• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 8 Мэмуарная проза Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 8

    Мэмуарная проза
    Васіль Быкаў

    Памер: 576с.
    Мінск 2009
    157.69 МБ
    ...Ноч некуды ехалі, ехалі — па нейкіх мокрых і гразкіх прасёлках, па полі, пад ранак прыехалі на ўскраіну сяла, паставілі гарматы абапал сьцірты. Чутно, як непадалёк адбываўся якісьці рух — гырчэлі маторы, штосьці гуло, шархацела, часам чуліся прыглушаныя галасы. Ішлі калё- ны. Немцы ад Будапешту прарываліся на захад.
    Як стала трошкі сьвітаць, убачылі зводдаль тое, што чулі ў цемры. Ішоў суцэльны паток войска: аўтамабілі, танкі, пяхота. Зараз жа адкрылі агонь. Страляць было проста, бо блізка. Адразу там запалала некалькі аўтамабіляў, з танкаў па нашай ускраіне зрабілі некалькі непрыцэль- ных стрэлаў. А мой наводчык Расцалуеў меў вострае вока і трапна ўзяў іх на прыцэл. 3 другога стрэлу загарэўся танк. Калёна амаль спынілася, заднія пачалі напіраць на пярэдніх, пярэднія гарэлі. Пяхота ў паніцы кінулася ў поле, і мы расстрэльвалі яе асколачнымі. Пасьля, як усё скончы- лася, нешматлікія машыны ўцяклі, а пяхота разьбеглася, мы пайшлі паглядзець, што нарабілі. Жудасна было тое бачыць... Такога разгрому я ня бачыў зь вясны сорак чаць- вёртага, як на дарозе пад Уманьню нашыя танкісты разграмілі нямецкую штабную калёну.
    Гэта быў ці не апошні бой на венгерскай зямлі, за во- сень, зіму і вясну багата палітай нашай крывёю...
    Да аўстрыйскай мяжы рухаліся ўвогуле ўдала, зь нядоў- гімі сутычкамі. А на мяжы ўсё спынілася, немцы сталі ў абарону. У перадгор’і Альпаў - шырачэзная даліна, якую немцы перакрылі агнём і нас туды не пушчаюць. Нямецкія танкі здаля б’юць па адзінай на схіле дарозе. Пяхота, ар- тылерыя - усё ў нас спынілася. Ды хутка з’явіўся нейкі генэрал у камбінезоне, але з генэральскай фуражкай на
    галаве, і якраз налез на нашую батарэю. «А вы чаго тут тарчыцё? А ну ўпярод!» I пагнаў батарэю па адхоне ўніз, туды, дзе немцы. «Студэбекеры» з гарматамі неяк праскочылі, і мы хуценька за кусьцікамі пачалі акопвацца. Іншых, што ехалі за намі, немцы не пусьцілі, спалілі некалькі машынаў, і болей ніхто празь іх агонь не праскочыў. Пра тое, што мы на праглядзе ў сваіх, мы не клапаціліся. А на вайне як бывае? Розных часьцей зашмат, нашыя ў палку, скажам, ведаюць, дзе іхнія астатнія, а іншыя могуць і ня ведаць. I нейкія мінамётчыкі, якіх спрытны генэрал змусіў хутчэй адкрыць агонь, агонь і адкрылі. Па нас, канешне. Толькі я з салдатам выкапалі ровік па калена, як тыя пачалі смаліць. Міны кучна клаліся якраз абапал. I, відаць, накрылі б, калі б не найшла вясновая хмарка і не паліў дождж. (Зрэшты, у вайну, калі пачыналася арткалатнеча, заўсёды пачынаўся і дождж. Іншы раз ён і не спыняўся, бо не спынялася арткалатнеча.) Як толькі дождж хлынуў, я выскачыў з ровіку[:] давайце за машынай і хутчэй адсюль. Але куды - наперадзе ж немцы? А хоць да чорта ў зубы... Трохі некуды ад’ехалі, за нейкія кусьцікі, ад якіх было бліжэй да немцаў, чым да сваіх, і тым уратаваліся. Пад носам у немцаў стала спакайней.
    25.	Аўстрыя. Малярыя
    Ну а пасьля падцягнулася болей войска, пачалося пла- намернае наступленьне і баі. Ды ўжо ў горнай мясцовасьці. Адчувалася хуткае сканчэньне вайны, дух быў бадзёры. Помню, дзень біліся за нейкую вёску, не маглі ўзяць, тады аднекуль зь іншага ўчастку перакінулі самаходны полк. Гэта 76-мм самаходкі, якіх на вайне таксама звалі «бывай, радзіма». Во яны праходзяць міма, у адной ззаду (зад у іх адкрыты) стаіць бравага выгляду камандзір, вусаты у тан- кавым шлеме, і гойкае нам: «Упярод, пушкары, годзе пузам зямлю пахаць!». Што ж, давай упярод, калі ты гэткі спрыт- ны. Вёску ўзялі, пяхота прайшла на той бок, мы - сьле- дам. Каля мастка, гляджу, стаіць абгарэлая самаходка, і зь
    яе зьвісае на гусеніцу абгарэлы чалавек. Па недагарэлых вусах мы пазналі таго аптымістага.
    Помняцца і яшчэ прыкрыя, a то і камічныя выпадкі. Як я ўжо казаў, у Румыніі я першы раз захварэў на малярыю. Даволі паскудная хвароба, тым болей, што шпітальнага лячэньня не вымагае. Зімой была перадышка, а вясной пачаліся прыступы. 3 пэўнай рэгулярнасьцю - пад вечар або калі ўбачу ваду... Хоць здалёк, хоць зблізку. Раптоўна здрыгаюся, і пачынаецца ліхаманка на некалькі гадзінаў. Аднойчы мы займалі пазыцыю на прамой наводцы ў полі. Трошкі далей і збоч ад агнявой расьлі дрэўцы, нейкія кусьцікі. Агонь не вялі, але немцы былі блізка. Мяне рап- там затрэсла, і я адышоўся да тых дрэўцаў. Было цёпла, ужо зялёная траўка прабівалася. Як лёг, салдат наваліў на мяне нейкіх трафейных коўдраў, нямецкіх шынялёў - каб сагрэцца. Пасьля, як крыху адпусьціла, заснуў. А як прач- нуўся, дык зьдзівіўся, што вакол дужа ціха. Высунуў гала- ву з-пад таго варахоб’я - ужо сьцямнела. Але дзе гармата? На агнявой няма маёй гарматы, стаяць нейкія людзі і пазі- раюць чамусьці не туды, куды заўжды пазіраюць на фрон- це, — у бок праціўніка. Гэтыя пазіраюць назад. Я яшчэ прыгледзеўся і прыслухаўся - то ж немцы! Канешне, спа- лохаўся, хаця нічога дзіўнага. У пяхоце такіх, негераічных, выпадкаў хапала. Але пра тое мала напісана. Бо зь пяхо- ты, апроч хіба В. Кандрацьева38, у літаратуру ніхто не прыйшоў. Мабыць, не засталося. Усё лепшае, што напісана пра вайну зь ліку яе ўдзельнікаў, канешне, належыць усё ж артылерыі. Мабыць, паводле традыцыі, распачатай ар- тылерыстам Л. Талстым39. А тут, пакуль я дрыжэў пад варахоб’ем, нашы драпанулі, гармату камбат загадаў ад- цягнуць ніжэй у сяло, а пра мяне забыліся. Таго салдата, што там мяне накрываў, паслалі па аўтамабіль, а іншыя ня ўгледзелі... I вось бачу чужыя сілуэты, - адзін у касцы, а другі, помню, у казыркастай шапцы... I я паўзком, на кукішках даў адтуль дзёру. Знайшоў сваіх, камбат пытаец- ца: дзе быў? У немцаў, кажу, быў. Пасьмяяліся... Усё ж ішоў сорак пяты, да перамогі заставаўся апошні месяц. A здарылася б тое раней на год ці паўгода, было б не да
    сьмеху. Як з тым нашым камандзірам узводу кіраваньня, які параненым пабратаўся зь немцам. У Венгрыі, у час бою за нейкае сяло, надта бамбілі нямецкія самалёты, і гэты лейтэнант, паранены ў нагу, сунуўся ў скляпок на двары сялянскага падворку. Якраз зьмяркалася, і ў той скляпок сунуўся і яшчэ нехта, таксама паранены. Тады скончылася бамбёжка і наогул скончыўся бой. I во яны сядзяць удвух, але ў цемры ня бачаць адзін аднаго і ня ведаюць, хто побач - свой ці чужы? Таму маўчаць. A галоўнае - ня ведаюць, хто заняў сяло — нашы ці немцы. Ніхто першы ня хоча адкрыцца. Так мінула ноч. I толькі як пачало сьвітаць, лейтэнант убачыў, што перад ім немец, гаўптман мэдыцынскай службы. I ніхто зь іх за пісталет не схапіўся, бо зноў жа - невядома, хто наверсе. Першы не стрываў немец, таксама паранены, неяк выбраўся, а лейтэ- нант сам выбрацца ня можа. Сядзіць і чакае, калі прый- дуць немцы і возьмуць яго ў палон. Або прыстрэляць у яме. Немцы і прыйшлі. Але на ламанай рускай мове растлу- мачылі, што страляць ня будуць, будуць рабіць арцліхер беістанд (мэдыцынскую дапамогу). I выцягнулі лейтэнанта, занесьлі яго ў мэдпункт, дзе той жа ягоны начлежнік пера- вязаў яму нагу і папытаўся, што ён хоча: да сваіх ці ў палон? Канешне, лейтэнант захацеў да сваіх. Тады яго ўначы два немцы паклалі на палатку і падцягнулі да нашых акопаў на краі сяла. Праз паўгадзіны ён туды і зваліўся. Ну, адвезьлі ў санбат, ляжыць там лейтэнант, яго перавязваюць, але ж дужа яму цікава з сваіх прыгодаў. I ноччу ціхенька ён рас- казаў пра тое суседу - што зь ім тры дні таму здарылася. Падзівіліся трохі абодва. А яшчэ празь дзень прыйшоў не- знаёмы афіцэр і сказаў, каб гэтага лейтэнанта тэрмінова падрыхтавалі да эвакуацыі. Аднаго. Болей яго ніхто ў палку ня бачыў. I чутак нават ніякіх не дайшло.
    Пасьля той выпадак нейкім чынам паслужыў мне, калі я пісаў «Адну ноч»40. Хаця там іншы фон ды інакшы час, але грамадзтва, а найперш нашая рэдактура не былі гато- выя прыняць падобныя тэмы, ад якіх патыхала непрымаль- ным для іх пацыфізмам. Тагачасны рэдактар «Полымя» Максім Танк адмовіў аўтару ў публікацыі таго апавядань-
    ня з прычыны «невыразнасьці», як ён напісаў, ідэі. Дума- ецца, ідэя была выразная, як надта выразнымі былі і партыйныя ўстаноўкі ў адносінах да яе.
    Во ўжо гэтыя партыйна-кадэбоўскія адносіны!
    Баі на той час павальнелі, немцы ня дужа абараняліся, але і мы надта ня лезьлі. Пяхота шмыгала па дамоўках, па падворках. Патрэбны былі трафеі. У гэтую пару прыйшоў зьверху дазвол пасылаць на радзіму пасылкі. Таму і шарылі ў пакінутых пад агнём дамоўках, расчынялі шафы, хапалі якую апратку, абутак. А заадно і харч. Хаця наконт харчу ў Аўстрыі было куды бядней, ня тое што ў Венгрыі, - самі аўстрыякі харчаваліся па картках. Дысцыпліна ў войску расхлябалася, часьцяком салдаты кудысь зьнікалі па ўлас- ных справах. Пілі, аднак, ня менш, як заўжды. П’янаваты камандзір трэцяй батарэі капітан Кохан уначы вяртаўся на свой НП41 з суседняй батарэі, і ягоны вартавы застрэліў яго. За які месяц да канца вайны. Пахавалі ва Ўсходняй Аўстрыі.
    Аднойчы дайшлі мы да нейкага невялічкага паселішча і сталі. Ноч мінулася спакойна, спакойны быў ранак. Гарадок заняла пяхота, мы - за ёй. А блізенька за раўком - мана- стыр. Я троху падрамаў ноччу, а на золку прачнуўся і пай- шоў праз браму ў манастырскія будынкі - цікава было паг- лядзець, у нас жа манастыроў даўно не было. Манастыр быў пакінуты, па ягоных калідорах ужо блукалі салдаты. Усюды валяліся богаслужбовыя кнігі, нейкае майно...
    I тут раптам пачалося — танкі выйшлі на ўскраіну га- радка і турнулі нашу пяхоту. Калі мы ўсе, хто быў у ма- настыры, выскачылі адтуль, пабачылі, як тая бяжыць, рассыпаўшыся па ўсім полі; аднекуль з-за сьценаў і платоў гарадзкіх будынін страляюць танкі. Мы з нашых пазыцый страляць па іх не маглі, перашкаджалі прыдарожныя па- садкі, ды й той участак быў ня наш. I каб уратавацца без прыкрыцьця пяхоты, мае хлопцы прычапілі гарматы да «студэбэкераў» і рванулі на дарогу. Можа, тое тады было і правільна, але чаму пабегла пяхота? I дзе ўрэшце пяхот- ныя камандзіры? I дзе нашы слаўныя палітработнікі, якія натхняюць байцоў на перамогу над зьлейшым ворагам? Няўжо таксама разбрыліся па цікавых месцах?
    Прыкладна пра тое я і крычаў, бегучы пад кулямі па голым полі. А слухаў мяне адзін капітан, які таксама апы- нуўся ў гэткім жа становішчы пакінутага пад агнём. Капітан гэты быў упаўнаважаны контрразьведкі с ь м е р ш, і ён адно - маўчаў. Крычаў я са злосьці, бо нашыя шанцы адолець шырокае, забаранаванае поле пад ураганным аг- нём з танкаў былі невялікія. А дужа крыўдна было празь нейчую дурноту гінуць перад канцом вайны. А можа, і праз сваю дурасьць таксама.