпроты ў кансервах. Строга забаранялася паварочвацца камусьці аднаму, паварочваліся ўсе разам, і толькі па сігнале. Майкл мог бы да далучыцца да астатніх, аднак Вэндзі хацела мець немаўлятка, а ён быў найменшы, — ну, вы ж разумееце, як яно бывае, — карацей, для Майкла павесілі асобную калыску.
У доме ўсё было змайстравана проста і грубавата. Гурт медзведзянят у падземным берлагу ўладкавася б прыкладна гэтак жа. Але было там адно паглыбленне ў сцяне, не большае за клетку для птушкі — прыватныя пакоі Дзінь-Бом. Яны маглі адгароджвацца ад астатняга жытла шторкамі, якія Дзінь, як надзвычай далікатная персона, абавязкова завешвала, калі пераапраналася. Hi ў адной жанчыны, нават самай дарослай, не было такога выкшталцонага будуара, спалучанага са спальняй. Сафа — Дзінь называла яе менавіта так — у яе была арыгінальная “Чорная Панна” (вытанчаныя ножкі і ўсё такое), а пакрывала на сафе мянялася ў залежнасці ад ад таго, якія кветкі ў гэты час цвілі. Трэльяж — “Кот у ботах”. Са слоў фей-гандлярак, у такім дагледжаным стане засталося ўсяго тры штукі. Раскладны столік-ракавіна для мыцця — ‘Тлазурны бераг”, камода — “Красуня IV” і дыван ды кілімчыкі — раннія “Беласнежка і сем гномаў”, вачэй не адарваць. Пасярэдзіне вісела жырандоля ад “Жабкі-мушкі”, праўда, толькі для прыгажосці, бо Дзінь асвятляла пакоі сама сабой.
Фея з пагардай ставілася да рэшты падзямелля, і гэта не дзіўна — нават ейнае, безумоўна, пекнае жыллё выглядала даволі самазакахана, нібы з задраным угару носам.
81
Здаецца, новая роля захапляла Вэндзі, бо гэтыя падшыванцы давалі ёй шмат працы. Сапраўды, яна магла цэлы тыдзень не вылазіць з-пад зямлі, хіба што ўвечары з цыраваннем. Гатаванне, варта прызнацца, не адпускала яе ад каструліны, і нават калі там было пуста, нават калі самой каструліны не было, яна ўсё адно мусіла сачыць, каб нічога не збегла. Бо вы ніколі дакладна не ведаеце, сапраўдная ў вас будзе сёння ежа на стале ці ўяўная, — тут Пітэр задаваў тон. Здаралася, ён еў па-сапраўднаму, але толькі калі гэта было часткай гульні, бо ён не мог есці проста так, каб у жываце ляжала ежа — а звычайныя дзеці менавіта гэта любяць болып за ўсё (на другім месцы, дарэчы, размовы пра ежу). А неўзапраўду Пітэр еў настолькі рэальна, што, седзячы пры стале, можна было бачыць, як ён таўсцее на вачах. Гэта вельмі раздражняла, аднак усе мусілі рабіць, як ён, і толькі калі табе ўдавалася даказаць, што ты надта схуднеў для свайго дрэва, табе дазвалялася наесціся сапраўднай ежы.
Калі ўсе ішлі спаць, надыходзіў улюбёны час Вэндзі. Як яна казала, тады ў яе з’яўлялася вольная хвіліна для сябе, але яна ўсё адно рабіла нешта для хлопчыкаў — цыравала, шыла, ставіла лапікі на каленкі, бо мальцы зусім не дбалі пра іх. Калі яна бра82 лася за гольфы з лункамі ў пятках, то пляскала рукамі і наракала: “Аёй-аёй, цяпер я пачынаю зайздросціць старым дзевам!” Але на гэтых словах ейны твар расцвітаў.
А памятаеце пра Вэндзінага ваўка? Дык вось, ён хутка зразумеў, што яна цяпер на востраве, знайшоў яе, і яны доўга абдымаліся пры першай сустрэчы. Пасля воўк паўсюль хадзіў за ёю хвосцікам.
Час мінаў. Ці часта Вэндзі ўспамінала любімых бацькоў, якія засталіся недзе там, далёка? Складанае пытанне, бо амаль немагчыма растлумачыць, як выглядае час у Неверляндыі. Яго вымяралі ў сонцах і месяцах, але яны чаргаваліся нашмат часцей, чым у нашым свеце. Баюся, Вэндзі не вельмі перажывала за маму з татам. Яна была абсалютна перакананая, што бацькі заўсёды будуць трымаць акно адчыненым, каб яна магла прыляцець дамоў, так што галава ёй з гэтай нагоды не балела. Што яе часам непакоіла, дык гэта тое, што Джон досыць цьмяна памятаў
бацькоў, быццам аднойчы спатканых людзей, а Майкл наогул ужо амаль паверыў, што Вэндзі і ёсць ягоная сапраўдная мама. Гэта ўсё яе трохі пужала. Яна старанна трымалася сваіх абавязкаў і імкнулася захаваць у іхняй памяці былое жыццё, складаючы адмысловыя кантрольныя работы, падобныя да тых, што сама пісала ў школе. “Вучоба” дужа цікавіла астатніх хлопчыкаў, яны прагнулі далучыцца і нават панарабілі для ўсіх грыфельных дошак. Дзеці сядалі вакол стала, цяжка думалі і нешта крэмзалі ў адказ на Вэндзіны пытанні, якія яна пісала на сваёй дошчачцы ды пускала па коле. Пытанні былі зусім нескладаныя:
Якога колеру былі вочы ў тваёй мамы?
Хто быў вышэйшы — мама ці тата?
Твая мама была чарнявая ці бялявая?
Па магчымасці адкажы на ўсе тры пытанні.
Напішы тэкст (мінімум з 40 слоў) на тэму: “Як я правёў апошнія вакацыі” або параўнай характары мамы і таты. (Абяры адно 3 двух).
Або:
1.	апішы матчын смех,
2.	апішы бацькаў смех,
3.	апішы матчыну святочную сукенку,
4.	апішы сабачую будку і яе насельніцу.
Пытанні заўжды былі простыя, і калі ты не мог на іх адказаць, то ставіў крыжык: часам колькасць крыжыкаў у Джона напраўду палохала. Вядома, адзіным, хто адказваў на ўсе пытанні, быў Малы, ён заканчваў заданне першым, але ягоныя адказы былі неймаверна бязглуздымі, і ў выніку па паспяховасці ён валачыўся ў хвасце. Гэта вельмі яго засмучала.
Пітэр у гэтым усім не ўдзельнічаў. Па-першае, ён не прызнаваў ніякіх іншых мам апрача Вэндзі, а па-другое, ён быў адзіным хлопчыкам на востраве, які не ўмеў ні пісаць, ні чытаць, нават па складах. Ён лічыў такія рэчы не вартымі сваёй увагі.
83
86
Дарэчы, усе пытанні Вэндзі задавала ў прошлым часе. Якога колеру былі вочы тваёй мамы і г. д. Яна, як бачыце, таксама пакрысе забывалася.
Прыгоды — мы яшчэ паспеем у гэтым упэўніцца — былі на востраве штодзённай з’явай. Але цяпер Пітэр, натхнёны Вэндзі, вынайшаў новую гульню, якая яго дужа займала, пакуль раптоўна не надакучыла. Я ўжо казаў, гэтак здаралася з любымі ягонымі гульнямі. Дык вось, сутнасць новай гульні была ў тым, каб рабіць выгляд, нібыта ніякіх прыгодаў не існуе ў прыродзе. Трэба было рабіць тое, што Джон і Майкл рабілі ўсё папярэдняе жыццё: сядзець на зэдліку і падкідваць шарыкі, валтузіць адно аднаго, хадзіць на прагулку і проста вяртацца дадому, нават не забіўшы ніводнага мядзведзя грызлі. Назіраць за тым, як Пітэр сядзіць склаўшы рукі, было тым яшчэ відовішчам. Ен намагаўся захоўваць паважны выгляд, але ледзь стрымліваўся, бо сур’ёзна сядзець на зэдліку падавалася яму шалёна забаўным. Ён выхваляўся, што ходзіць на шпацыр, бо гэта карысна для здароўя. На некалькі сонцаў гэта сталася для яго надзвычайнай новай прыгодай, а Джону ды Майклу давялося прыкідвацца, што іх таксама захапляе такая гульня. Інакш бы яны дасталі ад Пітэра па поўнай.
Іншым разам здаралася, Пітэр сыходзіў з дому адзін, а па вяртанні ніколі нельга было з пэўнасцю дазнацца, сустрэлася яму па дарозе прыгода ці не. Пакуль ён даходзіў да хаты, то ўжо цалкам пра ўсё забываўся і нічога нікому не казаў. Але пры гэтым можна было выйсці на вуліцу і натыкнуцца на чыёсьці цела. А часам ён мог шмат чаго панарасказваць, пойдзеш глядзець — а ніякіх слядоў прыгоды няма. Бывала, ён вяртаўся з забінтаванай галавой, і тады Вэндзі ўвіхалася над ім, прамывала рану цёплай вадой, а ён апавядаў нейкую дзікую байку. Але Вэндзі ніколі да канца не ведала, ці верыць гэтаму. Безумоўна, многія прыгоды былі чыстай праўдай, бо Вэндзі сама ў іх удзельнічала, але ха-
пала і напаўпраўдзівых, прынамсі, часткова давыдуманых, насуперак сцверджанням хлопчыкаў-удзельнікаў, якія кляліся, што гэта ўсё праўда ад пачатку да канца.
Каб апісаць усе-ўсе прыгоды ды здарэнні, трэба таўшчэзная таміна, такая, як напрыклад “Тлумачальны слоўнік”. Адзінае, што я магу, — апавесці дзеля прыкладу пра адну самую звычайную гадзіну жыцця на востраве. Галоўная закавыка — якую абраць. Тую, калі адбылася бойка з індзейцамі ў Малой Расколіне? Гэтая крывавая бойня выдатна ілюструе адну з Пітэравых непаўторнасцяў: пасярод бітвы ён можа нечакана перакінуцца на бок Bopa­ra. У бітве пры Расколіне, калі сіл было яшчэ пароўну і перавага хіліліся то ў адзін, то ў другі бок, ён закрычаў: “Я сёння індзеец! А ты хто, Балабол?” — і Балабол адказваў: “Я індзеец, а ты, Гузак?” — і Гузак казаў: “Я індзеец, а вы, блізняты?” і г. д. Раптам усе мальцы аказваліся індзейцамі. I бойка магла б на гэтым закончыцца, але сапраўдныя індзейцы, збітыя з панталыку прыёмамі Пітэра, пагадзіліся гэтым разам пабыць згубленымі хлопчыкамі, і змаганне разгарэлася наноў з яшчэ большай лютасцю.