Плошча Калумба  Сяргей Лапцэвіч

Плошча Калумба

Сяргей Лапцэвіч

Выдавец: Галіяфы
Памер: 192с.
Мінск 2017
43.09 МБ
Вольга з такой нагоды змяніла сваю вечную байку на парадную з блёсткамі блузку. Я, так і не вызначыўшы па іх расповедах фармат установы, абмежаваўся тым, што замяніў пад швэдрам блакітную майку на белую.
Нейкі час выбіралі маршрут. Таксоўкі нават не разглядалі, таму што ў іх раёне проста так яны не ездзяць. А як замаўляць па тэлефоне, ні Шаршаневіч, ні Вольга не ведалі. Ад метро адмовіўся я, пачуўшы, што ходзіць аўтобус. У нью-ёркскім метро я ўжо накатаўся, а аўтобус даваў магчымасць праехацца па той частцы Брукліна, у якой я яшчэ не быў.
Ужо ў бістро да нас павінна была далучыцца сваячка Шаршаневіча.
Я хутка пашкадаваў, што падбіўусіх ехаць на аўтобусе. Віды за акном хутка надакучылі. Здавалася, быццам адзін і той жа квартал паўтараўся ў варыяцыях. Маленечкія домікі з пачварнымі выцвілымі шыльдамі, дамы трушчобы не трушчобы хутчэй інтэрнаты для ўсіх рас і народнасцяў планеты. Квартал хасідаў, у якім таксама не было ўтульнасці: цвіль, што паядае ўвесь раён, забралася і ў яго. Шаршаневіч вяшчаў амаль на ўвесь аўтобус, як першы час нелегальна працаваў у габрэяў-багамольцаў за капейкі ў таксі. He заўважаючы
касавурых поглядаў, заявіў, што грош цана таму народу, гуманізм якога распаўсюджваецца толькі на сябе.
У кавярні, або, як яго называлі мясцовыя, кітайскім буфеце, наведнікаў было бітком, і мы некаторы час прастаялі ў дзвярах, чакаючы пакуль вызваляцца месцы. За гэты час я агледзеў установу. Абслугоўвалі тут па прынцыпе шведскага стала. Па цэнтры залы цягнуліся прылаўкі з латкамі, даверху запоўненымі як усялякімі экзатычнымі для мяне стравамі, так і тымі, на якіх я ўжо знаўся. Вакол прылаўкаў раіліся цэлыя натоўпы народа, да нейкіх было не падысці. «Там лангусты», злавіўшы мой позірк, паведаміла Вольга. Алкаголю не было зусім, але ў буфет дазвалялася прыносіць сваё. Наведнікі былі вельмі розныя, але ў цэлым акурат цалкам тыповы зрэз жыхароў Брукліна з выгляду разнастайныя нізавыя працаўнікі амерыканскай эканомікі. Звыклыя да скрайняй беражлівасці, тут яны траплялі проста ў нейкі гастранамічны рай, бо, выплаціўшы па дваццаць даляраў за асобу, маглі браць усё, што заманецца. Праўда, як распавяла Вольга, часам кітайцы такі дазваляюць намякнуць асабліва нахабным, маўляў, трэба й меру ведаць, дэманстратыўна, не кажучы кліенту нічога благога, проста прыбіраюць яго посуд. Таму, зразумела, нічога не застаецца, як пайсці.
Мой позірк прыцягнула вялікая іспанская сям’я. Праўда, ці іспанская? У Нью-Ёрку я пачаў блытацца з вызначэннем нацыянальнасцяў, зразумеўшы, што прадстаўнікоў многіх бачу ўпершыню, і ў гэтым сэнсе мае рацыю Шаршаневіч, калі кажа, што ўсе мы тут, незалежна ад нацыянальнасці, рускія. «Так лічаць, перш за ўсё, самі амерыканцы», апраўдваючыся, адказаў ён мне, калі я некалькі дзён таму накінуўся на яго
і стаў даводзіць, што гэта погляд вельмі неадукаванага чалавека. Аднак цяпер раптам зразумеў, што і сам знаходжуся ў ролі такога, і сям’я, на якую я загледзеўся, можа быць адкуль заўгодна: з Бразіліі, Калумбіі, Венесуэлы, Чылі ды ці мала. Уяўляю, што б я падумаў пра суразмоўцу, калі б той пераблытаў мяне, скажам, з палякам або літоўцам. Але, выходзіць, я і сам не бачу гэтай розніцы. Хуткая гаворка, інтэнсіўная жэстыкуляцыя, раптоўныя выбухі эмоцый усё гэта для мяне толькі агульная прыкмета расы, класіфікаваць якую дакладней, з першага (ды і з другога, і з трэцяга) погляду я не здолею.
Муж, жонка, пяцёра дзяцей. Муж паважна і дзелавіта адкаркоўвае літровую бутэльку белага віна. Жонка прымудраецца адначасова размаўляць з кожным з дзяцей. I вось яно тое, што робіць Нью-Ёрк Нью-Ёркам. Аказваецца, усім ім тут, нягледзячы ні на што добра. Бо яны разам. I яны дружна правядуць гэты дзень. Ды і які-ніякі, а ў іх сям’і цяпер дабрабыт. I вось зноў жа кітайскі буфет. Гэта бачна па твары мужчыны, які ўжо прапусціў шкляначку. Па твары жанчыны, якая па звычцы хутка есць. Шчаслівыя і дзеці, і гэта таксама бачна па іх пачварных паводзінах.
Літаральна тое самае можна сказаць пра парачку рускіх п’янюг побач (тут ужо без сумневу ні палякаў, ні літоўцаў), якія з асалодай і самазабыўна распіваюць паўлітру «Смірноўкі». Закусваюць беленькую сакавітым мясам лангустаў.
«Свабодны стол!» ускліквае Вольга і, не чакаючы, пакуль мы зразумеем дзе, накіроўваецца да яго.
Побач з нашым сталом вешалка, агледзеўшыся, я не вельмі разумею, навошта заседжвацца ў буфеце, але і я здымаю куртку і вешаю паўзверх куртак
Плошча Калумба Шаршаневіча і Вольгі. «Патэлефануй Светцы, кажа Шаршаневіч. Што гэта за манера спазняцца?» «Хто б казаў», парыруе Вольга. «Ну-ну...» толькі і адказвае Шаршаневіч, маючы на ўвазе, што і для яго вечар будзе цяжарам, але ён сцерпіць усё дзеля жонкі. Тая ж папраўляе на сабе блузку, парадкуе валасы, і я толькі цяпер заўважаю (усю дарогу Вольга была ў башлыку), што яны аформленыя ў прычоску і ладна спырсканыя лакам. «Вось твая Светка», махаючы рукой, скрозь зубы кажа Вольга. «Чаму мая?» бурчыць Шаршаневіч, Светка сямейная легенда. Нават у нас у Менску яе часцяком згадваюць на хатніх вячорках. У сярэдзіне дзевяностых яна з’ехала ў ЗША ўслед за Шаршаневічам. Уладкавалася бэбісітэркай да яго дзядзькі. Трэба сказаць, дзядзька Шаршаневіча слыў у нашых сем’ях сапраўдным дабрадзеем, таму што на паўгода (на такі тэрмін давалі тады гасцявыя візы) прымаў жанчын з нашых сем’яў, каб яны няньчылі яго дачок. Нават аплаціўшы пералёт, ён не прайграваў. Што да нашых жанчын, дык яны прывозілі тады з Амерыкі ледзь не маёнтак дзве-тры тысячы даляраў і некалькі валізак карыстанага амерыканскага адзення.
Светка адпрацавала ў дзядзькі месяцы два і раптам знікла. У цыдулцы, пакінутай ёю, значылася: «Гэта маё рашэнне, прабачце, калі зможаце. Я сустрэла чалавека, якога пакахала. Мужу і дачцэ паведамлю сама».
Колькі тады было версій! Усе яны, вядома, тычыліся асобы таго самага чалавека, якога пакахала Светка. Ён выяўляўся то старым-мільянерам з Коні-Айленда, то чарнаскурым сутэнёрам, то будаўніком-румынам, то нават рабінам з найбліжэйшай сінагогі. На справе ж Светка палюбіла турка-рэстаратара.
Гэты раман працягваўся некалькі гадоў і, памятаю, нават падзяліў нашую сям’ю на два лагеры. Да аднаго далучылася мая сястра, якая апраўдвала Светку, нягледзячы ні на што. Да іншага мая маці. Урэшце, высветлілася, што ў турка ёсць свая сям’я, і ён выдварыў Светку напярэдадні пераезду сям’і ў ЗША. Дзявацца Светцы з таго часу не было куды. Вярнуцца на радзіму ганьба, ды і муж яе паспеў знайсці іншую. Укленчыць перад амерыканскімі сваякамі а чым яны дапамогуць? Віза пратэрмінаваная, ашчаджэнняў нуль. Тады яе прынялі Шаршаневіч з Вольгай, і яна жыла ў іх, пакуль не знайшла працу. Цяпер яна рабіла прыбіральшчыцай у нейкім рускім офісе.
Светка была ў гадах, недзе пад пяцьдзясят. Апранутая была гэтак жа, як усе тут з абыякавасцю да якой-кольвек моды, ваўняная, відавочнаўжо вузкая ёй сукенка, драўляныя пацеркі, на руцэ мабыць, падарунак турка-рэстаратара, цяжэзны залаты бранзалет, усеяны каляровымі каменьчыкамі, што паблісквалі іскрынкамі нетутэйшага шчасця.
Светка яшчэ захоўвала манеры прыгажуні і фатальнай жанчыны. Спачатку, пакуль распытвала пра радзіму і мае ўражанні пра Амерыку, кідала нейкія двухсэнсоўныя позіркі, трымала стан, усміхалася толькі кончыкамі вуснаў. He дачакаўшыся ад мяне ні адзінага ў адказ знака, страціла цікавасць. Адначасова зніклі пастава і іронія.
-	Значыць, вы лічыце, можна вяртацца? наўпрост спытала яна.
-	Гэта вашая справа, адказаў я.
-	Я ж эканамістка. Колькі цяпер у вас эканамісты атрымліваюць?
Я адказаў прыкладна.
-	Цалкам нядрэнна, сказала яна.
Агульная размова распалася. Вольга вывудзіла з сумачкі чакушку армянскага каньяку, разліла «на палец» па шклянках. Пасля тосту жанчыны загаварылі пра сваё. Мы з Шаршаневічам пайшлі па дабаўку лангустаў. «Хлусіць, усё хлусіць, па дарозе казаў мне Шаршаневіч, ніякая яна не эканамістка. Інстытут кінула, калі замуж выйшла. Дома з дзіцем сядзела. Тут нават від на жыхарства не атрымала. Жыве без страхоўкі. Ну, добра з’едзе. А што там? Кватэры няма, працы няма. А прыбіральшчыцай лепш працаваць у Амерыцы».
19
-	Гамбургскі рахунак, кажа Шаршаневіч. Мы з Вольгай жывем па гамбургскім рахунку.
-	Што ты маеш на ўвазе? пытаюся я.
-	Мы з Вольгай жывем не ў хлусні. Мы не крывадушныя. Прымаем праўду. Якою б жорсткай яна ні была, тлумачыць Шаршаневіч.
-	He абагульняй, адказваю я.
-	I ўсё ж, настойвае ён.
А Шаршаневіч жа мае рацыю, думаю я. Дзесьці і калісьці ён адваяваў сабе ў жыцця пядзь, месца ў душы і свядомасці, некалькі гігабайтаў віртуальнай прасторы і прымусіў (прывучыў, абавязаў тут шмат сінонімаў) лічыцца з сабой. Незалежнасць падбіраю я словы таксама ж нейкая форма шчасця (так бы мовіць, нягледзячы ні на што). Але наўрад ці нават я так добра ведаю Шаршаневіча, што змагу падабраць найменне пачуццю задаволенасці, якое ён цяпер адчувае. I яўна гэта не пачуццё ахвяры. Выстаўляючы сябе ахвярай, сарваным ветрам гісторыі з радавога дрэва лістком.
трэскай, пясчынкай, насамрэч ён сам, тым не менш, зрабіў шмат, каб жыць, як жыве. Я цяпер хутчэй пра дробнае, пра побыт, хоць і пра гэты яго гамбургскі рахунак адначасова.
20
Людзі ў аэрапорце заўсёды крышачку разгубленыя. Быццам не ў сваёй талерцы. I гэта ці то ад патаемнага страху перад палётам, ці то ад дрэнна прыхаванай, проста дзіцячай радасці: зараз перамахнеш за лічаныя гадзіны паўсвету, і нават асабліва не стомішся, быццам толькі й перайшоў з аднаго будынка аэрапорта ў іншы.
Ужо ў самалёце (я зноў лячу «Люфтганзай») маю ўвагу прыцягвае кампанія, што не ўкладаецца ў гэтае назіранне. Прыслухаўшыся, разумею французы, старшакласнікі або студэнты першага-другога курса. Апранутыя экстравагантна сумесь айцішніка, антыглабаліста і панка. Яшчэ толькі завяршылі пасадку, як яны тут жа борздзенька пераскочылі на цэлыя шэрагі вольных крэслаў і, разлегшыся на іх, не здымаючы абутку (адзін нават закінуў ногі ў брудных красоўках на парэнчы), загаманілі і зарагаталі на ўвесь салон. Гвалт і рогат узмацніўся, пасля таго як яны падзаправіліся півам, якое перад вячэрай развезлі сцюардэсы.
«Вось вянок еўрапейскай цывілізацыі, гаспадары дабротаў і спажыўцы камфорту», сказаў бы зараз Шаршаневіч.