Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 2 Артыкулы, эсэ, прадмовы, выступленні, інтэрв’ю, гутаркі, калектыўныя творы (1981 -1990) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 2

Артыкулы, эсэ, прадмовы, выступленні, інтэрв’ю, гутаркі, калектыўныя творы (1981 -1990)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 640с.
Мінск 2019
181.27 МБ
— Я думаю, што крытыка робіць многа. Праўда, у апошнія дзесяцігоддзі крытыка стала вельмі спагадлівай, кампліментарнай. У газетных рэцэнзіях, часопісах звычайна друкаваліся адны панегірыкі — нават і на слабыя творы. Гэта кепска. Але, я думаю, наўрад ці будзе лепш, калі ўсё стане наадварот. У апошні час паявіліся вельмі крытычныя артыкулы, і што ж мы ўбачылі? Шэрую літаратуру яны па-ранейшаму мінаюць, а вось раман Ч. Айтматава адразу трапіў пад крытычны агонь. Але што, гэта самы горшы раман? Гэта якраз самы лепшы раман. У сучаснай крытыцы дзейнічае надта шмат рознахарактарных сіл, якія здзяйсняюць сябе не лепшым чынам. А літаратарам хацелася б разумнай сярэдзіны, аб’ектыўнай памяркоўнасці.
— Як вы ставіцеся да сучаснага чытача? На якое пакаленне вы арыентуецеся, калі пішаце творы пра вайну?
— Вельмі часта задаюць такія пытанні. Але я адношуся да тых пісьменнікаў, якія не робяць у гэтым сэнсе ніякага разліку.
Я не пішу для нейкага пэўнага чытача з пэўнай арыентацыяй. Я пішу наогул, для ўсіх, хто хоча мяне чытаць. Імі могуць быць і ветэраны, і пенсіянеры, моладзь, студэнты, школьнікі, рабочыя, калгаснікі. Усім, каму цікава, няхай чытаюць. Я арыентуюся на свой густ, свае магчымасці і, канешне, на праўду, якой яе разумею і бачу.
— Вашы творчыя планы?
— He надта прыемна гаварыць пра свае няздзейсненыя планы. У адрозненне ад эканомікі, дзе ўсё плануецца на пяць гадоў наперад і на перыяд аж да 2000 года, творчасць пісьменніка пакуль што сугуба індывідуальная і бяспланаваная. I, як ні дзіўна, гэта дае пісьменнікам пэўныя магчымасці і нават перавагі.
Гутарку запісала Людміла Козіна.
[Снежань 1986 г.]
[ВЯЧАСЛАЎ КАНДРАЦЬЕЎ]
Ярка і нечакана разгарэўся літаратурны талент Вячаслава Кандрацьева, які за кароткі час пакарыў сэрцы чытачоў выдатнымі кнігамі аб мінулай вайне, і сярод іх, вядома, самы знакаміты ягоны «Сашка». У ім — ліхаманка баёў, горыч страт і радасць перамогі, — маленькі краёчак салдацкай праўды аб вялікай вайне. Пасля ў В. Кандрацьева было яшчэ некалькі аповесцяў, ад якіх нязменна веяла гарачай атмасферай вайны, а праўда характараў іх зрабіла аўтара шырока вядомым у нашай літаратуры.
Але В. Кандрацьеў, апроч аповесцяў, вядомы яшчэ і як кінасцэнарыст, драматург, аўтар не менш цудоўных апавяданняў, адно з якіх друкуецца ніжэй1. Гэта не вайна, гэты першы, нялёгкі пасляваенны час, у які былыя салдаты часам метадам спроб і памылак шукаюць свой шлях у мірнае жыццё. У цэнтры аўтарскай увагі — праўдзівы вобраз былога разведчыка Гошкі, што прыехаў у разбураны Мінск 47-га года, каб знайсці тут прытулак, працу і сваё чалавечае шчасце. Апавяданне друкуецца ў дабротным перакладзе, які належыць пяру Леаніда Казыры і выдатна перадае лёгкі і дакладны стыль аўтара.
[1986]
1 Апавяданне «Гошка, былы разведчык».
1987
[ВЫСТУПЛЕННЕ НА СХОДЗЕ, ПРЫСВЕЧАНЫМ 150-М УГОДКАМ 3 ДНЯ СМЕРЦІ АЛЯКСАНДРА ПУШКІНА]
Пушкін — адна з вяршынь сусветнай культуры, нязгасны светач духоўнасці — пражыў недаўгое, складанае жыццё, надзвычай багатае ўрокамі для людзей і для чалавецтва ў цэлым.
Ён належаў да тых волатаў духу, якіх у свой час або шчыра любілі, або гэтак жа шчыра ненавідзелі. У адносінах да яго размежаванне было гранічнае: або — або.
Дзеля справядлівасці трэба зазначыць, што гэтаксама адносіўся да свету, у якім жыў, і сам Пушкін. Адных ён усім сэрцам любіў (сяброў па ліцэю, некаторых разумных дам і немітуслівых літаратараў, проста шчырых, адкрытых людзей), другіх ненавідзеў (пустых царадворцаў, безгаловых чыноўнікаў, цэнзараў, традыцыйна ўсёмагутную ў Расіі тайную паліцыю).
Вядома таксама, што Пушкін недалюбліваў сентыментальныя раманы і велерэчывыя гістарычныя сачыненні. «Нн нашпх уннверснтетов, нй наішіх театров Пушкнн не любнл», — сведчыць адзін з яго блізкіх сяброў Павел Воінавіч Нашчокін. Дзіўна, але чалавек высокай культуры, майстра слова, ён не так ужо шанаваў прозу. Ёсць яго асабістае сведчанне, якое ў перадачы ягонай сяброўкі Аляксандры Андрэеўны Фукс гучыць так: «Как жалкн те поэты, которые начннают ішсать прозою; прнзнаюсь, ежелн бы я не был вынужден обстоятельствамн, я бы для прозы не обмакнул пера в черннла». Калі гэта сапраўды так, дык чалавецтва ўдзячна тым яго «обстоятельствам», якія так ці інакш былі ім перажыты; мы нават удзячны тым невясёлым абставінам, якія затрымалі паэта на некалькі тыдняў у далёкім Болдзіне і тым садзейнічалі нараджэнню бессмяротных радкоў ягонай прозы — маленькіх аповесцяў і маленькіх трагедый. Цяпер ужо няважна, як да гэтага ставіўся сам аўтар, які, дарэчы, схаваўся тады за прыдуманым іменем Івана Пятровіча Белкіна і нават сачыніў яго псеўдабіяграфію,
няважна, што некаторыя з сяброў сустрэлі паяўленне ягонай прозы ў друку без асаблівай радасці, нават малаважна і тое, што разумны і праніклівы Бялінскі назваў іх не вартымі ні таленту, ні імені Пушкіна. Час паказаў, што Пушкін стварыў шэдэўры, значэнне якіх ніколі не зменшыцца.
Пушкін з’явіўся вялікім рэфарматарам літаратуры, усіх яе жанраў. Ён пераўтварыў тагачасную літаратурную мову, паэзію і, канешне ж, не мог абысці сваім наватарствам прозу.
Вядома, што проза — гэта перш за ўсё мова ў яе жывой натуральнасці, не перасаджаная з французскай ці якой-небудзь іншай, не штучны сурагат, а народная і жывая, якой тады не шмат было ў пецярбургскіх салонах, — затое ёю поўнілася народная стыхія, расійская глыбінка. Пушкін быў першы з расійскіх літаратараў, хто не пабаяўся шырока пусціць яе, занядбаную і пагарджаную, у расійскую славеснасць, у сваю паэзію, а затым і ў прозу — ад «Арапа Пятра Вялікага» да несумненнага пушкінскага шэдэўра, знакамітай «Капітанскай дачкі». Ён жа затым і сфармуляваў яе славутае неўміручае крэда: «Точность н краткость — вот первые достоннства прозы. Она требует мыслей н мыслей — без ннх блестяіцне выраження нн к чему не служат».
Урокі Пушкіна-празаіка так ці інакш адбіліся на творчасці геніяў сусветнай літаратуры, але найперш рускай. Лермантаў, Гогаль, Талстой, Чэхаў, Бунін тварылі пад несумненным уплывам Пушкіна. Ягонага ўплыву ў гэтым сэнсе не абмінуў ніводзін з сур’ёзных беларускіх пісьменнікаў, асабліва ў ранейшыя дзесяцігоддзі. (Гэта цяпер мы распісаліся, і не столькі думак у нашай прозе, колькі слоў. I тамоў.)
Але Пушкін вялікі не толькі паэтычнымі ці празаічнымі ўрокамі. Усё ягонае жыццё — змястоўнейшы ўрок этыкі, годнасці і маралі. Нават ягоныя чалавечыя слабасці — урок для многіх пакаленняў пісьменнікаў, дзеячаў культуры.
Ён быў волатам духу і заставаўся звычайным чалавекам свайго складанага часу. Ён не любіў царскі двор, але не меў сілы адмовіцца ад пакутніцкага жыцця пры ім. Вядома, што за якіх два гады да сваёй гібелі ён падаў прашэнне аб адстаўцы і нават атрымаў дазвол ад цара, ды забраў тое прашэнне назад. I мы цяпер думаем, як бы, мусіць, інакш склаўся ягоны лёс, калі б ён выйшаў у адстаўку, паехаў з сям’ёй у сваё Міхайлаўскае... Але не, умяшаліся сябры, і з іх самы лепшы — Жукоўскі. Як гэта нярэдка бывае — з самых лепшых пачуццяў і найлепшых жаданняў. Але тое ўмяшанне павяло паэта прамой дарожкай да гібелі.
Вядома, што жыццё і гісторыя багаты на крутыя павароты і нечаканасці, далёка не ўсё ў іх можна прадугледзець нават у наш камп’ютарызаваны век. Часам не ўсё разумеў і Пушкін. Як сведчаць сучаснікі, ледзь не да апошніх гадоў жыцця ён як бы саромеўся звання літаратара, «сачыніцеля», як тады гаварылі. Ён хацеў быць патомным расійскім дваранінам, належаць да знаці. Ён невысока ставіў Акадэмію славеснасці, да членаў якой належаў, і дбаў пра членства ў Акадэміі навук, куды яго ўпарта не пушчаў сам міністр асветы граф Увараў. Шмат год не хацеў верыць Пушкін у сваю вялікую нацыянальную місію, якая зрабіла бессмяротным яго імя. Але ж хіба адзін Пушкін? I хіба тое здаралася толькі ў часы Пушкіна? Поезд справядлівасці, як даўно вядома, нярэдка спазняецца, і «нету пророка в отечестве своем». У поўным сэнсе вялікім прарокам Пушкін стаў пасля смерці, затое ён будзе такім заўжды. Даўно сцерліся з людской памяці імёны цароў і царадворцаў, розных «снльных мнра» пачатку XIX стагоддзя, усіх тых, перад кім пачціва цягнуўся Пушкін. А Пушкін жыве. I ён будзе жыць, пакуль будзе існаваць чалавецтва, бо ягоная вялікая, жывая душа ў наш не толькі жорсткі, але і жудасны век з’ядноўвае людзей пачуццямі дабра, злучае разарваную сувязь часоў і дае надзею.
Надзею выжыць, не ператварыцца ў атамных дзікуноў, не толькі выхаваць сучасны высокарацыянальны розум, але і не занядбаць душу, здольную на дабрыню, чалавечнасць, а часам — і слабасць. Калі-нікалі так бывае ў гісторыі, што апроч сілы патрэбна і слабасць, бо слабасці патрэбна справядлівасць. Сіле ж нічога не трэба.
I гэта выдатна разумеў Пушкін.
Няхай жа навек ён застанецца на зямлі прарокам дабра і справядлівасці.
[Студзень 1987 г.]
[ГУТАРКА 3 ФАЙЕЗАМ РАШЫДАМ]
— Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне савецкага народа, па сутнасці, вырашыла лёс усёй еўрапейскай, а можа быць, і сусветнай цывілізацыі. Перамога над фашызмам аплачана мільёнамі жыццяў савецкіх людзей. У вайне загінуў кожны чацвёрты жыхар маёй роднай Беларусі. Я быў удзельнікам вайны. I мой маральны выбар прадыктаваны і маральным выбарам
тых, хто загінуў у барацьбе супраць фашысцкіх захопнікаў, памяццю аб незлічоных ахвярах і пакутніках вайны.
Што датычыцца тэмы гераізму — яна адна са складанейшых у літаратуры. Быў час, калі гераізм вызначаўся выключна колькасцю знішчаных на полі бою ворагаў. Такі спрошчаны падыход, можна сказаць, панаваў у літаратуры, і не толькі ў літаратуры, у першы пасляваенны час. Той факт, што подзвіг у вайне здзяйсняў увесь народ — і салдаты, і партызаны, і падпольшчыкі, і проста мірныя жыхары: старыя, жанчыны, дзеці — патрабаваў асэнсавання, патрабаваў новага ўзроўню праўды. У пошуках гэтай праўды і нараджаўся новы герой у ваеннай літаратуры. Настаўнік Мароз у маёй аповесці «Абеліск» не здзяйсняе ратных подзвігаў, ён проста да канца застаецца верным свайму абавязку, застаецца чалавекам у нечалавечых абставінах. I таму ён, і такія, як ён, заслужылі, каб імёны іх занялі сваё месца на абеліску памяці.
— Тэме вайны прысвечана агромністпая колькасць кніг. Ці можна сказаць, што яна ў цэлым ужо вычарпала сябе?