• Газеты, часопісы і г.д.
  • Пітэр Пэн  Джэймс Мэцью Бары

    Пітэр Пэн

    Джэймс Мэцью Бары

    Выдавец: Кнігазбор
    Памер: 192с.
    Мінск 2017
    60.69 МБ
    Цяпер у дзіцячым пакоі стаяла ўсяго два ложкі, — Джэйн і ейнай нянькі. Сабачая будка знікла, бо Нэны таксама не стала. Яна памерла старой, і ў канцы жыцця з ёй было надта цяжка дамовіцца — яна была цвёрда ўпэўненая, што ніхто, апрача яе, не разбіраецца ў доглядзе за дзецьмі.
    Раз на тыдзень у нянькі Джэйн быў выходны, і тады Вэндзі сама ўкладала дачку спаць. Гэта быў час гісторый. Джэйн прыдумала залазіць разам з мамай з галавой пад прасціну, быццам гэта намёт, і ў жудаснай цемры шаптаць:
    — Што мы цяпер бачым?
    — Здаецца, сёння я нічога не бачу, — сказала Вэндзі, упэўненая, што калі б тут была Нэна, іх перашэпты на гэтым і скончыліся б.
    — He, ты бачыш, — працягвала Джэйн, — бачыш, як ты была маленькай дзяўчынкай.
    — Гэта было так даўно, даражэнькая, — казала Вэндзі. — Гэх, як жа ляціць час!
    — Ён ляціць туды ж, куды ляцела ты, калі была дзяўчынкай? — спытала маленькая хітруння.
    — Ляціць, туды ж, куды і я? Ведаеш, Джэйн, часам я пачынаю сумнявацца: а ці сапраўды я лятала?
    — Канечне, ты лятала.
    — Гэх, шчаслівыя дні, калі я ўмела лятаць!
    — А чаго ты цяпер не лётаеш, мама?
    — Бо я вырасла, доня. Калі людзі вырастаюць, яны забываюць, як гэта робіцца.
    — А чаму яны забываюць?
    — Бо толькі вясёлыя, нявінныя і бессардэчныя ўмеюць лятаць, а дарослыя больш не такія.
    — А як гэта — “вясёлы, нявінны і бессардэчны”? Я таксама хачу быць вясёлай, нявіннай і бессардэчнай.
    А часам Вэндзі прызнаецца, быццам нешта бачыць.
    — Здаецца, — кажа яна, — я бачу гэты дзіцячы пакой.
    — Здаецца, гэта ён, — адказвае Джэйн. — А далей?
    I тут пачынаецца вялікая начная прыгода: Пітэр залятае ў пакой, шукаючы свой цень.
    — Дурны малец, — гаворыць Вэндзі, — ён спрабаваў прыляпіць яго мылам, а калі не выйшла — сеў і заплакаў, а потым я яму прышыла яго.
    — Ты ўсё прапускаеш, — перапыняе яе Джэйн, якая ведае гэтую гісторыю лепей за маму. — Калі ты заўважыла, як ён сядзіць на падлозе і румзае, што ты сказала?
    — Я села на ложку і спытала: “Хлопчык, чаму ты плачаш?”
    — Ага, вось так было, — сказала Джэйн, дыхаючы з хваляваннем.
    — А потым мы паляцелі за ім у Неверляндыю, да фей, і піратаў, і індзейцаў, і да русалчынай затокі, і да падземнага дома, і да маёй хаткі.
    — Ara! А што табе ў Неверляндыі падабалася больш за ўсё?
    — Думаю, больш за ўсё я любіла падземны дом.
    — Ага, я таксама. А якія былі апошнія словы, што табе Пітэр сказаў?
    — Апошнія ягоныя словы былі: “Заўсёды мяне чакай, і тады аднойчы ты пачуеш маё «кукарэку»”.
    — Правільна.
    — Але, на жаль, ён забыўся пра мяне, — сказала Вэндзі з усмешкай.
    Яна была дастаткова дарослай, каб усміхнуцца.
    — А як гучала тое кукарэканне? — спытала аднойчы Джэйн.
    — Яно гучала так, — сказала Вэндзі і паспрабавала пераняць Пітэрава “кукарэку”.
    — He, не так, — сур’ёзна запярэчыла Джэйн, — вось як трэба, — і яна пракукарэкала нашмат лепей за маці.
    183
    184
    Вэндзі была крыху ўражаная:
    — Дарагая, як ты так навучылася?
    — Я проста часта чую гэта ў сне, — патлумачыла Джэйн.
    — Ах, праўда, многія дзяўчаткі чуюць Пітэрава “кукарэку” ў сне, але я адзіная, хто чуў яго наяве.
    — Табе пашанцавала, — адказала Джэйн.
    А потым аднойчы ноччу здарылася бяда. Стаяла вясна, Вэндзі акурат скончыла баяць дачцэ казку, і Джэйн цяпер спала ў пасцелі. Вэндзі сядзела на падлозе, блізютка да каміна, каб зручней было цыраваць, бо астатняе святло ў дзіцячым пакоі пагасілі. I раптам яна пачула кукарэканне. Тады акно расчынілася, як даўным-даўно, і Пітэр зваліўся на падлогу.
    Ён быў такі ж самы, як і заўсёды, і Вэндзі адразу заўважыла, што зубы ў яго ўсё яшчэ малочныя.
    Пітэр заставаўся маленькім хлопчыкам, а яна вырасла. Яна застыла ля агню, баючыся паварушыцца, бездапаможная і вінаватая дарослая жанчына.
    — Здарова, Вэндзі, — павітаўся ён, не заўважыўшы ніякіх пераменаў, бо думаў толькі пра сябе, да таго ж, у цьмяным святле белая сукенка магла яму падацца начнушкай, у якой ён упершыню яе сустрэў.
    — Прывітанне, Пітэр, — слабым голасам адказала яна, спрабуючы сціснуцца, каб здавацца меншай.
    Штосьці ўнутры яе крычала: “Цётка, выпусці мяне, выпусці!”
    — А дзе Джон? — спытаў ён, заўважыўшы, што трэцяга ложка няма.
    — Джон тут болей не жыве, — выдыхнула яна.
    — А Майкл спіць? — спытаў ён, бесклапотна пазіраючы на Джэйн.
    — Спіць, — сказала Вэндзі і адразу зразумела, што здраджвае і Джэйн, і Пітэру. — Гэта не Майкл, — яна хутка паправілася, каб яе не паспелі папракнуць.
    Пітэр глянуў:
    — Ого, нехта новы?
    — Так.
    — Хлопчык ці дзяўчынка?
    — Дзяўчынка.
    Канец, цяпер ён усё зразумее. Але дзе там!
    — Пітэр, — яна памірала ад хвалявання, — ты думаеш, што я палячу разам з табой?
    — Ну, канечне, я таму і прыйшоў. — А потым крыху сувора дадаў: — Ты што, забылася пра вясновую прыборку?
    Вэндзі разумела: няма сэнсу тлумачыць, што ён прапусціў занадта шмат гэткіх прыборак.
    — Я не магу пайсці, — вінавата адказала яна. — Я развучылася лятаць.
    — Тады давай я зноў па-хуткаму цябе навучу.
    — О Пітэр, не пераводзь на мяне чароўны пыл.
    Яна ўзнялася, і цяпер ужо ён спалохаўся.
    — Гэта што такое? — ускрыкнуў Пітэр і адступіў назад.
    — Я запалю святло, і тады ты сам убачыш.
    Ці не ўпершыню ў жыцці Пітэру было сапраўды страшна.
    — He трэба святла! — выкрыкнуў ён.
    Вэндзі пагладзіла па валасах няшчаснага хлопчыка. Яна больш не была той маленькай дзяўчынкай з разбітым сэрцам — яна стала дарослай жанчынай, якая ўсміхалася, прыгадваючы маленства, але ўсміхалася са слязьмі на вачах.
    Яна запаліла святло, і Пітэр пабачыў. Ен застагнаў ад болю, і калі высокая дзівосная істота нахілілася, каб падняць яго на рукі, ён рэзка хіснуўся назад.
    — Што гэта? — крыкнуў ён ізноўку.
    Яна павінна была патлумачыць яму.
    — Я дарослая, Пітэр. Мне намнога больш за дваццаць. Я даўно-даўно вырасла.
    — Але ж ты абяцала не расці!
    188
    — Я нічога не магла зрабіць. Цяпер я замужняя жанчына, Пітэр.
    — He, няпраўда.
    — Праўда. I маленькая дзяўчынка ў ложку — гэта мая дачка.
    — He, няпраўда.
    Але ўсё ж такі ён, здаецца, паверыў. Ён падышоў да дзіцяці ў ложку і дастаў кінжал. Канечне, ён не ўдарыў. Замест гэтага ён сеў на падлогу і зароў, а Вэндзі не ведала, як яго суцешыць, — хаця раней бы яна справілася з гэтым без праблем. Цяпер жа яна была звычайнай жанчынай, а таму выбегла з пакоя, каб сабрацца з думкамі.
    Пітэр працягваў плакаць, і неўзабаве румзанне абудзіла Джэйн. Яна села на ложку і зацікаўлена залыпала вачыма.
    — Хлопчык, — спытала яна, — чаму ты плачаш?
    Пітэр устаў і пакланіўся ёй, і яна пакланілася яму з ложка.
    — Здароў, — сказаў ён.
    — Прывітанне, — адказала Джэйн.
    — Мяне завуць Пітэр Пэн, — прадставіўся ён.
    — Я ведаю.
    — Я вярнуўся па сваю маму, — патлумачыў Пітэр, — каб забраць яе ў Неверляндыю.
    — Так, я ведаю, — сказала Джэйн і дадала: — Я цябе чакала.
    Калі прысаромленая Вэндзі вярнулася, то пабачыла, як Пітэр сядзіць на спінцы ложка і весела кукарэкае, а Джэйн у піжаме лятае па пакоі з непрыхаваным захапленнем.
    — Вось мая мама, — абвесціў Пітэр.
    Тады Джэйн апусцілася і стала побач, гледзячы на яго тым самым позіркам, які ён любіў бачыць у вачах усіх лэдзі.
    — Яму вельмі патрэбна мама, — сказала Джэйн.
    — Я ведаю, — сумна прызналася Вэндзі, — я ведаю гэта як ніхто іншы.
    — Бывай, — сказаў ён Вэндзі і падняўся ў паветра, а бессаромная Джэйн узляцела следам — цяпер ёй здавался, што лятаць прасцей, чым хадзіць.
    Вэндзі кінулася да акна, каб яны не выскачылі.
    — He, не, — плакала яна.
    — Гэта толькі на час прыборкі, — упрошвала Джэйн, — ён хоча, каб я заўжды прыбіралася ў яго вясной.
    — Як бы я хацела паляцець з вамі, — уздыхнула Вэндзі.
    — Але ж ты не ўмееш лятаць, — сказала Джэйн.
    Вядома, урэшце Вэндзі дазволіла ім паляцець разам. Апошняе, што мы бачым, — яна стаіць ля акна і назірае, як двое нягоднікаў адлятаюць у глыб нябёсаў, пакуль не становяцца маленькімі, як зоркі.
    Калі прыгледзецца да Вэндзі, то адразу бачна, як ейныя валасы робяцца ўсё бялейшымі і бялейшымі, а постаць зноў памяншаецца, бо ўсё гэта здарылася вельмі даўно. Джэйн сама цяпер дарослая, у яе ёсць дачка Маргарэт. Кожны раз, калі вясной трэба прыбірацца ў хатцы (апроч гадоў, калі ён забываецца), Пітэр прылятае па Маргарэт ды забірае яе ў Неверляндыю, дзе тая апавядае яму гісторыі пра яго самога — ён слухае іх з асаблівым задавальненнем. Калі Маргарэт вырасце, у яе будзе дачка, якая таксама стане Пітэравай мамай, і гэтак будзе доўжыцца давеку, пакуль дзеці будуць вясёлымі, нявіннымі і бессардэчнымі.
    Пітэр Пэн уварваўся	7
    Цень	1 8
    Паляцелі! Паляцелі!	29
    Палёт	46
    Востраў насамрэч	5 7
    Хатка для Вэндзі	70
    Падземны дом	80
    Русалчына затока	89
    Нявер-птушка	103
    Шчаслівая сям’я	109
    Вэндзіна гісторыя	117
    Дзеці ў палоне	128
    Вы верыце ў фей?	134
    Пірацкі карабель	144
    “Або Крук, або я!”	153
    Вяртанне дадому	166
    Калі Вэндзі вырасла	176
    Літаратурна-мастацкае выданне
    Бары Джэймс Мэцью
    Пітэр Пэн
    Пераклад з англійскай Уладзя Лянкевіча
    12+
    Адказны за выпуск Генадзь Вінярскі Рэдактары Ганна Янкута, Паліна Грынчанка
    Мастак Кацярына Дубовік Вёрстка Валерыя Шкляр Карэктар Алена Пятровіч
    Падпісана да друку 20.11.2017. Фармат 84x108/16.
    Друк афсетны. Папера афсетная.
    Ум. друк. арк. 20,16. Ул.-выд. арк. 13,98.
    Наклад 1000 ас. (1 з-д — 1-800). Замова 1426.
    ПУП “Кнігазбор”.
    Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўца, вытворцы, распаўсюдніка друкаваных выданняў № 1/377 ад 27.06.2014. Вул. Я. Лучыны, 38-93, 220112, Мінск.
    Тэл./факс (017) 207-62-33, тэл. (029) 772-19-14, 682-83-86.
    E-mail: bkniha@tut.by
    Надрукавана ў друкарні ПУП “Джы энд Дзі”. Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўца, вытворцы, распаўсюдніка друкаваных выданняў № 2/36 ад 13.01.2014.
    Вул. Бурдзейнага, 37-191, 220136, Мінск.