Полацк IX—XVII стст.
Гісторыя і тапаграфія
Сяргей Тарасаў
Памер: 183с.
Мінск 1998
Вялікая роля ў разглядзе пытанняў тапаграфіі Полацка належыць Г. Штыхаву. Яны знайшлі асвятленне ў працы «Пытанні гістарычнай тапаграфіі Полацка» (Штыхаў, 1963), у грунтоўнай працы «Древннй Полоцк IX—XIII вв.» (Штыхов, 1969) і шэрагу іншых пран. У апошняй працы Г. Штыхавым пераканаўча даказана, што першапачатковым умацаваным цэнтрам было менавіта гарадзішча ў выгіне Палаты. Ён жа знайшоў і частку паселішча з матэрыяламі IX—X стст., вызначыў памеры горада гэтага часу і прыкладную колькасць насельніцтва (Штыхов, 1975. С. 26— 27). Г. Штыхавым былі вызначаны асноўныя этапы развіцця Полацка ў IX—XIII стст., колькасць і памеры гарадскіх пасадаў, колькасць насельніцтва, якое тут пражывала. Так, плошча горада XI—XII стст. была вызначана ў 80 га, а колькасць насельніцтва ў XII — пачатку XIII ст. каля 8 тысяч чалавек (Штыхов, 1975. С. 33). Ім зроблены планрэканструкцыя тэрыторыі старажытнага Полацка з нанясеннем на яго старажытных раёнаў і помнікаў манументальнага дойлідства. Погляды Г. Штыхава на дынаміку развіцця тапаграфічнай структуры горада складаліся ў працэсе зліцця асобных паселішчаў, якія разрасталіся ўздоўж Палаты і правага берага Дзвіны, ствараючы поўнасцю заселеныя палосы. Стваралася сістэма
22
плана Полацка, блізкая да радыяльнай (Штыхаў, 1963. С. 71), што Полацк як горад узнік на аснове ўмацаванага цэнтра полацкіх крывічоў VIII—IX стст. і ператварыўся ў якасна новы сацыяльны арганізм у канцы X—XI ст., пашыраючыся за кошт новых пасяленняў. Дзядзінец з гарадзішча на Верхнім замку быў перанесены ў пачатку XI ст. Падобна Ноўгараду, горад меў арганізацыю па гарадскіх «концах», хоць яна не атрымала такога развіцця, як у Ноўгарадзе.
Вялікае месца пытанням полацкай тапаграфіі адвёў у сваёй манаграфічнай працы Л. Аляксееў (Алексеев, 1966). Ён зрабіў рэканструкцыю плана горада (Алексеев, 1966. С. 141), звярнуўшы ўвагу на размяшчэнне шэрагу манументальных пабудоў. Аўтар прытрымліваецца думкі аб пераносе дзядзінца горада на Верхні замак у пачатку XI ст.
Завяршаючы агляд крыніц і даследаванняў, адзначым, што ўсе яны разбіваюцца на дзве вялікія групы: пісьмовыя крыніцы і картаграфічныя матэрыялы, якія далёка не поўна асвятляюць пытанні гістарычнай тапаграфіі перыяду позняга феадалізму (XV—XVII стст.), і археалагічныя, якія адзіныя даюць матэрыялы па тапаграфіі горада ранняга перыяду. Абедзве групы маюць некаторыя, толькі ім характэрныя асаблівасці, якія выклікаюць давер. Крытычны падыход да іх разгляду дасць найбольшыя вынікі ў выпадку комплекснага, узаемадапаўняючага іх выкарыстання, праверкі і пацвярджэння пісьмовых крыніц археалагічнымі матэрыяламі.
Раздзел II
КУЛЬТУРНЫ СЛОЙ ПОЛАЦКА ЯК ГІСТАРЫЧНАЯ КРЫНІЦА
У 1998 годзе споўнілася 70 гадоў з пачатку планамерных навуковых археалагічных раскопак на тэрыторыі Полацка. За гэты час уяўленні аб важнасці культурнага слоя як гістарычнай крыніцы істотна змяніліся і пашырыліся.
Старажытны горад узнік і жыве ў пэўным геаграфічналандшафтным асяроддзі, што абумовіла шэраг заканамернасцяў як яго тапаграфічнага пашырэння, так і дынамікі ўтварэння культурных напластаванняў у розных раёнах старажытнага Полацка. Паўстаўшы як умацаванае паселішча полацкіх крывічоў у лукавіне Палаты, горад пашыраўся ў міжрэччы Палаты і Дзвіны. 3 часам яго жылыя раёны перамясціліся і на супрацьлеглыя берагі гэтых рэк, дзе ўзнікалі пасады: Вялікі, Запалоцкі, Востраўскі, Крыўцоў, Слабодскі, Экіманскі.
У другой палове X—XI ст. умацаваны дзядзінец горада пераносіцца на правы бераг Заходняй Дзвіны, на месца, якое пазней атрымала назву Верхні замак (Штыхов, 1978. С. 26).
У другой палове XVI ст. узнікае Ніжні замак (Стралецкі), павялічыліся і развіліся пасады.
Найбольш археалагічна даследаваны культурны слой Верхняга замка. На працягу 1928—1995 гг. тут праводзіліся раскопкі пад кіраўніцтвам А. Ляўданскага, М. Каргера, А. Мітрафанава, В. Тарасенкі, Г. Штыхава, Валянціна і Васіля Булкіных, а таксама аўтара. Агульная даследаваная плошча складае каля 2000 кв. м (Штыхов, 1978. С. 26).
Менш вывучаны іншыя раёны старажытнага горада. Так, у Запалоцці даследавана тэрыторыя агульнай плошчай 350 кв. м (раскопкі Г. Штыхава 1961, 1980 гг. і аўтара 1986 г.), на Ніжнім замку — 500 кв. м (раскопкі Л. Побаля 1959 г., Г. Штыхава і М. Каргера 1962—1964 гг., аўтара 1986, 1989—1990 гг.), на старажытным полацкім гарадзішчы — каля 80 кв. м (раскопкі А. Ляўданскага 1928 г., Л. Побаля 1959 г., Г. Штыхава 1960—1962 гг.), на пачатковым паселішчы каля Чырвонага моста — 440 кв. м (раскопкі Г. Штыхава 1962—1967, 1979, 1980 гг.), на Вялікім пасадзе — 1100 кв. м (раскопкі аўтара 1987—1988 гг.). Практычна не вывучаны культурны слой каля СпасаЕфрасіннеўскага і Бельчыцкага манастыроў. Тут праводзіліся раскопкідоследы культавых пабудоў XII ст. яшчэ да 1917 г. У 1928 г. да вывучэння полацкіх архітэктурных помнікаў далучыўся I. Хозераў, у 1957— 1964 гг. — М. Каргер, пад час 1976—1980 гг. — Вал. Булкін і П. Рапапорт.
24
Гэтыя працы ў асноўным ахоплівалі помнікі архітэктуры і толькі ў некаторых выпадках неслі інфармацыю аб культурным слоі. Аднак трэба зазначыць, што культурны слой у раёнах манастыроў захаваўся дрэнна і вельмі фрагментарна.
На тэрыторыі Вялікага пасада, за Ніжнім замкам да 70х гадоў нашага стагоддзя спецыяльныя даследаванні практычна не вяліся. Былі закладзены толькі шурфы Г. Штыхавым на мысе левага берага Палаты (1962 г.), даследаваны рэшткі храма XII ст. «на рву» М. Каргерам (1962 г.) і закладзены 4 шурфы Л. Побалем агульнай плошчаю 8 кв. м у двары СШ № 8. Астатнія доследы на агромністай тэрыторыі Вялікага пасада абмяжоўваліся назіраннямі за будаўнічымі работамі.
У 1959 г. Л. Побалем была зроблена спроба знайсці культурны слой і рэшткі Прадцечанскагэ манастыра на Востраве (Поболь, 1959. С. 10—11). Даследчык заклаў ва ўсходняй частцы Вострава 5 шурфаў агульнай плошчай 20 кв. м. Быў выяўлены моцна пашкоджаны культурны слой. Пошукі манастыра вынікаў не далі. Невялікія доследы праводзіліся тут і аўтарам у 1987 і 1989 гг. (Тарасов, 1987. С. 20; 1989. С. 18).
He праводзіліся раскопкі на тэрыторыях вядомых гарадскіх пасадаў — Экімані, Крыўцова, Слабады. Дадзеныя аб культурным слоі тут адсутнічаюць, знаходкі абмежаваны пад’ёмным матэрыялам.
Такім чынам, частковымі даследаваннямі ў той ці іншай ступені ахоплена большая частка гістарычнай тэрыторыі Полацка IX—XVII стст. На падставе археалагічных раскопак. сумарная плошча якіх складае больш за 4 тыс. кв. м, дадзеных геалагічнага свідравання (Чернявская, 1985. С. 17) і назіранняў за будаўнічымі работамі ў межах горада з’явілася магчымасць даць характарыстыку культурным напластаванням Полацка з улікам асаблівасцей іх утварэння ў розных раёнах горада.
1. Стратыграфічныя дадзеныя
Стратыграфія культурных напластаванняў Полацка змяняецца ў залежнасці ад месца іх утварэння і інтэнсіўнасці жыцця і дзейнасці насельніцтва ў тым ці іншым раёне горада ў розныя храналагічныя перыяды. У гістарычных частках горада магутнасць культурных напластаванняў змяняецца ў шырокіх межах — ад 0,8 да 5,0 м (мал. 25, 26).
Старажытнае полацкае гарадзішча (мал. 15, 25). Першы даследчык гэтага помніка А. Ляўданскі адзначыў двухслойны характар культурных напластаванняў пры магутнасці слоя на верхняй Пляцоўцы гарадзішча да 1,8 м. Ён так апісвае стратыграфію раскопу: «Пад верхнім культурным пластом ляжыць непарушаны, больш цёмнага колеру пласт (з вугалькамі і попелам) таўшчынёй да 30 см, які належыць першапачатковым насельнікам гарадзішча; пад ім ідзе гумус, а ніжэй — грунт» (Ляўданскі, 1930. С. 164). Ніжні слой вучоны датаваў раней IX—X стст. (Ляўданскі, 1930. С. 166), верхні — часамі Полацкай зямлі. Больш познія напластаванні ім адзначаны не былі.
Наяўнасць старажытнага культурнага пласта з ляпным посудам была зафіксавана і ў даследаваннях Г. Штыхава на гэтым помніку (НІтыхов,
25
1969. С. 23) пры магутнасці слоя ў 1,65 м. Ім жа была зроблена прарэзка вала полацкага гарадзішча і атрыманы каштоўны матэрыял па стратыграфіі культурнага слоя, які падзяляецца на тры віды з розным керамічным матэрыялам.
Першы — найстаражытнейшы перадмацерыковы, магутнасцю 10—15 см, у якім знойдзена кераміка днепрадзвінскай культуры. Гэты слой перакрываўся ядром пачатковага вала, дзе знойдзены тыповы для доўгіх курганоў гаршчок VIII—IX стст. Да гэтага часу адносіцца і слой пажару (магчыма, спаленыя абарончыя збудаванні), у якім былі фрагменты добра вырабленых ляпных гаршкоў IX—X стст. Вышэй, у слоі другога пажару, зафіксаваны кругавы ганчарны посуд. Такім чынам, у старажытным слоі з ляпным посудам (па А. Ляўданскаму) Г. Штыхаў вылучыў слой першай паловы 1га тысячагоддзя н. э. і слой VIII—X стст.
Значную колькасць сярод матэрыялаў А. Ляўданскага, Л. Побаля і Г. Штыхава з гарадзішча склаў посуд XI—XIII стст., што сведчыць аб працяглым жыцці на дадзеным помніку. Няма падстаў пагаджацца з выказваннем Л. Аляксеева аб тым, што пасля спалення Полацка ў часы Рагвалода дзядзінец быў закінуты і не аднаўляўся (Алексеев, 1966. С. 136).
Старажытнае паселішча (мал. 20). Упершынюадкрыта Г. Штыхавым на правым беразе Палаты ў раёне Чырвонага моста (плошча 0,25 га) (Штыхов, 1975. С. 26). Як высветлілася, гэта была толькі частка паселішча, якое ў асноўным размясцілася на плошчы пазнейшага Ніжняга замка (каля 7 га) і было знойдзена аўтарам у 1986 г.
Магутнасць культурнага слоя каля Чырвонага моста ў сярэднім каля 1,0 м (Штыхов, 1979. С. 2) без уліку мацерыковых ямаў. Помнік значна папсаваны пазнейшымі перакопамі. На некранутых кавалках пасля зняцця баласту ў слоі інтэнсіўнай чорнай афарбоўкі знойдзена кераміка X—XII стст. (Штыхов, 1969. С. 26). У перадмацерыку ўтрымліваліся рэчы X і мяжы IX—X стст., таксама посуд VIII—IX стст. Вылучыць дакладную стратыграфію напластаванняў не ўдалося.
Падобнае назіралася ў стратыграфічных напластаваннях паселішча на Ніжнім замку (мал. 17, 26). Як і каля Чырвонага моста, магутнасць слоя ў сярэднім складае каля 1,0 м. У сувязі з рыхласцю і вільготнасцю глебы слой мае інтэнсіўны чорны колер. Ад дзённай паверхні і да мацерыка ў раскопе 1986 г. і ў раскопе 1989 г. колер і склад слоя практычна не мяняюцца (мал. 30, 31). Але на дадзенай тэрыторьіі культурны слой мае адну істотную асаблівасць: на розных глыбінях (у залежнасці ад магутнасці ўсяго слоя) прасочваецца праслойка чырвонакарычневай гліны таўшчынёй ад 10 да 40 см. Калі вышэй гэтай праслойкі ў перамешаным выглядзе сустракаюцца матэрыялы X—XVII стст., то ніжэй з улікам. частковай пашкоджанасці — у асноўным толькі матэрыялы IX—X стст. Менавіта пад глінянай праслойкай знойдзена асноўная маса ляпнога посуду. Тут жа прасочваецца і залежнасць структуры старажытных напластаванняў ад магутнасці слаёў гліны, якія іх перакрываюць. Так, напрыклад, у шурфах, дзе слой гліны дасягае 40 см, перадмацерыковы слой мае значны працэнт утрымання гною і трэсак. Там жа, дзе гліняная праслойка нязначная альбо парушана, перадмацерыковыя напластаванні па структуры зліваюцца з вышэйразмешчанымі пластамі.