• Газеты, часопісы і г.д.
  • Пра што іграе піяніст  Анатоль Разановіч

    Пра што іграе піяніст

    Анатоль Разановіч

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 192с.
    Мінск 2019
    44.18 МБ
    Думаючы пра гэта, ён нават забыўся пра цыгарэту. Магчыма, пакутуючы ад убачанага, Сяргей тут, на лесвічнай пляцоўцы, і заснуў бы, што было б для яго не так і дрэнна. Але нечакана звон разбітага шкла і гучны рэзкі жаночы голас «Дурань!», які пачуўся недзе на пятым або шостым паверсе, ускалыхнуў ягоную свядомасць. Сяргей расплюшчыў вочы і прыслухаўся.
    Зверху да яго па лесвіцы шумна спускаліся маладыя людзі. Ён, безумоўна, быў абуты ў красоўкі, а яна — у чаравічкі, абцасікі якіх стукалі лёгка і мякка. Калі хлопец з дзяўчынай параўняліся з Сяргеем, ён адразу ж прыціснуўся каляскай да сцяны.
    «Так і ёсць...»
    Хлопец і дзяўчына, убачыўшы інваліда, ды яшчэ аднаго, ноччу, спачатку сумеліся, потым здзіўлена паглядзелі адно на аднаго і, абыходзячы яго каляску, на імгненне прыпыніліся, не ведаючы, што рабіць.
    «На падпітку», — адразу ж вызначыў Сяргей, паглядаючы на высокага няголенага хлопца ў акулярах. Затым ён перавёў позірк на дзяўчыну, стройную, сярэдняга росту, з густа нафарбаванымі векамі, з кароткай прычоскай.
    Хлопец і дзяўчына былі апрануты ў пацёртыя джынсы, у такія ж курткі з закасанымі ледзь не па локці рукавамі.
    — Добрай ночы, — заікаючыся, павітаўся хлопец.
    — Прывітанне, — ледзь чутна прамовіла дзяўчына і вінавата ўсміхнулася.
    Сяргей, не адказваючы на прывітанне, панура паглядзеўшы на іх, пацікавіўся:
    — Ёсць праблемы?
    — А ты што, дапа-аможаш? — з выклікам спытаў хлопец.
    — Супакойся, — бліснула на яго вачыма дзяўчына.
    Сяргею гэта не спадабалася. Ягоны твар пабляднеў, на ім рэзка праявіўся рваны шрам, але ён усё ж стрымаў сябе, адказаў:
    — Чым магу — дапамагу.
    — На бу-утэльку дасі? — выдыхнуў хлопец.
    Ён злёгку пахістваўся, але не міргаючы глядзеў на інваліда. Твар хлопца, парослы рэдкай шчэццю, пакрыўся чырвонымі плямамі.
    -— Дам, — Сяргей адчуў, як смаліць у перасохлай глотцы. — Дам, але з адной умовай: ты, хлопча, бяжыш у начны магазін, а мы з дзяўчынай пойдзем да мяне. У мяне, калі прыйдзеш, і вып’ем.
    Хлопец, паглядзеўшы на дзяўчыну, паціснуў плячамі.
    — Добра.
    Інвалід выцягнуў з нагруднай кішэні сарочкі дзесяцідоларавую купюру і падаў яе хлопцу.
    — Ідзі, — сказаў і звярнуўся да дзяўчыны: — А ты пойдзеш са мной.
    V
    У Сяргеевай кватэры дзяўчына адчувала сябе крыху няёмка. Ды і ён — таксама. I, каб хоць як пазбавіцца няёмкасці, Сяргей прапанаваў:
    — А давайце перад святам душ пазнаёмімся. Я — Сяргей.
    — А я — Насця, — назвала сваё імя дзяўчына і спытала: — У вашай кватэры курыць можна?
    Сяргею не падабалася, калі жанчыны, тым больш дзяўчаты, кураць. Але гэта была не яго дзяўчына, і ўказваць ёй ён не мог, а таму кіўнуў:
    — Курыце.
    — Дзякуй.
    — He стойце, сядайце. — Сяргей паказаў на крэсла, што стаяла каля акна. — Цяпер я буду глядзець не ў акно, а на вас.
    — Вы любіце глядзець у акно? — пацікавілася дзяўчына.
    — Люблю, — прызнаўся Сяргей. — I часта гляджу, назіраю.
    — За чым назіраеце?
    Госця выпусціла клуб густога дыму і, як здалося Сяргею, паглядзела на яго насмешліва: яна адчувала, што гаспадар гэтай беднай, амаль жабрацкай кватэры нешта ўтойвае, кажа загадкамі, і не магла зразумець сэнсу гэтага.
    — А навошта гэта вам? — спытала яна.
    — Навошта? — Сяргей пачаў злаваць: у апошні час яго нервы ўсё часцей здавалі. Нават без усялякіх прычын. Колькі хвілін Сяргей сядзеў моўчкі, раздумваючы, што адказаць, і раптам рэзка — унутры нешта абарвалася — падаўся наперад, з болем выдыхнуў: — Таму што я хачу ўбачыць ваша чалавечае жыццё, ад якого я адвык і якога ў мяне даўно няма... Няма!.. Я хачу ўдзельнічаць у гэтым жыцці, а не назіраць за ім. Я калека, але таксама хачу жыць. Разумееш?..
    Дзяўчына, перастаўшы курыць, маўчала. Яна не ведала, што адказаць, як паводзіць сябе далей.
    Стомлена апусціўшы галаву, Сяргей таксама маўчаў. Потым схапіўся за горла, пачаў расціраць яго, пакідаючы на скуры чырвоныя, быццам рваныя плямы.
    Госця не чакала такой хуткай змены ў настроі гаспадара кватэры, спалохана падхапілася:
    — Я пайду.
    Сяргей паволі ўзняў галаву, паглядзеў на дзяўчыну. У яго вачах было столькі болю, што, здавалася, не стрымаецца, зноў закрычыць. Але ён толькі і мовіў:
    — Прабачце, нервы.
    Дзяўчына, быццам яе засталі за нечым кепскім, апусцілася ў крэсла. У кватэры стала ціха, і гэтая цішыня доўжылася.
    — Я ўсё ж пайду.
    Яна зноў паднялася.
    Сяргей нічога не сказаў. На яго шчоках хутка засоўгаліся жаўлакі. Дзяўчына, пазіраючы на яго са шкадаваннем, з хвіліну моўчкі пастаяла, затым хутка выйшла з кватэры. Ён жа ўтаропіўся ў акно кватэры шматпавярховага дома насупраць. Акно было цёмным і змрочным. Бардова-чырвонае святло, якое гарэла ў ім яшчэ гадзіну таму, пагасла. Дом быццам вымер, растварыўся ў начной цемры.
    «Шкада, што мая кватэра не на высокім паверсе, — падумаў Сяргей, — можна было б адчыніць акно і — хай бы ўсё знікла бясследна...»
    3 цяжкім пачуццём ён пад’ехаў да акна, адчыніў яго, паглядзеў уніз. Там, метры за два ад падаконніка — Сяргей жыў на першым паверсе, — чарнела зямля, над якой ледзь прыкметна пакалыхвалася мроіва туману. «Дыхае», •— зазначыў Сяргей, і яму стала неяк лягчэй: у начной цемры таксама адчувалася жыццё. Ледзь улоўнае, але жыццё...
    VI
    На досвітку, не распранаючыся, Сяргей абяссілена паваліўся на ложак і заснуў. Спаў ён моцна ажно да абеду. Калі прачнуўся, спякотнае летняе сонца ўжо стаяла высока. У кватэры было суха і душна.
    Сяргей аблізаў патрэсканыя губы і, няўклюдна адштурхнуўшыся ад матраца, падняўся. Крыху пасядзеў, нахіліўся ўперад-узад, управа-ўлева — як лічыў, размяў пазваночнік. Зрабіўшы на ложку зарадку, з цяжкасцю перапоўз у каляску, пад’ехаў да акна, адкрыў яго. У твар ударыла гарачае паветра.
    «Нагрэлася, аднак», — падумаў Сяргей, успомніўшы, што так заўсёды казаў бацька, калі раніцой на дачы праз акно ў домік урывалася цяпло. Некалі ў дзяцінстве ён любіў ездзіць з бацькамі на дачу — маленькі ўчастак у шэсць сотак з домікам у садова-агародным таварыстве з сімвалічнай назвай «Надзея». Раніцой менавіта ён, Сяргей, адкрываў акно іх дачнага доміка і з захапленнем любаваўся разнастайнасцю навакольнага свету. Гэты свет увасабляў у сабе карціну вясковага і ў той жа час
    напаўгарадскога, любага і блізкага чалавечай прыродзе быту. Зелянелі градкі, на якіх былі пасаджаны бульба і памідоры, пасеяны агуркі і сланечнікі, што суседнічалі з акуратна складзенымі альховымі і бярозавымі дровамі каля сцяны маленькага хлеўчука. Крыху далей стаяла высокая вішня, на якую рэгулярна залазіла кацяня і сядзела там, жаласліва мяўкаючы, пакуль ён не здымаў яго. Тады кацяня лашчылася, а ён пяшчотна гладзіў мяккую поўсць... А галоўнае — у суседніх дачных доміках адпачывалі добрыя і ўважлівыя суседзі, з якімі было прыемна і весела гаварыць пра ўсё, што цікавіла.
    Акно зачынялася толькі позна вечарам, калі ў дом ужо ўлівалася прахалода, а з ёю заляталі камары. Праз гэтае акно маленькі Сяргей спазнаваў навакольнае жыццё, шчыра і даверліва ўспрымаючы ягоную нязлобную і даступную мудрасць.
    Ці мог тады падумаць, што ўсяго праз дзесяць з нечым гадоў акно ўвогуле стане для яго адзіным правадніком у свет людзей?.. У той свет, які асабіста для яго будзе абмяжоўвацца невялікім, напалову заасфальтаваным дваром, на якім будуць стаяць чужыя аўтамабілі і па якім з раніцы да вечара будзе праходзіць мноства знаёмых або зусім незнаёмых яму людзей...
    Успамінаючы мінулае, Сяргей падумаў пра сваё цяперашняе — куксы замест ног — і зноў яму стала горка, балюча і адзінока, ды так, што захацелася закрычаць на ўсю моц: «Дапамажыце мне, людзі!» Але ён не закрычаў. Ён, Сяргей, сядзеў у сваёй інваліднай калясцы і глядзеў у акно, за якім праплывалі і знікалі малюнкі яго дзяцінства, а на іх месца лезла ў вочы сапраўдная і жорсткая рэчаіснасць, у якой для яго амаль не было месца суцяшэнню і спагадзе.
    VII
    — Ты-ы чаму ся-адзіш?.. Чаму?..
    Голас Сяргею здаўся знаёмым. Ён прыгледзеўся. Так і ёсць: начны знаёмы. Ён стаяў перад акном і, пабліскваючы на сонцы круглымі прафесарскімі акулярамі, з насмешкай глядзеў на Сяргея.
    — А ты чаму ноччу не прынёс бутэльку? — хмура спытаў Сяргей.
    — Дык На-асцю па дарозе сустрэў, з ёй і выпілі, — шчыра прызнаўся хлопец. — Я зараз, па-ачакай, прынясу.
    Хутка павярнуўшыся, ён накіраваўся да магазіна.
    — А як цябе завуць? — услед яму крыкнуў Сяргей. — Зноў знікнеш, шукай тады цябе.
    — Дзі-іма, — павярнуўшыся, адказаў хлопец і дадаў: — Стуудэнт я, сту-удэнт...
    Праз паўгадзіны яны сядзелі ў Сяргеевай кватэры і пілі гарэлку — што было рабіць беспрацоўнаму інваліду і студэнту, які праспаў заняткі... На стале ляжала вараная каўбаса, нарэзаная тоўстымі кавалкамі, хлеб, стаяў слоік салянкі.
    — Дзе но-огі стра-аціў?
    Хлопец кіўнуў на кароткія кулыді гаспадара кватэры.
    Сяргей, з-пад ілба глянуўшы на госця, выпіў, крыху закусіў, памаўчаў, пасля чаго хмура заўважыў:
    — Табе лепш гэтага не ведаць.
    — He хочаш — не ка-ажы. — Хлопец паціснуў плячамі і пацягнуўся да бутэлькі. — Мне чужыя тайны не патрэбны.
    — Можа, табе хопіць? — Сяргею не хацелася напівацца самому, але больш ён не хацеў, каб у яго кватэры нехта напіўся. — Малады яшчэ гарэлку піць.
    — Ты ча-аго? — Хлопец пакрыўдзіўся. — Я не сла-абак. Гэта з выгляду хілы. А та-ак — ого...
    — Ну, давай, ого, — Сяргей іранічна ўсміхнуўся. — Я пагляджу.
    Выпіўшы чарговую шклянку, хлопец моцна ап’янеў і з цяжкасцю варочаў языком.
    — Сяброўка твая дзе? — пацікавіўся Сяргей.
    Яму захацелася ўбачыць дзяўчыну, яшчэ раз папрасіць прабачэння за тое, што сарваўся ноччу, сказаў грубыя словы. Сяргей хацеў проста пагаварыць «за жыццё», расказаць пра тое, што думаў і чаго жадаў. Толькі без выпіўкі, цвяроза.
    — Спа-адабалася? — ледзь вымавіў хлопец.
    — He ведаю яшчэ. — Сяргей выціснуў усмешку: усе пытанні, якія тычыліся жанчын, для яго, інваліда, былі пакутлівымі. — Але гэта цябе не павінна хваляваць.
    — Зра-азумела.
    Хлопец нагнуўся і зваліўся б з крэсла, каб не сцяна, на якую абапёрся плячом. Заплюшчыўшы вочы, ён пачаў засыпаць.
    — Ты чаго?
    Сяргей пад’ехаў да госця. Хлопец ачнуўся, ненатуральна выпрастаўся і, амаль застыўшы ў гэтай позе, прагаварыў:
    — Ты-ы-ы за-аплаці ёй і яна пры-ыйдзе.
    Непрыемная здагадка кальнула Сяргея. Наліўшы сабе, ён выпіў, прыкусіў каўбасой.