Поўны збор твораў. Том 8
Мэмуарная проза
Васіль Быкаў
Памер: 576с.
Мінск 2009
толькі да Рцішчава, дзе нас затрымалі і вярнулі назад. Быў, вядома, скандал. Тады ў пачатку мая мы падаліся ў чыгуначную школу ФЗН у Атнарску. На тое калгас не пярэчыў - усё роўна яму гэта пайшло ў плян.
У той чыгуначнай школе ў г. Атнарску мы вучыліся на пуцейцаў. Укладка, догляд, рамонт пуці. Была сьпякотная вясна, дах над галавой, нас кармілі - што яшчэ трэба? Праца была ня лёгкая, але што ж... Працавалі, раманта- валі чыгунку Урала-Каўказскую, па якой бясконца ішлі цягнікі на захад. Адно толькі засмучала - казалі, чыгунач- нікаў не бяруць на фронт. А мы хацелі на фронт. Мы жылі толькі фронтам. Лавілі ўсе чуткі адтуль, перачыт- валі ўсе газэты. Найперш на гарадзкіх вітрынах. Аднойчы з тае вітрыны я дазнаўся пра жахлівую вестку - сьмерць Янкі Купалы445. Такое цяжка было перажыць. Мінуў год, як я расстаўся зь Беларусьсю, і сэрца маё балела штодзень ад той ростані. Усё сьнілася яна мне[:] бацька, нашыя рэчкі- азёры, нашыя родныя алешнікі. Вакол жа ляжаў стэп, го- лыя вуліцы бязьлеснага гораду.
У жніўні 1942-га пачаўся прызыў 1924 году нараджэнь- ня. Вучоба ў школе яшчэ ня скончылася, і нас не выклікалі. Але аднойчы мы з Арловым пайшлі ў ваенкамат. Запыта- ліся павесткі, але мы сказалі, што эвакуяваныя, і нас прыз- валі. Мяне прызначылі ў вайсковае вучылішча ў Саратаў, а Лёшку, памятаю, - у Вольск. Так мы зь земляком рас- сталіся назаўсёды.
Праз шмат год давялося прачытаць твор А. Салжані- цына «Адзін дзень Івана Дзянісавіча», які дужа ўразіў некаторых жахам паднявольнага існаваньня, бяспраўем, нявольніцкай працай і г. д. Мяне ж ён ня ўразіў ніколькі, бо тое, што мы ў вучылішчы прымалі як нармальнае, было куды больш цяжкім і бяспраўным. Па-першае: строгі, нейкі бязмозгла-зьдзеклівы рэжым зь безьліччу яго рэгламента- цыяў, абмежаваньняў, патрабаваньняў. Увесь час быў разьдзелены на гадзіны і хвіліны, усё бягом, строем, па камандзе. Жахлівая скучанасьць, казармы з трох’яруснымі нарамі, шматлюдзьдзе, беднае харчаваньне, гадзіны страя-
вой і фізычнай падрыхтоўкі - на сьцюжы, марозе ў шы- нельках і чаравічках з абмоткамі. Зноў жа: нарады, праца, поўная адсутнасьць вольнага часу. I хоць мы былі людзі не расьпешчаныя, ужо трохі цёртыя вайной і жыцьцём, часам было невыносна. Невыносна пяць дзён у тыдзень тактыкі па 6 гадзінаў у полі, на сіверкім ветры, пры тэм- пературы 25-30 градусаў марозу. Марозілі рукі, марозілі ногі. Дурная страявая з фінальным: «Запявай!». «Взвей- тесь соколы орламн» - сьпявалі мы пасінелымі вуснамі, з даўно пустымі жыватамі. Шчасьцем былі заняткі па Ста- тутах ці матэрыяльнай частцы зброі. Але іх было мала. Затое куды як шмат гадзінаў тактыкі, страявой, ПХЗ, інжы- нэрнай. Палітзаняткі былі ўзнагародай, на палітзанятках мы адсыпаліся. Асабліва мой зямляк Іваноў, у якога была адна неспатольная мара - дзе чаго паесьці.
Камандзіры на той час былі асаблівыя. Мала хто зь іх рваўся на фронт, некаторыя жылі зь сем’ямі пры вучылі- шчы і дужа стараліся адпавядаць, дагаджаць начальству, бо тых, хто ня змог дагадзіць, адпраўлялі, каб не вярнулі- ся. Дужа стараўся драць з нас скуру наш камандзір узводу крыкун лейтэнант Корш, з маўклівай зласьлівасьцю пат- рабаваў дысцыпліны наш ротны, старшы лейтэнант Грыб (здаецца, зямляк з Гомельшчыны). Трохі інакшы быў ка- мандзір батальёну, пажылы, ужо, мабыць, з запасу, маёр Анціпас. Іншага начальства мы мала ведалі, хіба бачылі ў часе агульнавучылішчных пастраеньняў начальніка вучы- лішча палкоўніка Гагунова ды ягонага намесьніка падпал- коўніка Кіма.
Добрыя адносіны склаліся ў мяне з памяркоўным, неяк не вайсковага складу характару, выкладчыкам тапаграфіі старшым лейтэнантам Рамяственскім. Тапаграфію я любіў наогул як навуку пра карту і мясцовасьць, і наш выклад- чык часам пакідаў мяне ад палявых заняткаў маляваць дапаможнікі - нейкія схемы, карты. Зімой гэта было як падарунак, як усьмешка лёсу. На якіх тры гадзіны да ці пасьля абеду.
Вайсковыя заняткі займалі дзесяць гадзінаў часу - шэсьць да абеду і чатыры пасьля. Але, апроч таго кожны тыдзень былі работы - па гаспадарцы, нарыхтоўцы і транс- парціроўцы дроў, дастаўцы прадуктаў. Улетку 1942-га мабыць, зь месяц капалі траншэі пад нафтагазапровад каля Алыпанкі, дзе адкрылі радовішча нафты. Працавалі па 10 гадзінаў, а пасьля ўсё ж праводзілі заняткі. Жылі па ротах і батальёнах, заняткі праводзілі па ўзводах і аддзяленьнях. У нашым аддзяленьні сабраліся неблагія хлопцы, у асноў- ным паходжаньнем з Саратаўскай вобласьці. Камандзірам быў сяржант Лёшка Сямёнаў, родам з Аткарску. Былі яшчэ Ананьеў з Алма-Аты, Валодзя Ляўчук з Саратава, Зудзі- каў. Коля Беражны быў, здаецца, з Днепрапятроўшчыны. I быў мой адзін зямляк Іваноў, беларус. Гэты слаўны і добры хлопец не хацеў вучыцца, заўжды быў галодны, і яго камандзір роты хутка адкамандзіраваў у маршавую роту, што рэгулярна фармавалася для фронту. Больш я майго земляка ніколі нідзе ня бачыў - ня чуў. Мясцовыя хлопцы, вядома, часта атрымлівалі пісьмы ад бацькоў, якія таксама часьцяком наведвалі сыноў. Я ж не атрымаў нівод- нага пісьма ні ад каго, пошта мяне мінала. Можа і добра, піто надта перажываць ад таго не выпадала, вольнай ча- сіны амаль не было ніколі.
Увосень 1942-га, як немцы падышлі да Сталінграду, у блізкім ад яго Саратаве пачалося пекла. Кожную ноч го- рад бамбілі: зь вечару вешалі ў небе некалькі ліхтароў на парашутах і пачыналі нішчыць вайсковыя аб’екты - асаб- ліва крэкінг (перагонка нафты) і камбайнавы завод, які вырабляў самалёты-зьнішчальнікі. Кожную ноч нас, кур- сантаў, накіроўвалі на гэтыя аб’екты для дзяжурства і тушэньня пажараў. На камбайнавым дык гарэць было ня надта чаму (наш абавязак быў выкочваць самалёты з раз- бомбленых цэхаў), а вось на крэкінгу ўсё палала, не пера- стаючы ні ўдзень, ні ўначы. Кожны дзень мы хавалі нашых хлопцаў, шмат згарэла бяз рэшты. Так працягвалася да позьняй восені.
Як пачалося нашае наступленьне пад Сталінградам, у Саратаве трохі пацішэла. Горад быў забіты шпіталямі, дзе ня толькі лячыліся, але і паміралі параненыя. Хавалі па- мерлых на могілках, што месьціліся (як і нашае вучыліш- ча) на Манастырцы. Гэта былі старыя гарадзкія могілкі, між магілаў і камянёў якіх праводзіліся нашыя заняткі. Месца ўвогуле - адкрытае, бяз дрэваў. Там жа высіўся помнік Чарнышэўскаму446, купецкія ды дваранскія помнікі. У добрае надвор’е, расьсеўшыся на могілках, курсанты слухалі сваіх камандзіраў. Ці стоячы між магілаў у страі. Ледзьве ня ўся наша вайсковая навука засвойвалася намі на тых могілках. Ну, а тактыка, вядома, патрабавала пра- стору і праводзілася ў ваколіцах гораду, на Лысай гары, у прыгарадах, якія мы добра ўтапталі за тую зіму і лета. Страявой, вядома, займаліся на пляцы, то была ледзьве не галоўная з вайсковых навук. Таксама як і палітзаняткі. Я вучыўся ўвогуле лёгка, і калі прыйшла пара выпускных экзамэнаў, усё здаў на выдатна. Выпусьцілі з правам да- тэрміновага прысваеньня чарговага званьня, з фатаграфі- яй выдатнікаў на вучылішчнай дошцы. Было гэта ўвосень 1943 году. Нам выдалі новыя салдацкія шынялі, кірзавыя боты, гэткія ж палявыя сумкі і залатыя пагоны з адной зорачкай малодшага лейтэнанта.
На фронт, які ад Сталінграду ўжо адкаціўся на Украі- ну, ехалі ў таварным цягніку, голых, непрыстасаваных вагонах. Прыстасоўвалі іх у дарозе - цягалі дошкі на нары, нейкія печкі, дровы і вугаль для іх. На дарогу мы атры- малі паёк - па кацялку мукі, трохі круп. Нейкія кансэрвы. 3 таго варылі суп, кашу. Ехалі з радасьцю, што набылі волю, ня будзе болей муштры, заняткаў. Было трохі тры- вожна за жыцьцё, але... Але аб тым стараліся дужа ня думаць. Амаль усе былі камсамольцы, толькі адзін хлопец зь Віньніцы перад выпускам уступіў у партыю. Мы кпілі зь яго: навошта? Ці камуністам загінуць лепей? Ён толькі пасьміхаўся, але не спрачаўся.
I вось недзе пад Краменчугом на Дняпры прыехалі. Баі ішлі на дняпроўскіх пляцдармах, а нас скіравалі ў фран-
тавы рэзерв - на некалькі дзён, пакуль кадравікі разьмяр- коўвалі па дывізіях. Найперш, вядома, у тых, дзе былі найбольшыя страты. Я трапіў у 111-ю стралковую дыві- зію. Абмяняліся хатнімі адрасамі і разьвіталіся. 3 многімі назаўжды.
А той віньніцкі сябра, які паступіў у партыю, быў па- кінуты пры палітаддзеле арміі як інструктар па камса- мольскай рабоце. Учуўшы тое, мы ўжо ня кпілі. Мы толькі падзівіліся ўласнай наіўнасьці.
Дывізія знаходзілася ў другім эшалоне, рыхтавалася да наступленьня. Толькі што ва ўпартых баях яна ўзяла го- рад Александрыю і атрымала назву 111-й Александрый- скай. Камандзірам 2-га стралковага батальёну, куды мяне паслалі, быў капітан Сьмірноў, нейкі дужа франтаваты па тым часе афіцэр у блішчастых хромавых ботах, што мяне зьдзівіла. Ён паслаў мяне ў роту лейтэнанта Міргарада, якога я знайшоў у нейкай адрыне, дзе ён спаў на саломе паміж сваіх салдат. Ён, як пасьля дазнаўся, быў зь ліку акружэнцаў, нядаўна вызвалены Чырвонай арміяй, адчу- ваў нейкую сваю правінку і камандаваў ротай надта стро- га. Нават празьмерна. Гэткі ж, з акружэнцаў, быў камандзір першага ўзводу старшы лейтэнант Н., але той, наадварот, зусім не камандаваў. Мне ён скардзіўся, што сам артыле- рыст, але во накіравалі яго ў пяхоту, тым, безумоўна, пак- рыўдзіўшы. Ён падаў рапарт, ды адказу пакуль няма. А ў пяхоце жыцьцё нядоўгае.
Пачалося наступленьне і зь ім няспынная ні ўдзень, ні ўначы калатнеча - душы і цела. Агонь і пекла, грымоцьце разрываў мін і снарадаў, кулямёты, дым, бамбёжкі нямец- кай авіяцыяй праз кожныя дзьве гадзіны. Крыкі і лаянка камандзіраў ззаду за ланцугом, кулявыя чэргі вакол. Забі- тыя, параненыя. Свае і немцы. Звычайна ўдзень ішоў аг- нявы бой у стэпе, сярод засьнежанага сланечніку ці куку- рузы, уначы мы некуды ішлі, беглі - то ланцугом, то па- ходнай калёнай праз стэп і па прасёлках. Сьпераду і збоку джгалі кулямётныя трасы, рассыпаліся веерам над гало- вамі. Перад сьвітаньнем коратка спыняліся па дарозе ці ў полі, старшына прыносіў у рэчмяшку мёрзлы хлеб, дзялілі
па кавалку на чалавека. I, грызучы той хлеб, зноў - напе- рад. У абход ачагоў супраціўленьня, зьбіваючы нямецкія заслоны.
Аднойчы ўначы нешта даўгавата ішлі ў спакоі, мінаю- чы сёлы, праз стэп, і на сьвітаньні спыніліся на ўскраіне нейкага сяла. 3 галавы калёны пачуліся крыкі, лаянка. Зацікаўлены, я прайшоў туды і ўбачыў незвычайную ў войску зьяву: нашага начальніка штабу біў палкай па га- лаве нейкі генэрал. Той нават не абараняўся. Пасьля генэ- рал садраў зь ягоных плячэй пагоны, накінуўся на нас, хто стаяў непадалёк. Я пабег да сваёй роты. Пасьля аказалася, што начштабу заблудзіў у начным стэпе і прывёў полк не туды, куды трэба было. Болей у палку мы яго ня бачылі.