• Газеты, часопісы і г.д.
  • Пра што іграе піяніст  Анатоль Разановіч

    Пра што іграе піяніст

    Анатоль Разановіч

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 192с.
    Мінск 2019
    44.18 МБ
    Такое было Андрэева жыццё, яго ўнутраная сутнасць, a значыць, і шлях, які вёў пакуль што невядома куды, да каго, і мог абарвацца ў любы дзень, у любую хвіліну.
    Самотна седзячы ў гатэлі, Андрэй ужо звычна глядзеў на пагойдванне верхавінак блізкіх соснаў. Міжволі згадалася пакутлівае і шчымлівае чаканне Марты ў той першы, блізкі для іх абаіх вечар, што зрадніў іх, яе прыход, распрананне, тугі, трошкі дрыготкі жывот, вонкавая цемень і ўнутранае святло, якое быццам акрыляла яго, Андрэя, і прыўздымала над гатэлем і ўсёй зямлёю.
    Вось дык сапраўды супярэчлівая рэч — жыццё! Мала хто распавядае пра яго каму б там ні было шчыра, пра ўсё да драбніц. Нават самым блізкім і родным людзям. Ды ўсё ж надыходзіць, напэўна, такі момант, калі не распавесці пра сваё жыццё, не вывернуць душу — раўназначна хваробе, што прыводзіць спачатку да духоўнай, а пасля і да фізічнай смерці.
    Андрэю знячэўку нясцерпна захацелася паспавядацца і распавесці пра сябе Марце. Акурат Марце — жанчыне, без якой, адчуваў Андрэй, ён ужо не зможа жыць. 3 гэтым нечаканым і моцным жаданнем зноў згадаліся словы шчымлівай песні ў яе выкананні:
    У руцэ дрыжыць кляновы ліст, Нібыта ветразь без прычала. Сыграй, сыграй жа, піяніст, Як я кахала, як чакала.
    Андрэй хуценька сабраўся і паехаў у «Барку». Рэстаран-баржа ўжо свяціўся жоўтымі вокнамі. Па яго чырванаватым жалезным даху бегалі белыя зайчыкі — блікі святла ад недалёкага яркага шчыта, на якім рэкламаваўся тэлевізар «Соні» апошняй мадэлі. He заўважаючы яго, адзінока і непрыкаяна стаяў жалезны чалавек на драцяным канаце з лукам і стрэламі. Ён цярпліва ўзіраўся ў цемень далечы. У ёй, далёка-далёка, у прасвеце цяжкіх аблокаў, вымалёўваўся чыйсьці знаёмы твар...
    Андрэй не зайшоў, а, падскокваючы ад калючага болю ў ступні, амаль убег у рэстаран. Сеў за столік ля акна побач з высокім густым вазонам, адразу за шырмай, каб не ўбачыла Марта. Але яе не было. Замест Марты на сцэну выйшаў пажылы піяніст. Ён акінуў позіркам залу, сеў за інструмент і, нязвычна
    для Андрэевага вуха, зайграў ціха і плаўна. Андрэй паклікаў афіцыянта, спытаў:
    — Цо, пані спявачкі дзісяй нема?
    — У пані болі глова, — суха сказаў афіцыянт і стаў чакаць заказу.
    «Болі глова, — падумаў Андрэй. — Чаму ж у яе баліць галава?»
    Яму стала шкада Марты.
    «Гэта я вінаваты. Лепш бы ў мяне балела...»
    — Прынясіце мне кавы і шклянку гарэлкі, — заказаў Андрэй і раздражнёна паўтарыў: — Каву і шклянку гарэлкі.
    Афіцыянт здзіўлена паглядзеў на Андрэя, неяк нерашуча павярнуўся і паволі пайшоў па заказ.
    Музыка, нетаропкая, мяккая, неахвотна і нясмела парывалася ў глыбіню рэстараннай залы, але тут жа вярталася назад, да сцэны, на якой цьмяна паблісквала старое піяніна і ў дрыготкім прыцемку бялела і нервова торгалася зусім сівая галава піяніста, нагадваючы сабою пушысты ваўняны клубок, якім здаваўся ліхтар праз захінутыя шторы той бурнай і грэшнай ноччу. Ноччу, што надышла тады гэтак жа нечакана, як нечакана ён, Андрэй, убачыў тут Марту.
    «Гэта вальс», — слухаючы лёгкую, паветраную музыку, здагадаўся Андрэй. Яму згадалася тая ноч. Ён нават задыхаў цяжка, похапкам, быццам не сядзеў за столікам, а бег да яе, Марты, якую хацеў бачыць, чуць, зноў і зноў кахаць.
    «Божа, як мала чалавеку трэба, — каторы раз падумаў Андрэй. — I як шмат, — міжволі бліснула ў галаве. — А й сапраўды шмат...»
    Калі афіцыянт прынёс каву і гарэлку, Андрэй цяжка ўздыхнуў, узяў паўнюткую шклянку і, не адрываючыся, выпіў. Хацеў быў запіць выпітае кавай, але яна была гарачая і чамусьці нясмачная.
    Андрэй закурыў. Музыку ён больш не слухаў. Сядзеў, звесіўшы галаву, падрэмваў.
    Перад закрыццём рэстарана, калі наведвальнікі ўжо амаль усе сышлі, за столік да Андрэя падсеў піяніст.
    — Пан хоча быць п’яны? — спытаўся.
    — Хачу, — сказаў Андрэй. — Мне блага.
    Пажылы музыка ўздыхнуў, паглядзеў у акно, за якім усё гэтак жа маўкліва, непарушна стаялі тры чыгунныя статуі-бабы, і сказаў:
    — Калі маладому здароваму мужчыне дрэнна — значыць, да яго прыйшло каханне. Гэта вялікае пачуццё, асноўны інстынкт чалавека. Гэты інстынкт вышэй за ўсё, мацней страху самой смерці. I прыкладаў, якія пацвярджаюць гэта, вельмі многа. Ведаеце, у Другую сусветную вайну ў Польшчы быў страшны выпадак. I хто ведае, ці адзін... Дык вось, тады савецкі салдат закахаўся ў маладую прыгожую палячку. Простая, звычайная гісторыя, калі б, вядома, не вайна, будзь яна праклятая... Каханне гэта было хуткім і вельмі моцным. Вайсковая дывізія гэтага салдата наступала, з ёй трэба было ісці яму наперад, на Нямеччыну, а ён без дазволу камандзіра двое сутак са сваёй каханай на хутары мілаваўся. Што было рабіць яго камандзіру? Ён даў загад салдата знайсці. Калі знайшлі, тут жа вывелі ў поле і расстралялі. Нічога яму не дапамагло: ні словы раскаяння, ні горкія слёзы і просьбы маладой і ўжо цяжарнай палячкі...
    Вочы музыканта ўзмакрэлі. Ён уздыхнуў яшчэ цяжэй, пасля чаго спытаў:
    — Хочаце, я сыграю для вас?
    — Хачу, — выдыхнуў Андрэй, хоць насамрэч яму было ўсё роўна: Марта не прыйшла, а без яе музыка падалася ў гэты вечар нейкай асірацелай і нават лішняй.
    Піяніст сеў за інструмент, і мелодыя, знаёмая, родная, тужліва паплыва па вялізнай рэстараннай зале. Яна кружылася вакол Андрэя, працінала наскрозь, хапала за душу, вырывала яе з цела і спрабавала знесці туды, дзе спакой і воля, паразумеласць і любоў. He хапала толькі слоў:
    У руцэ дрыжыць кляновы ліст, Нібыта ветразь без прычала. Сыграй, сыграй жа, піяніст, Як я кахала, як чакала.
    Сыграй, сыграй жа, піяніст, Хай запалоняць залу гукі.
    Сыграй, сыграй мой лёс на «біс», Mae спатканні і разлукі...
    Скончыўшы іграць, музыка зноў падышоў да Андрэя. Прысеўшы, паклікаў афіцыянта:
    — Вудкі мне.
    Маладзенькі афіцыянт яшчэ больш здзіўлена паглядзеў на пажылога піяніста, чым перад гэтым глядзеў на Андрэя, і яшчэ больш нерашучым марудлівым крокам пайшоў выконваць заказ. Вярнуўся толькі праз хвілін дзесяць-дванаццаць. Асцярожна паставіў на столік няпоўную чарку гарэлкі.
    — Дзенькуе, — неяк стомлена прагаварыў піяніст.
    Ён узяў чарку, паволі выпіў, паставіў і, нахіліўшыся да Андрэя, ціха сказаў:
    — Я хутка памру.
    Андрэй, ужо крыху п’яны, ад такой шчырасці тут жа працверазеў. Яму зрабілася няёмка, сорамна за свае паводзіны, за нясцерпнае жаданне неадкладна ўбачыць Марту, зноў кахаць яе.
    — Чаму вы кажаце гэта мне? — амаль шэптам, адчуваючы, як язык робіцца шурпатым, непаваротлівым, спытаў Андрэй.
    — Чалавек павінен пра гэта каму-небудзь сказаць. Абавязкова павінен сказаць. Інакш ягоная душа пасля смерці цела можа ніколі не адарвацца ад грэшнай зямлі.
    Пажылы музыка глядзеў проста ў вочы, не міргаючы.
    — Але чаму мне?
    Піяніст няспешна і цяжка прамовіў:
    — У мяне мала сяброў. Вельмі мал'а. Папраўдзе іх ужо амаль няма. Мяне таксама неўзабаве не будзе — узрост. У дадатак я сур’ёзна хворы. Але вы не палохайцеся, — пажылы музыка іранічна і крывавата ўсміхнуўся, — мая хвароба вас аніякім чынам не закране. Я не заразны. А чаму сказаў пра гэта вам, не ведаю... Забудзьце, калі вам гэта непрыемна ці калі вы думаеце, што мая шчырасць прынясе вам непрыемнасць. Забудзьце...
    — Напэўна, вы не баіцеся смерці, — падумаўшы і супакоіўшыся сказаў Андрэй.
    — He, не баюся, — пахітаў сівой галавой музыка. — Але
    я люблю жыццё і не хачу гэтак хутка пакідаць яго. Прынамсі, не спяшаюся. Ды й не маю права. Пакуль што не маю права...
    — Я разумею, я ваяваў у Афганістане, — шчыра прызнаўся Андрэй. — Бачыў смерць і сам ледзь не памёр. Я не баяўся смерці. Мне было толькі шкада сваіх бацькоў, якія маглі мяне страціць. Для іх гэта была б трагедыя.
    — Так-так, гэта праўда, — ускінуў галаву пажылы піяніст. — Вы добры чалавек, не разбэшчаны, ведаеце, што такое абавязак перад блізкімі людзьмі... Я адразу гэта зразумеў.
    — Не-не, — запратэставаў Андрэй. — Гэта не так. Я прадпрымальнік, купляю ў адных, прадаю другім. Часта завышаю цану на свае тавары, стараючыся зарабіць болей. Значыць, падманваю. Вось... — Ён з горыччу, шумна ўздыхнуў. — I сябе падманваю...
    — Г эта жыццё, — памаўчаўшы, разважліва сказаў піяніст. — Звычайнае, простае жыццё. Папраўдзе жыццёвая мітусня. Сапраўдны падман — гэта не гандаль, не. Гэта калі прадаеш самае дарагое, калі спрабуеш узяць roe, што табе не належыць. Гэта падман, гвалт, крадзеж, грэх... Так, грэх...
    Пажылы музыка адкінуўся на спінку крэсла, заплюшчыў вочы і быццам заснуў. Андрэй сядзеў моўчкі, баючыся паварухнуцца. Нарэшце піяніст расплюшчыў вочы, незаўважна паглядзеў на Андрэя, паволі падняўся:
    — До відзэння, пан.
    Ледзь-ледзь хістаючыся, ён пайшоў да дзвярэй. Яго прыгорбленая спіна ў гэтую хвіліну выправілася і не выклікала жалю.
    Андрэй выпіў астылую каву і таксама накіраваўся да дзвярэй. Ужо на набярэжнай ён прагавіта ўдыхнуў свежае паветра і няспешна пайшоў у гатэль. Усю дарогу яму здавалася, што паперадзе яго ідзе прыгорблены пажылы музыка. Праўда, у начной цемры, якая нясмела кружыла між ліхтароў, ён быў амаль нябачны.
    XI
    Андрэй яшчэ спаў, калі ў дзверы ягонага нумара пастукалі. Спачатку ціха, пасля гучней, настойлівей. Ён падхапіўся,
    апрануў спартыўны касцюм, адчыніў дзверы. Перад ім стаяла пані Ядзя.
    — Дзень добры, — прывіталася яна. — Прошэ пана до тэлефона. Шыбко.
    «Хто гэта? — недаўменна падумаў Андрэй і хуценька, падскокваючы ад кальнуўшага ў ступню болю, пайшоў услед за пані Ядзяй. — Можа, з Мартай ці дома, у Пінску, што здарылася...»
    Унізе на адміністрацыйнай стойцы ляжала трубка, знятая з апарата.
    -— Прошэ, — кіўнула Ядзя.
    Андрэй узяў трубку асцярожна, з унутранай бояззю перад невядомасцю.
    — Слухаю.
    — Гэта я, —пачуўся ціхі і ўстрывожаны голас Марты.
    Андрэй разгублена маўчаў.
    — Гэта я, Марта, — паўтарыла яна.
    — Так, я слухаю, — ажывіўся Андрэй. — Слухаю, — паўтарыў ён, баючыся, што Марта можа пакласці трубку. — Што здарылася?
    — Я прыеду да цябе. Праз паўтары-дзве гадзіны, — замест адказу сказала Марта. — Нікуды не едзь і не сыходзь. Прашу цябе.
    Голас яе дрыжэў. Андрэю падалося, што яна плакала.
    — Добра, добра, я чакаю, — выдыхнуў ён у трубку, усё трымаючы яе ля вуха, хоць ужо чуліся кароткія гудкі.
    Пані Ядзя асуджальна зірнула на Андрэя і стала вывучаць нейкую паперыну.
    — Дзенькуе, — не забыўся сказаць Андрэй і, азадачаны, пайшоў у нумар, прысеў на ложак, задумаўся: «Можа, на працы што ў Марты. У наш час усё можа быць: звольняць і дзякуй не скажуць...»