Пітэр Пэн
Джэймс Мэцью Бары
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 192с.
Мінск 2017
Але з моманту, як трое падшыванцаў пасопвалі за шторамі, прайшло дзесяць хвілін, а за дзесяць хвілін Пітэр Пэн здольны нарабіць многа чаго.
Тым часам у дзіцячым пакоі...
— Усё чыста, — абвесціў Джон, вылазячы са схованкі. — Дык што там, Пітэр, ты сапраўды ўмееш лятаць?
У адказ Пітэр без лішніх слоў проста абляцеў кола па пакоі, па дарозе адштурхнуўшыся нагой ад паліцы над камінам.
— Неверагодна! — сказалі разам Джон і Майкл.
— Дзівосна, — усклікнула Вэндзі.
— О так, я дзівосны, я дзіва, — Пітэр зноўку забыўся на манеры.
Гэта выглядала неймаверна лёгка, і астатнія таксама паспрабавалі паляцець, падскокваючы то на падлозе, то на ложках — але ўвесь час ляцелі не ўверх, а ўніз.
— Патлумач, як ты гэта робіш? — папрасіў Джон, паціраючы каленку. Ен быў даволі практычным хлопчыкам.
— Проста думайце дзівосныя думкі, — паясняў Пітэр, — і яны падымуць вас у паветра.
I ён яшчэ раз узляцеў.
— Ты занадта шпаркі, можаш паказаць павольна? — не адступаў Джон.
Пітэр паўзлятаў і хутка, і павольна.
— Я зразумеў, Вэндзі! — закрычаў Джон, але неўзабаве выявілася, што не да канца.
Ніхто з іх так і не здолеў ані кропелькі праляцець, хоць нават Майкл ужо ўмеў чытаць па складах, а Пітэр не адрозніў бы А ад Б.
Вядома, Пітэр іх надурыў, бо ніхто не можа лятаць, не пасыпаны чароўным пылам. На шчасце, як я ўжо згадваў, адна Пітэрава рука была цалкам перапэцкана ім. Ён крыху чмыхнуў на кожнага з дзяцей, і гэта дало надзвычайны вынік.
— А цяпер проста рухайце вось так плячыма і давайце.
Яны стаялі на сваіх ложках, і адважны Майкл “даў” першы. Ен не дужа разумеў, што значыць “даваць”, але яму ўдалося — яго вокамгненна штурханула праз увесь пакой.
— Я лячу! — завішчэў ён, лунаючы пасярод спальні.
Джон зрабіў тое ж і спаткаўся з Вэндзі ўжо каля ванны.
— Нічога сабе!
43
44
— Чароўна!
— Бачыце мяне?
— Глядзі сюды!
Да грацыі Пітэра ім было далёка і яны пакуль што дрыгаліся абы-як, але ўсё-ткі да столі галовамі даставалі, а ў гэтым увесь смак. Спачатку Пітэр падтрымліваў Вэндзі за руку, але потым давялося яе адпусціць, бо яго даймала Дзінь. Яны лёталі ўверх і ўніз, і па коле, і яшчэ раз па коле. Вэндзі безупынку прыгаворвала: “Чароўна”.
— Я прыдумаў, — закрычаў Джон, — а давайце паляцім на вуліцу!
Пітэр, канечне, ад самага пачатку на гэта іх і падбіваў. Майкл адразу пагадзіўся: ён хацеў праверыць, колькі часу зойме праляцець мільярд міляў. Толькі Вэндзі вагалася.
— Русалкі! — нагадаў Пітэр.
— М-м-м!
— А яшчэ там ёсць піраты.
— Піраты! — Джон схапіў свой выхадны капялюш. — Ляцім!
Акурат у гэты момант містар і місіс Дарлінг выбягалі разам з Нэнай з 27-га дома. Яны беглі пасярод вуліцы, каб бачыць акно ў дзіцячым пакоі, і, так, яно ўсё яшчэ было зачынена, аднак сам пакой зіхацеў святлом. Найбольш за сэрца хапала ад ценяў на шторах — тры маленькія сілуэты ў піжамах насіліся па коле, і не па падлозе, а ў паветры.
Чакайце, не тры, а чатыры сілуэты!
3 трымценнем бацькі адчынілі ўваходныя дзверы. Містар Дарлінг гатовы быў кінуцца наверх, але місіс Дарлінг паказала яму, каб ён ішоў цішэй. Яна намагалася нават сваё сэрца прымусіць біцца цішэй.
Ці паспеюць яны? Калі так, то, лічыце, ім пашчасціла, і ўсе мы ўздыхнем з палёгкай, але тады ў гісторыі не будзе працягу. 3 іншага боку, калі яны не паспеюць, я ўрачыста абяцаю, што ў выніку ўсё будзе добра.
I яны паспелі б дабегчы, калі б не маленькія зоркі, якія сачылі за ўсім з вышыні. Зоркі зноўку подыхам ветру расчынілі акно, і найменшая з іх клікнула:
— Пітэр, сцеражыся!
Цяпер Пітэр ведаў, што нельга губляць ні часінкі.
— Гэй, наперад! — гукнуў ён і выскачыў з акна ў цемру, а за ім Джон, Майкл і Вэндзі.
Містар і місіс Дарлінг разам з Нэнай уварваліся ў пакой занадта позна. Пташкі ціўкнулі прэч.
‘Другі паварот направа і проста да самага ранку”.
Пітэр сказаў Вэндзі, што гэтак можна дабрацца да Неверляндыі. Але нават птушкам, якія звяраюцца са сваімі птушынымі мапамі на скрыжаваннях вятроў, не дапамаглі б такія ўказанні. Пітэр, як бачыце, проста ляпнуў першае, што прыйшло да галавы.
Напачатку ягоныя спадарожнікі верылі яму бясспрэчна. Ім так падабалася лётаць, што яны згубілі багата часу, кружляючы вакол царкоўных шпіляў ды іншых сустрэчных гмахаў адно дзеля забавы.
Джон і Майкл насіліся навыперадкі. Майкл выйграваў.
Яны з пагардай успаміналі, што яшчэ зусім нядаўна гана-
рыліся сабой, калі кружлялі ў пакоі.
Зусім нядаўна. Але колькі гэта — нядаўна? Яны праляталі над морам, каілі гэтая думка сапраўды пачала непакоіць Вэндзі. Джон меркаваў, што гэта ўжо другое мора і недзе трэцяя ноч палёту.
Было то светла, то цёмна, то халодна, то горача. I незразумела, ці яны сапраўды згаладнелі за гэты час, ці проста прыкідваліся, каб паглядзець, як Пітэр вынаходліва здабывае паесці. Ён кідаўся наўздагон птушцы, якая несла прыдатную для чалавека ежу ў дзюбе, і проста выхопліваў яе. Тады птушка гналася за ім і адбірала ежу назад, і гэтак весела гойсаць яны маглі бясконца, пакуль нарэшце не дзялілі здабычу ды не разыходзіліся — абое задаволенымі. Але Вэндзі шляхетна даводзіла Пітэру, што гэта досыць дзікунскі спосаб здабываць сабе кавалак хлеба і што ёсць іншыя шляхі пракарміцца.
Нарэшце іх пачало хіліць да сну, і гэта былі не цацачкі, а сапраўды небяспечная справа. Калі, змораныя, яны правальваліся
ў сон, то імгненна пачыналі падаць долу. Самае жахлівае, што Пітэру гэта здавалася забаўным.
— Го, ізноў! — крычаў ён радасна, калі Майкл раптоўна каменем абрынаўся ўніз.
— Ратуй! Ратуй яго! — лямантавала Вэндзі, з жахам гледзячы на бязлітаснае мора пад імі.
Тады Пітэр стрымгалоў кідаўся за ім і лавіў Майкла за міг да ўдару аб марскія хвалі. Рабіў ён гэта вельмі спрытна, але заўсёды чакаў да апошняга моманту, і было зразумела, што яго цікавіла больш уласнае майстэрства, чым уратаванне нечага жыцця. Да таго ж ён ненавідзеў аднастайнасць, і гульня, якая яго захапляла хвіліну назад, магла раптоўна надакучыць, так што заўжды заставалася імавернасць, што наступным разам, калі ты будзеш падаць, ён за табой не паляціць.
Сам жа ён мог спакойна спаць у паветры, проста лежачы на спіне і як бы люляючыся на хвалях. Часткова гэта звязана з тым, што ён быў вельмі лёгкі і нават ад аднаго вашага подмуху паляцеў бы хутчэй.
— Паводзься з ім больш ветліва, — шапнула Вэндзі Джону, калі яны гулялі ў “а вам слабо?”.
— Тады скажы яму, каб не выхваляўся, — заенчыў Джон.
Зрэшты, калі Пітэр, гуляючы ў “а вам слабо?”, пралятаў блізка-блізка над паверхняй вады і кранаўся плаўнікоў акул, як мы, бегучы па вуліцы ўздоўж агароджы, датыкаемся да кожнай штыкеціны, — дык вось, гэта сапраўды выглядала як выхвалянне, асабліва калі ён сачыў, колькі плаўнікоў яны прапускаюць, спрабуючы за ім паўтарыць.
— Будзь з ім прыветны, — настойвала Вэндзі. — Што мы будзем рабіць, калі ён нас кіне тут?
— Вернемся назад, — адказаў Майкл.
— Як жа мы вернемся? Мы самі ні ў жыцці не знойдзем зваротнай дарогі.
— Ну тады будзем ляцець далей, — сказаў Джон.
— Гэта жахліва, Джон. Нам давядзецца ляцець наперад, бо мы не ведаем, як спыніцца.
I гэта было праўдай, Пітэр забыў паказаць ім, як перастаць лятаць.
47
48
Джон сказаў, што ў найгоршым выпадку ўсё, што ім трэба, — гэта проста ляцець наперад, і паколькі Зямля круглая, рана ці позна яны вернуцца назад да акна ў свой пакой.
— А хто нам здабудзе ежы, Джон?
— Мне ўдалося адшчыкнуць кавалак з рота ў арла, бачыла, Вэндзі?
— Ага, з дваццатай спробы, — нагадала яму сястра. — I нават калі мы навучымся здабываць ежу самі, ты паглядзі, як мы без дапамогі Пітэра натыкаемся на аблокі і ўсякае іншае.
I праўда, яны пастаянна бухаліся аб нешта. Ляталі яны ўжо болып упэўнена, але ўсё яшчэ залішне дрыгаліся. А калі бачылі воблака наперадзе, то, як ні стараліся яго абляцець, усё адно абавязкова тукаліся прама ў яго. Калі б з імі была Нэна, яна б ужо даўно наклала Майклу на галаву ватна-марлевую павязку.
У гэты момант Пітэра побач з імі не было, і яны пачуваліся адзінока там, уверсе, сам-насам з сабой. Ён мог паляцець нашмат хутчэй за іх і раптоўна знікнуць з поля зроку — там прыгоды чакалі толькі яго аднаго. Ён мог вярнуцца, смеючыся з нечага страшна вясёлага, што расказала зорка, пры гэтым ужо забыўшыся, што іменна яна расказала. Або з’явіцца ўвесь аблеплены лускамі з русалчыных хвастоў і так і не апавесці, што ж з ім здарылася. Гэта добра-такі раздражняла дзяцей, якія ніколі ў жыцці не бачылі русалак.
— Калі ён так проста забыўся пра іх, — разважала Вэндзі, — як мы можам чакаць, што ён будзе памятаць пра нас?
I насамрэч, часам, калі ён вяртаўся, то не помніў іх, ці прынамсі, помніў не вельмі выразна. Вэндзі была ў гэтым перакананая. Яна бачыла па вачах, як ён пачынае нешта прыгадваць, калі на ляту вітаецца з імі ды заводзіць размову. Аднойчы ёй нават давялося самой гукнуць яго па імені, калі ён пралятаў міма.
— Я Вэндзі, — занепакоена нагадала яна.
Пітэр вельмі выбачаўся.
— Слухай, Вэндзі, — прашаптаў ён, — заўсёды, калі ты ўбачыш, што я падзабыў цябе, проста скажы: “Я Вэндзі” — і я тут жа ўспомню.
Натуральна, гэта не вельмі яе радавала. Аднак, каб выкупіць сваю віну, ён паказаў ім, як класціся на спадарожны вецер. Гэта
аказалася вельмі дарэчная навінка: крыху папрактыкаваўшыся, дзеці зразумелі, што гэтак яны могуць бяспечна спаць. I праўда, цяпер яны маглі б выспацца, але Пітэр хутка стамляўся спаць і, раптам падхапіўшыся, ужо крычаў капітанскім голасам:
— Пад’ём! Ляцім далей.
Такім чынам, час ад часу сварачыся, але збольшага шумна ды весела яны наблізіліся да Неверляндыі. Нарэшце, калі мінула шмат сонцаў і месяцаў, яны дабраліся да яе. Дарэчы, ляцелі яны ўвесь час прама, а значыць, ім дапамаглі не столькі Пітэр і Дзінь, якія нібыта ведалі дарогу, — гэта сам востраў выходзіў ім насустрач. Толькі так і можна ўбачыць ягоныя дзівосныя берагі.
— Ну вось і ён, — спакойна сказаў Пітэр.
— Дзе, дзе, дзе?
— Ён там, куды паказваюць усе стрэлкі.
I сапраўды, мільёны залацістых стрэлак паказвалі дзецям на востраў удалечыні. Гэта Сонца, іхні сябар, хацела падказаць ім дарогу, пакуль не знікла на ноч.
Вэндзі, Джон і Майкл прыўзняліся на дыбачкі ў паветры, каб упершыню разгледзець востраў. Дзіўна, але ён адразу паказаўся ім знаёмым, і пакуль страх не апанаваў іх, яны голасна віталі Неверляндыю, але не так, як доўгачаканую і нарэшце пабачаную мрою, а як добрага сябрука пасля вакацый.