• Газеты, часопісы і г.д.
  • Пра што іграе піяніст  Анатоль Разановіч

    Пра што іграе піяніст

    Анатоль Разановіч

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 192с.
    Мінск 2019
    44.18 МБ
    — Вам відней, — паціснуў плячыма Андрэй. — Я жыву так, як мне дазваляюць абставіны.
    — He, як дазваляеце вы сабе самі, — удакладніў піяніст. — Але досыць размоў. Я стаміўся, ды і вам час адпачываць. Да пабачэння. Спадзяюся, мы яшчэ пагамонім.
    Ён цяжка падняўся і пайшоў на выхад. Андрэй закурыў, задуменна гледзячы ў акно. Насупраць чырванела пад яркім бляскам ліхтароў старая польская пошта. Ля ўвахода ў яе адзінока стаяла нейкая жанчына ў белым плашчы. «Марта!» — мільганула ў Андрэя ў галаве. Ён паўзіраўся: «Не, не яна...»
    Затушыўшы цыгарэту, паклікаў афіцыянта, расплаціўся за каву.
    — До відзэння.
    XIV
    Неабходна было абдумаць сваё далейшае жыццё, якое прымала рэзкі і досыць небяспечны, хоць нібыта і добра бачны паварот.
    Пасля ранішняй бізнес-сустрэчы з заказчыкамі лесу немцамі, што прыехалі ў Быдгашч, з якімі Андрэй, нягледзячы на незадаволенасць і пэўную асцярогу польскага партнёра, вырашыў пазнаёміцца асабіста, ён, усцешаны дзелавой гаворкаю, падумаў, што няблага было б пабыць сам-насам у лесе, які сцяной стаяў адразу ж за гатэлем.
    Паабедаўшы, Андрэй апрануў спартыўны касцюм і пакіраваў да высокіх стромкіх соснаў. Яны сустрэлі яго, як падалося, незадаволеным шумам. Але толькі ён зрабіў некалькі крокаў, як шум сціх. Андрэй спыніўся сярод невялікай паляны, агледзеўся. Вакол яго буяла разнатраўе, цягнулася да цёплага сонца кустоўе малін, ажын, чарніц. У суседстве з соснамі раслі тонкія бярозы, уздымаліся дужымі стваламі дубы. «Як дома», — адразу ж падумалася Андрэю.
    Сэрца ў Андрэя сціснулася ад любові і горычы, захацелася дадому. Гэтае пачуццё было вострае і моцнае, але доўжылася яно кароткі час: смолкае паветра супакойвала нервы, расслабляла цела. «Свежа тут, хораша, — ужо цвяроза разважыў Андрэй, — усё знаёмае, нібы блукаў па гэтых мясцінах неаднойчы. Калі застануся ў Быдгашчы, буду прыходзіць сюды. Тут пахне домам...»
    Андрэй нібы наяве ўбачыў сваіх бацькоў: сівога каржакаватага бацьку са строгім паглядам ясных, нягледзячы на ўзрост,
    шаравата-зялёных вачэй, распаўнелую з гадамі, добрую і спагадлівую маці з гладка зачэсанымі назад, як у маладосці на старой фатаграфіі, чорнымі валасамі. Бацькі ўсё жыццё практычна бязвыезна пражылі ў сваёй вёсцы, працавалі ад цямна да цямна і лічылі найбольшым шчасцем тое, што ёсць хлеб і няма вайны. Для жыцця ім трэба было мала, зусім мала. Напэўна, гэта і ёсць мудрасць.
    Прыгадалася Андрэю жонка Людміла. Яна нібы стаяла перад ім і журботна глядзела на яго: невысокая, яшчэ маладая, але прыкметна распаўнелая жанчына з каротка падстрыжанымі аржанымі валасамі, якія густой грыўкай спадалі на мутнавата-блакітныя пакорлівыя вочы. Усё-такі яны, Андрэй і Людміла, былі розныя людзі: ён — неспакойны шукальнік чагосьці, а яна — ціхая, маўклівая, хоць і нарадзілася, вырасла ў горадзе —Пінску.
    — Ты насварыся на мяне, — адчуваючы за сабою віну, часам гаварыў Андрэй.
    Людміла паварочвалася і моўчкі адыходзіла: не зразумець — крыўдавала ці ёй было ўсё адно. Хутчэй за ўсё апошняе.
    «Трэба сказаць ёй, — са шкадобаю падумаў Андрэй. — Так больш жыць нельга. Мы абое пакутуем, трываем... I хто гэта выдумаў: прытрэшся — пакахаеш...»
    Андрэй скрыгатнуў зубамі, як пасля рэзкага болю ў ступні, і рашуча пакрочыў у глыб лесу. Пакрысе думкі пра дом, сям’ю пакінулі яго. Андрэй суцішыў крок, пачаў прыглядацца да зямлі. На яе паверхні, сярод травы, яловага моху і леташніх лісцяў, ішло сваё жыццё: дружна працавалі мурашы, узвышаючы свой дом — невялікі востры стажок, што тырчэў сярод кусцікаў; гулі, высоўваючыся з норак, чмялі.
    На шырокай просецы, падымаючыся насустрач, Андрэй убачыў канваліі. У атачэнні доўгіх прамых лістоў іх маленькія белыя кветачкі былі падобны да званочкаў. Здавалася, яны звінелі і пераліваліся. Гледзячы на гэтыя кветкі, Андрэй прыгадаў маладога бязногага паляка, апранутага ў старую брудную джынсавую куртку. Ён сядзеў ля моста цераз рэчку Брда, у самым цэнтры горада, і прадаваў букецікі лясных канвалій. Яго
    няголены худы твар меў змучаны і жаласны выгляд. У вялікіх і выразных вачах быў сорам. «Трэба было купіць у яго гэтыя кветкі, — з запозненай спагадай падумаў Андрэй. — Можа, ён былы вайсковец, як і я, афіцэр, скалечаны ў якой-небудзь гарачай кропцы. Ці мала іх цяпер такіх... Без вайны ваюем...»
    Андрэй прысеў, зняў чаравікі, пасля чаго прыхіліўся спінай да высокай сасны. Доўга сядзеў, грэўся, слухаў лясныя гукі. Разамлеўшы, задрамаў. У дрымоце ўбачыў Марту. Яна, зусім голая, з зялёна-брудным налётам на целе, нібы толькі што вылезла з балота, вабіла-звала Андрэя да сябе...
    «Іду, іду...»
    Андрэй, як яму здавалася, спрабаваў падняцца, але якісьці неадольны цяжар наваліўся на ягоныя плечы і гнуў да зямлі.
    «Іду...»
    Андрэй упарта намагаўся падняцца. I пачаў ужо ўставаць...
    XV
    Урэшце, канчаткова наважыўшыся развесціся з жонкай і застацца ў Быдгашчы, Андрэй пазваніў Марце, прызначыў сустр-^чу. Яна папрасіла прыйсці да «Баркі» заўтра апоўдні, толькі ў баржу-рэстаран не заходзіць, а чакаць яе на мосце.
    — Пасядзім лепш на набярэжнай, пагаворым без лішніх вушэй, — слушна сказала яна.
    Андрэй прыйшоў на месца сустрэчы раней прызначанага часу: падганяла нецярпенне хутчэй убачыць Марту. Прайшоўся сюды-туды, спыніўся пасярэдзіне і стаў глядзець на жалезнага чалавека. Пад праменнямі няяркага, у смузе, сонца жалезны чалавек холадна і адчужана пабліскваў сваім голым, мускулістым целам. Перад ім на драцяным канаце, за метраў дзесяць, бездапаможна вісела ці то жывая, ці то мёртвая маленькая птушка. Андрэй раней не заўважаў яе і цяпер здзівіўся: «Я й не бачыў... Птушка, па ўсім, падае...» Прыгледзеўшыся да яе, зазначыў: «Сапраўды, падае... Знак бяды...»
    Адвярнуўшыся, Андрэй пачаў глядзець удалеч, на горад. Ужо блукалі надвячорныя цені, з вышыні паволі і асцярожна апускалася на зямлю цішыня. У вокнах «Баркі» заклікальна замігцелі жоўтыя дрыготкія агні...
    Марта, апранутая ў светла-блакітныя джынсы і такую ж блакітную джынсавую куртку, прыйшла са спазненнем: Андрэй ужо пачаў хвалявацца.
    — Пайшлі ўніз, да рэчкі, — замест прывітання папрасіла Марта.
    Яны спусціліся па прыступках да ракі, прайшлі ўсцяж яе метраў сто, прыселі на лаўку. Андрэй унутрана наструніўся: мелася быць канкрэтная, азначыцца, нялёгкая гаворка. Балюча заныла скалечаная ступня. Тарганулася набухлая на шыі вена. Марта, разумеючы Андрэеў настрой, узяла яго за руку, лёгка сціснула.
    — Мы будзем разам. — Яна памаўчала. — Калі ты, вядома, гэтага хочаш.
    — Мы ж дамовіліся, — рэзка і нервова выдыхнуў Андрэй.
    — Але ж ты нічога пра мяне не ведаеш. Нічога.
    — Так, — пагадзіўся ён.
    — Амаль нічога. — Марта быццам абвінавачвала яго ў гэтым.
    — Раскажы пра сябе, — папрасіў Андрэй.
    -— Гэта не надта цікавы аповед, — папярэдзіла яна. — I невясёлы.
    — Цяпер ужо ўсё адно. Ды й не гэта галоўнае ў жыцці.
    — Тады слухай. — Марта вызваліла сваю руку з Андрэевай, схавала ў кішэнь. — Мне ўжо амаль трыццаць два гады. Я выйшла замуж у дзевятнаццаць. Гэта было ў Беларусі, у Мінску. Мой муж тады быў там у камандзіроўцы.
    — Хто ён па прафесіі?
    — Гэта няважна, — рэзка адказала Марта. — Цяпер няважна. Мы разводзімся. Дык вось... —Яна на хвіліну задумалася і працягвала: — Я пакахала яго, хоць ён быў нашмат старэйшы за мяне... Так, пакахала... За вядомасць, далікатнасць, галантнасць, з якой ён заляцаўся да мяне. Гады тры, нават больш, я, як гавораць, жыла з ім душа ў душу, пылінкі здзьмухвала. Як жа: жыву са славутасцю, за мяжой, сытна і ўтульна. А пасля ўсё раптам адразу знікла: маё каханне, прывязанасць, нават удзячнасць за тое, што звёз мяне за мяжу, у Польшчу, і возіць з сабой
    па ўсёй Еўропе. Я нават не ведаю, куды ўсе гэтыя мае пачуцці да мужа зніклі і чаму. Можа, з той прычыны, што ў нас няма дзяцей і ўжо не будзе.
    Андрэй, гледзячы на Марту, запытальна ўскінуў бровы, напяўся. Яна гэта заўважыла, супакоіла:
    — He бойся, я здаровая. Гэта ў яго праблемы: у вайну, у дзяцінстве яшчэ, моцна перамёрз, ледзьве акрыяў.
    Андрэй не ведаў, што сказаць: з аднаго боку, яму было шкада Марту, з другога — ён спачуваў ейнаму мужу. Спытаў:
    — Як ты жыла столькі гадоў без кахання?
    — А як людзі жывуць? — спытала Марта. — Як ты жывеш са сваёй жонкай?
    Андрэй прамаўчаў.
    — Так вось і жыла. Кожны сам па сабе, як у касмічным караблі, ведаеш? Нібыта разам, блізка адно да аднаго, а паасобку.
    — Ты яму здраджвала? — гледзячы на мутную ваду ракі, ціха спытаў Андрэй.
    Марта не адказала. На яе бледнай шчацэ нервова тарганулася цёмная радзімка.
    Яны зноў памаўчалі.
    — Такое жыццё стала невыносным, — зноў загаварыла Марта. — Я даўно хацела сысці ад яго. Але куды, да каго? 1 вось з’явіўся ты. У тваіх вачах, — я гэта адразу ўбачыла, — былі неспакой, туга. Таму й падышла тады да цябе... Ведаеш, мне тым вечарам страшэнна хацелася напіцца, па-нашаму, ці зрабіць што-небудзь такое... Я нібы ўбачыла роднага, блізкага мне па духу чалавека. I я не памылілася... Праўда?
    Марта выняла руку з кішэні, паклала на калена Андрэю. Ён удзячна ўзяў далонь, моцна сціснуў.
    — Праўда.
    — Цяпер ты ведаеш амаль усё, — Марта вінавата ўсміхнулася, паружавела. — Астатняе пасля. У нас, спадзяюся, для гэтага будзе час.
    — I ты даведаешся пра мяне яшчэ, — сказаў Андрэй. — A пакуль што для гэтага трэба многае зрабіць, вырашыць... На наступным тыдні я перавяду грошы з Беларусі ў адзін з варшаўскіх банкаў. На нашу з табой кватэру. Мы дамовіліся пра гэта. Так?
    — Так.
    Андрэй абняў Марту, закінуў яе галаву і ўпіўся вуснамі ў пульхныя, мяккія вусны. Яна квола супраціўлялася...
    На горад апусцілася ноч. Калі яны развітваліся, ужо было зусім позна. Але гэтага не адчувалася: гарэлі ліхтары, па мосце гаманліва шпацыравалі гараджане і турысты, з бліжэйшага дома, праз расчыненае акно, далятала музыка.
    — Ты куды? — развітваючыся, спытала Марта.
    — У «Барку», — сказаў Андрэй. — Мне хочацца пабачыць вашага рэстараннага музыку. Ён хораша, вельмі хораша іграе. I сам слаўны, добры чалавек. Але, здаецца, нешчаслівы.
    Марта, апусціўшы вочы, сумна ўсміхнулася, хуценька павярнулася і шпарка пайшла ўздоўж рэчкі да моста. Андрэй, не спяшаючыся, пакіраваў у рэстаран-баржу, сеў за свой столік ля акна.
    Піяніст зноў спазняўся. Калі ён з’явіўся, Андрэй прыпадняўся, пакланіўся. Пажылы музыка, зашпіліўшы пінжак на ўсе гузікі, сеў і асцярожна націснуў на клавішы. Інструмент спарадзіў працяглы жаласны гук. Піяніст пасядзеў нейкі час нерухома, пасля рыўком падняў рукі і гэтак жа рэзка апусціў іх на клавішы. Цішыня здрыганулася і надоўга стаілася, саступаючы месца выбуховай, бурлівай мелодыі.