• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 8 Мэмуарная проза Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 8

    Мэмуарная проза
    Васіль Быкаў

    Памер: 576с.
    Мінск 2009
    157.69 МБ
    Алесь Адамовіч, які апошнім часам адасобіўся ад Гарба- чова, сказаў, што трэба падтрымліваць Ельцына. Што той павядзе краіну далей, чым вёў Гарбачоў. Далей, але куды? Зрэшты, вельмі магчыма, што ў тым становішчы, у якім апынулася краіна СССР, не было альтэрнатывы, тупік ака- заўся такі безвыходны, што ўсе спосабы выбавіцца зь яго апынуліся няспраўджанымі. Належала хіба павярнуць назад. Ды гісторыя, на жаль ці на шчасьце, ня мае задняга ходу.
    Дык тое - у Расеі. А ў нас?
    У нас па-ранейшаму буяла засільле камуністаў, сядзелі на сваіх месцах Дземянцей, партбос Сакалоў і ягоны двайнік Малафееў. Зьнізу іх нецярпліва падпіралі маладзейшыя, - яшчэ болей агрэсіўныя і цынічныя. На каго было спа- дзявацца? Мяне па-ранейшаму тузалі мэдыі, з Масквы і тутэйшыя, быццам болей ня ведалі, да каго зьвярнуцца. Дзе-колечы паявіліся невыразныя намёкі пра мяне як маг- чымага лідэра нацыі - тое належала прыпыніць. У «На- роднай газэце»428 надрукаваў артыкул, у якім выразна і недвухсэнсоўна паказаў, хто ў Беларусі ёсьць сапраўдны лідэр. Тым таксама вызначыў маё стаўленьне да Пазьняка і спыніў пэўныя закіды ў бок Быкава. Я ня лідэр і не «сумленьне нацыі», я просты, біты жыцьцём беларус, які мае толькі адну мэту - застацца сумленным. Хацелася яшчэ дажыць да свабоды, ды тое, відаць, марнае памкнень- не. Майму пакаленьню, як і шмат якім папярэднікам, сва- боды ня бачыць. Хіба наступным...
    У наступных падзеях бурна чаргавалася надзея з паня- веркай, спадзяванкі з расчараваньнем. Былі моманты, калі здавалася, што наша доўгачаканая ісьціна — ужо побач, трэба яшчэ адно-два намаганьні, і мы будзем мець тое, пра што беларусы марылі доўгія стагодзьдзі. Але назаўтра вы- сьвятлялася, што ўсё перамянілася за адну ноч, і наша надзея апыналася адкінутай у пазаўчарашні дзень. Усё трэба
    было пачынаць спачатку. Але хто вінаваты? Адны казалі - Масква, яна не дае дыхнуць залежным народам і, апанта- ная імпэрскай ідэяй, ніколі не пагодзіцца з незалежнасьцю Беларусі. Іншыя думалі, што ўся справа ў стаўленьні да нас Захаду. Захаду даражэй адносіны зь імпэрскай Маск- вой, чым зь няпэўнай Беларусьсю. Ці ня ўсе пры тым сьцьвярджалі, што ў нашай бядзе найболей вінаваты мы самі, бо яшчэ не ўсьвядомілі боскай каштоўнасьці свабоды і незалежнасьці.
    Мабыць, горш за ўсё было тое, што ўсе гэтыя мерка- ваньні мелі рацыю.
    Нацыяналізм, гэтая грамадзка-палітычная зьява, стаў- ся дужа разнастайным у нашым часе, у пэўнай ступені пагарджаным і адпрэчаным грамадзкай сьвядомасьцю. Безумоўна, да таго прычынілася практыка, увасабленьне яго ў жыцьцё, праз што прайшло заходняе грамадзтва і выйшла да іншага. Ідэі нацыяналізму апынуліся дыскрэ- дытаваныя нямецкім нацызмам, італьянскім фашызмам, шмат якімі драбнейшымі радыкальнымі рухамі. А між тым ці ня ўсімі дзяржаўніцкімі здабыткамі ў нядаўнім мінулым Эўропа (і ня толькі Эўропа) абавязана менавіта нацыя- налізму сваіх вялікіх і дробных краінаў. Нацыяналізм ства- рыў неабходную форму арганізацыі грамадзтва - дзяржа- ву, якая існуе «не для таго, каб ператварыць зямное жыцьцё ў рай, а для таго, каб ня даць яму канчаткова ператварыц- ца ў пекла», - як пісаў М. Бярдзяеў. У аснове нацыяналізму — прыроджаны эгаізм, рыса, уласьцівая кожнай жывой істоце. Гора таму арганізму, у якім гэтая рыса выяўлена недастаткова, таксама як і кепска, калі тая рыса выяўлена празьмерна. Нацыяналізм, скіраваны на ўнутраны ўжытак грамадзтва, здаўна мае найменьне патрыятызму, а скіраваны ў іншы сьвет - ёсьць шавінізм або імпэрыялізм. Знакаміты філёзаф Рычард Пайпс падзяляе сучасны нацыяналізм на два яго варыянты: эксплюзіўны (агрэсіўны) і інклюзіўны (памяркоўны); расейскі ён адносіць да першага варыянту, а беларускі проста не заўважае. Мабыць, характар кожна- га нацыяналізму вызначаецца мэнтальнасьцю нацыі, яе
    палітычнымі памкненьнямі ў дадзены гістарычны момант. Расейскі нацыяналізм знайшоў сваё найбольшае ўвасаб- леньне ў бальшавіцкім імпэрыялізме, нямецкі - у агрэсіўным нацызме. Але што такое беларускі нацыяналізм?
    Агульнапрынятая дэфініцыя нацыяналізму кепска дас- тасуецца да гэтае беларускай зьявы, якая ёсьць іншая, зь іншым нацыянальна-палітычным зьмесьцівам. У сучас- насьці яна праяўлена слаба і, на мой пагляд, недастатко- вая нават у сэньсе ўнутранага грамадзкага эгаізму, неаб- ходнага для элемэнтарнай самаідэнтыфікацыі нацыі. Можна гаварыць толькі пра нацыянальныя зародкі, спазьнелыя і малавыніковыя, якія ня толькі не пагражаюць іншым на- родам і нацыянальнасьцям, але і не забясьпечваюць нацы- янальных патрэбаў саміх беларусаў.
    Напрыканцы XX стагодзьдзя характар нацыяналізму ў Эўропе надта зьмяніўся, патрэба ў ім для цывілізаваных краінаў адпала. Але для тых, якія па розных прычынах у тым не пасьпелі, ён па-ранейшаму застаецца надзённым. Менавіта нацыяналізм, паводле Фрэнсіса Фукуямы429, най- больш прычыніўся да вызваленьня народаў ад камуністыч- най дыктатуры. He лібэралізм, не дэмакратыя, а менавіта нацыяналізм заняволеных камунізмам народаў. Там, дзе гэты працэс быў завершаны, зьявілася магчымасьць пера- ходу да дэмакратычнага лібэралізму, а дзе не завяршыўся, дзе стаўся затрыманы рэакцыйнымі сіламі, там нацыяналізм па-ранейшаму надзённы. Бо толькі нацыяналізм з найболь- шнай выніковасьцю здольны аб’яднаць сілы грамадзтва ў ягоным дэмакратычным разьвіцьці. У той жа час ён можа мірна і гарманічна ўжывацца з лібэралізмам, цьвердзіць Фукуяма - «сучасны адвакат нацыяналізму», але і пера- кананы прыхільнік лібэралізму.
    Некалі Алесь Адамовіч казаў, што пры засільлі звырод- лівай улады і абмежаванасьці прыродных рэсурсаў Беларусі трэба займець вельмі значную (вялікую!) ідэю, якая выве- ла б яе ў склад сучасных краінаў. Гэта - праўда. Нацыя- нальная ідэя - важны чыньнік прагрэсу, a то і фізычнага існаваньня ў сьвеце. Расея, напрыклад, увайшла ў заняпад, бо зжыла сваю імпэрскую ідэю і цяпер паўстала перад
    праблемай вынаходзтва новай. Але што да Беларусі, дык у яе ёсьць важная і аж занадта актуальная ідэя, гэта — свабода і незалежнасьць. Ідэя клясычная, увасабленьня якой даўно дамагліся шмат якія краіны сьвету, пабудавалі на ёй свой нацыянальны лёс. А беларусы ўсё яшчэ дыскутуюць, ці варта дамагацца таго? Ворагі беларушчыны, вядома ж, даводзяць: ня варта, ёсьць лепшая ідэя - няволя і залеж- насьць, яна дае хлеб. (I бэнзін, і газ, і прамтавары.) Амаль як у Бібліі: заваюйце нас, але накарміце нас. Або яшчэ сьцьвярджаюць, што Беларусь ня можа існаваць незалеж- на ў наскрозь залежным, драпежным сьвеце, дзе ўсё выра- шаецца сілай. Але ж іншыя, куды слабейшыя за Беларусь эўрапейскія краіны існуюць і жывуць няблага. Ніхто не занявольвае цяпер маленькую Швайцарыю, Аўстрыю, Венгрыю, Данію ні нават Люксэмбург з Андорай, а іхняя эканамічная залежнасьць ад вольнага сьвету толькі слу- жыць ім на карысьць. Мабыць, з часоў сярэднявечча шмат што зьмянілася ў сьвеце і дае магчымасьць народам жыць і нават разьвівацца430.
    Народы, якія на пачатку трэцяга тысячагодзьдзя ад Хрыстовага нараджэньня не засвоілі гэтае ісьціны, рызы- куюць не засвоіць яе ніколі. I навек застацца рабамі - найперш уласнае цемры і ляноты.
    116.	Еўтушэнка
    У Менск прыехаў Яўген Еўтушэнка, мы яго спаткалі на вакзале. Невядома па якой прычыне адбылося дробнае непаразуменьне - спатыкалі ў адным вагоне, а ён выйшаў зь іншага. Мэтай ягонага да нас візыту было аб’яднаньне саюзаў пісьменьнікаў - расейскага зь беларускім.
    У нас да таго паставіліся няпэўна - некаторыя былі за, іншыя - супраць. Справа ў тым, што наш СП ніколі ня быў кансалідаваны ў палітычных стасунках, хіба толькі здаваўся такім. Сабраны зь пісьменьнікаў розных пака- леньняў, ён нёс на сабе ўсе родавыя адмеціны нядаўна пражытых часоў - старэйшыя былі болей кансэрватыў-
    ныя, шмат якія грунтоўна заангажаваныя рэжымам і цал- кам сэрвільныя ў адносінах да ўлады. Спакваля, аднак, у СП папрыходзілі маладзейшыя, якія несьлі ў сабе пэўную апазыцыйнасьць да нядаўняга мінулага. Але была адна пазыцыя, дзе і тыя ды іншыя трымаліся амаль аднолька- вых перакананьняў, гэта стаўленьне да нацыянальнай мовы. Мова гінула, a то быў сук, на якім трымалася ўся нацыя- нальная культура. Пісьменьнікі не маглі быць да таго абы- якавыя, і шмат якія ініцыятывы звонку разглядалі ў сьвят- ле іхніх наступстваў у галіне мовы. Расейцы ў гэтым сэнсе, на жаль, не былі нашыя аднадумцы.
    Апроч таго, у Расеі за часы перабудовы выплыла на паверхню шмат такога, чаго нельга было не спалохацца, чаго не прыкмячалася нават пры бальшавіцкім рэжыме. Нядаўнія апалягеты інтэрнацыяналізму ператвараліся ў зацятых абаронцаў уласнай культуры ад іншых народаў, якія «аб’ядалі Расею». Дэмакратыя ўсё ніяк не магла пад- няцца на ногі, у той час як нацыянал-бальшавізм пачаў шырока гойсаць па яе інтэлектуальных прасторах. Як заў- жды, вольна пачуваў сябе антысэмітызм, асабліва на поўдні і ўсходзе Расеі. Быць разам у адным саюзе з расейскай дэмакратыяй было б няблага, але... Дзе гарантыя ўстой- лівасьці тае дэмакратыі? Ці мог яе даць нават такі агуль- напрызнаны майстра паэзіі і перакананы антыкамуніст, як Яўген Еўтушэнка?
    Я паважаў Яўгена Аляксандравіча, як і шмат хто ў краіне, захапляўся ягонай паэзыяй, якая зрабілася знакавай у дысыдэнцкім супрацьстаяньні сталіншчыне і брэжнеўшчы- не. У нас зь ім было некалькі сумесных паездак па краіне і за мяжу, дзе нашыя адносіны аформіліся ў добрае сяброў- ства. Памятаю, як мы трапілі ноччу на вясельле ў Ерэване, дзе Еўтушэнка сказаў тост у гонар мірнага суіснаваньня армянскага і турэцкага народаў, за які ледзьве не паплаціліся абодва. На практыцы гэта азначала: ня лезь са сваім ста- тутам у чужы манастыр. Як мы ўваходзілі ў ягоны гатэль- ны нумар, працягваючы вольную бяседу, я засьцярожліва паказаў на столь, маўляў - змоўкнем. Яўген толькі зась-
    мяяўся. Нашто, кажа, хай запішуць кожнае нашае слова — спатрэбіцца для нашчадкаў. Тое было праўда. Пройдзе неба- гата часу, і мы пераканаемся, што ня толькі рукапісы не гараць, але і сказанае застаецца. У тым ліку і схаванае ў сакрэтных аддзелах КДБ.
    Абмеркаваньне на прэзыдыюме СП прывезенай Еўту- шэнкам прапановы адбывалася вяла, ніякага рашэньня не было прынята. Хаця бальшыня з аб’яднаньнем не пагадзі- лася, я тады быў схільны аб’яднацца. Але час паказаў, што бальшыня мела рацыю. Неўзабаве СП СССР распаўся на некалькі пісьменьніцкіх саюзаў, некаторыя зь якіх набылі адметны антыдэмакратычны, праімпэрскі характар. У та- кой сытуацыі лепей было захаваць нэйтральнасьць і фар- мальную незалежнасьць.