Пітэр Пэн  Джэймс Мэцью Бары

Пітэр Пэн

Джэймс Мэцью Бары
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 192с.
Мінск 2017
60.69 МБ
— Я не магу, штосьці мяне трымае, — прамовіў ён з трымценнем.
Усе ўражана глядзелі на яго, усе апроч Гузака, які, на шчасце, не адрываў вачэй ад Вэндзі.
— Яна, гэта яна, Вэндзі-лэдзі, бачыце, яе рука!
Гэта цуд, але Вэндзі напраўду падняла руку. Гузак нахіліўся над ёй і ўважліва прыслухаўся.
— Здаецца, яна кажа: “Бедны Балабол”, — прашаптаў Гузак.
— Жывая, — каротка сказаў Пітэр.
Малы тут жа загалёкаў:
— Вэндзі-лэдзі жывая!
Пітэр стаў перад ёй на калені і заўважыў гузік. Памятаеце, яна павесіла яго на ланцужок, які насіла на шыі?
— Бачыце, — сказаў ён, — страла трапіла сюды. Гэта буська, якую я даў. Яна ўратавала ёй жыццё.
72	— Я памятаю, як выглядаюць буські, — тут жа ўклініўся
Малы, — дайце-дайце паглядзець. Ну канечне, гэта буська!
Пітэр яго ўжо не слухаў. Ён пачаў прасіць Вэндзі папраўляцца як найхутчэй, і тады, маўляў, ён абавязкова пакажа ёй русалак. Праўда, яна нічога не адказала, бо яшчэ не апрытомнела. А дзесьці ўгары загучалі ноткі роспачы.
— Чуеце Дзінь? — сказаў Кучар. — Яна плача, бо Вэндзі жывая.
Тады яны распавялі Пітэру пра злачынства Дзінь-Бом. Ніколі дагэтуль яны не бачылі яго такім грозным. Ён закрычаў:
— Дзінь, ведай, што я больш табе не сябар! Валі ад мяне назаўсёды!
Яна апусцілася яму на плячо і стала апраўдвацца, але ён рэзка яе змахнуў. I толькі калі Вэндзі зноў падняла руку, ён памякчэў і сказаў:
— Ладна, не назаўсёды, а на цэлы тыдзень.
I вы думаеце, Дзінь была ўдзячная Вэндзі за ўзнятую руку? Ніколечкі. Наадварот, ёй хацелася ўшчыкнуць дзяўчынку памацней. Феі напраўду вельмі дзіўныя, і Пітэр, які разумеў фейскую натуру лепей за астатніх, часцяком іх лупцаваў.
Але што цяпер рабіць з Вэндзі і станам яе здароўя?
— Давайце перанясем яе ўніз у дом, — прапанаваў Кучар.
— Ага-ага, — улез Малы, — менавіта так абыходзяцца з лэдзямі.
— Цішэй-цішэй, — перапыніў Пітэр, — нельга яе чапаць. Гэта будзе няветліва.
— Менавіта, я пра тое ж і кажу, — падтакнуў Малы.
— Але, калі яна застанецца тут ляжаць, то памрэ, — сказаў Балабол.
— Так, яна памрэ, — пагадзіўся Малы, — і выйсця няма.
— Ёсць, мы пабудуем вакол яе хатку, — пастанавіў Пітэр.
Усе былі радыя, а капітан загадаў:
— Хутчэй, нясіце найлепшае, што ў нас ёсць. Перарыйце ўвесь дом. Шпарчэй!
Усе тут жа замітусіліся, як швачкі перад вяселлем. Яны бегалі туды-сюды, нехта цягне пасцель, нехта — дровы, і пакуль яны так насіліся, хто б, вы думалі, з’явіліся? — Майкл і Джон. Яны валачыліся пешшу і засыналі прама на хаду, а калі засыналі — спыняліся, потым прачыналіся, рабілі некалькі крокаў і зноў засыналі.
— Джон, Джон, — ледзь не плакаў Майкл, — прачынайся! Дзе Нэна, Джон? Дзе мама?
Джон праціраў вочы і мармытаў:
— Гэта праўда, мы ляталі.
Калі яны адшукалі Пітэра, то цяжар спаў з іх плячэй.
— Прывітанне, Пітэр, — сказалі яны.
— Прывітанне, — адказаў Пітэр па-прыяцельску, хоць напраўду ён іх зусім не памятаў. Ён быў дужа заняты, вымяраючы крокамі Вэндзі, каб ведаць, якіх памераў хатка ёй патрэбна.
73
74
Вядома, ён разлічваў і на крэслы са сталом. Джон і Майкл утаропіліся ў яго.
— А Вэндзі што, спіць? — пацікавіліся яны.
— Ага.
Майкл прапанаваў:
— Джон, давай пабудзім яе і папросім даць паесці. — Але як толькі ён гэта сказаў, некалькі хлопцаў выскачылі з галінамі для хаткі, і Майкл спалохаўся: — Ой, гэта хто такія?
— Кучар, — па-капітанску прамовіў Пітэр. — Прасачы, каб гэтыя мальцы дапамаглі будаваць дом.
— Так ёсць, капітан.
— Будаваць дом? — перапытаў Джон.
— Для гэтай вэндзі, — удакладніў Кучар.
— Для Вэндзі? — уразіўся Джон. — Навошта? Яна ж проста дзяўчынка.
— Вось таму мы і служым ёй, — патлумачыў Кучар.
— Вы? Служыце Вэндзі?
— Так ёсць, — сказаў Пітэр. — I вы таксама. Ідзіце з астатнімі.
Агаломшаных братоў адправілі сячы, калоць, насіць.
Тады Пітэр скамандаваў:
— Спачатку робім месца для вогнішча і крэслы. А потым вакол збудуем рэшту дома.
— А то ж, — пацвердзіў Малы, — памятаю, якраз так дамы і будуюцца.
Пітэр усё прадумаў.
— Малы, — гукнуў ён, — схадзі па доктара.
— Так ёсць! — зараз жа адказаў Малы і знік, чухаючы патыліцу.
Ён ведаў, што Пітэру нельга пярэчыць, таму неўзабаве вярнуўся, начапіўшы Джонаў капялюш і робячы сур’ёзны выраз твару.
— Дзень добры, сэр. — Пітэр пасунуўся яму насустрач. — Вы доктар?
У такія моманты розніца між Пітэрам і астатнімі хлопчыкамі была ў тым, што яны ўсведамлялі, што гэта ўсё неўзапраўду, а ён не адрозніваў рэальнасць ад прыдумкі. Час ад часу гэта давалася
ім у знакі, напрыклад, калі даводзілася прыкідвацца, быццам яны ўжо паабедалі. Калі перастаць гуляць сытага, то рызыкуеш атрымаць па пальцах.
— Вядома, хлопча, — Малы, рукі якога былі ў сіняках, яўна хваляваўся.
— Калі ласка, сэр, — тлумачыў Пітэр, — тут ляжыць вельмі хворая лэдзі.
Яна была ў іх проста каля ног, але Малы вырашыў не адразу яе заўважыць.
— Так-так-так, — сказаў ён. — Дзе менавіта яна ляжыць?
— Вось, на палянцы.
— Трэба ёй паставіць шкляную штучку, — Малы нахіліўся і зрабіў выгляд, быццам ставіць градуснік. Пітэр чакаў. Асабліва трывожным быў момант, калі градуснік даставаўся.
— Ну як яна? — заклапочана спытаў Пітэр.
— Так-так-так, гэта яе палячыла, — сказаў Малы.
— Ура, выдатна! — выкрыкнуў Пітэр.
— Я яшчэ завітаю праведаць хворую пад вечар, а цяпер паіце яе мясным булёнам з кубачка з носікам.
Малы вярнуў капялюш Джону і глыбока, з палёгкай уздых-
76 нуў — ён заўсёды гэтак рабіў, калі непрыемнасці міналі.
Між тым лес ажыў ад стукату сякер, і праз нейкі час усё неабходнае для ўтульнага жытла было гатова і ляжала побач з Вэндзі. Нехта сказаў:
— Каб жа мы толькі ведалі, якія дамы ёй падабаюцца.
— Пітэр, — паклікаў хтосьці іншы, — яна паварушылася.
— У яе рот адкрыўся, — выгукнуў трэці, з пашанай узіраючыся ў яго, — о, які прыгожы.
— Магчыма, яна збіраецца спяваць у сне, — разважыў Пітэр. — Вэндзі, праспявай, які дом табе даспадобы.
I, не расплюшчыўшы вачэй, Вэндзі тут жа завяла песню:
Заўжды хацела я сабе Маленькі гожы дом, Каб быў чырвоны колер сцен I дах, пакрыты мхом.
Хлопцы задаволена завурчэлі, бо так супала, што нарыхтаваныя галіны былі якраз пакрытыя чырвоным сокам, а зямля вакол парасла мохам. Як толькі яны збілі хатку, то хорам заспявалі ў адказ:
Ёсць дах і сцены, дзверы ёсць.
Скажы, скажы хутчэй, Матуля Вэндзі, дык чаго Жадаеш ты яшчэ?
На гэта дзяўчынка зацягнула:
Хачу, каб вокны меў дамок
I звонку, і знутры, Зрабіце ружы пад акном I дзетак на двары.
Кулакамі яны прабілі вокны, вялікія жоўтыя лісты сталіся фіранкамі. Але ружы?
— Ружы! — строга прыкрыкнуў Пітэр.
I ўсе хуценька прыкінуліся, быццам ля сцен саджаюць прыгожыя ружы.
Як быць з дзецьмі? Каб Пітэр не паспеў запатрабаваць ад іх узяць аднекуль дзяцей, хлопчыкі зноў запяялі:
Квітнеюць ружы пад акном, А дзеці ля дзвярэй.
Зрабіць сябе не можам, бо Змайстрованы раней.
Пітэру спадабалася знаходка, і ён зрабіў выгляд, што ідэя была ягонай. Хатка атрымалася даволі мілай, і, без сумневу, Вэндзі пачувалася ўтульна ўнутры, хаця, канечне, самі яны больш яе не бачылі. Пітэр абышоў вакол, распараджаючыся наконт апошніх штрыхоў. Нічога не магло схавацца ад ягонага пільнага вока. I вось, здавалася б, усё даведзена да ладу, але ён сказаў:
77
78
— Няма малаточка на дзвярах.
Хлопчыкі прыціхлі, але Балабол ададраў падэшву з абцасам ад свайго чаравіка, і з яе выйшаў выдатны дзвярны малаток. Цяпер дакладна ўсё гатова, падумалі яны. Але рана было радавацца!
— He хапае трубы, — сказаў Пітэр, — трэба зрабіць комін.
— Безумоўна, патрэбны комін, — важна зазначыў Джон.
Гэта падкінула Пітэру ідэю. Ён ухапіў капялюш з Джонавай галавы, выбіў з яго дно і ўзняў на дах. Хатка на знак падзякі за такі файны комін пусціла праз капялюш дымок. Вось цяпер сапраўды ўсё было гатова. Засталося толькі пагрукаць у дзверы.
— Прывядзіце сябе ў парадак, — папярэдзіў Пітэр, — першае ўражанне — самае важнае.
Ён быў дужа рады, што ніхто не пачаў удакладняць, чаму менавіта першае ўражанне важнае: хлопцам было не да таго — прыводзіліся ў парадак.
Пітэр ветліва пагрукаў у дзверы. Цяпер і лес, і дзеці, усё прыціхла — ані гуку, толькі Дзінь вызірала з-за дрэў і пасмейвалася з іх.
Хлопчыкі гадалі: ці адкажа нехта на грукат? I калі выйдзе дзяўчынка, то якой яна будзе? Дзверы адчыніліся, і сапраўды, выйшла дзяўчынка. Гэта была Вэндзі. Мальцы ўсе як адзін знялі шапкі. Яна пазірала са здзіўленнем, якога яны ад яе і чакалі.
— Дзе я? — запытала Вэндзі.
Вядома ж, першы парушыў цішыню Малы, які прасакатаў:
— Вэндзі-лэдзі, мы пабудавалі для цябе дом.
— Скажы, што табе падабаецца, — папрасіў Гузак.
— Цудоўны, прыгожы дом, — сказала Вэндзі, і гэта былі менавіта тыя словы, якіх яны ад яе і чакалі.
— Мы твае дзеці, — дадалі блізняты.
Тады яны ўсе разам сталі на калені і, працягнуўшы рукі, папрасіліся:
— О, Вэндзі-лэдзі, будзь нашай мамай!
— Я? — Вэндзі ззяла. — Я, безумоўна, вельмі ўсцешаная, але ж вы бачыце, што я ўсяго толькі маленькая дзяўчынка. Я ніколі раней не была сапраўднай мамай.
— Гэта не важна, — сказаў Пітэр, быццам ён быў адзіны, хто разбіраецца ў мамах, хаця насамрэч ведаў пра іх менш за астатніх.
— Нам проста патрэбны хтосьці, хто будзе клапаціцца пра нас, як мама.
— Даражэнькія, — адказала Вэндзі, — калі так, то я — тое, што вам трэба.
— Ура, ура! — хорам закрычалі хлопчыкі. — Мы так адразу і падумалі.
— Вось і добра, — сказала яна. — Я пастараюся быць добрай мамай. Давайце, заходзьце ў дом, неслухі. У вас, напэўна, ногі прамоклі. I перад сном якраз ёсць час дарасказаць гісторыю пра Папялушку.
Хлопчыкі ўвайшлі ў дом — не ведаю, як туды ўлезла цэлая грамада, але ў Неверляндыі такое магчыма. I гэта быў першы з мноства шчаслівых вечароў, якія яны прабавілі з Вэндзі. Потым яна паклала іх аднаго за адным у ложкі ў доме пад дрэвамі, а сама пайшла спаць у новазбудаваную хатку. Пітэр застаўся каравуліць на вуліцы, трымаючы меч напагатове, бо было чутно — недзе ўдалечыні балююць піраты, а па лесе гойсаюць ваўкі. Ды хатка са святлом, што прабівалася скрозь шторкі, з дымам, які прыгожа ўздымаўся з коміна, і Пітэрам на варце выглядала вельмі ўтульна і бяспечна сярод цемры. Праз нейкі час Пітэр прыснуў, і феі, вяртаючыся дадому пасля шалёных рытуалаў, пералазілі праз яго. Любога іншага хлопчыка, які б перагарадзіў ім ноччу дарогу, яны адлупцавалі б як след, але Пітэру толькі далікатна шчоўкнулі па носе і рушылі далей.