• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 8 Мэмуарная проза Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 8

    Мэмуарная проза
    Васіль Быкаў

    Памер: 576с.
    Мінск 2009
    157.69 МБ
    Я і тут падаў два рапарты на дэмабілізацыю, ды марна. I памалу страціў надзею вырвацца з войска. Шкада было Вальку, які сапраўды хацеў служыць, ды напрыканцы зімы яго дэмабілізавалі. На разьвітаньне мы выпілі ў забяга- лаўцы, і я праводзіў яго на вакзал. Валька ехаў у свой сібірскі Ачынск да маці. Для яго і вайна, і вайсковая служ- ба скончыліся бяз радасьці. He выслужыў Валька ні чар- говага званьня, ні ўзнагароды. Хоць ваяваў і служыў ня горш за іншых. А можа, нават і лепш. Але быў надта малады, дужа сумленны. I - наіўны. Хаця і я ня надта прыдбаў за вайну і службу - адну зорку на грудзі ды адну на пагоны.
    I ўсё. Ня тое што іншыя. Неяк спаткаў у кінатэатры Ва- лерыя К., былога аднакашніка па Саратаўскім вучылішчы. Той ужо старшы лейтэнант і два ордэны на грудзях, слу- жыць інструктарам палітаддзелу па камсамолу. I тады мне ўспомнілася, як ён клапаціўся перад выпускам, зьбіраў рэкамэндацыі ў партыю. Мы яшчэ кпілі: ня ўсё роўна, кім цябе закапаюць - беспартыйным ці бальшавіком? Ён бы ня чуў нікога і перад ад’ездам на фронт усё ж пасьпеў атрымаць кандыдацкую картку. А на Дняпры ў аддзеле кадраў, як сталі разьмяркоўваць па дывізіях, яго пакінулі ў палітаддзеле. Тады мы і сьцямілі — разумны ён чалавек, хоць і малады. Так і аказалася.
    30.	Водпуск
    У лютым нечакана-неспадзявана далі водпуск, і я ры- нуўся на радзіму. Ехаць давялося праз Крывы Рог, Хар- каў, Гомель. На вакзалах пры перасадках было жахліва - натоўпы людзей, вайскоўцаў і цывільных, старых, жанок і дзяцей, чэргі і штурханіна... Неяк дабраўся з чамаданам да Падсьвільля, дзе, ведаў, працуе ў бухгалтэрыі сястра Валя, пабудзіў яе ўначы, - вядома ж, на канцылярскіх сталах, дзе яна начавала зь сяброўкай. Раніцай разам выправіліся па сьнегавой дарозе празь лес у Кублічы. Па дарозе сястра расказвала сваю крыўду, як пасьля нямецкага палону яе паслалі ва Усходнюю Прусію - па каровы для калгасу. Месяц ці болей гналі вялізны статак, даілі і пасьвілі па дарозе, баранілі і даглядалі, самі заўсёды галодныя і ха- лодныя. Але мусілі трываць, бо абяцалі, як прыгоняць, даць карову, - нашую Акулярку ў 43-м зьелі партызаны, - і сястрычка трывала. Але як прыгналі, аказалася, што каровы патрэбныя для разьвіцьця калгаснай жывёлагадоўлі, і ганшчыцы засталіся з носам.
    Дома радасна было, што ўсе жывыя, хата таксама цэ- лая, не спалілі. Але хлеба няма, ашчаджалі крышку насен- най бульбы, а болей ні малака, ні мяса. He засталося нават курэй, якія некалі да вайны былі галоўнымі пастаўшчыкамі
    жабрацкага бюджэту. Увечары прыйшлі вяскоўцы, нядаўнія партызаны, распавядалі, як перажылі вайну. Колькі зьведалі гора і крыўд! Ад немцаў, партызанаў, народнікаў... У тым ліку і ад некаторых мясцовых, асабліва з тых, якія да вай- ны актыўнічалі з Саветамі і ў вайну не прамінулі ўслу- жыць акупантам. Але што ж, каму не хацелася жыць? Як таму ранейшаму нашаму старшыні калгасу Ягору, што трапіў у палон. Палонных трымалі ў лягеры пад Лепелем, мясцовых пушчалі дадому. Жонка пайшла па яго, ды Ягор не паслухаўся, дамоў не пайшоў. Кажа, дома адразу даня- суць, што камуніст, і стрэльнуць. А тут мяне мала хто ведае, можа, перажыву вайну. He перажыў вайну наш стар- шыня Ягор, загнуўся ў тым лягеры.
    3 маіх сяброў-школьнікаў амаль не засталося нікога - хто прапаў у партызанах, хто ў паліцыі (змабілізавалі на пачатку акупацыі), хто быў забіты на фронце пасьля выз- валеньня. Некаторыя з маладых, ня трапіўшы пад дэмабілізацыю, прадаўжалі служыць. Іншыя прайшлі ўсе колы пекла - мабілізацыю ў 41-м, палон і канцлягеры, пасьля - вызваленьне, фронт і зноў лягеры - на гэты раз у іншым боку, на поўначы і ў Сібіры.
    Зьезьдзіў у раённы цэнтар Вушачу - трэба ж было стаць на ўлік у ваенкамаце. Туды трохі пад’ехаў, а назад ішоў пешшу ўначы. Ледзьве дайшоў, не замёрз. Бо выпіў у колішняга сябра Мішы. Гэты, як і той мой саратавец, яшчэ ў войску пашчыраваў наконт пасьляваеннай кар’еры і цяпер рабіў у райкаме партыі. Але ён быў старэйшы за мяне, болей вопытны, а галоўнае — абачлівы. Тое было відаць яшчэ змалку, калі, атрымаўшы раённую газэту, ён пачы- наў яе чытаць зь перадавіцы. Я ж прывык заўсёды чытаць з канца, з чацьвёртай старонкі, дзе друкаваліся зьвесткі з- за рубяжу. Перадоўку пакідаў без увагі.
    Мой прыезд на радзіму празь сем гадоў небыцьця, вя- дома ж, ня мог абысьціся без увагі мясцовага НКВД. Пачалі наведвацца тутэйшыя сэксоты, якіх дужа цікавіла, дзе я быў у вайну? (Ці ня быў у пляну?) Адна дык сказала: «А я цябе бачыла, як тут немцы былі». Дзе ты мяне бачыла? «Ня памятаю дзе, але, здаецца, бачыла. У такой пілотачцы...»
    Мабыць, былі такія, якім трэба было нешта ўтойваць, і такія, каб іх выкрываць. Мая ж вайна, хоць і была далёка адсюль, але ўся - пры сьведках. У палоне я ня быў, на акупаванай тэрыторыі не пражываў. Горш давялося сябру Колю, які ці ня ўсю вайну прабыў у Заксэнхаўзэне, праца- ваў на капальнях у Аўстрыі, а пасьля яшчэ і паваяваў на фронце. Дэмабілізаваўшыся, ён не паехаў дамоў, а скіраваў у Рыгу, дзе жыве і дасюль. У спакоі, дабрабыце і безь вялікіх праблемаў.
    Бацька спытаўся пра мае пляны - як далей? Сказаў, што хачу дэмабілізавацца і прыехаць дахаты, у Беларусь, А ён кажа: ці трэба? Усё ж там, у войску, хоць трудна, ды кормяць. А тут даямо бульбачку і - голад. Як да вайны. Цяпер на сваёй палосцы не пасееш - ня тое, што ў вайну. Ужо зааралі і межы...
    Ехаў назад у Мікалаеў з балючым адчуваньнем расча- раваньня, вострым усьведамленьнем таго, што на радзіме не знайшоў гаючага заспакаеньня душы, да якога імкнуўся ў свае 22 гады. Няўтульным здаваўся навакольны сьвет - непрыдатны для шчасьця ў вайну, малапрыдатны і ў міры. Зусім ня гэткім ён бачыўся ў дзень, калі скончылася вайна. Мір дужа хутка ткнуў мяне пысай у сьмярдзючую калдобіну жыцьця. Як было зь яе выбрацца?
    Адчуваньне пагаршалася яшчэ і тым, што там, у Міка- лаеве, была ў мяне дзяўчына, зь якой я меў жаданыіе па- брацца. Там яна мела кватэру, радню, усе працавалі на суднабудаўнічым заводзе, казалі, што, дэмабілізаваўшыся, і я мог бы ўладкавацца ля іх. Але менавіта таго я і не хацеў, бо хацеў дамоў, на Беларусь. Ды, як паглядзеў, - куды б я яе ўзяў на Беларусі? I намер мой пакрысе ачах, нібы нрысак у затухлым вогнішчы.
    Апанураны і зьбянтэжаны вярнуўся ў Мікалаеў.
    31.	Звальненьне ў запас. Горадня
    Вясной, якраз перад Першым маем, прыйшоў загад на маё звальненьне ў запас. Гэта ў той час, калі я ўжо трохі
    зьмірыўся са сваім вайсковым лёсам, падумаў, што прый- дзецца служыць. Тады і далей усе зьмены майго жыцьця адбываліся ў час, які меней за ўсё быў для таго прыдатны. Усё празь нечаканасьць, раптоўна і неспадзявана. Най- перш паўстала пытаньне: куды ехаць? Канешне, у Бела- русь, тут не было сумневу, але куды канкрэтна? Да баць- коў у калгас патыкацца ня мела сэнсу, але куды яшчэ? Дзе знайсьці прытулак, хаця б на першым часе?
    Паехаў у Менск. Раней у сталіцы ня быў, і тое, што там убачыў, зьбянтэжыла. Горад ляжаў у руінах. На нейкай вуліцы знайшоў Саюз мастакоў, старшынёй якога тады быў Ахрэмчык. Мне далі магчымасьць яму патэлефана- ваць. Расказаў, хто я, па што прыехаў. Ён кажа, што па- куль ніякай вучобы няма, вучылішча не працуе, дзе яно будзе - у Віцебску ці Менску, - яшчэ ўрадам ня вызнача- на. Жыць тут цяжка. Вам, кажа, няма рацыі тут заставац- ца. У некаторых абласьцях ёсьць аддзяленьні мастацкага фонду і неблагія калектывы мастакоў. Напрыклад, у Бярэсьці ці Горадні. Раю паехаць туды, там будзе праца, і пражыць там лягчэй, чым у Менску. А пасьля, можа, адчыніцца і мастацкае вучылішча. Падумаў я, што, відаць, так і трэба зрабіць. Якраз на Дзень перамогі цягніком цераз Баранавічы паехаў у Горадна - горад, дзе ў мяне не было ніводнай знаёмай душы. I які гэтак грунтоўна і на шмат год прычыніўся да майго чалавечага лёсу.
    Зь першага пагляду горад мне спадабаўся, не такі ўжо і пабураны (хоць у цэнтры і трапляліся руіны некаторых будынкаў), але ў ім адчувалася пэўная «заходнасьць», рысы сярэднявечча - у старых будынках, касьцёлах, нават у брукоўцы вуліц. Зноў жа - два замкі і Нёман. Дужа гэта міла здалося майму сэрцу, зьнябытаму на чужыне. Паўдня хадзіў па вуліцах, прыглядаўся, але куды зайсьці не нава- жыўся. Першую гарадзенскую ноч правёў на вакзале. Ран- кам пайшоў шукаць майстэрню мастацкага фонду.
    Майстэрня была якраз у цэнтры на вуліцы Клары Цэт- кін - маленькі пакойчык у старым доме. За адзіным ста- лом сядзеў лысаваты чалавек у сьветлым гарнітуры з ор- дэнам Чырвонага сьцягу на грудзях. To быў старшыня
    гарадзенскіх мастакоў Віктар Марозаў, нядаўні камандзір супрацьтанкавай батарэі, які, дэмабілізаваўшыся, застаўся ў Горадні. Тут жа знаходзіўся стары мастак Дзежка, якога даймала хвароба Паркінсона. Пасьля падышлі сівавалосы вальяжны Ігар Васільевіч Сямёнаў, чарнявы Ваня Пупікоў, таксама былы артылерыст, яшчэ нехта. Выхаванец Вар- шаўскай акадэміі мастацтваў Аляксандр Кох звадзіў мяне на сваю кватэру, дзе я пакінуў чамаданчык, а ягоная гас- падыня, мілая гарадзенская полька, пачаставала мяне квар- тай малака з лустай хлеба. Мы хутка з усімі паразумеліся, а каб замацаваць нашу шчасьлівую сустрэчу, увечары пай- шлі ў рэстаран, які, вядома ж, называўся тут «Нёман». Грошай у мяне было няшмат (выходное пособне), а пасьля рэстарану амаль не засталося нічога. Затое я набыў сяброў, якія мяне ўладкавалі за Нёманам на кватэру да сардэчнай Мар’і Іванаўны, што надоўга стала бы маёй другой маці.
    Так, людзі і мастакі тут былі цудоўныя. Некаторыя зь іх (Марозаў, Сямёнаў, Парахня) былі віртуозамі афарм- ляльнае справы, прыгожа, з адмысловым густам пісалі шрыфты. А ў той нашай справе галоўным былі менавіта шрыфты. Я, вядома, так ня ўмеў, таму глядзеў і вучыўся. Але рэч у тым, што глядзець і вучыцца асабліва не выпа- дала — было мала працы. Жывапісных заказаў не было зусім, і мастакі дужа мэнчыліся з тае прычыны. Ды іхнія перажыванкі звычайна доўга не трывалі, ад таго быў звыклы мужчынскі сродак. Здабыць грошы на хлеб было цяжка, a то і немагчыма, затое на гарэлку здабывалі заўжды. Тут таксама былі пэўныя віртуозы, і найлепшы сярод іх Віктар Марозаў. Рэдка які дзень абыходзіўся бяз выпіўкі - то, вядома ж, быў наш чорны дзень. Але надвячоркам усё ж нешта надорвалася, і я позьненька вяртаўся на сваю ква- тэру ў Занёманьні. Тое для маёй Мар’і Іванаўны не было навіной, за шмат год гэта гаротная жанчына была ўжо добра загартаваная яе мужам, таксама дэмабілізаваным вайскоўцам. Горш, што кватарант паводзіў сябе ня надта этычна - за некалькі месяцаў не плаціў за кватэру. Адно абяцаў, ды ня меў чым. Увесь той год я прабыў у майстэрні, разам зь іншымі перабіваўся выпадковымі заказамі. Ад-