• Газеты, часопісы і г.д.
  • Пра што іграе піяніст  Анатоль Разановіч

    Пра што іграе піяніст

    Анатоль Разановіч

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 192с.
    Мінск 2019
    44.18 МБ
    — Вядома, — з удзячнасцю выдыхнуў Руцкі.
    — Тады поспехаў вам, Ягор, — пажадала дзяўчына. Зрэнкі яе вачэй пры гэтым пашырыліся. — Поспехаў, — паўтарыла яна.
    — Узаемна, — шчыра і з узбуджэннем прамовіў ён.
    Яна хутка пайшла, пакінуўшы пасля сябе водар саладкаватых і незнаёмых Руцкаму духоў. I яшчэ ён адчуў жаданне блізкасці з ёй, пра якое пакуль стараўся не думаць, але якое ўжо ўвайшло ў яго сэрца.
    «Убачымся... — Руцкі быў у гэтым чамусьці ўпэўнены. — Можна яшчэ сёння, час ёсць... Ёсць...»
    Нягледзячы на тое, што Руцкаму ішоў пяты дзясятак, у яго было досыць сіл і энергіі, каб адразу ж бегчы ў «Інтурыст». Балазе, гатэль размясціўся па суседстве з універмагам. I Руцкі пабег бы, але ўсё-ткі стрымаў сябе, разумеючы, што спяшацца бязглузда: неадкладнае навязванне сваёй дружбы дзяўчыне, якую бачыш у першы раз, звычайна ні да чога добрага не прыводзіць. Яму гэта падказваў чужы, а таксама асабісты вопыт.
    «Пачакаю...»
    Калі Руцкі падышоў да сваёй машыны — «БМВ» пятай мадэлі, — настрой у яго раптам рэзка памяняўся. Яшчэ некалькі хвілін таму радасны і амаль па-дзіцячы шчаслівы, ён насупіўся, зайграў жаўлакамі, з сілай сціснуў пальцы правай рукі ў кулак, быццам заўважыў пагрозу, да якой не быў гатовы, але з якой прыйдзецца змагацца.
    II
    Родны горад Руцкага — Брэст. Невялікі, памежны, ён прыцягвае да сябе ў любую пару года, прывабны ў любы час сутак, а вось найбольш прыгожы і загадкавы ноччу, калі гараць ліхтары. Яны розныя і іх шмат. Асабліва на вуліцы Савецкай, дзе яны газавыя, зробленыя па старой тэхналогіі і іх па вечарах запальвае штатны ліхтаршчык у форме далёкіх пятроўскіх часоў. Калі на брэсцкія ліхтары доўга глядзець, то, здаецца, што агні ў іх дрыжаць, цягнуцца скрозь шкло да цябе, нібы спрабуюць абняць і быццам абяцаюць сагрэць. Гэта зачароўвае, расслабляе, дорыць пачуццё яднання і агульнасці з гора-
    дам, яго святлом. Менавіта таму Руцкі заўсёды, калі хадзіў па горадзе, асветленым ліхтарамі, спрабаваў дацягнуцца да іх рукамі, не баючыся аднойчы згарэць і не вярнуцца да сваёй сям’і, якую любіў. Праўда, не настолькі, каб дарыць ёй спакой і быць спакойным самому.
    I ў гэты раз Руцкі больш думаў пра сябе, чым пра сваю жонку, сваіх дзяцей. Калі казаць шчыра, то думаў ён пра «Інтурыст». Туды ён і ехаў, перавышаючы дазволеную ў горадзе хуткасць. Яго «БМВ» падрульваў ужо да праспекта Машэрава — галоўнай магістралі Брэста, каб павярнуць налева і праз пяць-сем хвілін спыніцца ля ўвахода культавага гатэля, але тут дарогу машыне перагарадзіў цыбаты інспектар ДАІ ў званні капітана.
    «Стась, -— пазнаў яго Руцкі. — Якога чорта!..»
    Ён рэзка націснуў на тормаз і прыадчыніў дзверцы.
    — Ну?
    — Баранкі гну. — Стась быў не ў гуморы. — Я стаю тут, таму што на працы, а ты чаго не спіш?.. Ноч даўно...
    — He спіцца, — буркнуў Руцкі.
    — He спіцца, — перадражніў яго Стась і пачухаў свой кашчавы нос. — I таму перавышаеш хуткасць?
    — Прабач, спяшаюся. — Руцкі нецярпліва націснуў на газ. Рухавік зароў. — Потым пазваню табе.
    — Адчуваю, зачапіла цябе нейкая фіфа ... — Стась крыва ўхмыльнуўся. — Да яе спяшаешся?
    — Магчыма.
    — Глядзі, каб не застаўся з пустымі кішэнямі.
    Словы Стася Руцкаму не спадабаліся.
    — Табе якая справа? — сказаў ён, адчуваючы, як да твару па набраклых венах хлынула кроў. — Калі і так, то галаўны боль у мяне, а не ў цябе.
    — Ты што, пакрыўдзіўся?.. — Стась, пакруціўшы галавой, сплюнуў на чорны асфальт. — Нічога такога не думай... Проста ў мяне нервы на ўзводзе.
    — У кожнага нервы, — заўважыў Руцкі. — Паглядзі вакол: амаль ва ўсіх няма настрою. Людзі хмурныя, заклапочаныя, кудысьці спяшаюцца.
    — Гэта так, — стаў апраўдвацца Стась. — Пустая марнасць. Але я, плюс да ўсяго, са сваёй жонкай пасварыўся. Хоць дадому не прыязджай. Уяўляеш?
    — Бывае, — прамовіў Руцкі. — У мяне ў гэтых адносінах справы не нашмат лепшыя.
    — Слухай, а давай паедзем у прывакзальны бар, — прапанаваў Стась. — У ім ноччу малалюдна, ціха. Ніхто не патрывожыць. Вып’ем, пагаворым.
    Падумаўшы, Руцкі пагадзіўся:
    — Добра, паехалі.
    Праз дзесяць хвілін яны сядзелі ў чырванаватай паўцемры за круглым столікам адзін супраць аднаго і пілі віскі. Стась пры гэтым яшчэ і курыў Пасля чарговай чаркі ён цяжка выдыхнуў:
    — Ну, выкладвай. Лягчэй будзе.
    —Каму лягчэй?—Руцкі не спяшаўся гаварыць праДануту. — Мне ці табе?
    — Табе, вядома, — развёў тонкія далоні Стась. — Ну і мне трохі. Ты ж для мяне не чужы чалавек, так?
    — Спадзяюся, — кіўнуў Руцкі.
    — Вось...
    Калыхнуўшыся, Стась ледзь не дастаў галавой абажур свяцільніка, які вісеў над столікам. Яго святло як быццам цямнела і, здавалася, вось-вось павінна было згаснуць. Але яно не згасла.
    Руцкі ўздыхнуў, з сілай прыгладзіў свае валасы, якія пачалі ўжо сівець і радзець, затым глуха прамовіў:
    — На мінулым тыдні на беразе Мухаўца сустрэў я дзяўчыну. Данутай клічуць. Прыгожая.
    — Яны ўсе прыгожыя, — канстатаваў гэты практычна бясспрэчны факт Стась. — Таму што маладыя, здаровыя, а галоўнае — свабодныя.
    — He, не ўсе такія, — запярэчыў Руцкі.
    — Большасць, — трымаўся свайго меркавання Стась. — Цікава, чым твая новая знаёмая так прыцягнула цябе да сябе?
    — Голасам. — Сказаўшы гэта, Руцкі як быццам пачуў ад Дануты яе грудное «так». Яно прагучала смела, з выклікам. — Голасам, — паўтарыў ён і дадаў: — А потым усім астатнім.
    — Усё астатняе — часткі мілага маладога цела?
    — Ты кемлівы.
    — Яшчэ б, — задаволена ўсміхнуўся Стась. — Я ж мужчына. Яшчэ не стары мужчына.
    — He спрачаюся, — прабурчаў Руцкі.
    — Карацей кажучы, цябе гэтыя часткі цела вабяць да сябе?
    — Груба, але гэта праўда. Прычым не ўся. Мяне яшчэ прыцягвае і тое, што ўнутры Дануты ёсць нешта такое, што мне пакуль незразумела, але хочацца зразумець.
    — Нават так? — Стась зрабіў выгляд, што здзівіўся. — Становіцца цікавей.
    — Так, — пацвердзіў Руцкі. — Менавіта так.
    — Што ж, гэта натуральнае жаданне, — уздыхнуў Стась. — Прыроду не падманеш.
    — Ты пра што?
    — He пра што, а пра каго. Канкрэтна: пра нас, мужчын. Мы заўсёды гатовы закахацца за хвіліну, нават за секунду. I, дарэчы сказаць, разлюбіць можам яшчэ хутчэй.
    — Ведаеш, жанчыны ў гэтым сэнсе не горшыя і не лепшыя за нас.
    — Гэта зразумела: усе шукаюць сваю палавінку. Але што да цябе, то хачу табе нагадаць: ты — чалавек жанаты, у цябе два сыны.
    — Я гэта памятаю, — з міжвольным раздражненнем вырвалася з Руцкага. — Але што ёсць, тое ёсць: убачыў яе і хачу быць з ёй. Што, у цябе такога не было?
    — Было, але даўно.
    — А ў мяне зараз, зараз... Як быццам я пад гіпнозам. Разумееш?
    — Я ўжо сказаў, што разумею. — Стась паклаў локці на стол, падаўся наперад. — Ты не паверыш, але ў мяне нават з’явілася жаданне ўбачыць тваю кралю.
    — Гэта не абавязкова.
    — Ну, як хочаш.
    — Табе не абавязкова, а не мне, — падкрэсліў Руцкі і павёў па зале вачыма, нібы раптам убачыў Дануту, але тут жа згубіў
    яе. — Сорамна, а прызнаюся... Хоць не, не сорамна... Уяві сабе... Я не ведаю, што ў яе галаве, замужам яна ці яшчэ ў пошуку свайго хлопца, годнага мужчыны, але мне за гэтыя дні і ночы стала зразумела адно: альбо гэтая дзяўчына будзе са мной, альбо я застрэлюся. Шчыра кажу...
    — Ты гэта што, сур’ёзна?
    — Хацеў бы пажартаваць, ды не магу.
    — Чым я магу дапамагчы?
    — Нічым. Кажу ж табе: я нібы пад гіпнозам. Прычым разумею, што гэта подла ў адносінах да маёй жонкі, дзяцей, але нічога з сабой зрабіць не магу. Ды і не хачу... He хачу!..
    — Ты мяне палохаеш.
    — Палохаю?.. Так, напэўна. Я і сам ужо сябе пачынаю баяцца.
    — Прабач, але ў галаве ў цябе не ўсё нармальна, раз такое з табой робіцца, — няўхвальна і неяк павольна прамовіў Стась. Ён задраў сваю галаву ўверх, з хвіліну ўзіраўся ў столь, пра нешта думаючы, затым прадоўжыў сваю думку: — Наколькі мне вядома, і гіпноз, і каханне, асабліва нечаканае, карты з адной калоды. Выцягнуў не тую — прайграў. А прайграў... He хачу і гаварыць, што можа быць далей... Спадзяюся, ты пісталет з сабой не носіш?
    — На лецішчы... У падвале.
    — Гэта, вядома, абнадзейвае. Але калі сур’ёзна, то я табе раю: выкінь з галавы сваю новую знаёмую, a то, баюся, быць бядзе.
    — Як выкінуць, калі Данута сядзіць у мяне тут?.. Тут!.. — Руцкі стукнуў кулаком сабе ў грудзі. — He выб’еш.
    — А ты спрабаваў выбіваць?
    — Калі?.. Мы знаёмы з ёй па часе — усяго нічога.
    — Адразу трэба было. — Стась рассёк далоняй пракуранае паветра. — Адразу і кропка!
    — Кропка, — хмыкнуў Руцкі. — Скажаш... Я, як і ты, яшчэ не стары, мне жыць хочацца.
    — Дык жыві, — уставіў Стась. — У цябе ёсць з кім.
    — Хопіць табе, мараліст знайшоўся... — Руцкі разліў віскі па чарках. — Давай вып’ем.
    — Давай, але гэта табе не дапаможа, — зрабіў несуцяшальны для Руцкага вывад Стась. — Можа, табе да якой шаптухі схадзіць, няхай пашэпча. Раптам яна з цябе гэтую цягу да Дануты выб’е.
    — Ты што, здзекуешся?.. Ці ўжо п’яны?.. — Руцкі прыўстаў, рука яго пацягнулася да рыльца бутэлькі. — Зараз ты ў мяне працверазееш... He пагляджу, што сябар.
    -— Добра, добра... — Стась замахаў рукамі. — Супакойся, я ж хачу як лепш...
    — 1 ты супакойся, — сеў на месца Руцкі. — Моташна ад тваёй маралі і тваёй парады...
    Выпіўшы, яны прыкусілі бутэрбродамі з каўбасой. Памаўчалі, думаючы адзін пра другога. У іх замутнёных спіртным галовах пранеслася суцэльнае і дробязнае, мэтанакіраванае і ілжывае, мімалётнае і вечнае, без чаго жыццё — пустое.
    — Ведаеш, я дзесьці прачытаў, што самае вялікае, што мы ўмеем — гэта быць нешчаслівымі, — прамовіў Руцкі.
    — Вось гэта праўда, — пацвердзіў Стась. Падумаўшы, заключыў: — Ад таго і злыя, як сабакі.
    — Пара мне. — Руцкі пракашляўся, выганяючы з сябе непрыемны пах віскі. — Паеду.
    — Дадому? — пацікавіўся Стась.
    — He ведаю, — шчыра прызнаўся Руцкі. — Дадому не хочацца, а Данута, сам разумееш, пакуль да сябе не запрашае.
    — Тады чакай: запросіць.
    — Я і чакаю... Як сабака, у якога няма сілы ўжо нават злавацца.
    — He нагаворвай на сябе.
    — Я не нагаворваю, так ёсць... Добра, пакатаюся па горадзе, з’езджу на памежны пераход.
    — Едзь, — ужо без эмоцый выціснуў Стась. — Хаця пачакай. — Ён наблізіў свой расчырванелы твар да ап’янеўшага сябра. — Справа ёсць.
    — Якая?
    Руцкі прыблізна здагадваўся, пра што папросіць Стась, але хацеў ведаць, што канкрэтна ад яго патрабуецца, бо ката