Плошча Калумба
Сяргей Лапцэвіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 192с.
Мінск 2017
Плошча Калумба затое ўключаны сняданак у старасвецкім рэстаране праз дарогу. Вялікі нумар з двухспальны ложкам, на сценцы новы тэлевізар, у лазеньцы фен, ацяпленне яшчэ не ўключылі, але ў шафе запас коўдраў. 3 мінусаў вокны выходзяць у двор-калодзеж, там паркоўка і смеццевы кантэйнер, у якім корпаюцца бяздомнікі, таму шторы лепей зашмаргнуць.
Зноўку ўсмешлівы менеджар, па дарозе ў офіс ён папрасіў яго паехаць праз цэнтр:
- He быў тут дваццаць гадоў, а колісь ездзіў ледзьве не штомесяц, сказаў голасна і выразна, як настаўнік на дыктанце школьнікам.
- О, цяпер гэта іншы горад! азваўся малады менеджар. Гонар у ягоным голасе крыху абразіў.
Ці то горад напраўду гэтак памяняўся, ці то памяць яму здраджвала, але ён насамрэч мала чаго тут прыгадаў. Добра памятаў сяброў, размовы, падзеі, a вось камяніцы і вулкі забыў ушчэнт. Ад усяго горада памяць захавала адно колькі будынкаў, з якіх з нацяжкай можна было скласці невялічкі квартал. Але куды запраторылася астатняе? Дзе, напрыклад, вось гэты дом згорблены рыцар-дзядок пад масіўнымі латамі дахоўкі, з дробным флігельком-галавою? Дзе тая вулка, якая пачынаецца, як Папялушка, у куродыме і ў завуголлях, а заканцоўваецца, як прынцэса, у золаце і пашане? Іх няма. Памяць нічога не захавала, падмяніла нейкімі іншымі. За дваццаць гадоў выбудавала ўласны горад, які быў збіральным запаведнікам яго архітэктурных прыярытэтаў. Ці ж у маладосці нічога з гэтага ўвогуле не істотнае? А важныя толькі людзі, і з імі было наадварот. Іх ён памятаў вельмі добра. Часта вёў гутарку, дагэтуль пачынаў спрэчкі, перарваныя шмат гадоў назад. Чаму? Тут ён ведаў напэўна. I ў гэтым была
яго дактрына. У адпаведнасці з ёй ад пэўнага ўзросту ён пачаў сістэматычна рабіць выправы ў сваё мінулае. Ужо дзе, але ў ім ён арыентаваўся значна лепей. Адведваючы яго, робячы агледзіны ягоных завуголляў, у якіх, дарэчы, жыў не толькі ён, а яшчэ процьма іншых людзей (і гэта вельмі важна ў разуменні мінулага скеміць, што не толькі ты яго гаспадар, а яшчэ і ўсе гэтыя людзі), ён хацеў пазбыцца таямніц і няяснасцяў. I робячы гэта, ён пазбываўся і пакутлівай, часам нават невыцерпнай тугі па мінулым, незадаволенасці днём сённяшнім, бо ў мінулым, агледзеўшыся лепей, ён знаходзіў не менш заганаў; зноў жа, адказы давалі магчымасць паверыць у прагрэс, у тое, што яго жыццё ўзбагацілася новымі адказамі.
Мудрасцю? Хацелася б і так.
Машына ўехала ў тунэль, якога дакладна раней тут не было. Нядоўгі можа, на хвіліну язды. Наўрад ён быў тут патрэбны, у невялікім горадзе, а калі й патрэбны, то хутчэй для нейкай іншай, чым звычайная функцыянальнасць, мэты. Бо праходзіў ён зусім не пад нейкай велічэзнай гарой (гор тут ніякіх не было), а пад грудом, на якім рассцяліўся стары гарадскі парк. Вячыстыя дрэвы, сцежкі, лаўкі раней дарога плаўна агінала яго, робячы пры гэтым невялікі крук, а цяпер працінала, як іголка ў калекцыі пратыкае муху.
Адказ ён знайшоў адразу на канцы тунэлю. На выездзе адкрыўся від на гарадскую раку і некалькі хмарачосаў новага сіці. Часткай урбаністычнага краявіду уваходам, брамай і быў звышсучасны тунэль. Выгоністыя чорна-люстэркавыя стоды-хмарачосы побач з кудзеляй царкоўных купалоў і няроўнасцямі пукатых дахаў старога горада гэта было ўжо не раз ім бачанай новамоднай завядзёнкай еўрапейскіх гарадоў.
Плошча Калумба Гэтакае падкрэсленае суседства старога і новага. Пераемнасць? He, хутчэй суіснаванне. Спроба прымірэння непрыміранага.
- Нам туды? запытаўся ён пра хмарачосы.
- He, там дорага, азваўся з усмешкай менеджар. Разам з асуджэннем у яго інтанацыі яўна праглядалася пашана. Мы арандуем офіс у іншым раёне. Таксама прэстыжным, але таннейшым.
Праводзячы позіркам сіці, якое засталося наўзбоч, ён злавіў сябе на думцы, што яму таксама падабаюцца гэтыя хмарачосы, але падабаюцца не за тое, за што іх, мусіць, цаніў малады менеджар. Для таго яны ўяўна былі сімвалам капіталістычнай цяпершчыны яго краіны і магчымасцяў, якія адкрыліся. Для яго ж гэтыя хмарачосы былі сімвалам часу ўвогуле. Любых зменаў. I яму падабалася цяпер, пасля дваццаці гадоў адсутнасці, параўноўваць горад новы і горад стары. Параўноўваць, як параўноўваюць глянцаваныя фотаздымкі з размытымі колішнімі. Зноў жа, параўноўваць сябе цяпершняга і сябе тадышняга. I пры гэтым ён пачуваўся, як падарожнік у часе з фантастычнага рамана. Так, нібыта час, які ён прыгадваў, час яго маладосці нікуды не сышоў, і тыя людзі, што ў ім былі, так і засталіся там, а ён здолеў зазірнуць за заслону.
Машына некаторы час ехала па расцяробе эклектыкі шасцідзясятых і сямідзясятых і ўрэшце заехала ў раён, які сціраў само паняцце архітэктуры у спальнік васьмідзясятых, тут жа збочыўшы да навюткага гандлёва-офіснага цэнтра, камень у камень падобнага на дзясяткі сваіх братоў. Падземная паркоўка, першыя паверхі кавярні, боўлінг, крамы; вышэй, паверхаў на сем-восем офісы.
Ужо ў ліфце пачалі гутарку аб працы. Як і мае быць, малады менеджар кепска адказваў на яго пытанні і ведаў толькі пра сваю ролю ў праекце, не датыкаючыся ўсяго, што выходзіла па-за межы яго паўнамоцтваў. Наяўнасць мноства падобных адмыслоўцаў, якія не бачаць і не імкнуцца ведаць нічога, апрача сваёй спецыфікі, вось яна, капіталістычная цяпершчына. Матрыца.
Гледзячы на менеджара, ён падумаў, што ён такі, які і мае быць. Джэмперок у кратачкі, тоненькі чорны партфель з масіўным замком у форме падкоўкі, завужаныя нагавіцы, дарагія вастраносыя чаравікі. Напэўна, дзве вышэйшыя адукацыі, прынамсі ў ягоным офісе моладзь была ўкамплектаваная менавіта гэтак. Плюс, акрамя расійскай, адна-дзве замежныя мовы, нейкія праслуханыя семінары, дыплом MBA, актыўныя продажы і гэтак далей і да таго падобнае. Такіх як ён мільёны. Спрэс. Любіць паразмаўляць аб развіцці, а насамрэч бачыць толькі тое, што перад носам. Няўжо сучасны свет такі перагружаны і нават зусім яшчэ малады чалавек стамляецца ў ім так, што ўжо нічога не хоча ведаць, знайшоўшы для сябе параўнальна зацішнае месцейка?
Чамусьці ён прыгадаў размову тыднёвай даўніны з сябрам. Сябар быў стары, па сутнасці адзіны, які застаўся ў яго з маладосці. Размаўлялі пра індывідуалізм. Сябар наракаў на сучаснасць. Зазначаў, што індывідуальнасць яшчэ не паказвае на асобу, а індывідуальнае не азначае таленавітае, і як хутка індывідуалізм прарос у нашым свеце. Усе імкнуцца быць цяпер асобамі, але выходзіць толькі саменькая індывідуальнасць. I яўна індывідуалізм гэта пэўная форма свабоды, але кру-
Плошча Калумба ці-не круці, ён не шчасце, а самота. I вынікае, за гэта змагаліся рэфарматары?
У апраўданне ён адказаў, што самота ўсё ж сытая, а гэта не так блага.
У офісе яго ўжо чакалі. Пакуль яны ішлі да дырэктара праз вялікую залу, падзеленую шклянымі перагародкамі на ячэйкі, ён заўважыў, як яго разглядаюць, заўважыў, што не ўсе гэтыя позіркі прыязныя. Апошняя рэч, якраз, была зразумелая: каму падабаецца новае начальства? А менавіта яго пасля пакупкі кампаніі ён прадстаўляў. Новыя задачы, новыя праблемы ўсяго толькі цвялілі яго. Ужо знаёмячыся з дырэктарам офіса, з ключавымі менеджарамі, якіх сабралі ў адзіным непразрыстым кабінеце, ён адчуваў, як у ім распаляецца азарт, як, апынуўшыся ў новым коле, ён пачынае свой рытуальны танец танец ваяра, павадыра, лідара. Праўда, з улікам некаторых моўных перашкодаў гэты танец выявіўся таксама трохі запаволены, нібыта замест хуткастрэльнай джыгі яму давялося танчыць рамантычны вальс. Гэта трохі раздражняла, але ў цэлым ён застаўся задаволены і сабою, і новым калектывам. Прынамсі, на кантакт супрацоўнікі ішлі. Пэўная напятасць прысутнічала, але яна адпрыродная, пагатоў офіс усё ж меў патрэбу ў пэўнай перабудове.
Гэта ён зразумеў, калі надышла пара абеду, які ён зрабіў спробу скасаваць, але прачытаў па тварах, што рабіць гэтага не варта. Абед для супрацоўнікаў офіса быў часткаю статусу і гэтаксама важны, як вопратка (з некаторымі варыяцыямі ўсе яны былі апранутыя на той жа манер, што і мененджэр, які сустрэў яго, з іголкі знятыя). I хоць абедалі тутсама, колькі паверхаў ніжэй у кавярні, заняло гэта больш часу, чым таго было варта. Менеджары ўважліва і доўга вывучалі меню, за
ядой нетаропка вялі гутарку на адцягненыя тэмы, з чагосьці іранізавалі, пры канцы са смакам спажывалі дэсерт. А потым каторы час кожны на сваім працоўным месцы дараблялі нейкія справы, і ўсё гэта быў своеасаблівы сабатаж, і ніхто з іх яўна не спяшаўся працягнуць перарваную нараду. Чакаючы, ён зразумеў, што гэтак яны чапляліся за свой лад, падсвядома дэманстравалі нежаданне новага.
У выніку працягнулі ўжо бліжэй да чацвёртай, а да пятай ён прызнаў, што конча выбіўся з графіка і ўсяго яму дакладна не паспець, і заўтра, нягледзячы на планы, усё ж давядзецца вярнуцца. А таму сёння можна сысці ў час. Ды ён і сам хацеў гэтага. Пакінуты дзесьці там горад клікаў, надзіў, нешта нашэптваў паўзабытымі галасамі...
Адмовіўшыся ад дапамогі, ён даехаў да гатэля на таксоўцы, памыўся, памяняў саколку і, спытаўшы ў парцье, як прайсці да ратушы напрасткі, але разам з тым адмовіўшыся ад мапы не хацеў рабіцца падобным да турыста выправіўся пешкі ў паказаным кірунку.
Як ніякі іншы, гэты горад быў падзелены на дзве палоўкі: адна ўжо адрэстаўраваная, паштовачная і рафінаваная, другая зусім абношаная, скасабочаная і пабляклая. Шпацыруючы, ён трапляў папераменна то на тыпова турыстычныя вулкі, пафарбаваныя ў зыркія колеры, з сувенірнымі крамамі, з набіткаванымі кавярнямі, у якіх турыстаў месцілася значна больш, чым мясцовых (і тады яму мроілася, што ён перанёсся ў зусім іншы горад які-кольвек, і такіх ён ужо перабачыў з тузін), то ў горад, аддалена падобны да горада яго маладосці. Той горад, калі б не дахоўка, быў бы ўшчэнт чорна-белы.
Цяпер ён хутчэй туліўся і гібеў побач з першым і ўжо чакаў свайго часу, каб знікнуць назаўсёды. Зрабіцца такім, як быў колісь? Адрадзіцца? Вядома ж, не. Бо калі яго выраўняюць, атынкуюць і пафарбуюць, дык зробяць больш падобным да сувеніра ў сувенірнай краме. 3 цягам часу заўсёды так: адно сыходзіць, другое прыходзіць, і тое, што сышло, паўтарыць ужо ніхто не можа. Аднавіць калі ласка, але ўжо як маскарад. Нават не музей. I гэта, пэўна, слушна. Бо музей ужо пражылыя сваё жыццё рэчы, бескарысныя ў сутнасці, калі заплюшчыць вочы на гістарычную або культурную вартасць. А горад быць музеем не можа ўжо таму, што мусіць служыць домам для людзей, мусіць даваць ім прытулак і пражытак, адным словам, мусіць дбаць пра сваіх жыхароў. Таму горад вырачаны быць утульным, і, знакам тым, вырачаны на прагрэс. А гэта значыць змяненні, змены пакаленняў, смерць старога і нараджэнне новага. Навошта тады ён трымаецца за ўспаміны? (Нават дактрыну сабе прыдумаў!) Што яму да яго маладосці? Яе ж не вернеш! He вернеш тых людзей, з якімі ён працягвае з нейкае прычыны дачыняцца. Але, можа быць, засталося нешта важнае, што спатрэбілася яму цяпер?