Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 2
Артыкулы, эсэ, прадмовы, выступленні, інтэрв’ю, гутаркі, калектыўныя творы (1981 -1990)
Васіль Быкаў
Памер: 640с.
Мінск 2019
— Цяпер часта гавораць пра развіццё асобы. Як вы думаеце, у які бок павінна ісці гэтае развіццё? Якія найбольш важныя рысы ў чалавеку?
— Мне думаецца, што маральныя чалавечыя якасці, нашыя «трэба» і «нельга», даўным-даўно выпрацаваны чалавечым
грамадствам, іх характар не надта змяшуся на працягу стагоддзяў. Па-ранейшаму неабвержны сэнс вядомага катэгарычнага імператыву Канта: адносіцца да іншых так, як табе хацелася б, каб яны адносіліся да цябе самога. Але тут важна, каб тое, да чаго дайшоў у сваім маральным развіцці індывідуум, чалавек, асоба, стала такой жа неабвержнай каштоўнасцю для расы, класа, чалавецтва наогул. Ды ўся справа ў тым, што чалавецтва ў выніку рознага роду падзелу, няроўнасці, палітычнага і іншага саперніцтва яшчэ лічыць для сябе маральным тое, што даўно стала недапушчальным у адносінах паміж двума добрымі суседамі. He проста зразумець і растлумачыць, чаму так сталася, але пэўна, што культура, веды, тэхнічны прагрэс не ў стане зрабіць людзей больш цярпімымі адзін да аднаго, без чаго, аднак, далейшае чалавечае існаванне на нашай зямлі робіцца няпэўным, нічым не гарантаваным. Бяздумны тэхнічны прагрэс, не забяспечаны патрэбным маральным прагрэсам, можа толькі паскорыць усеагульную пагібель. 3 гэтага, я думаю, зусім зразумела, у якім кірунку пажадана развіццё асобы і ўсяго чалавечага грамадства.
— Сярод вашых чытачоў — крытыка. Яе даробак на матэрыяле вашых твораў салідны. Як вы гэты даробак ацэньваеце?
— Крытыка — таксама творчасць, у якой знаходзіць сваё адлюстраванне асоба крытыка ва ўсім яе духоўным аб’ёме. Прыемна, калі характар гэтай духоўнасці супадае з маім, а калі не... Як і ў жыцці наогул. Часам бывае прыкра ад таго, што мой твор — увесь пад яркім святлом ягонага крытычнага разгляду, у той час як ягоны — гарантаваны ад такога ж разгляду з майго боку. Тыповы выпадак аднабаковай сувязі. Як у гарадскім аўтобусе, дзе мікрафон — толькі ў вадзіцеля.
— Як вядома, вашы адносіны з крытыкай склаліся не адразу...
— Што праўда, то праўда. He адразу. 3 некаторымі крытыкамі не складваюцца да гэтага часу. Але што ж — кожнаму сваё, як было сказана задоўга да ўсялякай мастацкай крытыкі. Хаця, мабыць, гэта і добра, бо, як пісаў Заля, толькі падвяргаючыся атакам і можа расці пісьменнік.
— ...I твор, напэўна, каб стаць пазачасавай з’явай у літаратуры, заўсёды павінен прайсці праз нейкія церні. А хто дапамагаў вам «выбіцца ў людзі»?
— «Выбіцца ў людзі» — можа, занадта сказана, і тут я не магу назваць каго-небудзь канкрэтна. Але два чалавекі-пісьменнікі сапраўды аказалі мне некалі неацэнную паслугу сваімі парадамі. Абодва ўжо нябожчыкі. Іван Калеснік, працуючы ў «Чырвонцы», некалі сказаў пачаткоўцу Быкаву, аб чым яму не
варта пісаць, а Раман Сабаленка, наадварот, раскрыў яму вочы на тое, што ў яго найлепш атрымліваецца. Дагэтуль лічу, што на пачатку творчасці аўтару больш і не трэба. Абодва гэтыя пісьменнікі мелі добрае адчуванне літаратуры, і іхнія парады з’явіліся надзвычай дарэчы. Яшчэ не лішне будзе сказаць некалькі слоў пра мае сувязі ў гэтым сэнсе з Аляксандрам Твардоўскім, у бытнасць якога галоўным рэдактарам «Нового мнра» я надрукаваў там тры аповесці і падрыхтаваў да друку чацвёртую. Праца з Твардоўскім стала для мяне незабыўнаю школай літаратуры, мабыць, у яе агульным, але вельмі значным разуменні. Ён раскрыў перада мной рад элементарных, але вельмі важных літаратурных (і не толькі літаратурных) ісцін, якімі часам грэбуюць як аўтары, так і выдаўцы. He буду спыняцца на ўсім падрабязна, а хацеў бы прывесці толькі адзін крытэрый Твардоўскага ў ацэнцы таго ці іншага твора — неабходнасць яго паяўлення ў літаратуры менавіта ў дадзены час. Як паказваюць гісторыя літаратуры і наша сучасная практыка, гэтае патрабаванне — можа, найгалоўнейшае ў мастацтве наогул.
— Як вы ўспрынялі крытыку на «Знак бяды»?
— Добразычлівая крытыка, мне думаецца, заўжды ўспрымаецца адназначна. Я не ведаю прыкладу ў сучаснай літаратуры, каб нейкі аўтар пакрыўдзіўся за тое, што яго пахвалілі.
— Напэўна, «Знак бяды» стаўся вялікай нечаканасцю для многіх вашых чытачоў. Засталіся ранейшымі жанр — аповесць і тэма — вайна. Але моцна змянілася іх напаўненне. Загаварылі пра Быкава «ў новай якасці»...
— Тут я не суддзя свайму твору. Тым болып калі яго рассудзяць іншыя.
— Як стваралася аповесць: працягласць у часе, вывучэнне этнаграфічнага і гістарычнага матэрыялу?
— Шмат з таго, аб чым напісана ў аповесці, я ведаў даўно, насіў у сабе яшчэ з дзіцячых гадоў і аднойчы адчуў, што гэта ўжо «уходяіцая» тэма і калі не напішу пра тое я, дык з цягам часу шанцаў на напісанне будзе ўсё менш. Значыць, найперш — уласны вопыт, веды, ну і трошкі пісьменніцкага ўяўлення, без чаго не бывае творчасці. Аповесць напісалася прыкладна за год з нечым. Пісалася без асаблівых пераробак, паслядоўна: спярша — матэрыял ваенны, пасля — даваенны.
— Васіль Уладзіміравіч, у сваіх выступпеннях вы не раз заклікалі пісьменнікаў пісаць пра вайну праўду. Значыць, ёсць сярод вашых калег і такія, якія пгшуць няпраўду?
— Значыць, ёсць. Я не магу, напрыклад, прыняць твораў так званай дакументальнай літаратуры, у якіх персанажы — рэаль-
ныя, часам вядомыя гістарычныя асобы, але дакументальнасці там — на газетны артыкул, не болей, а ўсё астатняе — аўтарскі вымысел. Апісанні, дыялогі, даследаванне псіхалогіі герояў — спрэс вынік аўтарскай выдумкі, якая да таго ж нідзе не агаворваецца і падаецца за сапраўднасць. У тым мне бачыцца не што іншае, як прыхаваная літаратурная спекуляцыя на натуральнай цікавасці чытача асабліва да «велнкнх мнра сего», герояў вайны і г. д. У жанры мастацкай прозы пра вайну таксама нямала «развеснстой клюквы», якая, праўда, мае іншае паходжанне: недастатковае аўтарскае асваенне матэрыялу з прычыны адсутнасці асабістага ваеннага вопыту, імкненне да афектацыі, псіхалагічныя недакладнасці. Часам гэтым грашаць адносна маладыя аўтары, якія пішуць пра падзеі, не перажытыя самімі на вайне. Мне ў гэтай сітуацыі ўспамінаецца рэпліка аднаго вядомага ваеннага пісьменніка: «Хоць бы ўжо яны пачакалі, калі адыдуць з жыцця ветэраны, а пасля выдумлялі, пра што захочацца. Каб не было ўжо каго саромецца».
I гэта ўвогуле правільна, бо «праўда — адзіны помнік, які варты памяці мёртвых», як пісаў нядаўна памёршы выдатны французскі пісьменнік Арман Лану.
— Адзін з вашых герояў, Васілевіч, разважае так: «Усё ж Вечны агонь у памяць аб тых, хто загінуў, — гэта здорава! Калі толькі вечнасць яго не акажацца кароткай». Што можа скараціць гэтую вечнасць?
— Пішучы гэта, я меў на ўвазе канкрэтны, прынамсі не такі ўжо і рэдкі факт. Справа ў тым, што, як гэта здаралася ў некаторых населеных пунктах, дзе захапіліся наладжваннем вечных агнёў, гэтыя агні згаслі неўзабаве пасля іх адкрыцця, бо (як некалі, напрыклад, у Гродне) не знайшлося каму плаціць за спалены газ. А без аплаты які ж агонь?
— Зрэшты, у гэтым выразе Васілевіча можна ўбачыць і перасцярогу новай бойні. Як вы ацэньваеце захады супраць вайны ў сённяшнім свеце? Што лічыце найбольш эфектыўным?
— Шырокая кампанія пратэсту супраць пагрозы ядзернай вайны ахапіла, як вядома, Стары і Новы свет, і яна вельмі ўражвае. Можа, не варта яе і пераацэньваць у сэнсе канкрэтных вынікаў, бо як бы актыўна яна ні вялася і колькі б мільёнаў у ёй ні ўдзельнічала, не яна вырашае практычныя пытанні вайны і міру, прэрагатыва на якія ўсё ж у руках палітыкаў, кабінетаў, «снльных мнра сего». Але ж у народаў няма іншых сродкаў выказаць свае адносіны да намераў тых, каму зноў засвярбела распачаць новае шаленства, і спадзявацца, апроч як на свае сілы, у іх таксама няма на каго. А галоўнае цяпер можа заклю-
чацца ў тым, каб зразумець неверагодную важнасць моманту, які яшчэ дазваляе выбар. «3 гэтага стану нельга выйсці, рухаючыся ў тым жа напрамку. Можна толькі спыніцца і, быць можа, павярнуць назад. Вось яшчэ на што можна спадзявацца», — пісаў незадоўга да сваёй смерці Макс Борн. А ўжо ён ведаў, што такое ядзерная катастрофа.
— Мы ж хіба толькі ў агульных рысах можам сабе ўявіць, што такое сучасная вайна. Гэта з’ява антыгуманная, антычалавечная. I таму, мусіць, у свядомасці майго пасляваеннага пакалення яна асацыіруецца перш за ўсё з фашызмам. А што такое фашызм? Той самы Васілевіч кажа, што гэта шалёная актыўнасць адных пры мяшчанскай пакорлівасці другіх. 3 чаго пачынаецца фашызм?
— Уся справа ў тым, што фашызм пачынаецца з адной вельмі старой, як свет, пасылкі: мы (я) не такія, як іншыя, мы — лепшыя, разумнейшыя, вышэйшыя, і таму «мы павінны», «мы маем права»... Гэтае пачуццё перавагі ў якасці першапрычыны прынесла ўжо незлічоныя пакуты чалавецтву і, што цікава, наўрад ці шмат што дало тым, хто дабіваўся большага. Гінулі мільёны ахвяр заваёўнікаў правоў і тэрыторый, гінулі самі заваёўнікі, але ўсё ў свеце (ці амаль што ўсё), па сутнасці, заставалася па-ранейшаму, і найперш па-ранейшаму заставалася людская няроўнасць і пад ёй — тая самая глеба, на якой раслі новыя прэтэнзіі «не такіх», «лепшых», «вышэйшых».
— Вось дзве вытрымкі з лістоў гітплераўскіх салдат: «Па dapose ад Міра да Стоўбцаў мы размаўлялі з насельніцтвам мовай кулямётаў, ніякай спагады мы не адчувалі. У кожным мястэчку, у кожнай вёсцы ў мяне свярбяць рукі. Хочацца пастраляць з кулямёта па натоўпе». «Мы кідаем ручныя гранаты ў жылыя дамы. Дамы вельмі хутка гараць. Агонь перакідваецца на іншыя хаты. Прыгожае відовішча. Людзі плачуць, а мы смяёмся са слёз». Гэта немагчыма зразумець. Хочацца верыць, што так маглі пісаць адзінкі, але не хочацца і ашукаць сябе. Мусіць, усё ж так думала большасць «заваёўнікаў». Значыць, абставіны прымусілі большасць пераступіць цераз гэты бар’ер?
— Чалавек, прайшоўшы ў сваім развіцці вялізны шлях ад звера да свядомай істоты, змяшчае ў сваёй душы дужа шмат рознага, гэта выдатна давёў яшчэ Дастаеўскі. Але справа ў тым, што ў розных сацыяльна-палітычных умовах праяўляюцца яе пэўныя якасці. Культура, выхаванне, літаратура культывуюць у чалавеку лепшыя яго рысы, прымушаюць падаўляць горшыя, тыя, што ідуць з дрымучай першабытнай мінуўшчыны, і пры пэўных умовах людзі дасягаюць выдатных вынікаў. Фашызм
жа для дасягнення сваіх драпежных мэт адкрыў у чалавеку дарогу яго самым чорным інстынктам, і вось на вачах усяго свету нямецкая нацыя, адна з самых культурных нацый Еўропы, гэтак лёгка ператварылася за дзясятак гадоў фашысцкага панавання ў нацыю турэмшчыкаў і забойцаў. Мусіць, для многіх немцаў гэта было дужа проста, бо было лёгка, нават у нечым заманліва, а галоўнае — Гітлер кожны год падахвочваў да новых забойстваў, усю адказнасць за іх дэмагагічна беручы на сябе. Выходзіць, вельмі лёгка рабіць злачынствы, калі адказваць за іх будзе нехта іншы.