Пра што іграе піяніст  Анатоль Разановіч

Пра што іграе піяніст

Анатоль Разановіч
Выдавец: Беларусь
Памер: 192с.
Мінск 2019
44.18 МБ
Яна, няўмела скамечыўшы цыгарэту, патушыла яе ў попельніцы.
— Аднак хутка вечар. Мне трэба рыхтавацца да работы. Публіка, ведаеце, чакаць не любіць.
— Я застануся і буду слухаць вашы песні, — чырванеючы сказаў Андрэй. — Калі трэба, пачакаю.
Жанчына дапытліва зірнула Андрэю ў вочы, паклала сваю далонь на ягоную руку, мякка сціснула і ціха сказала:
— He трэба. Ідзіце дадому. A то...
Яна недагаварыла. Паднялася і, ужо адыходзячы, раптам нагнулася, прашаптала:
— Хочаце, я прыеду да вас?
— Да мяне? — Андрэя як варам абліло.
— Да вас, — хуценька прамовіла спявачка, нецярпліва і проста гледзячы яму ў вочы. — Вы дзе спыніліся?
— У гатэлі «Ікар», нумар 157.
— Добра. Я заўтра буду ў вас. А шостай вечара. А цяпер, калі ласка, ідзіце. Ідзіце...
Андрэй, ашаломлены, выйшаў з баржы-рэстарана. Тое, чаго ён унутрана прагнуў, але палохаўся ў гэтым прызнацца нават самому сабе, было гэтак блізка, што захацелася закрычаць ад нечаканага шчасця, а лепш растварыцца ў музыцы пажылога піяніста і разам з ёй узляцець высока-высока ў неба, каб там, у самоце, усвядоміць усё і, можа быць, убачыць прышласць.
VIII
Назаўтра Андрэй увесь дзень правёў у салодкім і трывожным чаканні. Ён адключыў тэлефон. He выходзіў з нумара ні
на сняданак, ні на абед. Падоўгу і задуменна глядзеў у акно. За ім, зусім побач, пагойдваліся верхавінкі высозных соснаў. Схіляючыся адна да адной, яны быццам перамаўляліся між сабою: магчыма, перадавалі якіясьці навіны, пляткарылі пра суседак, проста гаманілі аб усім, як гамоняць між сабой блізкія людзі.
Андрэю так хацелася таксама схіліцца да Марты і пагаварыць пра ўсё, што было, што ёсць і што мае быць. Толькі вось з чаго пачаць гэтую гаворку, ён не ведаў. Пра няўдалую вайсковую кар’еру, аб якой марыў калісыді ў дзяцінстве, а пасля ў вучылішчы, гаварыць не было сэнсу: яна абарвалася адразу, пасля вучобы. Пра жонку, з якой жыў ужо больш чым пятнаццаць гадоў, а дзяцей усё яшчэ не займеў, распавядаць было няёмка ды і недарэчы. Пра пошукі работы, цяжкае і доўгае станаўленне на ногі, заробленыя хоць і невялікія, але параўнальна прыстойныя грошы, распавядаць Андрэй не любіў.
«Можа, пачне сама Марта, — з надзеяй падумаў Андрэй, — a я буду пакуль маўчаць і ўважліва слухаць, як слухаю, калі яна спявае. Асабліва сваю любімую песню — песню пра піяніста...»
Прыгадаліся словы гэтай песні. I не проста прыгадаліся, a быццам загучалі ў гатэльным нумары. Спачатку нясмела і ціха, а пасля ўсё гучней, напаўняючы невялікую гулкую прастору шчымлівай і пяшчотнай мелодыяй...
Сыграй, сыграй жа, піяніст, Абрынь тугі салодкай гукі, Сыграй, сыграй мой лёс на «біс», Mae спатканні, мае мукі...
«Мае спатканні, мае мукі», — некалькі разоў паўтарыў сам сабе Андрэй, міжволі параўноўваючы сваё жыццё з жыццём Марты, якога ён не ведаў, але чамусьці быў упэўнены, што яна нешчаслівая. Інакш чаму б яна гэтак часта спявала тужлівыя песні...
Калі ў дзверы пастукалі, Андрэй здрыгануўся: «Яна!..»
Падняўся, паправіў на сабе касцюм, гальштук і з дрыжыкамі ў нагах падышоў да дзвярэй. Пастаяўшы, нерашуча адчыніў. Марта, у лёгкай ружовай куртцы, з-пад якой ледзь выглядвала кароткая спадніца, стаяла, глядзела на яго і маўчала. Гэтак доўжылася хвіліны дзве-тры, а можа, і больш.
— Заходзьце, — адступіў нарэшце ад дзвярэй Андрэй.
Жанчына прайшла ў нумар, наблізілася да яго, правяла халоднаю рукою па ягонай гарачай шчацэ і ціха папрасіла:
— Нічога не кажы і ні аб чым не пытайся.
Марта тут жа падышла да акна, завесіла цяжкія шторы і пачала распранацца. Андрэй як укапаны стаяў сярод пакоя і з-пад ілба, крадком, назіраў за яе рухамі. Праз некалькі хвілін яна паўстала перад ім зусім голай. Яе маладое белае цела, якое ў адзенні падавалася хударлявым, было шчодра напоўнена жаночай красою і сілай. Доўгія, роўныя, як у балерыны ногі, цёмная радзімка над самым сэрцам, доўгая шыя, прамыя, густа рассыпаныя па плячах валасы.
Андрэй, праганяючы прэч няёмкасць і сорам, таксама распрануўся. Цяпер ён і Марта стаялі адно перад адным, як, напэўна, калісьці стаялі Адам і Ева, упершыню ўбачыўшы сваю галізну, прыгажосць сваіх цел, жадалі кахання, а пасля, нягледзячы на забарону, спазналі гэтае каханне.
Потым, шчаслівыя і адлучаныя ад усяго навакольнага свету, яны пілі халоднае шампанскае, якое стаяла ў халадзільніку, загадзя купленае Андрэем для гасцей — партнёраў па бізнесе, усміхаліся, але, дзіўна, ні пра што не гаварылі: паўната іх пачуццяў была красамоўней за ўсялякія словы.
Толькі адзін раз, парушыўшы цішыню, Марта спытала:
— Што ў цябе з нагой?
— Раненне. Я ваяваў... У Афганістане, — дабрадушна, не думаючы аб той вайне, адказаў Андрэй.
Між ты.м мінула гадзіна, другая, трэцяя. Быдгашч засвяціўся начнымі агнямі. Праз ссунутыя шторы гатэльнага нумара праглядваўся белаваты, круглы, пушысты клубок, падобны на надзьмуты дзіцячы шарык. Гэта ярка гарэў ліхтар ля самага акна. У ягоным святле нябачныя стрэлкі часу блізкасці і ростані Андрэя і Марты хутка плавіліся і выпарваліся.
IX
«Ці было гэта ўсё ў гатэлі?» — думаў Андрэй, седзячы на лаўцы ля помніка ахвярам Другой сусветнай вайны. Помнік,
што ўяўляў сабой аб’ёмную кампазіцыю з групай асуджаных на смерць людзей, ужо даўно стаў сумнай часцінкай горада. Спераду са скульптурнай кампазіцыі паўстае жанчына. Валасы яе развяваюцца, рукі раскінуты. Яны закрываюць сабой мужчыну з паднятымі ў смутку рукамі, у адной з іх ён трымае невялікі крыж. Справа ад жанчыны стаіць другая. Яна заклікае да справядлівасці і праклінае забойцаў. Рукі пакутліва прыпадняты і сціснуты. Злева ад яе схіліўся ў жалобе мужчына, над ім, закрыўшы твар рука.мі, стаіць другі. 3 адваротнага боку скульптурнай кампазіцыі заклікальна глядзіць у невядомую далеч маладая маці, а ў ейныя грудзі ўткнулася галавою дзяўчынка, просячы абароны. За скульптурнай кампазіцыяй у беспарадку ляжаць бетонныя блокі з напісанай на іх з двух бакоў горкай і крывавай гісторыяй.
Андрэю ўсё гэта нагадала Афганістан, вайну. Але ён прагнаў прэч гэтыя думкі. Занадта ціхамірна было тут гэтым сонечным днём. Андрэй глядзеў на старую плошчу забрукаваную калісьці ўручную і вышараваным падэшвамі да бляску каменем. Па плошчы шпацыравалі гараджане, але найбольш было турыстаў і дзяцей. Ля ног у людзей мірна буркаталі галубы, смела бралі з рук корм: хлеб, семкі, пірожнае. Галубы прывыклі да людзей, яны не баяліся нават пстрыкання фотаапаратаў, гуду таксі, нечаканых і гучных дзіцячых крыкаў.
Андрэй, падставіўшы твар сонцу, заплюшчыў вочы. «А ці не ўсё роўна, было тое ў гатэлі ці не, — нечакана падумаў ён. — Галоўнае, што мы ёсць: я і Марта... А ўсё астатняе няважна».
Андрэй сядзеў доўга. Нават задрамаў. Ачнуўся ад ціхага, настойлівага голасу:
— Пан, пан, дзень добры.
Ён расплюшчыў вочы. Перад ім стаяла мажная скуластая цыганка сярэдняга веку, ахінутая стракатаю цёплаю хусткаю, нягледзячы на зыркае сонца. Ейная чырвоная, доўгая, у буйны белы гарошак сукенка прыкрывала чорныя стаптаныя туфлі, амаль падмятала фальбонай брукаванку, а зашпіленая на ўсе гузікі бардовая куртка шчыльна абціскала вялікі пукаты жывот.
Цыганоў у Быдгашчы было няшмат. Аціраліся яны пераважна паблізу рынку і тут, на плошчы. Часткова ведалі многія мовы, у тым ліку і рускую.
— Чы пан мне слышы? — спытала цыганка.
— Чую, — адказаў Андрэй.
— У пана баліць сэрца?
— Баліць? У мяне? — трохі здзіўлена перапытаў Андрэй. — He, юж не баліць.
— Юж можа быць, але баліць, — спагадліва паўтарыла цыганка.
— Можа быць, — задуменна пагадзіўся Андрэй, прыгадаўшы мінулую бурную ноч, стому пасля яе, горкае пачуццё страты, шчымлівае чаканне паўтору палкіх, незабыўных хвілін, гадзін... —А ці можна, пані, прыдбаць лекі ад сэрца?
— Можна, пан, — сур’ёзна сказала цыганка і пранізлівым паглядам абвяла ўсё ягонае разамлелае, а можа, й папраўдзе невылечна хворае цела.
— Іле каштуюць такія лекі? — жартам, але і з пэўнай бояззю перад магчымай ракавой хваробай пацікавіўся Андрэй.
— To каштуе дужа.
— Іле?
— Быць можа, дзесенць, можа, двадзесьце, а можа, і пенцьдзесёнт злотых.
Андрэй дастаў партманет, абыякава перабраў у ім грошы, дастаў пяцідзесяцізлотавую банкноту і падаў цыганцы. Яна тут жа схапіла грошы, схавала кудысь пад куртку:
— Дзенькуе.
Доўга трымала руку пад курткай: ці то грошы хавала больш надзейна, ці то шукала нешта. Нарэшце, выцягнуўшы руку, падала Андрэю нейкае шкельца.
— Прошэ, пан. To лякарства ад сэрца. — Твар цыганкі быў сур’ёзны. — Напраўду.
Аддаўшы лекі, яна павярнулася і хутка, падмятаючы плошчу доўгай чырвонай сукенкаю, пайшла.
Андрэй зірнуў на сваю далонь. Пасярод яе ляжала маленькая шкляная сувенірная кветачка — белая ружа. Яна зіхацела ўсімі сваімі гранямі, нібы жывая...
«Усё было і ўсё ёсць», — з палёгкаю падумаў Андрэй, адчуваючы, як у цела ўліваецца сіла і жаданне жыць доўга, шчасліва і абавязкова з каханай жанчынай.
X
Пасля Афганістана і працяглага лячэння Андрэя сур’ёзна непакоілі нервы, боль у сэрцы, знявечаная ступня, якая часта ныла, асабліва пры змене надвор’я. Нярэдка ён задумваўся пра смерць. Але яна ўяўлялася яму яшчэ далёкай, ненатуральнай і чужой. Толькі часам, больш начамі, ён выразна адчуваў блізкае дыханне некага страшнага, замагільнага, што ўважліва, падоўгу глядзіць на яго і нечага чакае. У гэтыя хвіліны рабілася сапраўды страшна, нібыта ён зноў ляжаў у вайсковым шпіталі на аперацыйным стале, гатовы да ўсяго.
У сябе дома, у Беларусі, а яшчэ больш у суседняй Расіі Андрэй нагледзеўся на гора ды бяду. Ставіўся да гэтага як да рэальнасці, абавязковага складніка жыцця кожнага чалавека. Тутжа, у Быдгашчы, забыўся на сваё мінулае жыццё і намагаўся жыць па-іншаму, па-новаму: як мага радзей прыгадваў старое, вучыўся дараваць крыўды, не думаць пра падманы, спадзявацца толькі на лепшае. Часам нават заходзіў у касцёл, хрысціўся. Але не па-каталіцку — злева направа, а па-праваслаўнаму — справа налева. Хрысціўся неўпрыкмет, стоячы ля самага ўвахода ў храм ці дзе ў куточку. Прасіў у Бога даравання за свае грахі, маліў Збаўцу скіраваць яго, Андрэя, на шлях існы. Але гэты шлях, пачаты ў Беларусі, не жадаў набываць святасць ці нават адносную бязгрэшнасць, калі такая на зямлі была: Андрэй, купляючы і прадаючы лес, піламатэрыялы, стараўся зарабіць як мага больш. Гэтая цяга да грошай, якія ён мог патраціць таксама лёгка, без асаблівага шкадавання, як і зарабіць, рабілася ці не хваробаю. У сваіх працяглых і частых камандзіроўках Андрэй нярэдка здраджваў жонцы, хоць і рыхтаваўся, але не хацеў мець дзяцей — лічыў, што яны будуць замінаць ягонаму бізнесу. «Рана яшчэ», — казаў ён жонцы, якая з гадамі звыклася з бяздзетнасцю і ўжо сама не хацела абцяжарваць сябе сямейнымі турботамі.