Пра што іграе піяніст  Анатоль Разановіч

Пра што іграе піяніст

Анатоль Разановіч
Выдавец: Беларусь
Памер: 192с.
Мінск 2019
44.18 МБ
Андрэй прысеў за столік і чакальным паглядам утаропіўся на піяніста. Той прывітальна кіўнуў і ўдарыў сваімі тонкімі, але моцнымі пальцамі па падатлівых клавішах. Цішыня ў зале гайданулася, расчыняючы прастору для меладычных, але рэзкіх і гучных музычных акордаў. У іх чуліся навальніца, маланка, бег пад праліўным дажджом, шум бурлівай ракі, працяжны крык, падобны на выклік...
Гэта было нешта новае ў рэпертуары пажылога піяніста. Прынамсі, Андрэй слухаў гэтую музыку ўпершыню. У ёй смела падымалася і заяўляла пра сябе вялікае пачуццё кахання, магчыма, апошняга ў жыцці чалавека, што напісаў гэтую музыку, гучаў нейкі пратэст, жаданне на ўвесь голас заявіць пра сябе, бараніць сваё «я».
Андрэй хутчэй здагадваўся, чым разумеў сэнс блытанай думкі і пранізліва-кранальнай — ажно рвала душу — мелодыі, але ён бачыў музыку: чымсьці ўсхваляванага, нервовага і, падалося, хворага.
Калі піяніст скончыў, Андрэй падняўся, падышоў да яго. Прыкметна хвалюючыся, шчыра сказаў:
— Я хачу падзякаваць вам за вашу музыку... Шчыра дзякую. Ад усяго сэрца...
— Няварта мяне хваліць, — на чыстай рускай мове сказаў пажылы піяніст, узіраючыся ў Андрэя. — Гэта мая прафесія, мая работа.
— Вы добра гаворыце па-руску, — адчуваючы нечакана рэзкі боль у ступні, паспрабаваў усміхнуцца Андрэй.
— Я нарадзіўся і вырас у Брэсце, — сказаў музыка. — Пасля вайны пераехаў у Польшчу. Тут, у Быдгашчы, калісьці жылі мае продкі. Гэта цудоўны горад. Ён жывы і чуллівы, як і людзі, што ў ім жывуць. He ўсе, вядома, але... — Пажылы піяніст тужліва ўсміхнуўся. — Галоўнае, што горад дае спажыву для творчасці. Я сыграю для вас.
— Дзякую, — пакланіўся Андрэй.
— Сыграю менавіта для вас, — ужо сур’ёзна паўтарыў музыка. Вы малады, можа, і не зразумееце, пра што я іграю. Але вам і неабавязкова разумець. Галоўнае — адчуваць. Адчуваць радасць.Так. Радасць заўсёды павінна лучыць людзей. I адчуваць боль. Чужы боль, каб разумець свой і вакольнае жыццё. Гэта няпроста, вельмі няпроста...
Пажылы піяніст змоўк, стомлена апусціў сівую галаву. Праз хвіліну падняў. Вочы ягоныя пры гэтым былі напаўзаплюшчаныя. Тонкі, з невялікай гарбінкай нос шумна ўцягваў задушлівае паветра.
— Нагаварыў я вам. Выбачайце. Ідзіце за свой столік, мне трэба працаваць.
Гэтым разам Андрэй пакінуў баржу-рэстаран расхваляваны: ён прыехаў сюды знайсці спакой, а выйшаў з трывогай, болем, прадчуваннем блізкай бяды.
«Г эта мне за маё жыццё, — нервова і злосна думаў Андрэй. — За тое, што не люблю сваю работу, падманваю жонку, абяцаючы вярнуцца хутчэй, што не хачу жыць на сваёй роднай зямлі, дзе вырас і якая мяне пакуль што корміць... Даруй мне, Божа...»
Андрэй закурыў і няўцямна паглядзеў у шумлівую ваду ракі. Праз нейкі час яму закарцела ўбачыць спявачку і абавязкова пагутарыць з ёй. Пагутарыць проста, па-чалавечы, адкрыта.
Ён з тугою зірнуў на вялікія вокны рэстарана-баржы. Святло ў іх пагасла.
VII
Уначы Андрэй амаль не спаў: думаў пра сябе, пра сваё жыццё. Зноў і зноў перабіраў у памяці добрае і благое. To ён лічыў,
што добрага было больш, то яму падавалася, што ўсё ж пераважала благое. 3 гэтымі пакутамі, ужо на самым світанку, заснуў.
Прысніўся Андрэю сон. Кароткі, просты і настолькі рэальны, што пасля яго ён доўга не мог даўмецца: праўда гэта ці начны міраж. А ўбачылася яму ў сне тое, што цалкам магло быць у жыцці. Як быццам ён замест жалезнага чалавека прысеў над ракой Брда на жалезным канаце. Узіраецца ў вокны рэстарана-баржы. Бачыць, як іграе на піяніна пажылы музыка, і ягоная рэзкая музыка віхурыцца ў навакольнай прасторы, гойдае канат. Ён разгойдваецца ўсё мацней і мацней. Андрэй ледзьве трымаецца, вось-вось зваліцца. Ім апаноўвае злосць. Ён хутка здымае лук, устаўляе стралу, з сілай нацягвае цеціву, прыцэльваецца ў няўтомнага музыку...
«Пусціў я стралу ці не? — прачнуўшыся, доўга і пакутліва думаў Андрэй. — Ён жа мне нічога дрэннага не зрабіў. Ды й не можа зрабіць. Чаму ж я гэтак... Непрыгожа... Вельмі непрыгожа...»
Разбалелася галава. Зноў рэзка заныла, хоць ты крычы, знявечаная ступня, і нібы камень лёг на сэрца. А тут яшчэ зазваніў тэлефон: польскі партнёр па сумесным бізнесе прасіў сустрэцца.
— Добжэ, — асільваючы боль і праганяючы раздражненне, пагадзіўся Андрэй. Хутчэй машынальна, чым усвядомлена, назваў месца спаткання: «Пшыедзь до рэстарацыі ў «Барку», на дзве гадзіны дня, заадно папалуднуем...»
Ён намагаўся гаварыць па-польску, але гаварыў на гэтай мове з памылкамі, бо толькі пачынаў асвойваць яе.
У дзве гадзіны дня чыста паголены, апрануты ў цёмна-шэры касцюм, светла-ружовую сарочку з чорна-чырвоным гальштукам, у чорных чаравіках Андрэй сядзеў ля рэстараннага акна за столікам і чакаў свайго кампаньёна. Той з’явіўся хвіліна ў хвіліну.
— Чэсць, — падняўся Андрэй.
Кампаньён, малады зухаваты паляк у стылёвым джынсавым касцюме, цёмных тонкіх акулярах у залатой аправе, прывітальна схіліў коратка падстрыжаную лабатую галаву:
— Дзень добры.
Ён цёпла паціснуў руку і, блытаючы польскія і рускія словы, заўважыў:
— Я вас длуга не затрымаю. Прошэ пана ўвагі, — паляк адразу ж перайшоў да справы. — Mae нямецкія партнёры просяць дрэва. He два-тшы вагоны, як было раней, а два-тшы саставы. На месяц. Можна марскім шляхам.
— Цо гэтак шмат? — пацікавіўся Андрэй, звыклы не пакідаць без увагі ў здзелках не толькі істотныя праблемы, але й дробязі, нават калі пытацца пра іх лічылася непрыстойным.
— To не .мая справа, — развёў рукамі паляк. — Я толькі ведаю, цо немцы атрымалі заказ на будоўлю велькага аб’екта. Велькага. Мо, у Іраку, а мо, у Югаславіі. He вем. Мая справа купіць у вас дрэва, а ваша справа пшэдаць мне, калі мы партнёры.
— Ясна.
Андрэй задумаўся: здзелка абяцала быць прыбытковай.
— To добры заказ, — прыкметна хвалюючыся, зазначыў польскі кампаньён, праціраючы квяцістай хусцінкай акуляры. — Бардзо добры. Мы заробім пянёндзаў. Бардзо шмат пянёндзаў.
— Я падумаю, — паабяцаў Андрэй. — Добжэ памыслю: то справа складана. Да пабачэння. Я пазваню.
— У пана вшыстко в пажондку? — насцярожыўся польскі бізнесмен.
— У пажондку, — усміхнуўся Андрэй і дадаў: — Усё ў парадку.
— Добжэ, — падняўся партнёр. — Кеды назад, у Беларусь?
— He ведаю, — паціснуў плячамі Андрэй. — Тут у мяне яшчэ справы.
— Разумею. — Паляк падаў руку. — До відзэння. Я пайду. Але прашу пана памятаць: бізнес ёсць бізнес, тшэба шыбко працоваць. To добры заказ...
Ён пайшоў. Андрэй застаўся адзін. Ля барнай стойкі стаяў афіцыянт і загіытальна глядзеў на яго. Андрэй толькі цяпер успомніў, што абяцаў свайму кампаньёну разам з ім папалуднаваць.
«Што са мной? — падумалася. — Усе нейк апошнім часам наўскасяк, не гэтак, як раней. Старэю, ці што?..»
Андрэю ішоў сорак чацвёрты год, але ўзрост ужо, нягледзячы на прыроднае здароўе, якое пакуль супраціўлялася болю ў ступні і сэрцы, усё ж адчуваўся: калісь стройны, падцягнуты, ён ацяжэў, на лбе пачала прарэзвацца маршчына, усё часцей нагадвала пра сябе забыўлівасць, з’явілася асцярожнасць у словах, учынках, справах. Усё гэта ў апошнія гады, і асабліва месяцы, часцей і часцей адбівалася на ягоным прадаўгаватым, буйным твары.
«Старэю, — са шкадаваннем падумаў Андрэй. — Нікуды ад гэтага не ўцячэш...»
Ён паклікаў афіцыянта, заказаў каву і цыгарэты. I не паспеў афіцыянт адысціся, як у дзвярах рэстарана вырасла высокая стройная постаць спявачкі. Яна была ў белым плашчы, вострамысковых чорных туфлях на абцасах-шпільках, з парасонам-кійком колеру слановай косці. На шыі жанчыны быў павязаны доўгі, амаль да каленяў, чорны шалік у белы буйны гарошак. Андрэй міжволі падняўся, выцягнуўся па стойцы «смірна», нібы быў не ў цывільным касцюме, а зноў у вайсковай афіцэрскай форме. Жанчына, звычна акінуўшы трошкі рассеяным позіркам пустую залу рэстарана, падышла, прывіталася.
— Добры дзень, — адчуваючы, як разліваецца па целе цяпло, прыветліва прамовіў Андрэй. — Вы прысядзеце?
— А вы тут адзін? — замест адказу спытала спявачка.
— Як бачыце, — нацягнута ўсміхнуўся Андрэй.
— Вып’ем кавы? — ці то спыталася, ці то прапанавала жанчына.
— Так, я ўжо заказаў, — сказаў Андрэй і, павярнуўшыся да афіцыянта, падняў на секунду руку. Афіцыянт зразумеў яго жэст.
Спявачка зняла плашч, павесіла на спінку суседняга крэсла. Для Андрэя яна была ў нязвычных строях: замест сукенкі ў светлым шэрым касцюме, які шчыльна аблягаў і падкрэсліваў яе стройнае цела. У гэтым элегантным касцюме яна здавалася вышэйшай, чым звычайна, крыху паўнейшай і прыгажэйшай.
Андрэй міжвольна залюбаваўся ёю. Жанчына заўважыла гэта, задаволена ўсміхнулася.
— Давайце знаёміцца.
Андрэй нахіліў галаву.
— Андрэй Іванавіч Рамашэвіч. Для вас — проста Андрэй.
— А мяне завуць Мартай. Дарэчы, вы ведаеце, як называецца гэтае месца, дзе стаіць наша «Барка»?
— He.
— Венецыя. Гэтак паэтычна і з любоўю ахрысцілі яго быдгашцы.
— Цікава.
— Так, цікава... Чым вы займаецеся, Андрэй?
Жанчына глядзела ўважліва, сур’ёзна і, як падалося яму, строга.
— Купляю і прадаю лес, піламатэрыялы. У мяне невялікая фірма. На жыццё хапае.
— А на адпачынак? — крыху какетліва ўсміхнулася жанчына. — Без гэтага нельга.
-— Я працую пераважна ў Беларусі, а тут, у Быдгашчы, амаль адпачываю.
— Чаму амаль?
— Пакуль не ведаю.
— He хочаце ведаць?
— He хачу, — шчыра прызнаўся Андрэй. — He хачу, каб не грызлі сумненні: ці правільна жыву.
— Значыць, пакутуеце, — апусціла вочы спявачка.
Яе густыя доўгія вейкі спусціліся на сіняватыя, ужо прыкметныя, нягледзячы на маладосць, мяшкі пад вачыма.
Андрэй прамаўчаў.
Афіцыянт прынёс дзве філіжанкі кавы і цыгарэты.
— Дазвольце? — папрасіла жанчына, зірнуўшы на цыгарэты.
— Калі ласка, — Андрэй дастаў запальнічку, — курыце.
Закурыў і сам.
Яны доўга маўчалі, паглядваючы ў акно. За ім ледзь заўважна гайдаўся на доўгім жалезным канаце жалезны чалавек з лукам і стрэламі ў руцэ.
«Уначы я стаяў на канаце замест яго, — прыгадаў свой сон Андрэй, — і хацеў страляць...»
— Вам падабаецца Быдгашч? — нечакана спытала спявачка.
— Але, — прызнаўся Андрэй.
— А мне — не, — сказала яна.
Гэта здзівіла Андрэя.
— Чаму?
— Бо жыццё тут мне вядома да дробязей на шмат гадоў наперад, — тужліва ўсміхнулася жанчына. — Маё жыццё. А гэта, згадзіцеся, ужо нецікава.