Пра што іграе піяніст  Анатоль Разановіч

Пра што іграе піяніст

Анатоль Разановіч
Выдавец: Беларусь
Памер: 192с.
Мінск 2019
44.18 МБ
Афіцыянтка, ужо немаладая, у парыку каштанавага колеру, паклала на столік, за якім сядзелі Руцкі і Данута, меню і ветліва запыталася:
— Будзем заказ рабіць адразу ці падумаем?
— Адразу, — з гумарам адказаў Руцкі. — Нясіце нам марожанае. Па дзве порцыі. На ваш выбар.
— Зразумела, — лагодна і паблажліва, як малым дзецям, усміхнулася ім афіцыянтка. — Я хутка.
Яна прынесла марожанае: з вяршкоў і шакаладнае. Руцкі і Данута з задавальненнем пачалі есці. Дзяўчына краёчкам языка раз-пораз міла аблізвала сваё марожанае. Руцкі назіраў за ёй і любаваўся яе прастатой і натуральнасцю.
— Хочаш, паедзем у Польшчу? — прапанаваў ён Дануце, ледзь стрымліваючы сябе, каб не абняць яе.
Гэта быў такі своеасаблівы дэсерт, які паднёс Руцкі пасля марожанага, хоць яно таксама з’яўляецца нічым іншым, як самым сапраўдным дэсертам. Данута адразу прыняла прапанову Руцкага:
— Хачу.
— Добра, — ужо дзелавіта прамовіў ён, абдумваючы, калі паехаць у суседнюю краіну, у якім горадзе і ў якім гатэлі спыніцца.
V
Усё складалася так, як Руцкі нават і не думаў. Неўзабаве адным буднім днём пачуўся званок мабільнага тэлефона Руцкага і добра знаёмы яму голас прахрыпеў:
— Запрашаю на банкет. Будзе ў наступныя выхадныя.
Гэта гаварыў Богдан.
— Што за свята? — не зусім ветліва пацікавіўся Руцкі.
— Сыходжу на пенсію, — не звяртаючы ўвагі на яго тон, весела паведаміў Богдан. — Усё, хопіць гарбаціцца на другіх. Хачу пажыць для сябе. Думаю, што заслужыў. Як лічыш?
— Табе лепш відаць, — разважліва сказаў Руцкі, пачынаючы разумець, што гэтая паездка для яго можа стаць удалай і нават шчаслівай, калі ўзяць з сабой Дануту.
— Так, лепш відаць, — з выклікам прамовіў Богдан. — Банкет у гасцініцы «Наватэль Цэнтрум». Можаш прыехаць з жонкай ці сяброўкай. Гэта ўжо як вырашыш.
Руцкі тут жа патэлефанаваў Дануце і, ледзь стрымліваючы радасць, адкрыта выклаў:
— У мяне з’явілася магчымасць правесці на наступным тыдні пару дзён разам з табой у Варшаве. Як ты на гэта глядзіш?
— Гляджу так, як дамаўляліся ў рэстаране, — мяккім голасам адказала Данута. — Я гатова.
— Тады чакай майго званка. Будзем выязджаць раніцай. Галоўнае — не праспаць.
— He турбуйся, — весела дыхнула ў трубку Данута. — У прызначаны час я буду цябе чакаць каля мэблевай крамы, што насупраць набярэжнай.
— Ты там жывеш? — У голасе Руцкага былі ноткі здзіўлення і роспачы. — He ведаў.
— Та-ак, толькі я жыву не ў доме, дзе мэблевы магазін, a за ім, — патлумачыла Данута. — Другі пад’езд, уваходныя дзверы пафарбаваны ў зялёны колер.
«Як святлафор», — падумаў Руцкі, але ўголас сказаў:
—Я зразумеў, Данута, зразумеў.
Яму здавалася, што Данута, памятаючы сваё беднае дзяцінства, прадала старое жыллё, пасля чаго зарабіла грошай ці ўзяла крэдыт і купіла сабе вялікую кватэру, каб жыць у цэнтры горада, у элітным доме. Руцкі не ведаў, чаму так думаў. Напэўна, падсвядома накладаў кідкую знешнасць Дануты на яе лад жыцця, які павінен быў вылучацца рознакаляровымі фарбамі сярод усеагульнага, усё яшчэ шмат у чым шэрага савецкага побыту правінцыйнага Брэста.
•— He зблытай, — папярэдзіла яна.
— Буду глядзець уважліва, — з гатоўнасцю слухацца яе ледзь не ва ўсім сказаў Руцкі. — Сама пераканаешся...
У нейкі момант яго стала напаўняць пачуццё салодкага чакання чагосьці яркага, ні на што не падобнага, быццам ён вярнуўся ў дзяцінства, упершыню ў жыцці асядлаў ровар і вось-вось панясецца з высокай гары ўніз, набіраючы хуткасць.
— Дом наш стары, з сілікатнай цэглы, — уздыхнула дзяўчына, вяртаючы Руцкага на зямлю. — Часам мне хочацца, каб пад нашым домам утварылася якая-небудзь расколіна, а лепш вялізная яма і ён у яе праваліўся.
— Гэта жорстка, — заўважыў Руцкі, амаль не надаючы значэння сваім словам.
— А хіба не жорстка жыць увесь час у адной і той жа кватэры? Прычым маленькай, з шасціметровай кухняй? — У голасе Дануты чуўся жаль і адначасова дакор. Гэты дакор, хутчэй за ўсё, быў адрасаваны Руцкаму. — У цябе першая ці друг ая кватэра, у якой ты зараз жывеш?
— Чацвёртая, — не падумаўшы сказаў ён.
— Напэўна, вялікая.
— He маленькая.
— Ты шчаслівы, — выціснула дзяўчына.
— He ў кватэрах шчасце, — паспяшаўся запэўніць яе Руцкі як настаўнік, які вучыць сваю падапечную жыццю.
— Так, але ў кватэрах таксама, — стаяла на сваім Данута. — I не спрачайся, калі ласка.
— He буду, — вінавата сказаў ён. — Толькі ты не думай пра мяне дрэнна. Добра?
— Пастараюся...
Пачуццё незвычайнай лёгкасці, якое напаўняла Руцкага хвіліну таму, знікла, і нешта цяжкае пачало ціснуць на яго і прыцягваць да зямлі, ад якой ён ужо амаль адарваўся, а цяпер зразумеў, што зрабіць гэта не так проста.
— He крыўдуй, але я ведаю, што кажу — Дзяўчына як быццам прасіла прабачэння, але ў той жа час даказвала, што мае рацыю. — Вось сёння мне патэлефанавала аднакласніца і запрасіла паабедаць у шыкоўным кафэ на вуліцы Савецкай. Там такія ўстановы, ты ведаеш, паўсюль. Я адразу ж прыкінула, колькі ў мяне грошай у кашальку. А ў ім усяго нічога, бо да зарплаты яшчэ больш за тыдзень, а аванс я ўжо праела. «У нас у гадзіну дня нарада, — схлусіла я аднакласніцы. — У другі раз абавязкова сходзім куды-небудзь на абед разам. Ты прабач». А з гэтай аднакласніцай я не бачылася чатыры ці чатыры з паловай гады. Карацей кажучы, у абедзенны час дастала я хатнія бутэрброды і стала есці. Ем і ледзь не плачу. Так што не трэба мне распавядаць, якое яно — шчасце. Яно ў тых, каму ў жыцці шанцуе.
— I шчасце, і няшчасце не вечныя, — ціха ўставіў Руцкі. — Сёння адно, а заўтра другое.
— Так, але не для ўсіх. Асабіста я часта не магу дазволіць сабе самае элементарнае. Напрыклад, купіць скураное паліто. He самае дарагое, а тое, якое не шкада апранаць у дрэннае надвор’е, калі дождж, снег... Смешна?
— He, сумна.
— Вось і мне сумна, — амаль холадна і неяк адчужана сказала Данута.
«Не варта было казаць ёй, колькі ў мяне было кватэр, — падумаў Руцкі. — Вырашыла, напэўна, што я хвалюся. I наогул...»
На жаль, задні ход ужо даць было немагчыма.
VI
Нумар, які Руцкі зняў у гасцініцы «Наватэль Цэнтрум», Дануце спадабаўся. Ён быў прасторны і стыльны. Цэнтральную частку нумара займаў шырокі ложак. Каля акна стаяла скураная канапа. Да сцяны, якая цешыла вока сваёй белізной, прымыкаў доўгі стол, на ім стаяў вялікі тэлевізар. На падлозе — светлашэрае дывановае пакрыццё. Увогуле, усё стандартнае. Але вось на ложку і на канапе вылучаліся чырвоныя падушкі. На іх Руцкаму хацелася тут жа пакласці галаву, а лепш — прыціснуцца да іх і адпачыць. I не аднаму, а з Данутай.
— Дзякуй, — падарыла яна Руцкаму сваю чароўную ўсмешку, прысеўшы на канапу і паклаўшы чырвоную падушку сабе на калені.
Пасядзеўшы так з хвіліну, дзяўчына раптам ускочыла, хутка падышла да Руцкага і пацалавала яго ў шчаку. Гэта было, з аднаго боку, нечакана, а з другога — Руцкі чакаў і нават рыхтаваўся да гэтага прыемнага моманту. Тым больш, што ён быў знаёмы з Данутай ужо два месяцы, а яны яшчэ ні разу нават не пацалаваліся. У адказ Руцкі хацеў яе абняць, але яна, упёршыся рукамі яму ў грудзі, ціха і пачуццёва вымавіла:
— Потым.
Руцкі не пакрыўдзіўся: потым дык потым. Больш за тое, ён адчуў упэўненасць і лёгкасць, нібы зноў быў малады нежанаты чалавек ва ўзросце крыху больш за дваццаць гадоў.
— Адкрый акно, — папрасіла Данута. — Нешта душна.
— Можа, уключыць кандыцыянер? — Турбота Руцкага за яе была шчырай. -— Пяць хвілін — і стане халаднавата.
•— He, я баюся холаду, — адмовілася яна. — I нават прахалоды. Ведаеш, калі б гэта залежала ад мяне, то я назаўсёды скасавала б зіму ці хаця б зрабіла яе самай кароткай парой года.
— У такім выпадку ў мяне прапанова, — сказаў Руцкі, выразна зірнуўшы на халадзільнік, знешне падобны на драўляную тумбачку.
— Здаецца, я ўжо ведаю, што ты хочаш прапанаваць, — здагадалася Данута.
— Значыць, ты не будзеш супраць, — усміхнуўся ён і, адкрыўшы халадзільнік, убачыў у ім некалькі буйных яблыкаў, груш, мінеральную ваду, бутэльку французскага чырвонага віна з Бургундыі і бутэльку шатландскага віскі. — Прыемна, што ў гасцініцы «Наватэль Цэнтрум» умеюць прымаць гасцей.
— Я ў гэтым не сумнявалася, таму і не буду супраць, — пацвердзіла Данута сваю гатоўнасць трохі выпіць з дарогі, каб расслабіцца і проста сагрэцца. — Толькі вымыю рукі.
— Я зраблю тое ж самае ...
Ванны пакой прыемна ўразіў Руцкага і Дануту: малочна-белы, утульны, з доўгімі электрычнымі плафонамі, сушылкамі для рук і валасоў, шматлікімі слоічкамі з рознымі мазямі, шырокімі ручнікамі, а галоўнае — вялікай ваннай.
— Можна змясціцца ўдваіх, — жартаўліва, але ў той жа час з намёкам сказала Данута і глыбока ўдыхнула ў сябе крыху вільготнае паветра. — Так?
— Так, — пагадзіўся Руцкі, не ўнікаючы ў сэнс яе слоў, што адбывалася з ім усё часцей, калі побач была яна.
Як сказаў бы Стась, гэта ўжо парушэнне самакантролю, якое вядзе да аварыі.
Вада Дануту асвяжыла, а Руцкаму дадала яшчэ і аптымізму. Выйшаўшы з ваннай, ён хутка разрэзаў яблык і грушу на долькі, разліў у шклянкі віскі, кінуў у іх па некалькі кавалачкаў лёду, які ляжаў у маразільнай камеры, і прапанаваў:
— За цябе, Данута.
-— I за цябе, — сур’ёзна сказала яна, не прамовіўшы ні слова з нагоды таго, што Руцкі, не пытаючыся яе, напоўніў шклянкі не віном, а значна больш моцным напоем. — За нас абодвух...
Данута выпіла, пакідаючы густую фарбу памады на шклянцы, пасля чаго села ямчэй, паклаўшы адну нагу на другую. Яе і так кароткая спадніца сабралася ў гармонік і стала яшчэ
карацейшай, ледзь не да паловы агаліўшы далікатна-белае цела сваёй гаспадыні. Погляд Руцкага мімаволі прыліп да яе каленяў, папоўз вышэй. Данута гэта заўважыла і сарамліва апусціла вочы. Але Руцкі бачыў, што ёй было прыемна.
— Вып’ем яшчэ, — прапанавала яна ўжо сама.
Яны выпілі, з апетытам даелі фруктовую закуску. Потым нейкі час маўкліва сядзелі, пажадліва пазіраючы адно на аднаго. Рухі Дануты паступова замарудзіліся, а вочы пацямнелі, сталі неапісальна прывабнымі і загадкавымі. А яшчэ набылі нейкае вядзьмарства, якое паліла Руцкага знутры, нібы ён выпіў не віскі, а чысты, не разведзены спірт.
— Добра тут, — заўважыла дзяўчына.
— Так, — ціха, нібы баяўся спалохаць сваё шчасце, прамовіў Руцкі.
— Для мяне нязвыкла, — дадала яна.