Пітэр Пэн  Джэймс Мэцью Бары

Пітэр Пэн

Джэймс Мэцью Бары
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 192с.
Мінск 2017
60.69 МБ
Ён са скрухай дакараў сябе і пакляўся, што не вылезе з будкі, пакуль дзеці не вернуцца. Яго, канечне, было шкада, але містар Дарлінг калі ўжо браўся за нешта, то рабіў цераз меру, у іншых жа выпадках ён наогул адмаўляўся і пальцам паварушыць. I цяпер, калісьці гэткі ганарлівы Джордж Дарлінг ператварыўся ў найсціплейшага чалавека. Ён сядзеў у будцы па вечарах ды вёў адтуль размовы з жонкай пра дзяцей ды ўсе іх непаўторнасці.
Асабліва кранальна выглядала ягоная павага да Нэны. У будку ён яе не пускаў, але ўсе астатнія жаданні выконваў беспярэчна.
Кожную раніцу містар Дарлінг, не вылазячы з будкі, сядаў у кэб і ехаў на працу, а ў шэсць гэтак жа вяртаўся дадому. Відавочна, штосьці моцнае і грунтоўнае з’явілася ў яго характары, асабліва калі ўспомніць, як яшчэ нядаўна яго клапаціла меркаванне суседзяў — цяпер жа кожны рух гэтага чалавека ўражваў і прыцягваў увагу. У глыбіні душы ён, відаць, мучыўся, але знешне захоўваў спакой нават тады, калі нейкі дзяцюк аблаяў ягоны дамок, а перад любой лэдзі, што зазірала ўнутр, ён заўсёды ветліва прыўздымаў капялюш.
Магчыма, містар Дарлінг выглядаў далёкім ад рэальнасці. Ну і цудоўна! Неўзабаве ўвесь глыбінны сэнс і прычыны такіх дзівацкіх паводзінаў сталі вядомыя за межамі сям’і, і тады чэрствае грамадскае сэрца растала. Натоўп подбегам следаваў за кэбам, падбадзёрваючы містара Дарлінга, сімпатычныя дзяўчаты прасілі ў яго аўтограф, на першай паласе газет з’яўляліся інтэрв’ю з ім, яго пачалі запрашаць на вячэры і абавязкова ўдакладнялі: “Прыходзьце ў будцы”.
У той багаты на падзеі чацвер місіс Дарлінг, лэдзі з сумнымі вачыма, сядзела ў дзіцячым пакоі і чакала мужа. Цяпер, прыглядаючыся да яе і ўспамінаючы ейную ранейшую весялосць, якой не стала пасля знікнення дзяцей, я разумею, што нічога кепскага сказаць пра яе ўсё ж не магу. Раз яна так любіць сваіх нягоднікаў, то што тут паробіш. Бачыце, вунь яна заснула ў фатэлі. Куточак рота, які адразу ж прыцягвае погляд, зусім звяў. Рука неспакойна прыціскаецца да грудзей, нібыта ёй там баліць. Камусьці болып за ўсіх падабаецца Пітэр, камусьці Вэндзі, але я найбольш люблю
169
170
місіс Дарлінг. I каб зрабіць яе шчаслівай, я шапну ёй у сне, што дзеці вяртаюцца. Ім сапраўды засталося ўсяго дзве мілі, і лятуць яны даволі хутка. Але ёй мы проста шапнем, што яны вяртаюцца.
Ну, вось як заўжды, не варта было яе трывожыць, бо яна страпянулася і пачала клікаць неслухаў, але нікога, акрамя Нэны, у пакоі не было.
— О Нэна! Я прысніла, што дзеткі дома.
У Нэны вочы заплылі слязьмі, але ўсё, што яна магла зрабіць, — гэта пяшчотна пакласці лапу на калені гаспадыні. Гэтак яны і сядзелі, калі будка прыйшла з працы. Вось містар Дарлінг высоўвае галаву і цалуе жонку, і мы бачым, што твар яго пастарэў, але разам з тым неяк падабрэў.
Ён аддаў Лізе капялюш, які тая досыць грэбліва прыняла. У яе наогул было кепска з уяўленнем, і яна проста не разумела, чаму ён так сябе паводзіць. Звонку натоўп, што бег за кэбам, усё яшчэ весела гудзеў, і, вядома, для яго гэта было важна.
— Ты толькі паслухай, — сказаў містар Дарлінг, — усё-ткі як прыемна!
— Кучка дзяцей, — скрывіла рот Ліза.
— Сёння, дарэчы, было шмат дарослых, — запэўніваў ён, злёгку чырванеючы.
Але яна ў адказ толькі пахітала галавой, а ён не знайшоўся, як яе абсекчы. Надзвычайнае прызнанне і поспех у грамадстве не сапсавалі яго — наадварот, ён зрабіўся мілейшым. Нейкі час ён сядзеў у будцы, і, высунуўшы галаву, гутарыў з місіс Дарлінг пра свае дасягненні суцяшальна сціснуў ёй руку, калі яна засмуцілася, што гэта затлуміць яму галаву.
— Калі б я быў слабым чалавекам, то, можа быць... — казаў ён. — Божа, лепш бы я быў слабым чалавекам...
— Але, Джордж, — нясмела працягвала яна, — ты ўсё яшчэ раскайваешся, так?
— Нават больш, чым раней, любая! Ты ж бачыш, як я сябе караю: я жыву ў сабачай будцы.
— Але гэта сапраўды для цябе пакаранне, Джордж? Ты ўпэўнены, што табе не падабаецца?
— Любая, што ты кажаш!

SS
172
Паверце, у выніку яна папрасіла ў яго прабачэння за сумневы, і тады ён, сонны, скруціўся ў будцы абаранкам.
— Пайграй, калі ласка, на піяніна, я пад яго лепей засынаю, — папрасіў ён і, не падумаўшы, дадаў. — I прычыні акно ў дзіцячым, a то скразняк цягне па падлозе.
— Джордж, калі ласка, ніколі не прасі мяне аб гэтым. Акно заўсёды павінна быць расчыненым для іх, заўсёды, заўсёды!
Цяпер настала ягоная чарга прасіць прабачэння, а потым місіс Дарлінг пайшла ў дзіцячы пакой і зайграла, і ён хутка задрамаў. Пакуль ён спаў, Вэндзі, Джон і Майкл заляцелі ў пакой.
Але ўсё было не так! Мы напісалі гэта, бо такім быў іхні першапачатковы цудоўны план, прыдуманы да таго, як мы пакінулі карабель. Але, мусіць, з таго часу нешта здарылася, бо ў пакой заляцелі не яны, а Пітэр і Дзінь-Бом.
3 першых Пітэравых слоў усё стала ясна.
— Дзінь, давай хутчэй, — шапнуў ён, — зачыняй акно, на засаўку! Вось так. Мы вылецім праз дзверы, а калі Вэндзі дабярэцца сюды, то падумае, што гэта маці зачынілася ад яе, і ёй давядзецца вярнуцца разам са мной.
Цяпер я ўрэшце дапяў, што мне ўсё муляла і не давала спакою: з чаго гэта раптам Пітэр пасля перамогі над піратамі не адправіўся на востраў і не загадаў Дзінь адной суправаджаць дзяцей дадому? Аказваецца, ён увесь час трымаў у галаве падступны план.
Замест таго каб адчуць сорам, ён пачаў весела падтанцоўваць, а затым вызірнуў з пакоя: хто там грае? Ён шапнуў Дзінь:
— Гэта Вэндзіна мама! Бачыш, якая прыгожая, праўда, не настолькі, як мая. На яе вуснах безліч напарсткаў, але ў маёй мамы іх было ў сто разоў болей.
Безумоўна, ён нічога не ведаў пра сваю маці, але зрэдчас выхваляўся ёю, як мог.
Мелодыя, што гучала з піяніна, была Пітэру незнаёмая — місіс Дарлінг грала “Трэба дома бываць часцей”, — але ён разумеў, што музыка просіць: “Вяртайся, Вэндзі, вяртайся”, — і таму тут жа пераможна заляпіў: “Яна ніколі не вернецца, бо ж акно зачынена!”
Ён вызірнуў яшчэ раз, каб дазнацца, чаму музыка сціхла. Місіс Дарлінг ляжала, паклаўшы галаву на вечка піяніна, і дзве слязы блішчэлі ў куточках яе вачэй. “Яна б хацела, каб я расчыніў акно, — падумаў Пітэр, — але дулю вам, толькі не я!”
Ён зноў глянуў, і слязінкі былі там жа. А можа, гэта ўжо іншыя занялі месца дзвюх папярэдніх? “Яна страшна любіць Вэндзі”, — Пітэр размаўляў сам з сабой. Ён злаваўся: няўжо яна не разумее, чаму Вэндзі не можа быць з ёю. Прычына простая: “Я таксама яе люблю. Мы ж не можам яе падзяліць напалам”.
Але жанчына не магла справіцца з горам, і Пітэр замаркоціўся. Ён вярнуўся ў пакой і больш не глядзеў на яе, але сумная місіс Дарлінг стаяла ў ягоных вачах. Ён пачаў скакаць і крыўляцца, але калі спыніўся, то адчуў, што яна нібыта сядзіць у ім дзесьці глыбока і стукаецца знутры.
— Ну, ладна, — уздыхнуўшы, сказаў ён нарэшце.
Пітэр адчыніў акно.
— Хадзем, Дзінь, — крыкнуў ён, дражнячы законы прыроды, — абыдземся без гэных дурацкіх мам. — I паляцеў прэч.
Такім чынам Вэндзі, Джон і Майкл урэшце знайшлі акно адчыненым — як на мяне, дык абсалютна не заслужана. Яны прызямліліся ў пакоі, ні кропелькі не саромеючыся сваіх паводзін, а самы малодшы з іх, як выявілася, наогул забыў родны дом.
— Джон, — ён з сумневам глядзеў вакол, — здаецца, я тут некалі бываў.
— Канечне, бываў, дурылка. Во твой стары ложак.
— I праўда, пазнаю, — сказаў Майкл, але не тое каб надта ўпэўнена.
— Я ж табе кажу! — крыкнуў Джон. — Го, а вось і будка! — і ён кінуўся да яе, каб зазірнуць унутр.
— Цікава, Нэна там ёсць? — азвалася Вэндзі.
Але Джон прысвіснуў.
— Нічога сабе! — здзівіўся ён. — Там нейкі дзядзька.
— Гэта не дзядзька, гэта бацька! — усклікнула Вэндзі.
— А дайце, дайце мне паглядзець на бацьку, — енчыў Майкл і, падбегшы, доўга прыглядаўся да яго. — Ён, аказваецца, меншы, чым пірат, якога я забіў, — у ягоным голасе чулася
173
174
такое непрыхаванае расчараванне, што можна толькі парадавацца, што сам містар Дарлінг у гэты момант спаў. A то было б сумна, каб гэта былі першыя словы, што ён пачуў ад малога Майкла.
Вэндзі і Джон збянтэжыліся, калі ўбачылі, як бацька спіць у сабачай будцы.
— Слухай, — удакладніў Джон, быццам ужо не спадзеючыся на ўласную памяць, — ён жа раней, здаецца, у будцы не спаў?
— Джон, — Вэндзі запіналася, — магчыма, мы памятаем сваё жыццё горш, чым думалі.
Яны крыху спалохаліся — так ім і трэба!
— Нейкая безадказнасць, — разумнічаў нягоднік Джон, — мы вярнуліся, а мамы няма.
У гэты момант місіс Дарлінг зноў пачала граць.
— Мама! — крыкнула Вэндзі, вызіраючы з пакоя.
— Ага! — падтрымаў Джон.
— Дык што, значыць, ты не сапраўдная наша мама, Вэндзі? — сонна спытаў Майкл.
— Гэх, даражэнькі! — Вэндзі ўпершыню пашкадавала, што яны кінулі бацькоў. — Як добра, што мы вярнуліся хаця б цяпер.
— Давайце падыдзем, — прапанаваў Джон, — станем ззаду і закрыем ёй вочы рукамі.
Але Вэндзі разумела, што такую радасную вестку трэба паднесці далікатна, і прапанавала:
— Давайце лепей ляжам у ложкі, і калі яна зойдзе ў пакой, усё будзе так, нібыта мы нікуды не адляталі.
Так што, калі місіс Дарлінг зайшла ў дзіцячы пакой, каб праверыць, ці спіць муж, ложкі не пуставалі, як дагэтуль. Дзеці чакалі, што яна закрычыць ад радасці, але ўсё было не так. Яна ўбачыла іх, ды не паверыла сваім вачам. Разумееце, яна так часта марыла, каб яны проста спакойна спалі ў сваіх ложках, што ўжо не дзівілася гэтай мроі. I гэтым разам таксама.
Місіс Дарлінг прысела ў фатэль ля каміна, дзе раней часта чакала, пакуль яны заснуць.
А дзеці не разумелі гэтага, і халодны страх працяў іх.
— Мама! — не стрымалася Вэндзі.
— Гэта Вэндзі, — сказала сама сабе місіс Дарлінг, усё яшчэ ўпэўненая, што спіць.
— Мама!
— А гэта Джон.
— Мама! — крыкнуў Майкл. Цяпер ён зразумеў, што гэта яна.
— А гэта Майкл, — вымавіла яна і працягнула рукі да сваіх трох прымроеных неслухаў, якіх ізноў не ўдасца абняць. Ды не! Вось яны, сапраўдныя Вэндзі, Джон і Майкл — яны выскачылі з ложкаў і бягуць да яе.
— Джордж, Джордж! — закрычала яна, калі мова вярнулася да яе.
Містар Дарлінг прачнуўся, каб раздзяліць агульнае шчасце, і Нэна тут жа забегла ў пакой. Больш дзівоснае відовішча і ўявіць цяжка, але ніхто яго не бачыў, апрача аднаго маленькага хлопчыка, які неадрыўна глядзеў праз акно. Ён перажыў мноства радасцяў, невядомых іншым дзецям, але цяпер назіраў праз акно за радасцю, якой сам быў пазбаўлены назаўжды.