Поўны збор твораў. Том 8
Мэмуарная проза
Васіль Быкаў
Памер: 576с.
Мінск 2009
А тады пачалося нуднае гарнізоннае жыццё ў вайско- вым гарадку на Плоўдзіўскай шашы ў Сафіі. Як звычайна - пад’ём, зарадка, развод на заняткі, гарнізонная служба, нарады. У горад да восені нікога не пушчалі. Усе - сал- даты і афіцэры, маладыя і старыя - таміліся на сьпякоце за калючым дротам вайсковага гарадку. Бальшыня афіцэраў, асабліва маладых, пасьля вайны служыць не хацелі, хацелі дадому, дзе заставаліся родныя, якіх ня бачылі ўсю вайну. Уся наша радасьць была купіць пару бутэлек вермуту, што з таго боку прыносілі да дроту, і выпіць. Таму пілі — і афіцэры, і салдаты. Да восені нікога не дэмабілізавалі, таму ўсе разам - маладыя, 18-гадовыя, і старыя, да 50 гадоў, - вучылі вайсковыя статуты, будову матчасці і палі- тыку на рэгулярных палітзанятках. Сьпярша нашыя адносіны да англа-амэрыканскіх саюзьнікаў былі ляяль- ныя, усё ж мы памяталі, хто нам памагаў у вайну, чыю мы елі тушонку, на чыіх аўтамабілях езьдзілі. Але затым рап- там, бы па камандзе (канешне, па камандзе, як у нас усё робіцца) тыя адносіны зьмяніліся, і мы пачулі ад нашых камандзіраў ды палітрукоў, што найпершыя цяпер нашыя ворагі [-] гэта Амэрыка з Англіяй. Таму трэба пільнасьць
і пільнасьць! He паддавацца на правакацыі і мацаваць боегатоўнасьць.
Увосень салдатаў некалькіх узростаў (да 1924 году на- раджэньня ўключна) дэмабілізавалі, афіцэраў пакінулі. Я напісаў некалькі рапартаў аб дэмабілізацыі, ніводнаму зь іх не далі хады. Служы, прафэсія афіцэра ў нас прэстыж- ная, быў адказ. Я не хацеў служыць нават у блаславёнай краіне Балгарыі, я хацеў дамоў, у бедную маю Беларусь, хацеў вучыцца. У партыю на фронце я не ўступіў, хапіла мне камсамолу, які таксама нямала дапёк. Ці не заўсёды я быў камсоргам батарэі, дзе клопату было няшмат, але цяга- ніны хапала. Найперш сходы, паперы, баявыя лісткі... A галоўнае - на кожны тыдзень, месяц, квартал — пляны мерапрыемстваў, дзеля блізіру, бо ніхто іх выконваць і не зьбіраўся. Але за тым сачылі нампаліты, у якіх іншых аба- вязкаў і не было. Надакучыў мне камсамол. Але неяк паклікаў нампаліт камандзіра палку, кажа: «Быкаў, а калі мы выберам цябе камсоргам палку? Пасада вызваленая, пойдзеш на самастойную работу, на заняткі хадзіць ня трэба. Ты афіцэр граматны, вучылішча скончыў, думаю, справішся...». Камсамол мне абрыдзеў, але і заняткі што- дзень у сьпёку і непагадзь - таксама ня мёд, і я пагадзіўся. На чарговым сходзе быў аднагалосна абраны камсоргам. Яшчэ празь нейкі час той жа нампаліт кажа: «Камсорг палку павінны быць членам партыі, таму трэба табе ўсту- піць. Я дам рэкамэндацыю». Тое ўжо было горш, я ведаў, што членства ў партыі - гэта рабства душы, што я пера- стану належаць сабе, а галоўнае - тады бывай дэмабілізацыя і ўсе мае мары.
Але жыцьцё ці лёс распарадзіліся інакш. He паводле нампаліта маёра Цквітарыя, ні паводле майго жаданьня.
Увосень нас пачалі пушчаць у горад - у вольны ад службы час, і афіцэры, бы застаялыя ў загарадках коні, рынуліся на гарадзкую волю. У слаўную, стаўшую ўжо мілай нашаму сэрцу Сафію. На плошчы Народнага сходу, якраз насупраць помніка цару-вызваліцелю ўлады зрабілі Дом афіцэраў, вядома ж, з рэстаранам, у якім можна было найперш выпіць і закусіць. Канешне, такі выпадак грэх было ўпусьціць, і мы яго не ўпускалі. Абы былі грошы.
3 грашыма часам здаралася напруга. Заробак узводна- га быў невялікі, да таго ж шмат у каго былі адасланыя грашовыя атэстаты родным і блізкім. Я таксама паслаў атэстат сваім на 600 рублёў, прыкладна столькі ж атрымліваў на рукі. Аднойчы, памятаю, у суботу добра выпілі ў рэстаране (кампанія чалавек шэсьць), але не хапіла. I віна, і грошай. Тады Лёшка Рыжкоў і кажа: «Быкаў, ты ж, здаецца, зьбіраў камсамольскія ўзносы, дзе яны?». У сэйфе, кажу. «Дык што ж яны ляжаць у сэйфе, марнуюцца. Грошы павінны працаваць. Давай, а ў панядзелак палучка, усё вернем». Эх, Лёшка, які ты разумны, мабыць, падумаў тады не адзін я. Паехаў, забраў з сэйфа што там было, і слаўна мы дагулялі той дзень у рэстаране насупраць цара- вызваліцеля.
Здарылася, аднак, што ў панядзелак палучка не адбы- лася - з банку грошай не далі. Тое было горш, але я маўчаў. Трошкі зьдзівіўся, праўда, калі пасьля заняткаў мяне паклікаў - і не абы-хто, а сам начальнік палітаддзелу брыгады, які наўрад ці калі мяне і бачыў. (Зрэшты, як і я яго.) Размова пачалася ветліва: ну як працуецца, якія пля- ны? А пасьля, нібы між іншым — узносы сабраў? Сабраў, кажу. I што — здаў іх у фінаддзел? He, яшчэ не, сказаў я, і ўсярэдзіне ў мяне нешта апала. А дзе яны, грошы? — пытаецца палкоўнік. У сэйфе, кажу. А ну — прынясіце...
Я ўстаў і сеў. Усё было зразумела. Хтось стукнуў, і я прапаў. Ну не зусім, але халяўская мая паліткар’ера ляс- нулася ў самым пачатку. Праз два дні вярнуўся на бата- рэю, і мой камбат Ахрын пакпіў: «Ну што, ня выйшаў зь цябе палітрук! Я ж гаварыў». А нампаліт маёр Цквітарыя сказаў, што пасьля такога ўчынку мне ня месца ня толькі ў партыі, але і ў камсамоле. На днях зьбярэм сход і вык- лючым. Я са злосьці напіўся і, вярнуўшыся з рэстарану, кінуў у грубку свой камсамольскі білет. (3 таго часу і на ўсё жыцьцё - беспартыйны.) Назаўтра напісаў новы ра- парт аб дэмабілізацыі.
Колькі тыдняў пасьля хадзіў, бы ашаломлены, і ламаў сабе галаву: хто? Хто данёс? Тое мог зрабіць толькі нехта
з шасьці, што былі ў застольлі. Нават зь пяці. Але ж усе былі браты па зброі, аднагодкі, сябры. Каго было падазра- ваць у самым, можа быць, гнюсным? Сярод шасьцёх два былі членамі партыі - ці не яны? Ці, можа, хто з камса- мольцаў? Або зусім беспартыйны Лёшка, які ўсё і справа- каваў?
Таго, аднак, я не дазнаўся ніколі. Як і ў шмат якіх іншых выпадках.
28. Няўдзячны шынэлак. Валодзя
Даўно людзьмі заўважана, што бяда ня ходзіць адна, бяда любіць кампанію. Хаця наступныя за першай беды ўжо ўспрымаюцца інакш, часам з гумарам, са зьедлівай самаіроніяй. Як у мяне з абмундзіроўкай, якая для маладо- га вайскоўца заўсёды нямала значыць. Хацелася выгля- даць «як усе», лічылася нягожа, калі на цябе будуць паказ- ваць пальцам. Тым болей у горадзе.
Тады ў Сафіі ў мяне ўзьніклі менавіта такія праблемы: не было гожай абмундзіроўкі. Яшчэ ў Аўстрыі пачаў зьдзя- ваць гімнасьцёрку і адарваў каўнер, які амаль сапрэў за зіму. Выдалі з падменнага фонду б/у. Быццам і ніштаватая гімнасьцёрка, але зь дзьвюма лапікламі: ззаду на левай лапатцы і сьпераду на грудзях, - пэўна, зьнятая з забітага. Шынэлак мой аказаўся з падпаленымі поламі, бо ляжаў у машыне, а як прарываліся ў Венгрыі, тая машына згарэла, пасьпелі выхапіць толькі гэты падгарэлы шынэлак. (У рэч- мяшку згарэлі і малюнкі ў альбоме. Маляваў жа...) I во ў такім шынялі з падпалінамі прыехаў у Сафію. Улетку нічога, але ж пачалася восень, насталі халады. Неяк стаю на Арловым мосьце ў сваёй гімнасьцёрцы, чакаю аўтобус на Плоўдзіўскую шашу. А ўжо зімна, падае рэдкі сняжок. Побач ідуць балгары, чую гамоняць: «Братушка - сібірак, сібірак...». Я ўвесь азяблы, а яны думаюць, што загартава- ны, мне цёпла, бо сібірак.
Каб неяк даць сабе рады, купіў шынэль у аднаго бал- гарскага генэрала. Балгарскую ж армію разагналі, афіцэраў
звольнілі. А форма ў іх была такая, як у царскай Расеі, толькі з шасьцю гузікамі, - падобная да нашай. Шынэлак быў харошы, хіба з адным немалым недахопам - чырво- най падкладкай. Ну але калі добра затуліць полы, дык і нішто. Хіба надта шыкоўны матэрыял, зь якога пашыты...
Першы раз надзеў той шынэлак у выхадны, калі мы зь сябрам і ягонай сяброўкай зрабілі паход на Віташу. Усё лета пазіралі на гэту цудоўную гару паблізу Сафіі, а ўзь- лезьці на яе не даводзілася. Дабраліся да яе зімой, па сьне- зе і, добра стаміўшыся, заначавалі ў паляўнічай хіжыне. Мой сябра старшы лейтэнант Валодзя зь сяброўкай заста- ліся, а я павінны быў ранкам пасьпець на развод. Таму на сьвітаньні мусіў рушыць з гары. На шашы сьпяшаюся, але адчуваю, што спазьнюся, і тут якраз — «віліс» і ў ім камандзір брыгады. Ну, спыніўся - сядайце! Сеў, едзем. Пад’ехалі да прахадной, я хацеў неяк сашмыгнуць, каб пасьпець у свой строй, бо на пляцы ўжо пастроена брыга- да, чакаюць камбрыга. Але той мне - пастойце! I вядзе на пляц. А там, як звычайна, дзяжурны камандуе строю «сьмірна», аддае камбрыгу рапарт. Я стаю побач і ўжо адчуваю, што зараз будзе штосьці дурное. Так і здарылася. Падаўшы каманду «вольна», камбрыг гучна гаворыць дзя- журнаму: «Ну, а цяпер адрапартуйце во гэтаму гаспадзіну генэралу! Яму, ці бачыце, не даспадобы савецкая форма, дык ён абрадзіўся ў балгарскую. - I паднімае маю палу на чырвонай падкладцы. - Во палюбуйцеся, “как попугай»!..”
У страі рагочуць. Але ня надта. Камбрыг быў чалавек новы, прыехаў з акадэміі і дужа энэргічна змагаўся за «парадак», ад якога мы за вайну адвыклі. Я і падвярнуўся яму пад руку. А камандзір палку палкоўнік Парамонаў тады мне сказаў: «Каб я цябе болей у гэтым шынялі ня бачыў!». Ну што мне было рабіць? Прадаў я гэты шынэлак нашаму ўзводнаму, лейтэнанту Крывавязу, які зь яго пашыў сабе кіцель і брыджы. Мне выдалі зноў нейкі падменны, англійскі, - добры шынэлак, але кароткі. Давялося пад- шываць унізе... Але з тым і Крывавязу не пашэнціла. Уво- гуле ён быў хлопец задзірысты і аднойчы, выпіўшы, пабіўся з маёрам, начальнікам сяржанцкай школы, які быў такса-
ма на добрым падпітку. Лейтэнант быў маладзейшы і, ма- быць, перамог у бойцы. Маёру стала крыўдна. I ўжо ноччу ён пайшоў у інтэрнат, дзе жыў Крывавяз, каб прадоўжыць бойку. Але той спаў, маёр яго не дабудзіўся. Затое тут жа на тумбачцы была складзена ягоная абмундзіроўка з таго шыняля. Тады маёр узяў са стала чарніліцу і добра паліў чарнілам - і кіцель і брыджы. Гэта цяпер проста - здаў у хімчыстку і вычысьцяць, а тады... Чым толькі ня цёр яе Крывавяз - і мылам, і бэнзінам - нічога не памагло. Так і прапала абмундзіроўка з майго шыкоўнага генэральскага шыняля. Сапраўды, з чужога няшчасьця сабе шчасьця ня будзе.
Сябраваў я там з многімі, былі адпаведныя майму чыну кампаніі. Займеў у іх пэўную рэпутацыю, асабліва пасьля здарэньня з камсамольскімі ўзносамі. Гэта начальства за тое на мяне ўзьелася, а сябры - зусім наадварот. Неяк зблізіўся зь лейтэнантам Дзібнерам, які служыў у штабе. Той быў родам зь Ленінграду, у якім жыве і дагэтуль (мы зрэдку перапісваемся, перазвоньваемся. Ён цяпер — доктар геалягічных навук, спэцыяліст па геалёгіі Арктыкі). Тады мы зрэдчас хадзілі разам у горад. Віталь любіў выпіць шклянку віна, а галоўнае - шмат расказваў пра свой Ленін- град, які я ніколі ня бачыў. Ён быў старэйшы за мяне, да вайны скончыў унівэрсытэт і быў дужа адукаваны, што вельмі імпанавала мне.