• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 8 Мэмуарная проза Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 8

    Мэмуарная проза
    Васіль Быкаў

    Памер: 576с.
    Мінск 2009
    157.69 МБ
    дыдат у прэзыдэнты Пазьняк сказаў: «Такую, каб расей- цам на Беларусі жылося лепш, чым у Расеі». Што ж, ры- тарычна, але вычарпальна ў сэнсе аптымальнага стаўленьня да вырашэньня балючай міжнацыяналыіай праблемы.
    Мабыць, у першапачатковы пэрыяд няўстойлівага сувэ- рэнітэту ня трэба было закранаць складанага пытаньня люстрацыі і асабліва — пэнсіяў. Зь цягам часу тое можна было б вырашыць ціха і без палітычнага ажыятажу, так, як гэта было зроблена неўзабаве ў Чэхіі або Полыпчы.
    Шмат каму з Пазьняком было нялёгка. Сам будучы чалавекам апантаным, ён гэткай жа апантанасьці чакаў і ад іншых, найперш ад сваіх паплечнікаў. Але кожны зь іншых меў свой, адметны ад ягонага характар. Тое ўвогуле зразумела і натуральна, бо ўсе яны паводле пераканань- няў былі дэмакраты, а вядома, што дэмакратам мэтафізычна не ўласьціва адзінамысьленьне. Там, дзе паяўляюцца хоць бы два дэмакраты, пачынаюцца нязгоды і пярэчаньні. Сама- ахвярнасьць - псыхалягічна цяжкая справа, мабыць, не- разумна патрабаваць яе ад кожнага іншага. Тут здатны толькі ўласны добраахвотны выбар, штурхаць да якога ня мае права ніхто. Нават бальшавікі ў вайну разумелі тое і лічылі, што сотні Матросавых свой подзьвіг абралі па ўласнай волі (хаця тое дужа сумніўна). Але важна, што пастулят добраахвотнасьці і для іх быў нязрушны. Дарэ- чы, надта хрысьціянскі пастулят.
    Менавіта ў гэткіх абставінах на чарговым зьезьдзе зьяві- лася праблема ў лідэра БНФ, адстаўкі якога дамагаліся некаторыя зь ягоных паплечнікаў. Я быў змушаны выступіць з просьбай не рабіць таго, зразумець, што да пэўнага часу Пазьняк у Фронце альтэрнатывы ня мае. Мяне паслухаліся, хаця, можа быць, я і памыляўся. Бо ўсё роўна пазьней БНФ раскалоўся і фармальна, а прыкметы расколу паяві- ліся ў ім на некалькі гадоў раней.
    Бэнээфаўцаў, асабліва ветэранаў гэтага руху, часта грэб- ліва называюць рамантыкамі. Тое не зусім правільна, хаця доля праўды ў тым азначэньні ёсьць. Нейкая мера раман- тызму, мабыць, была ўласьціва і Пазьняку. Ня надта доб- ра, што зь цягам часу высакародная ўвогуле ідэя адра-
    джэньня набыла ў вачох грамадзтва архаічнае адценьне, - не заўсёды зразумелае, а таму і не прымальнае для сучас- нага, празьмерна прагматычнага беларуса. Беларускі на- род у сваёй масе напрыканцы XX стагодзьдзя меў клопат ня так з праблемай адраджэньня, як з праблемай выжы- ваньня422. Хоць як-небудзь, хоць з бальшавіцкім рылам, але каб не ператварыцца ў мерцьвяка, што ўвогуле было рэальна. Па сутнасьці ішоў працэс паміраньня (ва ўсіх сэнсах), і важна было клапаціцца, як затрымацца на краі пагібелі, а ня дбаць пра колішнюю веліч часоў ВКЛ423. Народ тое адчуваў інстынктыўна, і таму на першых прэзы- дэнцкіх выбарах у масе сваёй не пайшоў за Пазьняком і БНФ зь іх віртуальным нацыянал-дэмакратызмам, архаізацыяй і без таго ня надта палагоджанай мовы, чым сталася, на думку некаторых, вяртаньне да граматыкі Тарашкевіча. 3 часоў Тарашкевіча шмат што зьмянілася ў сьвеце, у тым ліку і ў беларускай мове, з чым прагматыч- наму палітыку немагчыма было не лічыцца. Народ пай- шоў за жорсткім, нахабным424, прагматычным дырэктарам саўгасу, ідэі якога былі простыя, як мычэньне каровы і зразумелыя дарэшты. Без увагі да нацыянальных прын- цыпаў, Лукашэнка кінуўся да Расеі, найперш каб выбіць адтуль асабістую падтрымку, а таксама хлеб, бэнзін, газ, безь якіх немагчыма было ня толькі «адраджацца», але і перажыць зіму да вясны. Вядома ж, разумнейшыя адчувалі, што ён адбіраў у Беларусі сувэрэнітэт, будучыню і пазбаў- ляў дэмакратыі. Але што карысьці з дэмакратыі, калі плакалі галодныя дзеці? Несумненна, будучы дэмакратамі, лідэры БНФ не зразумелі, што дэмакратыя - гэта не справяд- лівасьць, а матэматыка, што нацыянальную будучыню цяпер вырашаюць лічбы, а не ідэі, якія б разумныя яны ні былі.
    Пра высокія нацыянальныя ідэі мусіла дбаць нацыя- нальная эліта, нацыя ж дбала пра элемэнтарную мэту - выжыць. Дужа сумніўна, што тае мэты мог дасягнуць нацыя- наліст Пазьняк, затое дамагчыся яе абяцаў прагматык Лукашэнка. Тое, што ягоныя мэтады па сутнасьці дэмага- гічныя, тады мала хто ведаў.
    115.	Нацыяналізм
    Я гутарыў зь некаторымі пісьменьнікамі, у балыпыні маімі сябрамі, наконт іх прыцягненьня ў БНФ. Але тое давала невялікі плён - пісьменьнікі былі іншае думкі пра Пазьняка. I наогул мелі намер трымацца ад палітыкі да- лей. Толькі Рыгор Барадулін ды Артур Вольскі згодна і рэгулярна працавалі ў сойме. Гілевіч адасобіўся ў створа- нае ім ТБМ425, Бураўкіна неўзабаве зьнялі з тэлебачаньня (калі ён дапусьціў да прамога эфіру Пазьняка) і адправілі амбасадарам у Амэрыку. Для мяне гэта было адчувальнай стратай на доўгія тры гады. Я любіў Генадзя за яго тава- рыскую чуласьць, нераўнадушнае стаўленьне да балючых грамадзкіх праблемаў. Ён таксама па-добраму адносіўся да мяне, зрэдчас тэлефанаваў з Нью-Ёрку, прысылаў лекі, запрашаў прыехаць для сустрэчы з дыяспарай. Але я не наважыўся - стала пагаршацца здароўе, аднойчы «хуткая дапамога» завезла мяне ў рэанімацыю.
    Яшчэ адзін раз удалося тады зьезьдзіць у Вушачу — я, Барадулін і наш трэці вушацкі зямляк Сяргей Законь- нікаў426, які ёсьць родам з Глыбачкі. Ён звазіў нас у тую прыазёрную вёску, дзе пазнаёміў з бацькамі, былымі сельскімі настаўнікамі. Сярожа быў добры сын, трапяткі і шчыры, зрабіў пэўныя посьпехі ў службе і ў літаратуры, але бацькі не сьпяшаліся ехаць да сына ў вялікі горад і жылі ў абладжанай уласнымі рукамі хатцы на беразе во- зера. Наогул заўважана, што нашых старых здаўна вабілі азёры, і калі наставала магчымасьць выбару жытла, тыя выбіралі, каб бліжэй да вады. Вада заспакойвала, гаіла душу і дадавала веку. Тое старыя ведалі добра.
    Як заўжды, пра найбольш важныя падзеі даведваўся з «Панасоніку», які звычайна ўключаў позна ўвечары або ранкам. Па тым часе глушыць перасталі, чутнасьць была неблагая, ня тое што некалі. Хаця слухалі і раней, праз гул і трэскат глушылак, то была адзіная крыніца інфарма- цыі са свабоднага сьвету. Я так прыахвоціўся да «Свабо- ды», што, калі можна было, не прапускаў ніводнай зь яе
    перадачаў. I ня толькі пра палітыку ці бягучыя падзеі, але слухаў навуковыя і літаратурныя перадачы, гістарычныя агляды. «Свабода» шмат каго інфармавала і адукоўвала, таксама, дарэчы, як і Бі-Бі-Сі ці «Голас Амэрыкі». Лекцыі і перадачы Аўтарханава, культуролягаў В. Вэйдле, Ф. Сар- торы, Гольдбэрга, А. Шлемана. Перадачы беларускай рэдак- цыі гучалі куды цішэй, але таксама зрабілі, напэўна, нема- лы ўклад у фармаваньне духоўнага стану грамадзянаў заняволенай краіны.
    Яшчэ на пачатку перабудовы мне спадабалася кніжка беларускага журналіста Аляксандра Лукашука, да якой я напісаў невялічкую прадмоўку. 3 тае пары ў нас з аўтарам устанавілася добрае сяброўства, якое набыло характар сталага супрацоўніцтва, калі зь цягам часу Аляксандар Лукашук стаў дырэктарам беларускай рэдакцыі Радыё Сва- бода. Ён, як і мой калега па БНФ Сяргей Навумчык, асаб- ліва прычыніліся да майго лёсу, як я апынуўся за мяжой, пераехаў у Прагу. Ну але тое здарылася значна пазьней.
    А тады зь перадачаў «Свабоды» пачулася штось неве- рагоднае — раптоўна ў адпачынку захварэў Гарбачоў, а ў Маскве адбылося штосьці вельмі падобнае да путчу. Тэле- бачаньне перапыніла ўжо сваю праграму, перадавала кля- сычны балет, а пасьля на экранах паявіліся нейкія малаз- наёмыя пэрсоны, паведамілі аб стварэньні ГКЧП. Тое было незразумела, нараджала неспакой і трывогу. Што адбыва- ецца?
    Наступныя дні, поўныя палітычнага драматызму, пака- залі, што адбываецца кепскае, што камуністы вырашылі прыбраць Гарбачова, зьмяніць яго курс. Але на які? Хутка стала зразумела, што - на ранейшы, звыклы і выпрабава- ны, дужа вядомы сьвету, пачынаючы з кастрычніку сям- наццатага году. 3 таго часу ён увогуле не мяняўся, падоб- на, набыў устойлівыя відавыя рысы. I першы, хто памк- нуўся яго зьмяніць, быў Гарбачоў. Але, відаць, і ягоная спроба змушана застацца безвыніковай...
    Мяркуючы па ўсім, перабудова ляснулася, і зь ёй - адчайная і няўмелая спроба рэфармаваньня ягонае партыі. Але калі тое рэфармаваньне не ўдалося генсеку партыі,
    дык каму ж тады яно можа ўдацца? Як паказала жыцьцё, тая партыя наогул не рэфармуецца. Яна або можа існаваць у ранейшым, створаным Леніным стане, або загінуць.
    Я дужа шкадаваў, што ў той час у Менску не было Адамовіча, які стаў вельмі патрэбны. I ня мне аднаму.
    Зянон пры чарговай сустрэчы сказаў пра апошнія падзеі трохі інакш, чым мне адчувалася. Ён сказаў, што гэта - добра. Гэта толькі паскорыць іхнюю агонію. Сьмерць прый- дзе знутры. Трэба толькі не чакаць, выхапіць з полымя тое, што нам належыць, - нашу свабоду. Бо іхняй свабоды ўжо не ўратаваць нікому.
    Тое былі разумныя словы, толькі як дамагчыся іхняга спраўджаньня?
    Беларускае кіраўніцтва (старшыня Вярхоунага Савету А. Дземянцей), канешне ж, падтрымала ГКЧП. Для камуніс- тычнай намэнклятуры тут не было праблемаў, яна заўжды настроена на ўладу і зараз жа адварочваецца ад яе, калі тая перастае быць уладай. Гарбачоў яўна губляў уладныя функцыі, і беларускія кіраўнікі сьпяшаліся ад яго адцурац- ца, каб прыляпіцца да іншых. У той час - найперш да арганізатару путчу Кручкова і яго ўсемагутнага ведамства427.
    А ў Маскве, між тым, на авансцэну палітычнае бараць- бы выходзіў Б. Ельцын, якога абралі старшынёй ВС Расеі. Гэтага кіраўніка я мала ведаў, хаця на зьездах і па тэле ён фігураваў дастаткова часта. Візуальна то была ўнушаль- ная фігура, стандартны партыйны лідэр з прыгожым сіва- ватым чубам і нязлым упэўненым позіркам. Але яго папя- рэдняя дзейнасьць мала чым адрозьнівалася ад падобных да яго - той жа намэнклятуршчык абласнога маштабу. Наўрад ці ён мог сур’ёзна пайсьці супраць партыі, у якой зрабіў немалую кар’еру. Наступныя падзеі, аднак, паказалі, што такія думкі былі часткова памылковыя, падзеі ў Мас- кве, як і належала для гісторыі, разьвіваліся непрадка- зальна. Ельцын выступіў супраць партыі, але на паўдаро- зе спыніўся, мяркуючы па ўсім - спалохаўся. За сябе, за сям’ю ці за партыю - цяпер ужо ня мае значэньня. Як нярэдка бывае ў палітычнай гісторыі, паліятывы загубілі
    немалыя магчымасьці. А што да Расеі, дык і ўсё паблыталі: камунізм з капіталізмам, свабоду зь няволяй, тыранію з дэмакратыяй. Як бы цяпер сказалі - палітыка Ельцына праявіла свой поўны непрафэсіяналізм.