Плошча Калумба
Сяргей Лапцэвіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 192с.
Мінск 2017
Ужо пасля першых пытанняў афіцэр сцяміў, што перад ім простая жанчына, за многія дні допытаў ён такіх перабачыў дасхочу. Дробныя, зусім нязначныя звесткі, якія яна яму распавяла, пацвярджалі толькі
Плошча Калумба тое, што ўлада, якая адступілася пад Маскву, яшчэ вельмі моцная ў народзе. Што нават шараговая хатняя гаспадыня баіцца і лічыцца з ёй так, нібыта сёння-заўтра ўлада вернецца і сувора спытае са сваіх пакінутых на захопленых землях грамадзян, што ўсе яны рабілі падчас яе часовай адсутнасці. Разумеючы гэта, афіцэр цалкам падзяляў запаветы камандавання застрашэннем і паказальнымі акцыямі мяняць сітуацыю, якая склалася. «Толькі моцай можна чагосьці дабіцца ад гэтага звыклага да бізуноў народа», меркаваў ён.
Насупраць прозвішча жанчыны ён зрабіў алоўкам пазнаку: лагер.
Аня была ўсцешаная тым, як адказвала на пытанні, але, каб дадаць хоць што-небудзь ад сябе, распавяла афіцэру пра сваю долю. Пра тое, што ў горад перабраліся нядаўна, што на працу не ўладкавалася, бо сядзіць з малым дзіцем, ды і каму яна непісьменная трэба? A муж у яе нармальны, кемны, на службе на добрым рахунку, і тое, што да яго сувязная хадзіла, дык гэта ад таго, што гуллівая яна, чужы мужчына ёй цікавейшы, чым заводзіць свае даброты . Вось толькі пакуль Аня казала, перакладчыца мала што перакладала, і тады Аня для нагляднасці пачала вохкаць і галасіць, і, пэўна, афіцэр гэтую мову зразумеў без перакладу, бо нешта запісаў сабе на аркуш і болып не задаваў ніякіх пытанняў. Калі іх выводзілі, ён дастаў з шуфлядкі і падарыў Лоры плітку шакаладу.
На наступны дзень у ліку апошніх Аню з дачкой вялі да цяжкавіка. Аня ўжо зразумела, што іх не адпусцяць, ды і жаўнер, які канваяваў іх з допыту, стараўся на іх не глядзець, і калі яна наўдачу запыталася, зразумеўшы пытанне, абрываючы надзею, махнуў рукой.
Зрання выпаў першы снег. Ля ўвахода ў школьны пад’езд з цыгарэтай у руцэ, назіраючы за адпраўленнем, пахаджваў учарашні афіцэр. Прымаючы свой лёс, Аня прайшла міма, не глянуўшы ў яго бок, і толькі малая Лора памахала яму рукой.
Ужо першыя ў калоне людзі рассаджваліся ў цяжкавіку, калі афіцэр зрабіў нейкія распараджэнні, і да Ані падышлі жаўнер і перакладчыца.
Іх адвялі наўзбоч, пераклачыца патлумачыла, што нямецкія ўлады не бачаць за Аняй ніякае віны, але паколькі яе муж звязаны з незаконнымі фармаваннямі, якія вядуць падрыўныя дзеянні, накіраваныя на процістаянне новай уладзе, яна асабіста раіць Ані пакінуць межы горада, пажадана выправіцца ў родную вёску. A калі-небудзь яна сустрэне мужа, дык хай патлумачыць яму, наколькі гуманным можа быць нямецкае войска.
Са сказанага перакладчыцай, сумеўшыся ад звернутых да яе прыгожых словаў, Аня ўзяла да галавы галоўнае яны могуць сабе пайсці. Да вечара яны былі ўжо далёка за горадам.
Увесну наступнага года, калі палезлі чуткі, што немцы маюцца спаліць яе вёску, Аня пайшла ў партызаны. Да самога вызвалення яна працавала на кухні і гадавала Лору. Нічога не ведаючы пра лёс дзеда, які ваяваў за сто кіламетраў, сышлася з нейкім хлопцам, але пасля вызвалення яны адразу разлучылася, і Аня вярнулася ў горад.
Насамперш Аня прыйшла да гаспадыні, у якой жыла да вайны. Пакой быў без кватарантаў, але пусты. Гаспадыня, наракаючы на голад, прызналася, што ўсе пакінутыя на захаванне рэчы пакрысе абмяняла на прадукты, і дазволіла Ані не ўносіць плату за першыя месяцы.
У той жа дзень Аня выкапала ў гародчыку машынку і, як умела, змазала і наладзіла яе. Машынка зусім не заржавела і працавала спраўным парадкам. Да вяртання дзеда жылі голадна і ратаваліся тым, што Аня гэтага дзед не любіў прыгадваць абшывала суседзяў і гаспадыню.
Чаму дзед не любіў прыгадваць пра гэты перыяд жыцця яго сям’і? Па-першае, пэўна, таму, што адчуваў віну, бо кінуў тады жонку з дачкой і не вярнуўся па іх сам. Па-другое, натуральна, ён раўнаваў: чуткі пра кароткае Аніна сужыцельства, вядома, даходзілі і да яго. А па-трэцяе, і, мусіць, гэта галоўная прычына, ён раўнаваў да чагосьці большага, да таго, што яго сям’я выжыла без яго, спачатку ўнікнуўшы лагера, і пасля, ведучы адносна спраўнае жыццё і ў партызанах, і па вяртанні ў горад. I ўсё дзякуючы нейкай таямнічай, ірацыянальнай жаночай моцы, якая сама, усё роўна як рака, асцярожна цярэбіць сабе дарогу, не распадаючыся на ручаіны, несвядома цячэ ў вядомым толькі ёй кірунку, лагодна і маўкліва выконваючы няўцямны для мужчын закон.
* * *
У маім дзяцінстве, той яго ціхай частцы, дзе я яшчэ не ўмеў хлусіць і не саромеўся плакаць, жывуць сонца і навальніцы. Прыходзяць, як канец свету, аднак ці то ім нестае моцы, ці то яны прыдуманыя адно для таго, каб палохаць мяне. Але хай там што, яны калісьці мінаюцца, і ўва ўсё вялізнае яснае неба пасяляецца сонца.
Дзед ідзе ў ашчадную касу, я бягу да сваіх пасялковых сяброў, у невялікай, схаванай за яблынямі і віш-
нямі хаце застаецца бабуля. Яна нерухомее ля акна. За яе спінай, у футарале швейная машынка. Ёй цяжка шыць, і яна ўжо каторым разам намагаецца вырашыць, каму з дзяцей яна будзе болып патрэбная. Перад ёй сад і гародчык. Пасля залевы ў яго не ўвойдзеш, кусцікі клубніцаў прыбітыя да глебы, у градах вада, з лістоў капае ўсё роўна як з панаразвешанай неадціснутай бялізны. Бабуля нешта шэпча і паглядае на дарогу: ці не іду я?
Але я не іду. Свет пасля навальніцы ўцешны і новы. Я зусім забываюся на час, на бабулю і дзеда і, вядома, на абед і вячэру. Сонца падмяняе час. Да самага заходу яно падаўжае чарговыя пяць хвілін, праз якія я збіраюся ісці на абед, а потым і на вячэру.
Бабуля шукае мяне па ўсім пасёлку і, калі знаходіць, амаль сілком, галосячы, што я шыбенік, вядзе мяне дадому. Чуючы за сабой нудотнае буркатанне, пакідаючы яе адну, я бягу наперад. I калі-небудзь я вярнуся, абавязкова вярнуся, і заспею яе там, дзе пакінуў.
ПЕРАСЫЛКА
Іван Пятровіч зачыніў кабінет на ключ недзе пасля шостай. На час ён ужо даўно не зважаў ён у яго быў.
Усё, што рабіў цяпер Іван Пятровіч, ну ці амаль усё, прыносіла яму задавальненне. Уставаў каля пятай. Рыхтаваў сабе (жонка не падзяліла з ім апошняга прызначэння, засталася з малодшым сынам, той паступіў у інстытут) смачны, і, што важна, карысны сняданак. Якую-небудзь кашу. Але, калі хацелася, з’ядаўяшчэ кавалачак ім жа засоленага сала. Начыста галіўся, якасць галення правяраў, праводзячы па шчацэ ўнутраным бокам запясця. Праходзіў прасам па штанах, рэчавай шчоткай па кіцелі, абутковай па ботах. Пасля націраў боты да бляску яшчэ і аксаміткай. Рабіў мноства іншых дробязяў. Усяго не пералічыш. Далей абавязкова падыходзіў да адрыўнога календара, што вісеў пасярод сцены. Выдаляў пражытую старонку і знаёміўся з новай. У календары, акрамя даты, змяшчалася яшчэ нямала цікавай інфармацыі: пра даўгату дня, пра свята, якое выпала на гэты дзень, гістарычны факт хто
нарадзіўся і якая-небудзь цытата з юбіляра. У цытату Іван Пятровіч учытваўся ўважліва. Часам у календары змяшчаўся яшчэ анекдот.
Іван Пятровіч служыў старшыной у першай роце. На месца службы ён прыходзіў нязменна paHeft за іншы камандны склад. Увесь з іголачкі, ужо ўзбадзёрыўшы сябе парой года: цырыканнем птушак або ветрам, хрустам нячышчанага снежка ці нават злівай, Іван Пятровіч заўсёды прыносіў з сабой яшчэ і настрой. Іх, настрояў, у яго было шмат. Калі дзень меўся быць звычайны дзелавы, калі перадсвяточны перадсвяточны, калі рота была ў няміласці, выявіўшыся ўблытанай у які-небудзь «касяк», раззлаваны, калі меўся быць выезд на вучэнні энергічны і г. д. Зразумела, што настроі яго тут жа перадаваліся жаўнерам роты і служылі свайго роду інструментам выхавання. Здзіўляла не гэта, а здольнасць Івана Пятровіча ў гэткім паважным, перадпенсійным веку, калі астатнія ўжо толькі механічна і сяктак адбываюць апошнія дзянькі службы, ставіцца так шчыра і зацята да сваіх абавязкаў.
Заўсёды грунтоўны, заўсёды пра ўсё і пра ўсіх ведае, прыходзячы, напрыклад, на пад’ём, ён для пачатку, як следапыт, вышукваў схаваных пад ложкамі, у сушылцы за шынялямі і бог ведае яшчэ дзе «дзядоў». Часам і сам дзіву даваўся, куды можа забрацца стараслужачы ў імкненні пакімарыць яшчэ гадзінку. Самым бурклівым і нязгодлівым не забываў даць пендзеля (жартам, вядома, так, каб не закрануць дэмбельскага гонару). Заадно правяраў, як ноччу даў рады з уборкай нарад. Тыцкаў дзяжурнаму, што не паспяваў за ім, у парушынку, пакінутую дзе-небудзь на дзвярным вушаку або плафоне. На не аддзерты да матавай стэрыльнасці
Плошча Калумба сантыметр кахляванай падлогі. На паліцу з уставамі ў класе для палітзаняткаў, дзе касабокімі буданчыкамі туліліся адзін да аднаго томікі, а мусілі роўна, як па камандзе «зважай». Паспяваў зірнуць на гадзіннік, каб не прапусціць момант даць днявальнаму гэтаму галасістаму пеўніку каманду шыхтавацца. Ужо на вуліцы, асабіста пералічыўшы па галовах асабовы склад, сачыў, каб зарадка дасталася ўсім і максімальна пароўну. Вядома, маладым усё роўна даставалася больш, а «дзяды» ўсё рабілі напаўсілы, але першым і служыць долей, а з апошніх што возьмеш. Затым, па вяртанні, зноў клопаты, зноў кантроль. Знешні выгляд на шыхтаванні. Кагосьці адправіць перачысціць боты. Камусьці адарваць падкаўнерык і даць на ліквідацыю хвіліну-другую. Але ўсё гэта з жартам, без падступства або здзеку. 3 павагай не толькі да сябе, але да кожнай дробязі, якая і не дробязь зусім.
Пасля разводу, калі ў Івана Пятровіча не было іншых даручэнняў, ён выпраўляўся ў свой маленечкі кабінет, уладкаваны пры яго ж капцёрцы, па сутнасці невялікім складзіку, гэткім музеі армейскага поп-арту, дзе кожны прадмет быў прадстаўлены дзясяткамі сваіх копій. На стэлажах стройнымі радамі, нібы галовы разабраных бляшаных ваяроў, стаялі зялёныя кацялкі. Высіліся белыя вежы прасцін, ад якіх пахла задушлівай свежасцю, і сінія бастыёны коўдраў. Матэрыялізаванымі ценямі ў адкрытай шафе тоўпіліся шынялі. Застрашвальнай кучай грувасціліся сумкі з процігазамі. Падобныя на яйкі дагістарычных жывёл у чалавечы рост, спачывалі цюкі з кальсонамі.
Нібы алхімік, заняты недаступнай разуменню чужынцаў справай, Іван Пятровіч занураўся тут у свет толькі яму вядомых улікаў і перападлікаў, і звязаных з
імі прыпісак і спісанняў. Гэта прыносіла яму хоць і невялікі, але стабільны прыбытак. Праўда, Іван Пятровіч ні злодзеем, ні раскрадальнікам сябе не лічыў. Які гэта крадзеж, калі, напрыклад, некалькі ім жа спісаных і сапраўды ўжо рваных прасцінаў ён уласнаручна кроіў, сшываў паміж сабой і зноў пускаў у абарачэнне? Або замест новых выдаваў карыстаныя, але цалкам яшчэ прыдатныя бушлаты або боты? He, сваімі маніпуляцыямі з армейскай маёмасцю Іван Пятровіч хутчэй выпраўляў агульную безгаспадарчасць і марнатраўства. А зэканомленае ўрэшце ператвараў у рэальныя грошы, якія прыносілі яму нават не радасць, а хутчэй заслужанае задавальненне за праведзеную працу і прадпрымальніцкую кемлівасць.