Плошча Калумба  Сяргей Лапцэвіч

Плошча Калумба

Сяргей Лапцэвіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 192с.
Мінск 2017
43.09 МБ
Больш за тыдзень замест урокаў малявання дзяўчаты пад кіраўніцтвам жонкі Фёдара Міхайлавіча працавалі над касцюмамі, а хлопчыкі разам з настаўнікам майстравалі з фанеры, кардону і фольгі зоркі, Сонца і Месяц, і яшчэ нейкія языкатыя і расшчэпленыя, падобныя да рыцарскіх, сцягі.
Калі скончылі, наладзілі паказ. Ён прайшоў па вузкіх дарожках школьнага двара ўздоўж хваравітага выгляду кустоў і яблынь.
Наперадзе працэсіі адзіны, чыё адзенне не зведала змены, крочыў Фёдар Міхайлавіч. За ім яго жонка, апранутая ці то ў свабодную грэцкую туніку, ці то ў споднюю сялянскую кашулю ярка-чырвонага колеру. На яе галаве быў велізарны, сплецены з палявых кветак вянок. Следам за ёю, выбудаваўшыся ў калону па адным, рухаліся ў туніках астатнія вучні. Увесь эфект псавала тое, што ў хлопчыкаў з-пад адзення выглядалі школьныя сінія штаны (апранаць тунікі без штаноў яны наадрэз адмовіліся). У руках вучні неслі тыя самыя, вырабленыя з фольгі і кардону, змешчаныя на тронкі ад рыдлёвак сімвалы прыроды зоркі, Сонца, Месяц і, вядома, расшчэпленыя сцягі, якія луналі на ветры, вецер і сімвалізуючы.
Выйшаўшы са школы, працэсія ў поўнай цішыні двойчы абышла двор і вярнулася назад. Пасля гэтага здзіўленых гледачоў бацькоў і вучняў, што не бралі ўдзелу ў шэсці, запрасілі на выставу дзіцячага малюнка ў фае. У аб’ектыў камеры трапілі толькі Надзіны карціны.
13
Трэба сказаць, што пасля таго фільма ў Надзі і пачаліся ці, хутчэй, узмацніліся праблемы з аднагодкамі.
Ужо сам фільм паказваў на прычыну разладу. Адсутнасць пэўна акрэсленага ўласнага меркавання дазволіла аўтарам зняць сапраўднае кіно, адлюстраваўшы той момант з амаль дакументалызай дакладнасцю.
У фільме Надзя падкрэслена самотная, згуртаваныя ж вакол Фёдара Міхайлавіча дзеці складаюць сабой групу. Надзя ўжо займаецца мастацтвам. Дзеці занятыя чымсьці масавым і дэкларатыўным (мастацтва для іх падмененае на групавы парыў, на супольнае суперажыванне). Надзя, хутчэй за ўсё, і ёсць тая індывідуальнасць, пра якую так горача кажа Фёдар Міхайлавіч і ў пошуках якой, аднак, стварае адваротнае калектыў, які ўступае ў супярэчнасць з гэтай самай індывідуальнасцю. Усё найлепшае ў Надзі ад самоты, усё найлепшае ў дзецях ад іх згуртаванасці.
Такім чынам, замест аднаго фільма аўтары мімаволі знялі два. Адзін пра індывідуальнасць і самоту, іншы пра калектыў. У фільме яны суіснуюць у проста-такі смяротнай небяспецы поруч адно з адным.
Надзя ніколі не казала бацьку пра нелюбоў аднакласнікаў да сябе. Ды і казаць асабліва не было чаго. У адкрытую яе ніколі не чапалі. Нелюбоў выяўлялася ў адчужэнні, у прыглушаным шэпце, у касавурых позірках і перадузятасці. Надзя не злавала на аднакласнікаў, хутчэй саромелася. Яна адчувала, як сваімі поспехамі мімаволі раніць дзяцей. Яна нават спрабавала іранізаваць са сваіх прац. Але ад гэтага рабілася яшчэ горш. Побач з казанямі бацькі, які быў для дзяцей больш, чым настаўнік, за яе іронію з мастацтва, як з чагосьці, паводле яе словаў, не такога ўжо і важнага, яе сталі лічыць манюкай і крыўлякай.
14
Вось адзін са звычайных дзён, які Фёдар Міхайлавіч пасля будзе асацыяваць з найлепшым часам свайго жыцця, а Надзя намагацца забыць.
Зіма. Вечарэе. Ад таго, што ў класе, дзе праходзіць занятак, вельмі цёпла, узоры на вокнах здаюцца намаляванымі.
Пасталелыя з часу здымак фільма гадоў на пяць хлопцы пішуць ля мальбертаў. Задаволены заданнем, якое ён прыдумаў, Фёдар Міхайлавіч ходзіць паміж вучнямі. Камусьці робіць заўвагі, кагосьці сцісла хваліць. На ўсіх малюнках адно і тое ж: марознае акно. Але наколькі па-рознаму кожны бачыць яго! У аднаго проста святочны карагод кветак, у ім адгадваюцца ўпрыгожаная ялінка і вір руху ў чаканні Калядаў. Замёршы, Фёдар Міхайлавіч здымае пробу, як з гатаванай на агні стравы, жмурыцца, прыцмоквае ад задавальнення. У іншага ўзоры нагадваюць нябачаных белых медуз, нібы акно гэта незвычайнае і праз яго бачная фантастычная ледзяная краіна. У трэцяга на шкле старадаўні, такі, як ткуць бабкі, арнамент. Для наступнага або наступнай акно падобнае на вожыка і нават мае вочкі, якія глядзяць проста на цябе. Нягледзячы на тое, што ўсе вокны розныя, ёсць у іх нешта агульнае. Усе яны, хоць і добрыя па задуме і колеры, аднак па сутнасці тыя самыя, што і пяць гадоў таму, дзіцячыя малюнкі. Разгледзеўшы і ўсміхнуўшыся, здзіўлена бачыш побач рослых падлеткаў. Іх твары апрычоныя, як у манахаў. Вочы слязяцца наіўнай, таксама дзіцячай радасцю. Міжволі думаеш: як ім будзе ў дарослым жыцці? Хочацца дапамагчы, але як? Любыя словы пра будучыню раняць іх. Лепш бы яна не надыходзіла. Навошта яна ім?
Надзя, хоць яна і побач, але крышку ў баку: яе мальберт у самым куце каля сцяны. Гэта ўжо дзяўчына, гэта ўзбуялая кветка. Толькі яна сама баіцца свайго буяння і, мусіць, ад гэтага замыкаецца яшчэ больш. Ці разумее яна, што прыгожая? Мусіць і ўжо асцярожна карыстаецца сваёй прыгажосцю. Многія хлопчыкі ў класе безнадзейна глядзяць у яе кут. Яна або не адказвае ім зусім, або глядзіць, як старэйшая сястра, і хутчэй на іх працы, быццам пытаючыся: «Ты хочаш даведацца пра маё меркаванне?» У адрозненне ад Фёдара Міхайлавіча, яны не выклікаюць у яе захаплення. Наадварот, яна ўстрывожаная іх інфантыльнасцю. He ў сілах што-небудзь растлумачыць, яна вяртаецца да свайго малюнка. Зноў засяроджваецца на дакладных лініях.
15
1994 год. Новая Расія. 3 прычыны ўскрай нізкага ўзроўню ведаў і, як наступства, нікчэмнага адсотка паступленняў у вну, эксперымент у школе Фёдара Міхайлавіча быў прызнаны няўдалым. Атрымаўшы загад расфарміраваць мастацкі клас, ён тут жа падаў заяву пра звальненне.
He, ён зусім не збіраўся тады сыходзіць. Калі пісаў заяву, быў упэўнены, што на яго падтрымку паўстануць бацькі, грамадскасць горада, тыя ж СМІ, якія былі частымі гасцямі ў школе. Аднак нічога такога не здарылася. Было не да яго.
Перажывалі і хваляваліся з іншай нагоды. Злачыннасць, хаос, барацьба за выжыванне, няўпэўненасць у заўтрашнім дні. Побач з настаўнікам тады засталіся толькі яго вучні.
I зноў жа гэта толькі надало сілаў Фёдару Міхайлавічу. Цяпер, адчуваў ён, было ўжо не да індывідуальнасці, яе якраз было з лішкам. Яна, у імгненне вока выпушчаная на волю і, на яго думку, не гатовая да свабоды, якраз і ўяўляла пагрозу. He абцяжараная адукацыяй, індывідуальнасць была, як ён меркаваў, ці не галоўным злом новай эпохі.
Цяпер ён трызніў традыцыямі і акадэмізмам, пераемнасцю і рамяством. Да таго асабліва не цікавячыся палітыкай, прылічыў сябе да прыхільнікаў манархізму. Каб нагадаць людзям пра нешта большае, чым яны самі, звярнуўся да гісторыі. Задумаўшы стварыць музей роднага краю, стаў вывучаць архівы, сустракацца з краязнаўцамі, выправіўся з вучнямі ў экспедыцыю, стварыў цыкл прац «Куткі роднай прыроды», у якіх апісаў характэрныя асаблівасці пейзажу, якія адрозніваюць яго край.
Праз год Надзя з’ехала паступаць у мастацкую акадэмію, аднак замест гэтага падала дакументы ў архітэктурна-будаўнічы інстытут.
Здрада дачкі а менавіта так Фёдар Міхайлавіч паставіўся да яе рашэння стала для яго яшчэ адным доказам вернасці яго тэорыі пра «індывідуальнасць». Цяпер яму было ясна, чаму дачка выклікала ў яго асцярогу. Яна з самага дзяцінства была сапраўднай індывідуалісткай. Фёдар Міхайлавіч тады з лёгкасцю змяшаў паняцці індывідуальнасці і індывідуалізму, якія і напраўду цяжка адрозніць, вылучыўшы ў іх агульнае: сваволю, ганарыстасць і нежаданне лічыцца з меркаваннем навакольных.
Пацешна, але яшчэ нядаўна менавіта гэтыя якасці ён лічыў неабходнай умовай існавання таленту.
16
Надзя вінавата распавядала, што менавіта тады ў Фёдара Міхайлавіча з’явіліся катэгарычнасць і бескампраміснасць, з якімі ён не расстаўся і сёння. Зразумела, што прычынай гэтага яна лічыла сябе. Нават цяпер, вяртаючыся ў мінулае, дакарала сябе, быццам нешта магла змяніць.
Распавядаючы, яна запэўнівала, што гэта праз яе Фёдар Міхайлавіч парваў тады з вучнямі.
Да таго часу іх засталося з дзясятак. Самыя стойкія, яны былі побач ва ўсіх яго пачынаннях: удзельнічалі ў рамонце вылучанага гарадскімі ўладамі пад музей падвальнага памяшкання, нават, падзарабляючы то тут, то там, дзялілі з ім нейкія фінансавыя выдаткі.
Быццам манарх смутнага часу, Фёдар Міхайлавіч гадаў, ад каго з іх услед за дачкой чакаць падману. Зрабіўся не столькі патрабавальным, колькі падазроным. У задуменні бачыў сумнеў. У адхіленасці варожасць. У маўчанні абыякавасць. У адзін міг змяніўся і яго погляд на здольнасці вучняў. Патрабуючы ад іх тэхнікі, якой калісьці прынцыпова не навучаў, Фёдар Міхайлавіч хутка адбіў у іх усякую ахвоту да творчасці. Сваёй раздражняльнасцю і незадаволенасцю прымусіў усумніцца ў сабе і, як вынік, у правільнасці жыццёвага выбару.
Неўзабаве ён застаўся адзін.
Я не стаў пераконваць Надзю, што, магчыма, было трохі інакш, і справа зусім не ў ёй, а ў тым, што такім чынам Фёдар Міхайлавіч свядома пазбавіўся ад вучняў. I калі б ён не рабіў так кожны раз, калі канчаўся чарговы яго жыццёвы этап, ён папросту не змог бы прымірыць у сабе свае скрайнасці. I ўся рэч у вельмі
сур’ёзным стаўленні да сябе, праз якое Фёдар Міхайлавіч не ўмеў і не жадаў прызнаваць свае памылкі, а без падобнага прызнання або нават пакаяння яго блізкія не прынялі б зменаўу ім або, таго горш, кпілі б з яго.
Фёдар Міхайлавіч нават сам-насам з сабой не любіў звяртацца да гэтай тэмы і ставіўся да сябе ўчорашняга (і тым больш заўчорашняга), як да зусім розных людзей, што выклікаюць у яго ледзь не пагарду.
17
На маё пытанне пра тое, ці не шкадуе яна пра выбар прафесіі, Надзя літаральна адказала наступнае: «Калі б ты бачыў, як мы жылі, ты б усё зразумеў. Грошай у нас практычна не было. Мама падзарабляла тым, што вяла дзіцячую студыю. Яе заробку ледзь хапала на ежу. Тата пра грошы зусім не хацеў чуць. Ён быў упэўнены: таго, што ёсць, цалкам дастаткова, і растрачваць сябе яшчэ на нейкія там падпрацоўкі ледзьве не грэх. Я не ведаю, колькі эканоміла мама, каб сабраць на квіток, але каб адправіць мяне і даць на ўладкаванне, ёй давялося займаць».
Першы час для Надзі быў самым цяжкім. Што б яна ні рабіла, паўсюль адчувала нябачную прысутнасць бацькі. Ён так і не задаў ёй пытання, чаму яна вырашыла зрабіцца архітэктарам, але ў зносінах з ёй усім выглядам дэманстраваў расчараванне, якое меў ад яе ўчынку. Калі Надзя гасцявала дома на вакацыях і дапамагала яму ў музеі, ён прымаў гэта як належнае, даючы зразумець, што гэтым дачка нічога не зменіць.