Пра што іграе піяніст  Анатоль Разановіч

Пра што іграе піяніст

Анатоль Разановіч
Выдавец: Беларусь
Памер: 192с.
Мінск 2019
44.18 МБ
XV
— Прыехаў?.. — Богдан усміхнуўся, але рукі не падаў. — Я ведаў, што ты прыедзеш.
— Адкуль? — спытаў Руцкі, дыхнуўшы на марозе парай.
— Мы ўсе аднолькавыя, Ягор, •— упершыню назваўшы яго па імені, павучальна вымавіў Богдан. — I я, і ты, і ўся наша кантора «Максімус». I нават увесь чалавечы свет... Больш за тое, мы ўсе сядзім у яме, якая называецца выграбной. He верыш?.. Зараз пераканаешся...
На машыне Богдана яны прыехалі на нейкае закінутае прадпрыемства. Яго цагляныя сцены былі цёмнымі, абсмаленымі, быццам па іх прайшліся паяльнай лямпай. Бялёсы ад снегу асфальт на ўсёй тэрыторыі палопаўся. Скрозь яго лезла леташняя ссохлая трава і тырчалі голыя галіны кустоў. Дзесьці на вышыні другога паверха манатонна пляскала пад пранізлівым ветрам разбітая аконная рама, а пад нагамі валяўся пабіты шыфер. Некалькі разоў слаба забрахаў, потым заскуголіў сабака. Руцкі запытальна паглядзеў на Богдана. Маўляў, адкуль сабака тут?..
— Гэта мой, — усміхнуўся Богдан. Яго ўсмешка была абыякавай. — Ідзі за мной...
Яны прыйшлі ў велізарнае памяшканне, дзе гаспадарыў скразняк. Напэўна, раней тут быў завадскі цэх і ў ім стаялі фрэзерныя і слясарныя станкі, ад сцяны да сцяны ішлі вытворчыя лініі, але цяпер было пуста і гола.
— Пачакай тут, — кінуў Руцкаму Богдан.
Ён пайшоў у бакавыя дзверы і неўзабаве выйшаў, трымаючы на павадку худога дварняка з вільготнай і доўгай поўсцю. Прывязаўшы сабаку да халоднай батарэі, зняў пальчаткі і выняў пісталет «Беретта».
— Гэта навошта? — спытаў Руцкі.
Падсвядома ён разумеў, для чаго патрэбна зброя, але верыць у гэта яму не хацелася.
— Цудоўны пісталет, — замест адказу прамовіў Богдан. — Можна сказаць, адзін з самых лепшых у свеце. Страляе дакладна і кучна. Праўда, цяжкаваты і дзяржанне не вельмі зручнае, але ў цэлым амаль незаменная штука... У цябе такі ж?..
— У мяне «ТТ», але ён у Брэсце. — Руцкі не ведаў, што здарылася б, калі б пры ім была баявая зброя. Але яе не было. Таму Руцкаму нічога не заставалася, як стрымліваць свае эмоцыі. — «ТТ» таксама нядрэнная рэч... Але мы не пра тое гаворым.
— А пра што трэба гаварыць?
— Я табе задаў простае пытанне: «Гэта навошта?..»
— А навошта мы ўваходзім у склад «Максімуса»? — хітра і холадна пацікавіўся Богдан і сам жа адказаў: — Каб паказаць сваю сілу, значнасць, а калі казаць прама, то даказаць сабе і ўсім, што мы мужчыны і штосьці ў гэтым жыцці значым, цвёрда стаім нагамі на зямлі, кімсьці кіруем... Я даказваю, ты даказваеш.
— Я нічога не даказваю, — нервова вырвалася ў Руцкага. — Проста жыву, працую.
■— Кінь, —суха прамовіў Богдан. — Мы не на палітінфармацыі... Гэта я ўжо не даказваю, таму што дапрацоўваю апошнія дні, а ты даказваеш. Менавіта даказваеш. Сведчанне гэтаму — Данута, з якой ты прыязджаў у Варшаву на банкет з нагоды майго зыходу на пенсію. Табе ёй неабходна было нешта даказаць... Хіба не так?..
Руцкі прамаўчаў.
— Так, — выдыхнуў Богдан. — Усе людзі аднолькавыя, усе... Ты чуў, што сёння кажуць пра Дзяжынскага, якому ты ўсадзіў у грудзі штопар?.. Не?.. Дык я табе скажу... Дзяжынскага абвінавачваюць у сексуальных дамаганнях і згвалтаваннях маладых акторак. 3-за гэтага ад яго адвярнуліся многія ўплывовыя людзі, а яго бізнес накрыўся медным тазам. У апошні месяц як мінімум чатыры жанчыны падалі іскі на Дзяжынскага ў суд... 3 аднаго боку, зразумела, што ўсе гэтыя актрысы самі вінаватыя, бо яны аддаваліся дзеля поспеху і славы. Кажучы прама, яны проста кар’ерныя давалкі, але хацелі даказаць, што гэта не так, што яны вялікія...
— Змоўч, — пагрозліва сказаў Руцкі.
— Як скажаш, — амаль такім жа тонам прамовіў Богдан. — Дзяжынскі выжыў, але не ўсім жа так шанцуе.
— Ты пра мяне? — нервова заварочаў вачыма Руцкі. — Гавары прама.
— Сам падумай...
Богдан нетаропка, але з майстэрствам дасведчанага стралка ўставіў у пісталет абойму з патронамі, накіраваў яго ў бок сабакі і, амаль не цэлячыся, стрэліў. Сабака, зваліўшыся на грудзі, віскліва заскуголіў, прыціснуўся да халоднага бетона, апусціў вушы, выцягнуў наперад галаву і застыў. Прыгледзеўшыся, можна было бачыць, як сабака дрыжыць. Усім целам дрыжыць, уключаючы хвост. I толькі вочы ў яго былі нерухомымі. У іх калыхаліся боль, непаразуменне, а больш за ўсё — страх. Нават не страх, а жах. Самы сапраўдны жах...
— Бачыш? — крыкнуў Богдан. — Гэта тое, што мы баімся ўбачыць у сабе, але затое хочам бачыць у іншых. У іншых!.. Калі хочаш, вазьмі пісталет, дабі сабаку. Яму ўсё роўна ўжо не жыць. — Богдан працягнуў «Беретту» Руцкаму. — Ты не любіш мяне. Магчыма, жадаеш мне смерці. Сабака будзе маленькай, але ўсё ж кампенсацыяй табе за тое, што я яшчэ жывы.
— А калі я выстралю ў цябе? — Руцкі спадылба, са злом, паглядзеў на Богдана. — He баішся?
— Баюся! — выгукнуў ён. — Калі ты ледзь не забіў Дзяжынскага, то можаш прыкончыць і мяне... 1 таму пісталет я табе даваў проста так, каб паглядзець на тваю рэакцыю.
— Паглядзеў?
— Вядома. I нават зрабіў выснову.
— Якую?
— Зброю табе давяраць нельга.
— А табе?
— Мне таксама. Са зброяй мы аднолькавыя. Ну, ці амаль аднолькавыя. У тым сэнсе, што ад нас можна чакаць чаго заўгодна. Зрэшты, як ад усіх людзей. Так?.. Так...
Богдан адвярнуўся ад Руцкага і з нянавісцю пачаў паліць у беднага сабаку, пакуль не скончыліся патроны. Уся абойма...
— Ты здурнеў, — праз зубы выціснуў Руцкі.
— А ты не здурнеў?.. He? — Богдан, счырванеўшы, прашыпеў: — Скажы мне, навошта табе здалася наша арганізацыя?.. Што ты ў ёй знайшоў?.. Дзеля каго і дзеля чаго табе рызыкаваць?.. Жыві ў сваім Брэсце, працуй там, расці дзяцей.
чакай унукаў... Лічыш, што гэтага мала?.. Няма драйва?.. Я табе, калі хочаш, зараз яго дам... — Богдан перазарадзіў пісталет і накіраваў на Руцкага. — Ты зараз памрэш... Здохнеш, як гэты сабака... Здохнеш... Маліся...
Губляючы адэкватнасць, Богдан узвёў курок. Віскі Руцкага раздзімаліся, ствараючы ў яго целе такое напружанне, якое да гэтага яму не даводзілася адчуваць ніколі. Нават тады, калі ён рэзка ўсаджваў штопар у грудзі Дзяжынскага. На твары Руцкага не было ні крывінкі. Твар выцягнуўся, а вочы застылі, быццам у іх глядзела сама смерць... Яго смерць... I ён раптам зразумеў, што так і ёсць. Гэтая смерць — не старонняя, а сапраўды яго, Руцкага. Яна прыйшла і вось-вось забярэ яго на іншы свет, які на імгненне паказаўся ў лужыне разлітага Дзяжынскім віна. Руцкі гэта ўбачыў, але яшчэ не да канца верыў у тое, што адбываецца. Ён нават паспрабаваў уявіць не гэтую, прыйшоўшую да яго смерць, а нейкую другую. Але другой смерці няма і не можа быць. Яна адна для ўсіх. Смерць ужо тут і цяпер. На імгненне ўсвядоміўшы гэта, Руцкі стаў увесь халаднець і паміраць, нібы смерць ужо ўзяла яго за горла і пачала ціснуць... Але яна яшчэ не ўзяла, а толькі прыглядалася да яго. Прыглядалася і злосна смяялася...
— Ха-ха-ха!.. — Гэта смяяўся Богдан. Смяяўся нервова і працяжна, быццам глядзеў камедыйны фільм. — Ты таксама баішся...
— Страляй! — закрычаў Руцкі, адчуўшы, што ў ім нешта разарвалася, і страх раптам знік. А разам са страхам знікла бачанне смерці. — Мне ўсё роўна...
— Гэтыя словы я ўжо чуў, — стомлена вымавіў Богдан, апусціўшы пісталет. — I не адзін раз... Яны сведчаць пра тое, што ты хочаш жыць. Жыць!..
— Хачу, — выціснуў Руцкі. — Але не ў выграбной яме, у якой — так, так! — шмат людзей. Шмат, але ж у ёй не ўсе людзі... He ўсе... Хтосьці ўжо вылез з гэтай ямы і стаіць там, наверсе...
— Наверсе?
— Так!
— Гэта святыя, — упэўнена прамовіў Богдан. — Нам да іх як да месяца. I нават далей, нашмат далей. Таму і страляем...
«Можа быць, — падумалася Руцкаму. — Можа быць...»
— Страляем, — паўтарыў Богдан. — Добра, прадстаўленне скончана... Калі хочаш, развітвайся з сабакам. Ён уратаваў табе жыццё...
«Дзякуй», — пра сябе падумаў Руцкі.
Падзякаваў, але не зразумеў каму: мёртваму дварняку, Богдану або Збаўцу, які даў яму, Руцкаму, магчымасць выжыць, разабрацца, нарэшце, у сабе, сваіх пачуццях і жаданнях.
«Я жывы...»
Варшаву ён пакінуў пад шум аўтамабільных шын і ледзь чутны гук рухавіка. За ўсю дарогу толькі адзін раз уключыў магнітафон, з якога вырваўся канец песні Сальваторэ Адамо:
Падае снег,
Ты не прыйдзеш у гэты вечар — Крычыць мой адчай.
Але падае снег...
У Брэсце Руцкі ўсё радзей успамінаў пра Дануту, якая, як яму сказалі, памерла пад кропельніцай, і ўсё часцей думаў пра тое, як жыць далей. Але не проста жыць, а зрабіць нешта добрае для сваёй сям’і і тых людзей, якія яму, Руцкаму, блізкія і дарагія. Гэта так проста і так неабходна. Ён жа сам сказаў: «Чужых людзей не павінна быць».
He павінна.
Апавяданні
ПОМСТА
I
Дэпрэсія дэпрэсіі не роўная. А ў гэты дзень яна ў Івана Васільевіча Раброва была нейкай безвыходнай, пакутлівай. Чагосьці яму не хапала, нешта яго прыгнятала, незразумела што да яго набліжалася. Змрочны, згорблены больш звычайнага, быццам на ўсю яго высокую, хударлявую, а таму не зусім устойлівую постаць ціснула пачуццё гэтай безвыходнасці, ён хадзіў туды-сюды ў гасцінічным нумары і, глыбока ўцягваючы дым, курыў цыгарэту за цыгарэтай. Спыніўшыся, выглянуў у акно, скрозь шчыліну якога цягнуў лёгкі, але халаднаваты скразняк, і думаў: «Можа, кінуць усё і з’ехаць куды вочы глядзяць?..»
Па сутнасці, яму было ўсё роўна: можна з’ехаць, а можна і застацца. Так і не вырашыўшы, што рабіць, Раброў у думках вылаяўся, шкадуючы, што не шанцуе. Ён рэзка выняў з рота цыгарэту, скамячыў яе і са злосцю кінуў у кут.
— Усё не так, як трэба, — выдыхнуў ён.
Былы начальнік участка аднаго з тэлевізійных заводаў, a цяпер загадчык аддзела забеспячэння дробнай камерцыйнай фірмы, а дакладней — звычайны штурхач, даставала, як называюць у народзе такую пасаду, Іван Васільевіч прыехаў у раённы палескі гарадок, каб заключыць дамову на пастаўку ягад, у асноўным журавін, у Германію. Дамовы такія з мясцовымі прадпрымальнікамі Раброў падпісваў, але ўпэўненасці ў тым, што ўсё будзе нармальна, у яго не было. Ды і не магло быць: у прыродзе гаспадарыў ліпень, і да збору ягад заставалася процьма часу. А яно, вядома, магло як дапамагчы, так і нашкодзіць. Быць можа, ад гэтай няўпэўненасці на душы Раброва было прыкра.
«Павячэраю, а там будзе відаць, што рабіць», — вырашыў Іван Васільевіч.