Плошча Калумба
Сяргей Лапцэвіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 192с.
Мінск 2017
Я казаў асцярожна, палахліва, па-абывацельску баючыся псіхічнахворага, быццам сустрэў у бязлюд-
Плошча Калумба най падваротні вандроўнага сабаку. I потым, нарэшце развітаўшыся, нават не спытаўшы напрыканцы тэлефона, адчуваў, што і сыходжу гэтак жа, паскараючы крок, імкнучыся аддаліцца як мага хутчэй на бяспечную адлегласць.
ПЛОШЧА КАЛУМБА
«Яшчэ мне горад, які ніколі не спіць!» лаяўся я, ідучы ад Сорак другой да плошчы Калумба. Я нешта наблытаў са схемай метрапалітэна, лініі якога нагадвалі сувой каляровых матузкоў з дзіцячай галаваломкі. Перасеў не там і не на той цягнік: замест звычайнага патрапіў на экспрэс, які мала таго што замчаў на паралельную лінію, але яшчэ і перавёз на колькі прыпынкаў наперад, хаця ўсё ж зрабіў круг у патрэбным мне кірунку тады я і выскачыў. Каб не заблытацца ўшчэнт, вырашыў прайсціся пехам. Паводле падлікаў, да плошчы Калумба ісці было хвілін дзесяць-пятнаццаць, у Нью-Ёрку я гасцяваў ужо другі тыдзень і кірунак, мне падалося, уяўляў.
Была амаль дзявятая. Вуліцы асветленыя так, нітыба гэта не Манхэтан, а начны кашмар. Аднатыпныя чырвонацэглавыя каробкі пачатку мінулага стагоддзя, іх густа павутай абляпілі пажарныя драбіны. Поўнае бязлюддзе прымушала прыспешыць крок. Зараз слізне цень гаргульі, ёй напярэймы чалавек-павук. 3-пад асфальту тэатральна шугае пара.
Праз колькі кварталаў, як гэта бывае ў Нью-Ёрку, пусты і прывідны горад знянацку скончыўся, і, нібыта з уласнай падсвядомасці, з нябыту сну, я вылузнуў проста ў сарцавіну суботняга вечара. Гэткага зімовага Рыё, калі ў ім выпаў снег.
Яшчэ цепліўся вулічны гандаль фастфудам. У шматлікіх кавярнях наведнікаў ужо бітма. Спаборнічаючы ў зыркасці з агнямі пекла, палалі рэкламы. Упадаючы ў пустэчу начнога неба, струменіліся хмарачосы. Сюд-туд важна сноўдалі жоўтыя таксоўкі (цяпер яны падаваліся часткамі адзінага механізма).
Музыка. Узімку ў гарадах не чуваць музыкі. Яна застаецца ў сярэдзіне шынкоў і кавярняў, тэатраў і канцэртных залаў і ніколі не вырываецца навонкі. Нават з аўто. Узімку горад жыве адно пад тыя зыкі, што вырабляе сам.
Мішку я ўбачыў здаля, пакуль чакаў на пераходзе светлафора. Ён чакаў мяне, як мы і дамовіліся, на броўцы плошчы Калумба, ля бязлюднага ў гэтую пару ўвахода ў Цэнтрал-парк. Ён змяніўся і не змяніўся наагул. Апрануты, я б сказаў, знарочыста прыстойна, без, барані Божа, тутэйшых скрайнасцяў: ні неахайнасці, ні фрыкаватасці, ні мудрагелістай пурытанскай самавітасці. Ваўняны паўпалітон. Паўзверх каўняра вязаны шалік. Пэўна, дарагія (але ж дыхтоўныя!) пальчаткі. Карычневыя вельветавыя нагавіцы. Ідэальныя для сённяшняга надвор’я высокія, таксама карычневыя, чаравікі на тоўстай падэшве. I кепка. Назаву яе англійская, бо клятчастая, бо з вушкамі. Здаецца, менавіта такую насіў калісь... уласна, хто такія толькі не насіў (я б і сам набыў такую).
Я падышоў, мы абняліся.
Вось жа, ён змяніўся і не змяніўся наагул. Змяніўся, бо твар зрабіўся круглейшы і на маё «пакажыся, які ты ёсць!» ён паляпаў па наяўным ужо жыватку і, зняўшы кепку ды пахіліўшы голаў, прадэманстраваў ужо цалкам акрэслены плёх. Змяніўся, бо яго вопратка, хоць і не наўпрост, але ўсё ж гаварыла (або хутчэй прамаўлялася) аб ягоным дабрабыце. Зрабіўся іншым позірк (з іранічнага прыдзірлівы) і голас у ім цяпер атабарылася ўпэўненасць.
He змяніўся бо я выдатна памятаў, якім ён быў. I калі б ён пажадаў паказаць, што змяніўся, у яго наўрад ці выйшла б у маёй прысутнасці.
- Маеш прэферэнцыі на гэты вечар? запытаўся ён.
- Прэферэнцыі? Кажаш, як амерыканец.
- Я і ёсць амерыканец. Дваццаць пяць гадоў ужо тут. Я ведаю, што стаў размаўляць па-руску горш.
Я не хацеў яго пакрыўдзіць.
- Прэферэнцый няма. Ну, можа, джаз паслухаць...
- Добра. Толькі давай не позна. Баюся, каб Машка не раззлавалася.
- Чаму яна не прыйшла?
- Нам няма з кім пакінуць дзіця. Машка перадае табе прывітанне.
Я ў думках пацепнуў плячыма. Замест таго, каб напівацца дзесьці ў шумнай нью-ёркскай кавярні, я «меў прэферэнцыю» глянуць, як яны жывуць.
Утварылася паўза, якую ён адразу ж спрытна запоўніў. Вычапіў з кішэні вялізны смартфон, сцягнуў вузкую пальчатку, стаў тыцкаць пальцам у экран.
Ён зразумеў, пра што я думаю.
- У нас маленькая кватэра, дачку мы кладзем a дзясятай.
- Ага, знайшоў, паведаміў ён праз каторы час, тут непадалёк сёння добры джазавы канцэрт, ён вымавіў назву клуба і джаз-банда, якія мне, натуральна, нічога не казалі.
Відаць, сумеўшыся майго прыдзірлівага абглядання і пазбягаючы традыцыйных роспытаў, па дарозе ён пачаў распавядаць:
- Гэта плошча Калумба. Яна лічыцца нулявым кіламетрам Нью-Ёрка. На растральнай калоне, што перад табой, караблі, на якіх Калумб адкрыў Новы Свет.
Я кіўнуў, пашанотна, але, як ні хацелася здавацца сур’ёзным, выйшла ўсё адно з іроніяй. Проста ў маладосці мы шмат жартавалі, смяяліся, гігікалі, рагаталі і сур’ёзны тон, які ён прапанаваў мне цяпер, неяк не вязаўся з характарам тых нашых стасункаў. Ён працягваў:
- Гэты хмарачос, ён паказаў на чорную рагаціну, уторкнутую ў рыхлае неба, называецца Тайм-Ўорнэр, ён найвышэйшы ў гэтай частцы горада, метраў дзвесце пяцьдзясят.
Даўшы мне колькі секунд, каб я змог насалодзіцца краявідам, працягнуў:
- А цяпер я вяду цябе да Метраполітан-опера, ты ўжо там быў?
Я схлусіў: не хацеў замінаць экскурсіі, на якую ён наладзіўся.
Далей мы ішлі, а ён гаварыў, і гэтак, ажно я ледзьве паспяваў, у працэсе разумеючы ён ведае ў гэтай частцы Манхэтана малай драбніцай не кожны камень: назвы хмарачосаў і якія вядомыя на ўвесь свет кампаніі іх насяляюць, на якой вуліцы здымаўся такі і такі фільм, і каго з выбітных нью-ёркцаў можна перастрэць у такім і такім бары, і што вось гэтыя камяніцы, якія паўсталі тут у сярэдзіне сямідзясятых, паскудзяць Мідтаўн.
- Гэта твой суайчыннік, пазнаў? паказаў ён на пано Шагала ў фае тэатра Метраполітан, якое праз вялізныя аркі вокнаў было добра відаць звонку.
- А твой не? здзівіўся я.
Ён пакінуў маё пытанне без адказу. He дачуў, пэўна, бо чытаў у той момант паедамленне, якое прыйшло на смартфон. Ад жонкі, зразумеў я з усмешкі, што мільганула на яго твары.
Hi фармат, ні месца канцэрту нам не падышлі. Джаз-банд выявіўся біг-бэндам, а зала нечым нагадвала умацраён. Мы яшчэ не ўвайшлі і адно абглядалі з парога тое, што адбывалася ўсярэдзіне. Цэлы батальён кельнераў пад кананаду труб і рык вакалісткі атакаваў наведнікаў. Нават ён зразумеў, што нам тут не месца. He бачыцца столькі гадоў і прабавіць, магчыма, адзіную сустрэчу ў абстаноўцы, наліжанай да баявой.
- Вернемся ў Вест-Сайд, пракрычаў ён мне на вуха.
Па тых самых вуліцах мы пашыбавалі ў адваротны бок.
- Як бацька? улучыўшы момант, запытаўся я.
Я заўжды лічыў, што ён з’ехаў дзеля бацькі. У сярэдзіне сямідзясятых, калі памерла Мішкава маці, ягоны бацька занурыўся ў юдаізм. Зрабіўся актывістам мясцовай сінагогі, выйшаў з партыі, звольніўся (вядома, яго папрасілі) з пасады галоўнага інжынера вялікага завода. Перайшоў на маленечкую фабрыку шараговым інжынерам.
Ён меў траіх дзяцей. Мішка старэйшы. Я памятаю, што яны мадзелі. Калі Мішка вучыўся ў мастацкай вучэльні, ён яшчэ ўвесь час падпрацоўваў, каб дапамагчы малодшым. Бацька не хацеў болып ісці на кампраміс.
Яўна для бацькі Міша маляваў нудотныя карціны алеем на сацыяльную тэматыку. Нібыта вэнджаныя воблы, фігуркі рабочых, развешаныя на вяровачку, чарга ў «Віно-Гарэлка». Тыя ж развешаныя на вяровачку-чаргу воблы-жанчыны ля прылаўка гастранома. Для сябе ён маляваў хіпушку Санту. Тая задарма, з унутранага процістаяння свайму цэкоўскаму татулю, пазавала Мішку ню ў яго майстэрні пазбаўленым дзённага святла сутарэнні іхняга дома.
- На пенсіі. Купіў невялікі дамок у Монтысела, міляў сто ад Нью-Ёрка. Хварэе часцяком. Я езджу ў адведкі амаль штовыходныя...
- А тут забілі Джона Ленана, паказаў Мішка ў бок аркі дома з калонамі, закратаванай агароджаю.
Мы спыніліся, памаўчалі. Hi кветак, ні графіці, ні якой-небудзь шыльдачкі. Пакуль маўчалі, самавіты ахоўнік выпусціў з аркі аўто з танаванымі шыбамі, абыякава паглядзеў на нас.
- Тут дагэтуль жыве Ёка, працягваў распавядаць Мішка. У гэтым доме існуе рада жыхароў, каб не ўскладняць сабе жыццё, яны пастанавілі больш не прадаваць кватэры зоркам...
- А дзе жыве Вудзі Ален? перабіў я.
- На Іст-Сайдзе. У сваіх фільмах ён здымае ВестСайд, але сам жыве сярод мільянераў, у яго голасе я разабраў прыняты ў Нью-Ёрку, ды, уласна кажучы ў шмат якіх мегаполісах, у якасці добрага тону, сарказм.
Размова яўна не ладзілася, але яшчэ заставалася надзея на чарку.
- Як ты ставішся да мексіканскай кухні? запытаў ён.
- Калі толькі што не вострае. Ведаеш, страўнік...
- Страўнік? ён зрабіўся клапатлівым. Як жа табе собіла?
- 3 маім ладам жыцця як рэпу грызці. Паскудная закусь і бырла дзевяностых, аджартаваўся я.
Страўня была маленечкая, спрэс застаўленая столікамі гэтак, што паміж імі трэба было цярэбіцца асцярожна, каб не скінуць чыюсьці талерку або шклянку.
- Якім ветрам у Нью-Ёрку? запытаўся ён, калі мы паселі адзін насупраць аднаго на абабітыя чырвоным дэрматынам канапы.
- У камандзіроўцы, адказаў я.
Ён глянуў на мяне так, нібыта толькі пабачыў.
- Дзе спыніўся?
- У Шаршаневіча.
- Як ён?
- Працуе таксоўшчыкам, жыве ў Брукліне.
- У Нью-Ёрку таксоўшчык не праца, падпрацоўка, паскардзіўся ён.
- Так, Шаршаневіч наракае, для яго гадоў праца вельмі цяжкая і грошы не тыя. Дзе ты? перавёў размову я.
- Маю сціплую рэкламную кампанію. Але офіс побач з Ўол-стрыт.
На знак павагі я зацэкаў языком.
Кельнерка прынесла меню, я нават не разгарнуў яго.
Спыніліся на нейкіх мексіканскіх бургерах.
- Будуць нявострыя. Кухня ў Нью-Ёрку суцэльная эклектыка, заспакоіў ён. Што п’еш?
- Гарэлку.
- Я яшчэ люблю піва.
- «Гінэс»? пасміхаюся я.
- Так, пасміхаецца ён.
- Вазьмі адразу бутэльку.
Ён з асцярогай глянуў на мяне.
- Тут так не прынята.
- Нідзе не прынята. Усё адно ж вып’ем.
- Я Машцы абяцаў.
- А мы не бачыліся чвэртку стагоддзя.
Прыняўшы заказ, кельнерка даўганогая афраамерыканка, усміхаючыся дзяжурнай усмешкай, удакладніла, калі падаваць алкаголь.
- Зараз, заявіў я. Мне ўсё больш і больш праглася выпіць.
Кельнерка перавяла позірк на Мішку. Мішка пацепнуў плячыма.