• Газеты, часопісы і г.д.
  • Пра што іграе піяніст  Анатоль Разановіч

    Пра што іграе піяніст

    Анатоль Разановіч

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 192с.
    Мінск 2019
    44.18 МБ
    Раброў, пакутуючы ад бяссоння, уключыў тэлевізар. На экране ішоў чарговы баявік. Чарнявы, сярэдняга ўзросту паліцэйскі на велізарным джыпе з шалёнай хуткасцю імчаў па закінутай паўпустой дарозе. На вяроўцы, прывязанай да аўтамабіля, крывавіла зямлю цела знявечанага бандыта. Упіваючыся сваёй уладай, хуткасцю і пачуццём помсты, паліцэйскі крычаў:
    — Ты хацеў гэтага, хацеў!..
    Прывязаны бандыт, пакутуючы ад невыноснага болю, паміраў. На ўвесь экран гарэлі яго вялікія, пашыраныя ў вар’яцтве вочы.
    — Атрымлівай тое, што ты рабіў з іншымі! — крычаў паліцэйскі, і яго твар гарэў ад праведнага гневу.
    Іван Васільевіч, не адрываючыся, глядзеў у тэлевізар. Яму захацелася зрабіць гэтак жа са сваім катам — мардатым бамбізам з рэстарана. 1 Раброў вырашыў: «Я заб’ю яго...»
    У гэтую ноч ён ужо не мог спаць. Узбуджаны сцэнай справядлівага, на яго погляд, гвалту, Іван Васільевіч абдумваў дэталі сваёй помсты. Менавіта яна, жорсткая і неадкладная, здавалася яму, будзе яго выратаваннем ад болю, ганьбы, крыўды, безвыходнасці, якая, як п’яўка, ненаедна высмоктвала з яго кроў. Толькі адпомсціўшы, з надзеяй думаў Раброў, ён пакончыць са сваім старым і ўжо брудным жыццём і зажыве новым — незамутнёным, чыстым.
    Назаўтра, устаўшы крыху раней, Іван Васільевіч прыняў душ, чыста пагаліўся, апрануўся.
    — Ого! — убачыўшы Раброва, усклікнуў Зданевіч. — Ты, брат, як жаніх... Кажу, што думаю.
    Іван Васільевіч, упершыню за некалькі дзён, выціснуў усмешку. Але яму было не да весялосці: думка пра помсту, якая захапіла яго ноччу, не давала пакою, падштурхоўвала да дзеяння, якое невядома чым можа скончыцца. Але што вырашана, то вырашана.
    — Цімафей, даведайся мне прозвішча і адрас таго хлопца здаравеннага, што біў мяне, — без лішніх размоў папрасіў Раброў. — Даведайся, мне трэба.
    Зданевіч уздыхнуў. 3 сілай, нібы праганяючы сваю нядаўнюю слабасць, расцёр сабе патыліцу і, уважліва паглядзеўшы ў вочы свайму былому аднакурсніку, згодна кіўнуў:
    — Добра. Толькі я табе нічога не гаварыў.
    Іван Васільевіч працягнуў руку.
    — Само сабой.
    Цімафей Андрэевіч удзячна і моцна яе паціснуў, хрыплавата сказаў басам:
    — Ты даруй мне, даруй... Мне жыць тут. Жыць.
    — Я разумею...
    Яны адчулі, што развітваюцца. Быць можа — назаўсёды.
    Калі Зданевіч пайшоў на працу, Раброў прысеў, але тут жа ўстаў, нервова захадзіў па пакоі, адчуваючы трывогу, якая ішла аднекуль знутры, здавалася, з самага сэрца, прымушаючы яго біцца часцей, потым — раптам павольна, яшчэ больш марудна...
    «Як перад смерцю», — міжволі падумаў Іван Васільевіч і спалохаўся сваёй думкі. У гэтым стане ён хутка прайшоў на кухню, дрыготкімі рукамі ўключыў кран, набраў шклянку халоднай вады і залпам выпіў. Паступова сэрца Раброва супакоілася, страх прайшоў. Іван Васільевіч сеў у крэсла і заглядзеўся ў акно.
    У двары грузны пажылы мужчына ў спартыўным трыко прагульваў сабаку — вялізнага чорнага дога. Непадалёк на лаўцы сядзела маленькая высахлая бабулька ў доўгай старамоднай сукенцы і гладзіла пухнатага рыжага ката, які, гулліва выгінаючы спіну, цёрся каля яе ног. Гуляючы, дог увесь час паглядаў на ката, гыркаў. Калі мужчына на кагосьці заглядзеўся, прыслабіў ланцужок, дог вырваўся і панёсся да ката. Спалоханы кот, надзьмуўшыся, засіпеў, але тут жа кінуўся наўцёкі. Бабулька ад страху ўскрыкнула. Гаспадар сабакі закрычаў на ўвесь двор:
    — Джэк, Джэк, месца!..
    I кот, і сабака зніклі за суседнім домам. За імі заспяшаліся мужчына і бабулька — гаспадары сваіх хатніх любімцаў.
    «Вось яно, жыццё, — падумаў Раброў. — Перамагае сіла».
    Ён устаў, закурыў. Зацягнуўшыся некалькі разоў і не дакурыўшы цыгарэту, кінуў яе, зноў захадзіў па пакоі.
    У гэты час зазваніў тэлефон. Іван Васільевіч зняў трубку і насцярожана прамовіў:
    — Слухаю вас.
    Тэлефанаваў Цімафей Андрэевіч. Спытаў ціха, з прыдыханнем:
    — Усё нармальна?
    — Так. — Раброў чамусьці глянуў на ўваходныя дзверы і паўтарыў: — Так.
    — Запісвай адрас...
    Запісаўшы, узбуджаны Іван Васільевіч падышоў да акна. Мужчына ў трыко, быццам нічога не здарылася, гуляў з сабакам. Самотна сядзела на лаўцы бабулька. Ката нідзе не было відаць.
    Двор жыў сваім звычайным жыццём.
    «Трэба ехаць», — вырашыў Раброў і стаў збірацца.
    Ён склаў свой, як называў, паходны прыбор для брыцця, зняў з батарэі вымытыя шкарпэткі, кашулю. Загарнуўшы усё ў газету, паклаў у сумку і задумаўся: «Што яшчэ?..»
    Іван Васільевіч збіраўся нязвыкла вяла, задумліва: нешта яго не адпускала, трымала. Закрыўшы на замок сумку, ён сеў на канапу, якая стала за гэты час для яго роднай, паклаў рукі на калені і абыякава ўтаропіўся ў сцяну. Яшчэ паўгадзіны таму поўны энергіі і рашучасці адпомсціць свайму крыўдзіцелю, цяпер Раброў не хацеў ехаць, што-небудзь рабіць.
    Так ён сядзеў доўга і амаль нерухома.
    Стрэлкі гадзінніка набліжаліся да дванаццаці. Калі яны сышліся, пачуўся гулкі звон, які нагадваў царкоўны.
    Іван Васільевіч здрыгануўся, агледзеўся і неяк асуджана падняўся. У апошні раз агледзеўшы сваё часовае жыллё, узяў сумку і не спяшаючыся выйшаў на вуліцу.
    Яго «Жыгулі» стаялі пад домам: цэлыя, вымытыя, з новым шклом у дзвярах, якое паставіў Зданевіч. Звыкла агледзеўшы машыну, Раброў заўважыў, што каўпакоў на колах няма. «Хуліганнё», — незласліва абазваў ён выкрадальнікаў. Сеўшы за руль, павольна паехаў у цэнтр горада.
    Па дарозе Іван Васільевіч убачыў злашчасны рэстаран. I адразу ж, не па сваёй волі, адчуў, як галаву абдало гарачынёй. Яму здалося, што ў акне рэстарана паказалася тлустая постаць афіцыянта Пятровіча і з ім яго пасыльнага — здаравеннага, упэўненага ў сабе і сваёй беспакаранасці мардатага дзецюка.
    Успомнілася Раброву тая ноч...
    Ён, скрыгатнуўшы зубамі, націснуў на газ. Спыніўся ўжо за горадам. Цела яго дрыжала, чамусьці хацелася есці.
    «Я заб’ю яго, заб’ю!» — зноў застукала, прычым з новай сілай, у запаленым мозгу Івана Васільевіча.
    Сціснуўшы руль, ён паспрабаваў засяродзіцца. Але з гэтага нічога не выйшла. Раброў адчыніў дзверцы, выйшаў з машыны, вырваў жмут травы, расцёр ёю твар. Трохі супакоіўшыся, уздыхнуў з палёгкай, паглядзеў на неба. Яно было бяздонна-цёмным, як велізарны вір, які прыцягвае да сябе, быццам у ім ёсць нешта тое, чаго не хапае людзям у іх звычайным жыцці.
    — М-так, — няпэўна кінуў Іван Васільевіч, сядаючы ў машыну.
    Запусціўшы рухавік, ён паехаў назад у горад: трэба было сапраўды што-небудзь перакусіць.
    Спыніўся каля крамы. Каля ўвахода, на ганку, стаялі два падвыпіўшыя мужыкі, апранутыя ў брудныя робы. Адзін — высокі, з доўгімі светлымі валасамі і вуграватым хваравітым тварам, а другі — сярэдняга росту, лысы, круглатвары, з барвовым носам-бульбінай, адвіслым мешкаватым жыватом. «Дарожнікі», — падумаў Раброў. Ён хацеў прайсці паўз іх, але яны яго спынілі. Высокі, паказваючы закарэлы кулак з паднятым дагары вялікім пальцам і адтапыраным мезенцам, прапанаваў:
    — Трэцім будзеш?
    Івану Васільевічу трэба было супакоіцца, сабрацца з думкамі, і ён згодна кіўнуў:
    — Буду.
    Рабочыя тут жа пайшлі ў краму. Праз хвілін пяць вярнуліся. На іх грудзях адтапырваліся целагрэйкі, пад якімі адгадваліся бутэлькі.
    — Куды пойдзем? — дзелавіта спытаў лысы.
    Раброў агледзеўся.
    — Дык да мяне ў машыну.
    — Ідзе, — ухмыльнуўся высокі. — Будзем як у рэстаране.
    — 1 вы туды ж, — нервова крутануў галавой Іван Васільевіч. — Сукі.
    I высокі, і лысы, пераглянуўшыся, няўцямна паглядзелі на Раброва.
    — Гэта я не вам, — махнуў рукой Раброў. — Аднаму афіцыянту і яго сябру... He звяртайце ўвагі.
    — Глядзі, -— папярэдзіў высокі. — Мы людзі простыя, можам і ў вуха даць.
    — Гэта не вам, — паўтарыў Іван Васільевіч.
    — Добра, — выціснуў лысы, ■— забылі...
    У машыне рабочыя паклалі на сядзенне тры бутэлькі таннага партвейна і шкляначкі, дасталі няхітрую закусь: кавалак сала, хлеб, галоўку часнаку. Адкаркавалі бутэлькі.
    — Ну, будзем, — лысы падняў напоўненую шкляначку каламутнай вадкасцю, якая непрыемна пахла.
    — Будзем, — падтрымаў яго высокі.
    Яны выпілі, налілі яшчэ і зноў апаражнілі свае шкляначкі. Пасля гэтага, без перапынку, у чарговы раз напоўнілі свой посуд вермутам.
    «Будзем», -— выпіваючы, у думках прамовіў сам сабе Раброў. Закусваючы, як бы між іншым спытаў:
    — А вы ў мясцовым рэстаране бываеце?
    — Бывае, што заходзім на піва, — сказаў лысы, хмялеючы. — А што?
    — Ды нічога. — Іван Васільевіч кінуў у рот зубок часнаку, зажаваў з хлебам, адчуваючы горыч. — Там афіцыянт, пра якога я казаў, працуе. На цыгана падобны.
    — А-а, — працягнуў высокі. — Гэта Сцяпан Моніч, мой сусед. Там і сын яго падзарабляе.
    У Раброва усярэдзіне пахаладзела.
    — Гэта хто? — спытаў ён.
    — Дык Сашка, здаравенны такі бугай, — патлумачыў высокі. — Ужо адседзеў, паскуда...
    — А які хатні адрас у гэтых Монічаў? — спытаў Раброў, ужо сумняваючыся, што Монічы жывуць там, дзе гаварыў Цімафей Андрэевіч, дыктуючы іх адрас па тэлефоне.
    — Адрас?.. — Высокі ўхмыльнуўся. У яго мутных вачах з’явілася насцярожанасць, але тут жа знікла. — Адрас звычайны: вуліца Чапаева, дом шаснаццаць... Я ж кажу: жыве са мной па суседстве...
    Горыч ад часнаку апякла нутро Івана Васільевіча, перахапіла дыханне. Ён уявіў сябе ў рэстаране, зноў убачыў крыва-
    ногага пастуха, яго ўхмылку, пачуў свіст бізуна, жорсткі загад: «Уставайце!..»
    Раброву ўспомнілася, як яго будзіў афіцыянт. «Вось яно што, — мільганула ў Івана Васільевіча здагадка. — Партманет ён скраў, Пятровіч. А сынок падзякаваў... Падзякую і я...»
    Раброў больш не піў. Яго зноў ахапілі дрыжыкі, паднялася і выходзіла вонкі злосць. 3 нецярпеннем дачакаўшыся, пакуль рабочыя дап’юць віно, ён пацікавіўся:
    — Вы зараз куды?
    — Пабуду яшчэ тут, — прамовіў лысы, закурваючы цыгарэту. — Каля крамы. Можа, каго знаёмага сустрэну.
    — А я дадому, — кінуў высокі. — Жонка сказала, каб прыйшоў крыху раней.
    — Я давязу.
    Іван Васільевіч, хутка выкінуўшы рэшткі сціплага балявання, рэзка павярнуў ключ запальвання. «Жыгулі» спачатку няўпэўнена, а потым усё хутчэй паляцелі па раённым горадзе. Як толькі павярнулі на вуліцу Чапаева, высокі крыкнуў:
    — Тармазі!..
    Раброў высадзіў добра падвыпітага рабочага каля яго дома і адразу ж, трохі ад’ехаўшы, паставіў свае «Жыгулі» за маладой нізкарослай бярозкай, каб яны не так кідаліся ў вочы. У ветравое шкло Іван Васільевіч бачыў усе чатыры пад’езды новага трохпавярховага дома, дзе жыў жорсткі Сашка і яго бацька — старэйшы Моніч.