• Газеты, часопісы і г.д.
  • Пра што іграе піяніст  Анатоль Разановіч

    Пра што іграе піяніст

    Анатоль Разановіч

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 192с.
    Мінск 2019
    44.18 МБ
    «Паеду ў горад, — наважыўся ён, — крыху пашпацырую, можа, стане лягчэй...»
    Горад сустрэў яго ветла і шумна: яшчэ маленькае, кволае лісцейка дрэў і кустоўя паўставала перад ім у поўнай свежасці і красе; пышна зелянелі, набіраючы сілу, роўныя, яшчэ не стрыжаныя газоны; няспешна прагульваліся шматлікія прахожыя і маладыя пары; прабягалі міма і бесклапотна смяяліся дзеці, смела снавалі ў адзін і другі бок, лагодна сігналячы, аўтамашыны. I нават будынкі, старыя і новыя, проста і дружна злучаліся асветленымі сонцам чырвонымі, шэрымі, жаўтаватазялёнымі сценамі, утвараючы той своеасаблівы, непаўторны еўрапейскі архітэктурны малюнак, у якім старадаўні касцёл не велічна пазірае на бліжэйшы да яго аднапавярховы прыватны дом, а паблажліва прыхоўвае яго сваім ценем, нібы праганяючы злых духаў.
    Нейк адразу зрабілася лягчэй, спакайней. Аціхаў боль сэрца, а ступня, прызвычаіўшыся да хады, пакрысе супакоілася і засвярбела.
    Андрэй прысеў на лаўку, незаўважна падняў калашыну, абхапіў пальцамі левую нагу трошкі вышэй чаравіка, з усяе сілы сціснуў. Ступня спачатку знямела, а затым пачала цяплець, размякаць...
    «Хораша тут, — падумаў Андрэй. — Хораша...»
    Яму падабаўся Быдгашч, цепліла душу польскае нетаропкае і спакойнае жыццё. He такое, як у Беларусі і асабліва Расіі, небяспечнае і непрадказальнае, з заўсёднымі ўзрушэннямікатастрофамі і канфліктамі, а мірнае і зўсім не беднае. Калі б была мажлівасць — заўстаўся б тут назаўсёды. Зрэшты, нават не мажлівасць, а жаданне: пераехаць з Беларусі ў Польшчу не праблема. Гэта недалёка, ды й мова зразумелая, блізкая. Вывучыць можна хутка. Але да каго пераязджаць, дзеля чаго? Простыя і ўадначас пакутлівыя пытанні. Яны выспявалі ў галаве Андрэя даўно. А ўзніклі яшчэ даўней. Напэўна, у вайсковым шпіталі, калі, перавярнуўшыся ад болю на жывот і абхапіўшы рукамі жалезны ложак, Андрэй спытаўся ў самога сябе: «За што мы ваюем? Хіба мала ў нас, Савецкім Саюзе, сваёй зямлі, мала сваіх багаццяў?..»
    Высветлілася, што мала. Мала было тым, хто кіраваў... Да сораму простых людзей і на здзіўленне ўсяму цывілізаванаму свету.
    Хваравітыя думкі, з пошукам адказу на сваё пытанне, хоць і нудныя, зусім лішнія ў тыя далёкія гады, зноў нагадалі пра сябе тут, у Быдгашчы.
    Андрэй уздыхнуў, закурыў.
    Наперадзе, за метраў дваццаць ад яго, купкай таўпіліся модна апранутыя юнакі, пэўна, студэнты. Яны штосьці захоплена абмяркоўвалі, ухвальна ківалі адзін аднаму, усміхаліся. Іх сумкі стаялі побач, ля ног: маладыя людзі нікуды не спяшаліся.
    «Пайду я ў рэстаран, на баржу, — сцепануўся Андрэй. — Там музыка, можна не думаць, не задаваць сабе пакутлівых пытанняў, а толькі слухаць...»
    У ягонай галаве ледзь чутна, а затым усё гучней і выразней адзываліся гукі вірлівай, хвалюючай музыкі ў выкананні пажылога рэстараннага піяніста, які ў нейкія імгненні, калі яго ўважліва слухаеш, здаецца, іграе не для публікі, а для самой вечнасці.
    V
    У рэстаране наведнікаў было мала: вечар толькі-толькі пачынаўся. Андрэй сеў ля акна, бліжэй да сцэны. Заказаў, як звы-
    чайна, каву. Маладзенькі хударлявы афіцыянт, які чымсьці нагадваў стараннага курсанта вайсковай вучэльні, тут жа прынёс кубачак водарнага напою.
    — Дзенькуе, — кіўнуў Андрэй.
    Ен зрабіў некалькі глыткоў, закурыў і пачаў чакаць выхаду пажылога піяніста. Але яго не было. Праз нейкі час выйшла высокая, сухарлявая, з доўгімі цёмна-каштанавымі валасамі жанчына гадоў трыццаці ў шыкоўнай чырвонай сукенцы з глыбокім дэкальтэ. Акінуўшы невідочным паглядам публіку, яна ледзь заўважна кіўнула афіцыянту. Той уключыў магнітафон, і пад ягоную музыку жанчына заспявала меладычную, але тужлівую песню, у якой былі амаль адны й тыя ж словы:
    Ніц, напраўду, не паможаш.
    Ніц, напраўду.
    Ніц, напраўду, не паможаш...
    Андрэй не ўсё разумеў, пра што спявала жанчына і хто каму не можа дапамагчы. Але ейны грудны, трошкі дрыготкі голас выказваў трывогу і выклікаў жаль. I таму песня ўспрымалася не розумам, а сэрцам.
    — Ніц, напраўду, не паможаш, — на тужлівай ноце скончыла песню жанчына.
    Андрэй глытнуў кавы і пачаў пільна глядзець на спявачку: яму падалося, што ён яе ўжо дзесьці бачыў. Можа, нават гаварыў з ёю. Жанчына заўважыла ягоны пагляд, ледзь прыкметна ўсміхнулася, няспешна падышла да яго, спытала:
    — Вы рускі, беларус?
    — Беларус, — кіўнуў Андрэй. — 3 Пінска — палескага горада.
    — Гэта добра, — задаволена сказала жанчына. — Я сама беларуска і праспяваю для вас. Беларусы ў Быдгашчы, ды яшчэ з Палесся — рэдкія госці.
    Яна ўзышла на сцэну, рэзка і патрабавальна кіўнула афіцыянту. Афіцыянт тут жа ўключыў магнітафон, і павіслая было цішыня, нервова здрыгануўшыся, саступіла месца чароўным, знаёмым гукам шчымлівай мелодыі, услед за якой палілася такая ж шчымлівая песня:
    Аб чым іграе піяніст...
    Спявала музыка, звінела.
    У маёй руцэ — кляновы ліст.
    Душа сцішалася і млела...
    Маладая стройная жанчына нервова сціскала мікрафон тонкімі пальцамі з доўгімі, завостранымі пазногцямі і амаль краналася яго пульхнымі, вогненнымі, пад колер сукенкі, выразна акрэсленымі вуснамі, над якімі мякка і ганарліва быў прыпадняты па-дзіцячы круглявы нос.
    Спявачка неадрыўна глядзела на Андрэя: у песні яна нібы звярталася да яго, прасіла дапамогі ці абароны. Андрэй, адчуваючы ейны шчымлівы і роспачны пагляд, міжволі адвярнуўся і ўтаропіўся ў акно. За шыбамі ў жаўтлявым паўзмроку скрушліва і задуменна, у маўклівым чаканні, стаялі тры чыгунныя статуі-жанчыны. Яны таксама чакалі дапамогі.
    — Вам спадабалася мелодыя песні? — спытала, ціха падышоўшы, спявачка.
    — Чаму толькі мелодыя? — прамовіў Андрэй. — Мне спадабалася мелодыя, спадабаліся словы песні. I...
    Ён хацеў сказаць, што спадабалася і сама спявачка, але прамаўчаў.
    — Гэта добра, — уздыхнула жанчына і журботна ўсміхнулася. Пастаяўшы, нерашуча спытала: — А да вас можна прысесці?
    — Калі жадаеце... Столік вольны, •— ужо зусім разгублена прамовіў Андрэй. Ён падняўся, адсунуў ад стала крэсла. — Калі ласка, сядайце.
    Спявачка прысела і дапытліва ўгледзелася ў Андрэя. Ён міжволі апусціў вочы долу: яму было ніякавата.
    — Закажыце мне віна, — ціха папрасіла жанчына, — калі можна... I сабе.
    Андрэй паклікаў афіцыянта, заказаў бутэльку чырвонага «Бардо».
    — Такое віно вы п’яце?
    — Так.
    Андрэй наліў.
    — Давайце вып’ем, — спявачка задуменна падняла фужэр. — Вып’ем, вы толькі не здзіўляйцеся, за доўгае чаканне і... I надзею. Добра?
    Андрэй на імгненне зазірнуў жанчыне ў вочы. Вялікія, цёмныя, яны нечакана заблішчэлі, і з куточкаў выплылі дзве маленькія, разбаўленыя чорнай тушшу слязінкі.
    — Гэта проста так, проста так... He звяртайце ўвагі, — прамовіла жанчына.
    Яна паднесла фужэр да сваіх пульхных вуснаў, хвіліну-другую патрымала яго, быццам вагаючыся, піць ці не піць, і хуценька, з адчаем, асушыла яго да дна.
    Андрэй таксама выпіў. Віно падалося яму крыху засалодкім, прытарным.
    — Прыходзьце ў наш рэстаран паслязаўтра, — падымаючыся, запрасіла жанчына. — Я выступаю тут цераз дзень. Дзякую вам за размову і за віно.
    Сэрца ў Андрэя ўскалыхнулася ад вострага і нечаканага болю. Цьмяная трывога і ўадначас невядомае прадчуванне хуткай сустрэчы з блізкім, даўно чаканым чалавекам пачалі закрадвацца ў яго неспакойную душу.
    «Шкада, што сёння не было піяніста», — чамусьці падумаў Андрэй, выходзячы з баржы-рэстарана.
    VI
    Цэнтр Быдгашча — старое места. Іншымі словамі, стары горад. Тут, у спляценні вузкіх вулачак і завулкаў, спалучэнні старых цагляных дамоў і вышынных новабудоўляў з бетону і шкла, у цяні высачэзных велічных касцёлаў з крапаснымі сценамі, неглыбокай, звілістай між будынкаў і сквераў ракой Брдой, Андрэй, калі быў вольны, шпацыраваў падоўгу і з асалодаю. Тут ён належаў сам сабе: сваім думкам, жаданням, летуценням. А да ягоных паслуг быў увесь старажытны і прыгожы горад, няспешнае жыццё якога супакойвала і аддаляла ад мітусні. Андрэй зазіраў у шматлікія крамкі, заседжваўся ў невялікіх утульных кавярнях, наведваў рынак, размешчаны ў самым цэнтры горада, з цікавасцю разглядаў усё, што там прадавалася. Было яно звезена практычна з усяго свету. Часта
    ён стаяў на плошчы, гледзячы, як кормяць людзі галубоў-буркуноў, пасля сядаў дзе-небудзь на лаўку, падстаўляў твар сонцу і сам сабе ўсміхаўся.
    Знаёмства з Быдгашчам, прагулянкі па гэтым старадаўнім і адначасова маладым горадзе ператварыліся для Андрэя ў сапраўдны адпачынак, які, здавалася, аніколі не надакучыць. Але гэтак было напачатку. 3 кожнай чарговай камандзіроўкай Андрэя ўсё больш вабіла пайсці ў самы цэнтр горада, да вузкага невялікага моста праз раку Брда, ля набярэжнай якой швартавалася баржа-рэстаран. Тут настрой яго мяняўся: спакой і ціхамірнасць знікалі, а душу ахоплівала хваляванне, як бывала перад палётамі на верталёце.
    Вечары ў баржы-рэстаране пачалі нагадваць Андрэю тое даўняе, ужо напаўзабытае хваляванне, якое ён зведаў яшчэ ў юнацтве. Гэтыя вечары сталі адхланнем у ягонай працы і нават жыцці — простым, звычайным, але складаным і заблытаным.
    Андрэй цяпер ужо знарок больш часу праводзіў у Быдгашчы. Яго неспакойная натура ў польскім горадзе набывала раўнавагу, а колішнія думкі пра багатае і размернае жыццё зводзіліся да сціплага жадання пасядзець у баржы-рэстаране, выпіць філіжанку духмянай кавы і атрымаць асалоду ад узрушлівай музыкі пажылога піяніста, паслухаць у чарговы раз ужо завучаную на памяць песню «Пра што іграе піяніст» у выкананні халоднай, на першы погляд, але добрай і прывабнай беларускай спявачкі, што жыве і працуе ў Польшчы.
    «Як мала чалавеку трэба, — думаў Андрэй, седзячы дзе-небудзь на лаўцы ў скверы ці за столікам рэстарана-баржы. — Усяго нейкую драбязінку».
    У сярэдзіне красавіка, у чарговы раз прыехаўшы ў Быдгашч, як звычайна надвячоркам, Андрэй уладкаваўся ў гатэль «Ікар» Вячэраць у гатэльным рэстаране не захацеў. Хуценька сабраўся і, не чакаючы гарадскога маршрутнага аўтобуса, узяў таксі.
    — У «Барку», — нецярпліва кінуў ён маладому акулярыстаму таксісту.
    Нецярпенне ахапіла Андрэя яшчэ ў дарозе да Быдгашча, у экспрэс-аўтобусе з Варшавы, які нетаропка і асцярожна каціўся па роўнай вузкай дарозе.
    Праз хвілін пятнаццаць Андрэй пераступіў парог баржы-рэстарана. Нічога не змянілася ў рэстаранных залах ніжняга і верхняга ярусаў «Баркі»: на першым паверсе цямнела дыхтоўная мэбля з суцэльнага дрэва, а на другім — да паслуг наведнікаў стаялі сплеценыя з лазы шыкоўныя крэслы, круглыя, аб’ёмныя столікі, накрытыя шклом, прыцягвалі да сябе ўвагу свяцільнікі з цёмна-бардовымі абажурамі з тоўстай тканіны на сплеценых тонкіх прутках, узвышаліся вазоны ў вялізных гліняных гаршках, зямля ў якіх была закладзена рачнымі і марскімі каменьчыкамі. Сталы і крэслы разгароджваліся невысокімі прыгожымі шырмамі. На сваім месцы сядзеў пажылы музыка, стаяла старое, пацямнелае ад часу піяніна, якое, аднак, не страціла з гэтае прычыны свой дзівосны голас.