Пітэр Пэн  Джэймс Мэцью Бары

Пітэр Пэн

Джэймс Мэцью Бары
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 192с.
Мінск 2017
60.69 МБ
У гэтай прыгоды развязка невера... але мы пакуль не вырашылі, ці пра яе будзем расказваць. Мажліва, лепей расказаць пра асаду індзейцамі падземнага дома, калі парачка з іх захрасла 87 ў дрэвах і іх потым давялося выцягваць адтуль, як коркі. Ці нават лепей — як Пітэр уратаваў жыццё Тыгровай Лілеі ў Русалчынай Затоцы, і яна стала ягонай вернай саюзніцай.
Або апавесці пра той смяротны пірацкі пірог, які падсоўвалі хлопчыкам рознымі хітрымі спосабамі, але Вэндзі заўсёды паспявала выхапіць яго з рук сваіх гадаванцаў, пакуль пірог канчаткова не счарсцвеў у камень. Тады піраты сталі ім зараджаць гармату як ядром, а Джэймс Крук аднойчы балюча на яго спатыкнуўся цёмначы.
А, можа, расказаць пра птушак? Пітэр з імі сябраваў, асабліва з Нявер-птушкай, якая звіла гняздо на вялікім дрэве па-над
затокай. I як аднойчы гняздо ўпала ў ваду — разам з птушкай, якая выседжвала яйкі, і як Пітэр загадаў нікому яе не чапаць. Гэтая прыгожая гісторыя і ейны фінал паказвае, якімі ўдзячнымі бываюць птушкі. Але калі мы возьмем яе, то давядзецца распавядаць прыгоду ў затоцы ад пачатку да канца, што само па сабе хутчэй дзве прыгоды, чым адна. Ёсць карацейшая і яшчэ больш захапляльная прыгода, як Дзінь і некалькі вулічных фей паспрабавалі пераправіць Вэндзі, якая спала ў вялікім вадаплаўкім лісце, назад у наш свет. На шчасце, ліст не вытрымаў, і Вэндзі прачнулася, падумаўшы, што надышоў час прымаць ванну, і паспела даплыць назад да берага. Ці ўсё-ткі расказаць пра тое, як Пітэр кінуў выклік ільвам? Ён стралой акрэсліў вакол сябе кола і рыкнуў: “Хто пяройдзе рысу — з тым я буду біцца”. I так ён чакаў некалькі гадзін, пакуль астатнія хлопчыкі і Вэндзі з хваляваннем назіралі за ім з-за дрэў, і ні адзін леў не насмеліўся прыняць бой.
Дык якую з гэтых прыгодаў выбраць? Напэўна, лепей даверыцца лёсу.
Я кінуў манетку, і выпала прыгода ў затоцы. Амаль гэтага я і хацеў, праўда, лепш бы пра расколіну, пірог ці фею Дзінь. Можна падкінуць яшчэ разок і абраць з гэтых трох, але па справядлівасці, раз выпала затока — значыць, мусіць быць пра затоку.
Калі вы заплюшчыце вочы і вам пашанцуе, то вы ўбачыце сярод цемры бясформенную пляму мяккіх прыглушаных колераў. Потым, калі заплюшчыць вочы мацней, пляма зробіцца больш выразнай, а колеры — настолькі яркімі, што калі яшчэ мацней замружыць вочы, яна проста запалае агнём. Але за імгненне да гэтага вы пабачыце тую самую затоку. Толькі так можна наблізіцца да яе з нашых краёў — на адно незямное імгненне. Калі б удалося затрымацца яшчэ на адзін момант, то вы пачулі б прыбой і спевы русалак.
Дзеці часта бавілі доўгія летнія дні на беразе гэтай затокі. Большасць часу яны купаліся і плавалі, гулялі ў русалчыны гульні ў вадзе і ўсё такое. He варта думаць, што русалкі надта з імі сябравалі: наадварот, гэта было адно з галоўных расчараванняў. Вэндзі за ўвесь час, пражыты ў Неверляндыі, ні разу не пачула 89 ад іх ніводнага ветлівага слова. Калі яна падкрадалася цішком да краю затокі, то магла бачыць іх цэлую кучу, асабліва на Скале Выгнанцаў, дзе яны любілі грэцца на сонейку, нетаропка расчэсваючы валасы ад каранёў да кончыкаў, што, зрэшты, крыху яе раздражняла. Ці, бывала, яна нават падплывала да іх — асцярожна, на дыбачках, калі можна так сказаць, зусім блізка, — але русалкі заўважалі яе і ныралі ў ваду, пляскаючы хвастамі і яўна знарок прыскаючы вадой проста ў вочы.
Так яны абыходзіліся і з усімі хлочыкамі — акрамя Пітэра, канечне, які мог гаманіць з імі на Скале Выгнанцаў гадзіну, а калі яны пачыналі грубіяніць, сядаў ім на хвасты. Аднойчы Пітэр нават падараваў Вэндзі адзін з русалчыных грабянцоў.
Самая незабыўная пара, у якую можна пабачыць мноства русалак, — калі месяц пачынае расці: тады яны выплываюць і невымоўна тужліва стогнуць. Але ў такі час затока вельмі
90
небяспечная для простых смяротных, і да вечара, пра які далей пойдзе гаворка, Вэндзі не бачыла затокі ў месяцовым святле. He столькі праз боязь (Пітэр бы яе абавязкова абараніў), колькі таму, што ў яе было строгае правіла: пасля сёмай усе павінны быць у ложках. Аднак яна часта бывала ў затоцы ў сонечныя дні пасля дажджу, калі русалкі прыплывалі гуляць у бурбалкі. Яны перакідвалі хвастамі адна адной рознакаляровыя бурбалкі з вясёлкавай вады, як мячыкі, і намагаліся ўтрымаць іх на вясёлцы, пакуль тыя не лопнуць. Вароты былі на супрацьлеглых канцах вясёлкі, а брамніцы маглі лавіць бурбалкі толькі рукамі. Здаралася, што ў затоцы адначасова ладзілі мноства такіх матчаў — гэта было прыгажэзнае відовішча.
Дзеці неаднойчы спрабавалі далучыцца да гульні русалак, але тыя адразу ж знікалі, і хлопчыкам заставалася гуляць міжсобку. I ўсё-ткі адна рэч даказвала, што русалкі таемна назіралі за чужаніцамі і не пагрэбавалі пераняць ідэю ад прыхадняў. Джон увёў новы спосаб адбіваць мяч-бурбалку — замест рукі ён біў галавой, і русалкі пачалі рабіць гэтак жа. Вось адзінае, што Джон пакінуў пасля сябе ў Неверляндыі.
Таксама было прыемна глядзець, як дзеці адпачываюць на скале падчас пасляабедзеннай ціхай гадзіны. Вэндзі настойвала, каб гэты адпачынак быў рэальным, нават калі абед быў неўзапраўду. Хлопчыкі ляжалі на сонейку, іх целы блішчэлі ў промнях, а побач з важным выглядам сядзела Вэндзі.
У адзін з такіх дзён яны ўсе адпачывалі на Скале Выгнанцаў. Па сутнасці, гэта быў агромністы валун пасярод вады, не нашмат шырэйшы за вялікі ложак у падземным доме, але дзеці ўмелі не займаць шмат месца і драмалі або, прынамсі, проста ляжалі з заплюшчанымі вачыма і зрэдчас тыцкалі адзін аднаго, калі ім здавалася, што Вэндзі не бачыць. А яна была занятая — шыла.
I пакуль Вэндзі шыла, у затоцы пачалі адбывацца перамены. Па ёй прабегла рабізна, сонца схавалася, і цені папаўзлі па вадзе і астудзілі яе. Вэндзі доўга не магла трапіць ніткай у іголку. Тады яна падняла вочы і агледзелася. Затока, дагэтуль заўсёды вясёлае месца, насцярожыла яе і падалася варожай.
Вэндзі ведала, што гэта не ноч надыходзіць, але нешта такое ж цёмнае, як ноч. He, страшнейшае за ноч. Яно яшчэ не наблізілася, але пусціла па моры папераджальную рабізну. Але што гэта?
Дзяўчынцы адразу ж прыгадалася мноства гісторый пра Скалу Выгнанцаў, названую так, бо злыя капітаны прыкоўвалі да яе маракоў і пакідалі іх на смерць. Тыя захлыналіся ў час прыліву, калі скала цалкам сыходзіла пад ваду.
Вядома, Вэндзі павінна была тут жа пабудзіць дзяцей, і не толькі таму, што набліжалася нешта падазронае, але хаця б таму, што на халодным камені спаць шкодна. Але яна была нявопытнай мамай і не ведала аб гэтым. Вэндзі меркавала, што галоўнае — трымацца правіла пасляабедзеннага сну. Так што, хоць яна спужалася і марыла пачуць знаёмыя галасы, але хлопчыкаў не пабудзіла. Яна не пабудзіла іх нават тады, калі да яе даляцеў прыглушаны плёскат вёслаў, а ейнае сэрца сышло ў пяткі. Яна стаяла над дзецьмі, пільнуючы, каб яны даспалі належнае. Хіба не адважніца нашая Вэндзі?
На шчасце, сярод хлопчыкаў быў адзін, які мог учуць небяспеку нават у сне. Пітэр рэзка прачнуўся і тут жа ўскочыў, як робяць сабакі, і адным папераджальным воклічам абудзіў астатніх.
Ён замёр, прыклаўшы руку да вуха.
— Піраты! — праз імгненне закрычаў ён.
Астатнія згуртаваліся вакол Пітэра. На ягоным твары бліснула дзіўная усмешка, ад якой Вэндзі ажно перасмыкнулася. Калі ў яго з’яўлялася такая ўсмешка, то ніхто не насмельваўся з ім загаварыць. Усё, што ім заставалася, — быць гатовымі выконваць загады. I выразны загад не прымусіў сябе чакаць:
— Нырай!
Бліснулі пяткі, і затока ўраз апусцела. У змрочных водах адзінока стаяла Скала Выгнанцаў, быццам сама была выгнанцам.
Човен падплыў бліжэй. Гэта была пірацкая шлюпка, а ў ёй — тры постаці: Смі і Старкі з нейкай палоннай — ёй аказалася Тыгровая Лілея. Рукі і ногі ў яе былі звязаныя, і яна ведала свой лёс. Яе пакінуць паміраць на скале, і канец яе зямнога быцця будзе страшнейшым, чым смерць на вогнішчы або ад катаванняў, бо ў галоўнай кнізе яе народа напісана, што праз ваду няма дарогі
91
да тагасветных паляўнічых угоддзяў. Аднак Тыгровая Лілея трымалася годна — яна была дачкой правадыра і павінна памерці як дачка правадыра, іншага не дадзена.
Піраты злавілі яе, калі яна падымалася на іхні карабель з нажом у зубах. Ніякага каравулу на судне не было, бо Крук ганарыўся, што адзін толькі гук ягонага імені адганяе ўсіх непрыяцеляў на мілі вакол. Цяпер і ейны гаротны лёс будзе адганяць ворага. Чарговы крык, што застрашыць іншых, разнясуць начныя вятры.
У нагнаных піратамі прыцемках Смі і Старкі самі не заўважылі скалы, пакуль шлюпка не натыкнулася носам на цвёрдае.
— Ідзі па ветры, салага! — зароў ірландскім голасам Смі. — Во скала. Цяпер трэба падняць сюды індзіянку, і хай яна захлынаецца.
Гэта была справа аднаго моманту — высадзіць і прыкаваць прыгажуню да валуна. Яна была занадта гордая, каб вырывацца.
Недалёка ад скалы, але так, каб было незаўважна, на хвалях пагойдваліся дзве галавы — Пітэра і Вэндзі. Гэта была першая трагедыя, што разгортвалася ў дзяўчынкі на вачах, і яна плакала. Пітэр жа дагэтуль бачыў процьму трагедый, але даўно іх усе за92 быў. Ён шкадаваў Тыгровую Лілею менш за Вэндзі, але яго злавала, што піратаў было двое на адну, і ён вырашыў уратаваць дачку правадыра. Лягчэй за ўсё было дачакацца, пакуль піраты адплывуць, але Пітэр ніколі не шукаў простых шляхоў.
Для яго амаль не існавала нічога немагчымага, і гэтым разам ён загаварыў голасам капітана Крука.
— Гэй вы, там, на чоўне, салагі! — закрычаў ён.
Атрымлівалася падобна — не адрозніш.
— Капітан?! — адгукнуліся піраты, здзіўлена ўперыўшыся адзін у аднаго.
— Ён, відаць, паплыў за намі, — сказаў Старкі, пакуль яны дарэмна шукалі яго вачыма.
— Мы от збіраемся прыкуць індзейскую дзеўку да скалы, — крыкнуў Смі ў адказ.
— Адпусціце яе. — Гэта сталася нечаканкай.
— Адпусціць?!
— Адпусціць, рэжце вяроўку і вызваляйце.
— Але, капітан...
— Зараз жа! Усё ясна? — закрычаў Пітэр. — А то насаджу вас на крук!
— Падазрона... — хапаючы паветра, сказаў Смі.
— Лепей выканаць капітанаў загад, — Старкі нерваваўся.
— Так ёсць! — вымавіў Смі і перарэзаў вяроўкі, што звязвалі Тыгровую Лілею.
Яна тут жа вугром праслізнула між ног у Старкі і нырнула Ў ваду.