Плошча Калумба  Сяргей Лапцэвіч

Плошча Калумба

Сяргей Лапцэвіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 192с.
Мінск 2017
43.09 МБ
«Ахтунг, ахтунг!» у твар сцюардэсе, крыўляючы нямецкую, пад рогат таварышаў выкрыквае самы шустры. Сцюардэса ветліва ўсміхаецца, працягвае рабіць сваю працу, пасажыры не звяртаюць на юнакоў увагі. Хто ўткнуўся ў ноўтбук, хто у часопіс, хто, надзеўшы
Плошча Калумба навушнікі, выбірае на ўбудаваным у падгалоўнік маніторы цікавы яму фільм. Каб не раздражняцца, я прашу сцюардэсу перасадзіць мяне падалей. Разумею, што гэта адзіная рэакцыя на хамства, якая мне цяпер даступная. Бачу, што сцюардэса перажывае за мяне больш, чым наконт нанесенай ёй абразы. Свабоднае толькі падвойнае месца ў хвасце, і, перабраўшыся на яго, я немаведама навошта доўга гляджу ў апраметную цемру ілюмінатара.
Недзе там, ў далёкім ужо Нью-Ёрку вярнуўся дадому Шаршаневіч. Недзе там наперадзе мяне чакаюць дом і сям’я. Я засумаваў і стаміўся, і толькі цяпер разумею, як хачу дадому. Раптам разумею, што менавіта з гэтым пачуццём жыве кожны дзень Шаршаневіч. Але мне невядома, мне зусім невядома, як гэта кожны дзень, кожны божы дзень адведзенага жыцця, хацець дадому.
Пасля вячэры пасажыры рыхтуюцца да сну: адкідваюць крэслы, накрываюцца пледамі, прыладжваюць на вочы святлонепранікальныя павязкі. Спрабую заснуць і я.
«Ахтунг, ахтунг», чую, засынаючы, голас юнака, які дражніць сцюардэсу.
ФЁДАР МІХАЙЛАВІЧ
1
Фёдар Міхайлавіч мне яўна кагосьці нагадваў. Прафесарскі выгляд, беласнежныя пышныя кудзеры, бародка-капыток, злёгку прыпухлыя вочы. Гэта потым я даведаўся, што зрок у яго выдатны, а тады вырашыў, што ён забыўся на акуляры. Погляд яго рухаўся грувастка, нібы перыскоп, што падымаецца з глыбіняў.
Спачатку, па просьбе Надзі, я стаў яго «павадыром». Прапанаваў месца побач з сабой. Аддаў свой буклет. Паказваючы на прысутных, пералічыў імёны і заслугі. Мы сустрэліся на адкрыцці выставы вядомага мастака, якога Фёдар Міхайлавіч не ведаў, як, уласна, не ведаў нікога ў нашым горадзе. Вымушана перасяліўшыся да дачкі, якая вадзіла яго па лекарах, нават у такім становішчы ён шукаў таварыства і не мог заставацца ў адзіноце.
Прадстаўляць яго самога камусьці не давялося. Пасля кароткага ўступу, калі наведнікі рассыпаліся па зале, а я памахаў прыяцельцы, якую не бачыў прынамсі
Плошча Калумба год, ён, на маё здзіўленне, ужо ажыўлена гутарыў з аўтарам выставы.
Хутчэй задаволены, я не стаў яму замінаць і, пазіраючы з боку, зразумеў, каго мне нагадваў Фёдар Міхайлавіч.
Ён быў падобны не на аднаго канкрэтнага чалавека, а на цэлую групу людзей вядомых, яркіх, якія ўжо ўвайшлі ў гісторыю і грунтоўна ў ёй загразлі. Ці знарочыста ён са свайго боку падкрэсліваў гэтае падабенства, у сэнсе, ці цытаваў ён іх? He думаю: хутчэй, гэта было ўнутранае сваяцтва. Падбародак уверх, пастава, грудзі распраўленыя, як бы з выклікам, а яшчэ рукі. I хоць яны ў Фёдара Міхайлавіча былі зусім звычайныя не жылістыя, не якія-небудзь асабліва прыгожыя і зусім не музычныя, нейкая сіла ў іх была. Я б назваў яе артыстычнай. Яны то дырыжыравалі, то пагражалі, то заклікалі, то, нават знаходзячыся ў спакоі, завяршалі сабой позу, як ля помніка самому сабе.
Пакуль я разглядаў Фёдара Міхайлавіча, яго і мастака абступілі наведнікі. Цяпер, калі яны па-хуткаму абышлі выставу і склалі ўласнае пра яе меркаванне, яны з прыемнасцю гатовыя былі слухаць. Мы з сяброўкай таксама падышлі.
У той момант прамаўляў мастак. Гаварыў, ледзь заікаючыся, з вялікімі паўзамі, з цяжкасцю падбіраючы словы. Было зразумела, што ён разгублены і ў такім тоне гаварыць сёння наўрад ці збіраўся. Перад уважлівым і патрабавальным поглядам Фёдара Міхайлавіча, перад яго лагоднай і нават міласэрнай усмешкай ён здаваўся вучнем, які дае справаздачу перад настаўнікам. I было весела, што яны знаёмыя ўсяго некалькі хвілін. Я зразумеў, што не толькі мне Фёдар Міхайлавіч нагадвае сваіх знакамітых прататыпаў.
У дадатак да гэтага, назіраючы, як ён слухае суразмоўцу, мне раптам падумалася, што аднаго зместу словаў для Фёдара Міхайлавіча мала. I ён грунтоўна, як следапыт, прыслухоўваецца і прыглядаецца да іншага. Да таго, што вельмі важна яму: ці ў належнай ступені яго суразмоўца пашанлівы да самога Фёдара Міхайлавіча? Ці разумее, хто перад ім? I гэта патрабаванне шанаваць не яго асабіста, а хутчэй мастацтва, якое ён тут прадстаўляе.
Нарэшце Фёдар Міхайлавіч, адшукаўшы ў прамове мастака тое, што хацеў, ужо куды добразычлівей усміхаючыся, перавёў погляд на яго карціны.
Выбраўшы момант, калі ён, відаць, ненадоўга застаўся адзін, я падышоў да яго і пацікавіўся, як хутка ён збіраецца сыходзіць: калі трэба, я магу падкінуць яго дадому на сваёй машыне. Мусіць, гэта было груба з майго боку, бо, задаючы гэтыя пытанні, я не задаў прамежкавых. Як яму тут і што ён думае? I атрымліваецца, мяне не цікавіла яго меркаванне. Гэта відавочна зачапіла Фёдара Міхайлавіча: ён глянуў на мяне так, быццам я быў толькі гідам прымаючага яго боку.
He, дзякуй, азваўся ён. Вы едзьце. Калі будзе трэба, я выклічу таксоўку, ён паказаў мне свой мабільнік.
Развітаўшыся, мы рассталіся, і, сыходзячы, я лаяў сябе за рэзкасць.
Ужо ў машыне, напэўна, з пачуцця віны за не выкананую да канца просьбу, я патэлефанаваў Надзі. Іранізуючы з уласнага бацькі, яна выслухала мой аповед. «Што зробіш: ён такі, падагульніла яна. Дзякуй, што дапамог. Ты не ўяўляеш, як цяпер яму гэта патрэбна».
2
Упершыню пра Фёдара Міхайлавіча я пачуў два гады таму, калі Надзя толькі ўладкавалася ў нашую кампанію і ўжо літаральна праз тыдзень папрасіла мяне падмяніць яе ў аддзеле на некалькі дзён. Яна сказала, што ёй трэба тэрмінова ляцець да бацькоў, каб забраць сына. Выгляд у яе пры гэтым быў бязрадасны.
-	Што-небудзь здарылася? спытаў я.
-	Бацькі не аддаюць мне яго.
-	???
-	Такое ўжо было, яны лічаць, што цяпер мне не да дзіцяці.
-	Можа, яны маюць рацыю? ведаючы, што Надзя толькі-толькі выйшла замуж другі раз і ўсяго месяц як пераехала ў наш горад да мужа, я паспрабаваў супакоіць яе, прапанаваўшы зірнуць на сітуацыю з жыццёвага гледзішча. Абжывіся, асвойтайся, а потым прывязеш яго.
-	He, ты не разумееш: ён яго потым ужо не аддасць.
-	Хто «ён»? Я са здзіўленнем паглядзеў на Надзю. Яна пачала распавядаць.
3
Ці мела б гісторыя Фёдара Міхайлавіча для мяне такое значэнне, калі б не Надзя? Скажам, даведайся я пра яго па-за сувяззю з яе гісторыяй? Наўрад ці. Напэўна, як і раней, калі я чуў падобнае, яна выклікала б у мяне толькі захапленне і нейкае традыцыйнае пакланенне ўнутраным якасцям Фёдара Міхайлавіча. I, мусіць, абасобленую, я б яе папросту не зразумеў. Так, менавіта прысутнасць побач Надзі змяняла ўсё. I, ма-
быць, гэтыя два гады я толькі і рабіў, што выбіраў, чый бок мне заняць, бацькі ці дачкі. Чамусьці гэта было важна. Але, нягледзячы на ўнутраныя ваганні, зразумець Фёдара Міхайлавіча мне было лягчэй.
Спачатку Надзя расказвала гісторыю бацькі і адначасова сваю, таму што ёй трэба было камусьці выгаварыцца, а акрамя мяне ў нашым горадзе ў яе не было сяброў. Затым таму што гаварыць у нас увайшло ў звычку і яе гісторыя стала часткай нашых адносін, як бы яшчэ адной асобай, якую мы абавязкова павінны былі згадаць.
Пасвячаючы мяне ў падрабязнасці, Надзя нават не столькі раілася, колькі прамаўляла ключавыя моманты, спрабуючы, нарэшце, зірнуць на ўсё з боку.
4
Фёдар Міхайлавіч не быў злыднем, калі не аддаў дачцэ сына. Яго, як і мяне, раздражняў яе выбар. Таленавітая мастачка, яна ўжо мела некалькі персанальных выстаў, адну з іх у Парыжы, цалкам пэўныя перспектывы продажаў і нават маскоўскую прапіску, якая дасталася ёй ад першага мужа, калі выпадкова пазнаёмілася з правінцыйным доктарам і, кінуўшы ўсё, раптоўна пераехала ў наш горад.
Але зусім не гэты пераезд зачапіў Фёдара Міхайлавіча, таму што ён у свой час, таксама, як і дачка, уцёк са сталіцы, а адкрытае, проста-такі гарачае імкненне дачкі да немудрагелістага, на яго погляд, жаночага шчасця. I, перажываючы за дачку, баючыся наступстваў гэтага кроку, ён хацеў хоць бы выратаваць унука (зберагчы ад заразнага шчасця маці!). I такім чынам паўплываць на дачку. Так ужо выйшла, што асабісты
Плошча Калумба след, які меў намер пакінуць Фёдар Міхайлавіч, як ні дзіўна, быў звязаны не з яго палотнамі (у іх жыццё пасля сваёй смерці ён не верыў), а з гэтым талентам, які ён мог узгадаваць і пакінуць квітнець і пладаносіць пасля сябе.
Доўгі час ён верыў у дачку, а да моманту нашага знаёмства пачаў ускладаць надзеі на ўнука.
5
Замест цацак у дзяцінстве ў Надзі былі алоўкі. Да гонару Фёдара Міхайлавіча, найлепшыя алоўкі мяккія, якія зручна вастрыць.
Замест сябровак фарбы. He якія-небудзь, a «Нява». Замест смачных цукерак кнігі. Часта ў астатні перад зарплатай тыдзень сям’я ела нішчымную бульбу. Але ў гэты час у доме, нягледзячы ні на што, магла з’явіцца новая кніга. Усе разумелі, што грошы, каб купіць яе, Фёдар Міхайлавіч заняў.
Замест летніх паездак да мора былі эцюды. Замест кінафільмаў альбомы з рэпрадукцыямі.
У дзевяць гадоў у Надзі была першая выстава. Мясцовае тэлебачанне прыехала зняць рэпартаж, які потым перарос у кароткаметражны фільм.
Рэжысёрскае адкрыццё чаргаванне чорна-белага кіно з каляровымі дзіцячымі малюнкамі. Пад прыглушаную класічную музыку гутарка журналісткі з юнай мастачкай. Журналістка шпарыць па-напісанаму. Чорная вадалазка, стылізаваныя пад афрыканскія гліняныя каралі, і прычоска «а-ля Мірэй Мацье» усё гэта выдае ў ёй асобу са сферы культуры. Дзіця апранутае па кантрасце: цёплыя калготкі, паўзверх бязглуздая плісіраваная спаднічка, крыху закароткі швэдар
з аленямі. Патэтычны тон журналісткі перашкаджае размове. Дзіця адказвае ў тым самым духу. Неўзабаве стамляецца ад хлусні й змаўкае. Позірк дзяўчынкі блукае па пакоі, уцякае ў акно. Камера накіроўваецца за ім. Музыка робіцца гучнейшай. Восень. Празрысты парк ля Дома піянераў. Колер.
«Надзя, адкуль ты бярэш сюжэты?» «Яны мне сняцца».
Гэта была няпраўда. Сны Надзя бачыла іншыя. Звычайныя цягучыя кашмары і яшчэ як лётае. Пра апошнія тата казаў: «Расцеш». Аднак ні тых, ні іншых яна асабліва не запамінала. А свае сюжэты прыдумляла, як прыдумляе прафесійны мастак. Ужывалася ў пейзаж, маркоцілася ў яго някідкасці, адчувала адзіноту, і тады прачыналася ўяўленне. Уяўленне явіла анёла.