Пітэр Пэн  Джэймс Мэцью Бары

Пітэр Пэн

Джэймс Мэцью Бары
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 192с.
Мінск 2017
60.69 МБ
Потым зайшла місіс Дарлінг, у белай вечаровай сукенцы. Яна адзелася раней, бо Вэндзі вельмі падабалася глядзець на матулю ў вечаровым уборы, з падоранымі Джорджам каралямі. На руцэ ў місіс Дарлінг быў бранзалет Вэндзі, які яна пазычыла ў дачкі на вечар. Вэндзі страшна радавалася, калі мама прасіла яе аб гэтым.
Двух старэйшых дзяцей маці заспела за гульнёй у яе саму і бацьку: яны разыгрывалі сцэну нараджэння Вэндзі, і якраз гаварыў Джон:
— Я рады паведаміць, місіс Дарлінг, што вы сталі мамай, — прамовіў ён адзін у адзін, як сказаў бы гэта сам містар Дарлінг.
Вэндзі радасна танцавала так, як бы гэта рабіла сапраўдная місіс Дарлінг.
А потым нарадзіўся Джон — урачыста, як і мусяць нараджацца хлопчыкі. Тады з ванны прыйшоў Майкл і папрасіў, каб яго таксама нарадзілі, але Джон рэзка адказаў, што яны больш не хочуць дзяцей.
Майкл ледзь не плакаў: “Ніхто мяне не хоча!” I тут, вядома, лэдзі ў вечаровай сукенцы не магла застацца ўбаку.
— Я хачу, — выгукнула яна, — я так хачу трэцяе дзіця!
— Хлопчыка ці дзяўчынку? — без асаблівай надзеі ўдакладніў Майкл.
— Хлопчыка.
Тады ён кінуўся да мамы ў абдымкі. Здавалася б, зусім драбяза, няма чаго цяпер і ўзгадваць. Але не такая ўжо драбяза для апошняй ночы Майкла дома.
Яны ўспаміналі ды ўспаміналі.
— Гэта акурат тады я ўварваўся як ураган, так? — дакараў сам сябе містар Дарлінг.
Тады ён сапраўды ледзь не маланкамі страляў. Зрэшты, і яго можна апраўдаць. Містар Дарлінг таксама збіраўся ў госці, і ўсё ішло як мае быць, пакуль ён не ўзяўся за гальштук. Цяжка паверыць, але гэты самавіты мужчына, які разбіраўся ў акцыях і аблігацыях, не мог справіцца са звычайным гальштукам. Часам той
даваўся яму без пярэчанняў, але здараліся выпадкі, калі для ўсіх было б лепей, каб ён засунуў свой гонар за пояс і надзеў гальштук з гатовым вузлом.
Гэта быў якраз той выпадак. Містар Дарлінг уляцеў у дзіцячы пакой, патрасаючы скамечаным гальштукам.
— Што такое, што здарылася, татачка?
— Што здарылася?! — ён крычаў, ён насмарэч крычаў. — Гэты гальштук, ён перастаў завязвацца! — надзвычай з’едліва працягнуў ён. — На маёй шыі — ніяк! А вось на слупку ложка — калі ласка! Так, я дваццаць разоў завязаў яго на слупку, але на ўласнай шыі — ні разу! Колькі можна!
Ён вырашыў, што місіс Дарлінг не дастаткова глыбока прачула ягоную роспач, і выдаў грозную тыраду:
— Я папярэджваю: калі гэты гальштук не будзе ў мяне на шыі, то мы не пойдзем ні на якую вячэру, а калі мяне не будзе на вячэры сёння, то я больш ніколі не пайду на працу, а калі я не пайду больш на працу, мы памрэм з голаду, а дзеці пойдуць жабраваць.
Але місіс Дарлінг заставалася стрыманай.
— Дай паспрабую, любы, — сказала яна, бо менавіта дзеля гэтага ён сюды і прыйшоў, і спакойна завязала яму гальштук сваімі прыгожымі рукамі, пакуль дзеці стаялі вакол і глядзелі, чым усё закончыцца. Некаторых мужчын зачапіла б тая лёгкасць, з якой яна справілася з задачай, але містар Дарлінг быў для такога надта лагодны. Ён проста як нічога ніякага падзякаваў жонцы, ураз забыўшыся на гнеў, а ў наступнае імгненне ўжо радасна танчыў па пакоі з Майклам на плячах.
— Як мы дурэлі, — успамінаў цяпер містар Дарлінг.
— Нашы апошнія забавы! — уздыхнула місіс Дарлінг.
— Джордж, а памятаеш, як Майкл раптам кажа мне: “Мам, а як ты са мной пазнаёмілася?”
— Памятаю!
— Яны тады былі такімі мілымі, праўда, Джордж?
— Мілымі і галоўнае нашымі, нашымі! А цяпер іх няма.
Гулі скончыліся, калі з’явілася Нэна, і, на вялікі жаль, містар Дарлінг накінуўся на яе за поўсць на штанах. Гэта былі не проста
21
22
новыя порткі — гэта былі першыя ягоныя порткі, на якія трапіла сабачае валоссе, і ён ледзь не плакаў, нават губы кусаў, каб стрымаць слёзы. Натуральна, місіс Дарлінг усё пачысціла адмысловай шчоткай, але муж не мог спыніцца: маўляў, сабака не можа рабіць за няньку ў доме.
— Джордж, Нэна — гэта сапраўдны скарб.
— He ведаю, але ў мяне часам такое ўражанне, быццам яна гадуе нашых дзяцей, як шчанюкоў нейкіх.
— Ды што ты, дарагі, яна разумее, што яны людзі.
— Я сумняюся, — прамовіў містар Дарлінг, — вельмі сумняюся.
I тады місіс Дарлінг адчула, што зараз трэба расказаць пра хлопчыка-незнаёмца. Спачатку муж паставіўся да гісторыі абыякава, але калі яна дастала з шуфляды цень, задумаўся. — “Я яго, канечне, не ведаю, — гаварыў ён, уважліва даследуючы цень, — але выглядае на нейкага прайдзісвета”.
— Памятаеш, мы абмяркоўвалі гэта, — сказала місіс Дарлінг, — і тады Нэна зайшла з мікстурай для Майкла. Болып табе не давядзецца насіць бутэлечкі ў зубах, Нэна. Гэта ўсё я вінаватая.
Містар Дарлінг быў сур’ёзным чалавекам, але няма сумневу, што з гэтымі лекамі ён абышоўся па-дурацку. Калі ў яго і была нейкая слабіна, то вось якая: ён быў упэўнены, што ўмее мужна прымаць лекі. I таму, калі Майкл адмовіўся піць змесціва лыжкі, якую паднесла ў зубах Нэна, ён з дакорам сказаў сыну:
— Майкл, будзь мужчынам.
— He буду, не буду, — не слухаўся Майкл.
Місіс Дарлінг выйшла з пакоя па цукерку для малога, але містар Дарлінг палічыў гэта праявай мяккацеласці.
— Дарагая, хопіць яго песціць, — ён крыкнуў ёй услед. — Майкл, калі я быў твайго ўзросту, я піў любыя лекі, нават не пікнуўшы. Я толькі казаў: “Дзякуй, мама, дзякуй, тата, што далі мікстуру, каб я ачуняў”.
Ен сапраўды верыў, што так і было, у тое ж верыла і Вэндзі, якая ўжо паспела пераапрануцца ў начную сарочку і пачала падбадзёрваць Майкла:
— Лекі, якія часам п’е тата, нашмат гідчэйшыя, праўда, тата?
— Наймярзотнейшыя, — адважна прамовіў містар Дарлінг, — я прыняў бы іх зараз дзеля цябе, Майкл, калі б толькі бутэлечка не згубілася.
Вядома, бутэлечка не гублялася, проста неяк сярод ночы містар Дарлінг адчыніў шафу і схаваў свае лекі ў самы дальні куток на верхняй паліцы. Аднак ён не разлічыў, што дбайная служка Ліза знойдзе іх і верне на месца ў ваннай.
— Я ведаю, дзе яны, татка, — Вэндзі заўжды была рада дапамагчы. — Я прынясу.
Дачка пабегла, а ён не паспеў яе спыніць, таму настрой у яго ўпаў.
— Джон, — задрыжаў у яго голас, — гэта наймярзотнейшыя, самыя ліпкія і салодкія лекі на свеце.
— Тата, гэта ж раз-раз — і ўсё, — весела кінуў Джон і пайшоў падганяць Вэндзі.
— Ну як я, хутка? — запыхалася ад бегу Вэндзі.
— Нават занадта, — адказаў бацька з паказной ветлівасцю, праўда, Вэндзі гэтага не заўважыла. — Спачатку Майкл, — пастанавіў ён.
— Спачатку тата, — сказаў недаверлівы ад прыроды Майкл.
— Мяне на ваніты пацягне, ты ж ведаеш, — папярэдзіў містар
23
24
Дарлінг.
— Тата, давай ужо, — не стрымаўся Джон.
— Лепей памаўчы, Джон, — абсек бацька.
— Я думала, татка, гэта для цябе не праблема, — разгубілася Вэндзі.
— Няважна, — адказаў ён. — Важна тое, што ў маёй бутэлечцы больш, чым у Майклавай лыжцы, — ён ледзь не лопнуў ад гонару. — А гэта несправядліва. Я буду паўтараць да свайго апошняга ўздыху: гэта — несправядліва!
— Тата, я чакаю, — халодна сказаў Майкл.
— Я рады, што ты чакаеш, — я таксама чакаю.
— Наш татка — баязлівец.
— Сам ты баязлівец.
— Я не баюся.
— Быццам я баюся.
— Ладна, тады пі.
— Сам пі.
У гэты момант Вэндзі прыйшла да галавы выдатная ідэя:
— А давайце вы вып’еце лекі адначасова?
— Цудоўна, — падтрымаў містар Дарлінг. — Майкл, ты гатовы?
Вэндзі адлічыла раз-два-тры — і Майкл сваё выпіў, а бацька плескануў сваё за спіну. Майкл злосна залямантаваў, а Вэндзі ўсклікнула: “Тата!”
— Што ты хацела сказаць сваім “Тата!”? — раззлаваўся містар Дарлінг. — Годзе крычаць, Майкл, я збіраўся выпіць, але... бутэлька выслізнула з рук.
Усе трое вельмі непрыязна паглядзелі на бацьку, і гэта было жудасна.
— Паслухайце, — пачаў апраўдвацца ён, калі Нэна пайшла ў ванную. — Я прыдумаў файны жарт. Нальем лекі ў Нэніну міску, а яна падумае, што гэта малако, і вып’е!
Мікстура сапраўды была малочнага колеру, але пачуццё гумару ў дзяцей было не ад бацькі, і яны з дакорам глядзелі, як ён налівае лекі Нэне.
— Ай смеху будзе! — няўпэўнена сказаў ён, а дзеці не наважыліся выкрыць яго, калі вярнуліся місіс Дарлінг і Нэна.
— Нэна, добры цюцька, — пагладжваў ён сабаку, — я табе малачка наліў.
Нэна завіхляла хвастом, падбегла да мікстуры і пачала хлябтаць. Рэзка спынілася, кінула позірк на містара Дарлінга, зусім не злосны — але ў яе на вачах выступілі слёзы, што прымушаюць нас шкадаваць высакародных сабак, — крутнулася і схавалася ў будцы.
Містару Дарлінгу стала страшна сорамна, але ён не хацеў у гэтым прызнавацца. У гнятлівай цішыні місіс Дарлінг панюхала міску.
— О, Джордж, — усклікнула яна, — гэта ж твае лекі!
— Гэта быў проста жарт, — роў ён, пакуль місіс Дарлінг суцяшала хлопчыкаў, а Вэндзі абдымала Нэну. — Цудоўна, — у яго голасе чулася горыч, — я тут з апошніх сіл выбіваюся, каб трохі павесяліць усіх у гэтым доме.
Вэндзі працягвала абдымаць Нэну.
— Канечне, — крычаў містар Дарлінг. — Суцяшайце яе! А мяне хто суцешыць? Што вы, што вы! Я ўсяго толькі нейкі кармілец, нашто мяне суцяшаць — нашто?!
— Джордж, — упрошвала яго місіс Дарлінг, — цішэй, цябе пачуюць служкі. — Неяк так выйшла, што адзіную служку Лізу яны пачалі называць у множным ліку.
— Ну і няхай! — гарачліва адказаў ён. — Няхай хоць усяму свету раскажуць. Але я больш не дапушчу, каб сабака гаспадарыў у маім доме.
Дзеці плакалі, Нэна ўмольна падбегла да яго, але ён адмахнуўся ад яе. Ён ізноў адчуў у сабе сілы:
— Няма чаго тут, — крычаў ён, — тваё месца на двары, вось і адпраўляйся туды, зараз жа!
— Джордж, Джордж, — шаптала місіс Дарлінг, — ты памятаеш, што я табе казала пра хлопчыка-незнаёмца.
На жаль, ён яе ўжо і слухаць не слухаў. Ён вырашыў паказаць, хто ў доме гаспадар, і калі загады не выгналі Нэну з будкі, ён прывабіў яе ласкавым словам і, груба схапіўшы за каршэнь, выцягнуў з дзіцячага пакоя. Яму было сорамна за самога сябе, і ўсё ж гэта не спыніла яго. Вінавата яго надта чуллівая нату-
25
ра, якая ўвесь час шукала прызнання і захаплення. Навязваўшы Нэну на заднім двары, няшчасны бацька вярнуўся ў дом, сеў і закрыў вочы рукамі.
Тым часам місіс Дарлінг у нязвыклай цішыні паклала дзяцей спаць і запаліла начнікі. Было чуваць, як брэша Нэна і румзае Джон:
— Гэта таму што яе пасадзілі на ланцуг.
Але Вэндзі была разумнейшай: