Плошча Калумба  Сяргей Лапцэвіч

Плошча Калумба

Сяргей Лапцэвіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 192с.
Мінск 2017
43.09 МБ
Мішка яшчэ не паспеў даслаць чарговую смс, а я як след абгледзець інтэр’ер, як яна вярнулася з падносам: крыху дзынкаючы кілішкамі, нажамі і відэльцамі, зіхочучы запацелай, з лядоўні паўлітрай.
-	Пішаш? запытаў я пасля другой чаркі, калі Мішка нарэшце закончыў эсэмэс і сунуў тэлефон ва ўнутраную кішэню пінжака.
Па шчырасці, я ведаў адказ: у інтэрнэце я б, вядома, штосьці ды адшукаў, але раптам?
-	Мне стае творчасці ў бізнесе.
-	Але я бачыў колькі тваіх карцін, не памятаю дакладна калі, мусіць, гадоў дзесяць таму. Яны мне спадабаліся.
Я не маніў: карціны напраўду былі харошыя. Ад сацыяльшчыны не засталося і знаку, На той, якая запомнілася болып за астатнія, кружлялі ў вальсе пары, нешта кшталту танцавальнага гуртка, звычайныя людзі пасля працоўнага дня. Белыя кашулі ў мужчын, стра-
катыя сукенкі ў жанчын, жоўты паркет, запоўненыя адбіткамі вялікія люстры.
-	А ты, выдае на тое, пішаш? пасміхнуўся ён.
-	Гэта апірышча, пачаў я сваё звыклае. Пісаць трэба, інакш можна з глузду з’ехаць.
Я хацеў працягнуць, але перадумаў. Нешта замінала.
Зноў прыйшла кельнерка, паставіла перад намі па драўляным падносе. На кожным па пяць невялікіх бургераў. У кожнага, нягледзячы на падабенства, свая знешнасць. 3-пад каптурка ў адным, мяркуючы па колеры, водарасці, у іншым стракатыя перцы, у трэцім яечня і нейкае мяса.
-	У вас такога яўна няма, пасміхнуўся ён, сочачы за маім позіркам.
-	Я не дужа люблю этнічную кухню, але гэтая выглядае ядома.
-	Закусвай. 3 тваім страўнікам гэта неабходна, сказаў Мішка.
Фонам грала музыка, але праз гуд, што лунаў у страўні, было цяжка пачуць, добрая яна ці не. Мішка часта глядзеў на гадзіннік. Запоркаўшыся ўмаўляць яго шторазу, я стаў піць адзін.
-	Я папалю, праглынуўшы пару бургераў, я пацягнуўся па куртку.
-	Я з табой...
-	Пачастуеш? на вуліцы ён папрасіў цыгарэту.
-	Ты ж не паліш!
-	Гэта дзеля Машкі. Але як такая нагода... пасміхнуўся ён.
Урэшце я знайшоў тэму, якая зацікавіла яго. Стаў распавядаць біяграфіі нашых агульных знаёмых, сувязь з якімі ён страціў стуль, як паехаў. Распавядаючы, я пачуваўся ніякавата. Бо мая экскурсія ў адказ яўна
Плошча Калумба хібіла перадузятасцю. Але я адчуваў, што толькі так магу заінтрыгаваць яго і, уласна, падоўжыць супольны вечар. З’язджаць дадому мне яшчэ не хацелася, заставацца аднаму ў суботнім Нью-Ёрку таксама.
Бэла амаль што спіўся... дзеля прынады пачаў я і далей бліскучымі фарбамі абмаляваў, як шмат гадоў таму адведаў Бэлу ў мастацкай школе правінцыйнага гарадка, дзе той выкладаў па размеркаванні. Уяві, яшчэ абедзены час, а амаль уся мужчынская частка педскладу пад мухай. «Куды глядзіць ваш дырэктар?» пытаюся. Ён адказвае: «Зараз ты з ім пазнаёмішся. Схадзі па гарэлку, у нас скончылася». Я іду. А калі вяртаюся сядзім з Бэлам і яго дырэктарам да позняга вечара ў Бэлавай майстэрні, абмяркоўваючы методыку мастацкага выхавання. Зрэдчас у майстэрню зазіраюць вучні, задаюць Бэлу пытанні, ён адказвае, раз-пораз адлучаецца ненадоўга. У гэты час у яго ідуць заняткі, разумею я, і на працягу некалькіх хвілін адсутнасці ён паспявае даць вучням заданне, а потым яшчэ праверыць. Гэта дзевяностыя, змякчаю я рэакцыю Мішкі.
Рэшта маіх фрашак у той жа манеры. Фарбы згушчаныя, але гэта не Босх хутчэй, нешта даўлатаўскае.
Калі Хобатаў разводзіўся, ён нападпітку прыехаў да сваёй жонкі па пральную машыну. Ведаеш, чаму я ніколі больш не жанюся? казаў ён, калі ўжо быў зноўку жанаты, Бо стаміўся купляць пральныя машыны.
Палілі ўсё часцей. Кельнерка, якая напачатку не адыходзіла ад нашага стала і на мае «калі што, мы вас паклічам» не рэагавала: падоўгу згіналася па-над намі пажарнай вежай, ужо даўно занялася іншымі і адно калі мы выходзілі, прыбірала ў нас на стале.
Мішка кунежыўся. Пытанняў задаваў вобмаль, бровы яго былі дакорліва зведзеныя, але ў вачох дзіцячая цікаўнасць.
Я заказаў па другой. Мішка не пярэчыў.
Як табе Нью-Ёрк? запытаўся ён.
Я задумаўся, намагаючыся зразумець: і сапраўды, як? Адказаў са звыклай асцярожлівасцю:
Па-рознаму.
Мішка:
Так, у Нью-Ёрку багата праблем. Але мы стараемся іх вырашаць.
Я ашаломлена паглядзеў на яго:
Хто мы і як вырашаць?
Цывілізавана, адказаў ён, ходзім на выбары, напрыклад.
Я таксама спрабаваў, пасміхнуўся я.
Тут выбары не фарс, сур’ёзна адказаў ён.
Я гмыкнуў.
Ты проста спыніўся ў Брукліне. А Нью-Ёрк гэта Манхэтан, горачна загаварыў ён. Гэта цяпер мая бацькаўшчына. Тут я спраўдзіўся. Тут я сустрэў Машу. Тут нарадзілася мая дачка. За пару кварталаў адсюль яе школа, куды я ваджу яе штодня. Гэта вельмі добрая школа. На тыя грошы, што мы арандуем тут маленечкую кватэрку, мы б маглі арандаваць на ўскраіне цэлы дом. Але мы ніколі не з’едзем з Манхэтана.
Акампануючы яму, голасна і важка прыйшла смска. Мішка выцягнуў з кішэні тэлефон і прачытаў уголас:
-	«Калі ты зараз не вернешся, купіш мне футра!»
-	Хадзем, здаўся я.
Мы расплаціліся, пакінуўшы кельнерцы шчодрую гасціну.
Ад страўні, якая згубілася на незнаёмых мне вулках Іст-Сайда, Мішка правёў мяне да самага ТаймсСквер. Далей я добра ведаў дарогу і быў пэўны, што ўжо не заблукаю. Мішка ўгаворваў мяне ўзяць таксоўку, патлумачыўшы, што ехаць на метро ўначы ў Бруклін, як мінмум, небяспечна.
-	Пляваць, заявіў я. Накаціла нейкая нязвыклая лёгкасць.
-	Вып’ем аглаблёвую? прапанаваў я, калі мы разгублена стаялі адзін насупраць аднога пасярод бязлюднай Таймс-Сквер.
-	Тры гадзіны амаль што, усё зачынена, мямліў паўсонны Мішка.
Я паказаў яму на шыльду гатэля «Хілтан».
-	Там яўна ёсць кругласуткавы бар.
Разумеючы, што спрачацца са мной бессэнсоўна, Мішка падпарадкаваўся.
Хвілін праз дваццаць ён пасадзіў мяне на цягнік.
Напэўна, я задрамаў, бо прапусціў той момант, калі ў вагон зайшла кампанія маладых афраамерыканцаў. Я расплюшчыў вочы, калі проста насупраць мяне яны сталі вытрэсваць змесціва кішэняў студэнтаў.
Сцэна рабавання зусім не нагадвала тыя, што паказваюць у блокбастэрах. Ніякай зброі, ніякага ляманту і кляцьбаў. Адзін з рабаўнікоў, шнарачы па кішэнях аслупянелых студэнтаў, нават пагойдваўся ў такт музыцы, якая гучала ў ягоных навушніках. Кітаец падняўся са свайго месца і пакіраваўся да далёкага ад афраамерыканцаў выхада. А калі цягнік спыніўся на станцыі, імгненна выскачыў на перон. Я зрабіў гэтаксама. Я выдатна памятаў інструкцыю, якую давалі мне многія мае знаёмыя ў Нью-Ёрку, калі я патраплю ў падобную сітуацыю: «Хай там што не ўмешвайся!»
Кітаец быў больш дасведчаны, ён злёгку падбег і паспеў ускочыць у суседні вагон. Я ж застаўся на абсалютна бязлюдным пероне чакаць наступнага цягніка. Сеўшы на лаўку (цягнік мусіў прыйсці не раней, чым праз дваццаць хвілін), стаў думаць пра Мішку, пра НьюЁрк, пра сваю адназначную рэакцыю на рабаванне, якую палахлівасцю я чамусьці называць адмаўляўся.
СЦІСЛА
Трэба сказаць, Дзмітры Бэла, хоць і быў мастаком, але ўжо гадоў дзесяць як не маляваў. Прычынаў гэтаму было процьма. Некаторыя з іх былі пачварнымі і банальнымі і нічога, апроч шкадавання, не выклікалі. Нейкія, нааварот, выклікалі павагу і нават захапленне.
Колісь Бэла лічыўся ці не самым таленавітым ад усіх студэнтаў свайго курса. I, уласна, ён розніўся ад аднакурснікаў не толькі талентам, але і нязвыкла рана ўфармаванай пашанай да мастацтва, і яшчэ амаль акадэмічным, які выключаў любы кампраміс, густам і не на гады дарослым поглядам на навакольны свет. Тады Бэла верыў у нейкую святарную, амаль боскую місію мастацтва, згодна з якой мастак святар, а мастацтва бажніца.
Ці былі віной яго перакананні, але так здарылася, што талент Бэлы з цягам часу пачаў як бы вычэрпвацца. Склаўшыся, але не раскрыўшыся напоўніцу ў васьмідзясятыя, у акалічнасцях дзевяностых ён апынуўся ў канфрантацыі да новай эпохі. Занадта класічныя карціны Бэлы не мелі попыту, ды і, асцерагаючыся любой
камерцыі ў мастацтве як чорт свечкі, ён іх і не прадаваў. Меркаваў, што, калі наканавана, поспех знойдзе яго сам. Каб на нешта жыць, працаваў настаўнікам у мастацкай школе, балазе, акрамя невялічкага заробку, настаўнікам належаў бонус неабмежаванае карыстанне майстэрняй у непрацоўны час. Вучняў, якія былі дзецьмі дзевяностых (пакланяліся камп’ютарнай графіцы, анімэ і масавай культуры значна больш, чым рэалістычнаму жывапісу), наўрад ці любіў, але як мог стараўся навучыць таму, што, лічыў, можа прыдасца ў любую эпоху. Будучы, па сутнасці, самотным чалавекам і прынадзіўшыся да бутэлькі яшчэ ў студэнцтую пару, у той час дапіўся да запояў. I вось тады і сустрэў сваю цяпершнюю жонку Ганну.
Аня працавала ў той самай школе настаўніцай музыкі. Была гадоў на пяць маладзейшая ад Бэлы. Яна мела дзіця і былога мужа-крымінальніка, які на той час сядзеў другі тэрмін за нейкае нязначнае хуліганства.
Аню скарыла глыбіня Бэлы. Пасля ўсяго, што яна даведалася пра мужчын, ён падаўся ёй ледзь не анёлам, і нават яго п’янства не збянтэжыла яе. Наадварот, гэтая немач радніла для яе Бэлу з іншымі мужчынамі і ачалавечвала яго, але разам з тым яна адразу зразумела розніцу: калі яе першы муж піў праз канфлікт паміж уласнай амаральнасцю і мараллю грамадства, дык мастак Бэла піў якраз па супрацьлеглай прычыне.
З’яўленне Ані, якая пакахала ў Бэле тое, што іншыя прымалі за пыху і эгаізм, змяніла яго жыццё. Неяк знянацку яна зрабілася сэнсам яго існавання, a пасля і самім існаваннем. Дагэтуль жыўшы з маткай і надоўга ні з кім не заводзіўшы стасункаў, Бэла перабраўся ў Аніну двухпакаёўку. Цяпер увечары не заседжваўся ў майстэрні, а, скончыўшы маляваць, прак-
Плошча Калумба тычна цвярозы выпраўляўся да Ані. Пасля сямейнае вячэры займаўся маляваннем з яе пяцігадовай дачкой, потым ішоў гуляць з вялікім і дурнаватым беспародным сабакам і, баючыся спусціць яго са шворка, сумняваючыся, што ён пойдзе на яго покліч, бянтэжыўся, як яму пашчасціла раптоўна а з моманту іх першага спаткання мінула не больш за месяц знайсці сям’ю, дом і нават вось гэтага дварняка, які цяпер таксама меў у ім патрэбу.
Акрамя ўсяго прыгаданага, Бэлатады прынадзіўся да чытання праваслаўных кніг, якія, нароўні з абразамі, абразкамі, крыжыкамі, пацерамі і тонкімі царкоўнымі свечкамі, таксама багата вяліся ў яго новым доме. Гэтыя кнігі розніліся ад тых, якія ён чытаў раней. Гэта не былі працы праваслаўных філосафаў, у якіх індывідуалізму і эгаізму было не менш, чым у якога-небудзь ваяўнічага атэіста. Гэта былі жыціі самых звычайных праваслаўных святых. Кнігі, якія ўразілі Бэлу простасцю, шчырасцю і мудрасцю. Якой мудрагелістай чухнёй падалося яму многае з таго, што ён чытаў дагэтуль! I не толькі чытаў, але і сам прапаведаваў. Нават мастацтва больш не падавалася яму такім ужо важным. Ды і да чаго прывяла ўся ягоная вера ў мастацтва? Да самоты? Да процістаяння ўсім і ўсяму? Да п’янства?