Пра што іграе піяніст
Анатоль Разановіч
Выдавец: Беларусь
Памер: 192с.
Мінск 2019
— Яна... Гэтая самая? — спытаў Сяргей, баючыся пачуць сцвярджальны адказ.
— Не-а, — закруціў галавой хлопец. — Дзетдо-омаўская яна. Ня-аняй у бальніцы працуе. Гро-ошай няма, па-адпрацо-оўвае, да-агляда-ае такіх, як ты. За-а та-абой та-аксама можа па-анаглядаць.
— Зразумела. — Сяргей з палёгкай уздыхнуў. Яму стала шкада дзяўчыну, але яшчэ больш шкада сябе. — Ты не мучайся, — сказаў ён хлопцу. — Табе гарэлка не ідзе. Давай, кладзіся на канапу, спі.
Хлопец, хістаючыся, паслухмяна лёг на Сяргееў ложак і адразу ж заснуў.
Сяргей пад’ехаў да акна і рэзка расхінуў фіранкі: па шкле стукалі рэдкія буйныя кроплі дажджу. Яны, размываючы пыл, пакідаючы брудныя сляды, паволі сцякалі ўніз. Здавалася, што нехта нябачны заглядвае ў кватэру і ціха плача.
Вечарам Сяргей задрамаў. У нейкае імгненне ён адчуў, што нехта гладзіць яго па галаве. «Мама...» Ён усміхнуўся. Яна, гладзячы, падымала яго з ложка. Радасны, Сяргей расплюшчыў вочы, але побач нікога не было. Толькі над непрыбраным сталом нізка лятаў камар, а на ложку, уткнуўшыся тварам у змятую падушку, пасопваў хлопец.
Да горла Сяргея падкаціўся агідны застарэлы ком. Страпянулася і часта застукала сэрца. Дыхаць стала цяжка. Сяргей
узняў галаву, моцна правёў па горле пальцамі і хутка пад’ехаў да стала. Выліў у шклянку гарэлку, што заставалася ў бутэльцы, выпіў залпам. Праз нейкі час адчуў палёгку, сэрца адпусціла, але ў горле па-ранейшаму давіла. Шрам наліўся, стаў цвярдзець. Сяргей да болю сціснуў шрам пальцамі, адцягнуў яго з такой сілай, што здавалася, яшчэ крыху — адарве ад скуры, выкіне ў акно. Але, адчуўшы невыносны і пякучы боль, расціснуў пальцы. «Праклён...»
Яму захацелася застацца аднаму, каб ніхто яго не бачыў і каб ніхто не сачыў за ім. Нават мімаходзь: Сяргей баяўся паказаць сваю слабасць. Ён разбудзіў хлопца, які яшчэ не працверазеў і не зусім разумеў, што адбываецца, і нічога не тлумачачы, груба правёў яго да дзвярэй.
— Ідзі дадому, ідзі.
Застаўшыся адзін, Сяргей доўга і бязмэтна глядзеў у акно. Над шматпавярховымі бетонна-каменнымі аграмаднымі дамамі гарэў бардова-чырвоны захад. Жыццё ў горадзе замірала.
«Зноў», — з болем падумаў Сяргей.
Зноў наступіла бяссонная ноч, падобная да папярэдніх. Нічога добрага яна не абяцала.
«Хоць бы з кім пагаварыць», — падумаў ён, бо не мог больш заставацца адзін. Ён сумна правёў вачыма па сваім непрыбраным халасцяцкім жытле. Убачыўшы тэлефон, вырашыў: «Пазваню». Калі станавілася вельмі цяжка ў адзіноце, Сяргей набіраў нумар «Службы даверу» і шукаў палёгкі ў шчырай размове, якая ні да чаго не абавязвала ні яго, ні таго, з кім гаварыў аб сваёй нялёгкай долі. I цяпер, набраўшы знаёмы нумар, крыху сумеўшыся, але смела — за ім жа ніхто не падглядае — павітаўся.
— Добры дзень, — адразу ж пачуў прыемны жаночы голас. — Што у вас?
— Душа баліць.
Сяргей нявесела ўсміхнуўся.
— He толькі ў вас аднаго, — супакоіла яго жанчына. — Расслабцеся, пачытайце што-небудзь або паглядзіце тэлевізар.
— Разбіў я тэлевізар, — раздражнёна кінуў Сяргей.
— Тады схадзіце да суседа або паклічце яго да сябе, — параіла жанчына.
— Зразумела...
Сяргей паклаў трубку: больш гаварыць не было пра што. Ды і які сэнс? Усё, што сказала б гэтая, напэўна, добрая і мілая жанчына са «Службы даверу», ён ведаў. I гаварыў з ёй таму, што любому чалавеку, а тым больш, калі ён калека, размова вельмі патрэбная. Але ў гэты момант Сяргею хацелася большага: жывой, а не тэлефоннай гаворкі, шчырых адносін, разумення і хоць маленькага, але суцяшэння.
Сяргей згараў ад жадання хоць каму-небудзь расказаць пра сваю адзіноту і нікому, як яму здавалася, ужо непатрэбнае ягонае жыццё. Хацелася, каб хоць хто супакоіў і сагрэў скалечаную душу.
Некалькі разоў нервова праехаўшы ўзад-уперад па пакоі, Сяргей спыніўся каля акна і стаў глядзець у двор. За акном было ўжо зусім цёмна. Хутаючыся ў празрыстае мроіва, гарэлі ліхтары. У шматпавярхоўцы, што ўзвышалася насупраць, свяціліся амаль усе вокны. I сярод іх выдзялялася знаёмае акно.
«Што там?..»
Сяргей узяў бінокль, навёў яго на гэтае акно, якое так прываблівала. «Цікава...»
На ложку сядзела маладая жанчына і чытала кнігу. Яе густыя валасы рассыпаліся па халаце, адна пала якога ссунулася на падлогу, агаліла круглую доўгую белую нагу.
Сяргей апусціў бінокль, міжволі глянуў на свае куксы і ледзь не заплакаў: ён — інвалід і ніколі не выйдзе са сваёй кватэры, не дагоніць на вуліцы гэтую жанчыну і не пазнаёміцца з ёй.
Ад таго, што жыццё такое несправядлівае, ад усведамлення свайго калецтва, у душы ўсё дрыжала. Каб хоць як супакоіцца, Сяргей узяў газету, якую ўчора пакінуў хлопец, пачаў спешна гартаць. На прадапошняй рэкламнай старонцы знайшоў рубрыку: «Пасланні для мужчын». Прачытаў: «Сімпатычная, прыгожая целам і душой жанчына, прыемная ў зносінах з мужчынамі, пазнаёміцца з мужчынам».
Адчуваючы, як у галаве стала горача, а па ўсім целе пайшло цяпло, Сяргей узяў тэлефонную трубку і набраў нумар, надрукаваны пад гэтай абвесткай.
— Слухаю.
Голас быў ветлівы і прыемны.
— Вы можаце да мяне прыехаць? — не спытаў, а хутчэй папрасіў Сяргей, з цяжкасцю стрымліваючы дрыжыкі.
— Вядома, — шматабяцальна прагаварыла жанчына. — Дваццаць пяць долараў за гадзіну.
Для яго, інваліда, які атрымліваў маленькую пенсію, гэта было вельмі шмат, але ён згадзіўся: яго невыносна стомленае і спакутаванае цела патрабавала суцехі.
— Прыязджайце, толькі ведаеце... •— Сяргей на хвіліну запнуўся, — я інвалід.
На другім канцы провада стала ціха. Паўза працягвалася з паўхвіліны, потым жанчына пацікавілася:
— А што за інваліднасць?
— Няма ног, — коратка і груба адказаў Сяргей.
— Тады... А ўвогуле, я ўжо сказала колькі за гадзіну...
Ветлівы мяккі голас у трубцы не змяніўся: жанчына згадзілася прыехаць.
— Прыязджайце, — амаль умольна выдыхнуў Сяргей і назваў свой адрас. — Толькі, калі можна, праз гадзіну.
Паклаўшы трубку, ён выцер успацелы лоб, дастаў з кішэні сарочкі грошы, якія пакінуў яму Рыгор, пералічыў: дзевяноста долараў — усё, што ў яго было.
IX
Сяргей ужо суткі ці двое не мыўся, таму сарочка была брудная, памятая. Трэба тэрмінова памыцца, прыбрацца ў кватэры.
Хвілін праз сорак, памыўшыся, пагаліўшыся і пераапрануўшыся, Сяргей сядзеў за сталом, накрытым чыстым абрусам, і чакаў «сімпатычную, прыгожую целам і душой» жанчыну.
Час ішоў марудна. Чамусьці ў думках Сяргея з’явілася параўнанне, быццам і недарэчнае, а ўсё ж: час цячэ, што замёрзлая
салярка з ягонага старэнькага армейскага бронетранспарцёра, якую яны, салдаты тэрміновай службы, мянялі ў жыхароў афганскіх высакагорных аулаў, дзе не было заправак, на віно ці іншыя алкагольныя напоі...
Сяргей глянуў у акно. Яно было непрыветным. У шыбу па-ранейшаму барабаніў дождж, які ў апошні тыдзень часта пачынаўся нечакана, калі неба ледзь цямнела, таксама хутка праходзіў, каб праз нейкі час зноў адарыць горад прахалодай і свежасцю...
«Хутка, успомніце мае словы, канец свету», — Сяргей прыгадаў суседку бабку Надзю, сухую згорбленую жанчыну, якая часам выходзіла ў двор і, ледзь клыпаючы каля ягонай кватэры, расказвала такім жа, як і сама, старым жанчынам пра сваё нялёгкае жыццё.
Успамінаў і ўсміхаўся: да яго вярнуўся добры настрой, як гэты дождж вярнуўся ў горад. Але ці надоўга застанецца такі настрой, Сяргей не ведаў.
У дзверы нясмела пастукалі. Ён ад’ехаў ад стала, напружыўся.
-— Заходзьце.
На парозе з’явілася высокая стройная жанчына з шыкоўнай чорнай сумачкай і вялікім папяровым пакетам у руках.
— Добры дзень. — Яна міла ўсміхнулася і адразу ж паправіла сваё прывітанне: — Дакладней, добрай ночы.
Сяргей сумеўся: перад ім стаяла тая самая жанчына, за якой ён назіраў у бінокль.
— Вы? — разгублена сказаў ён, не ведаючы, радавацца або абурацца: жанчына, якой ён так захапляўся, была...
Яму не хацелася нават у думках прамаўляць гэтае слова, якім называюць жанчын, што прадаюць сваё цела.
Яна, не разумеючы, што здарылася, перастала ўсміхацца і з ноткамі холаду ў голасе спытала:
— Гэта вы тэлефанавалі па аб’яве?
Сяргей пачырванеў: яму стала няёмка і сорамна за тое, што кепска падумаў пра гэтую жанчыну.
«Якое я маю права асуджаць? Я ж бачу яе першы раз...»
— Так, так, праходзьце, распранайцеся, — замітусіўся Сяр гей.
Ён пад’ехаў да жанчыны, спыніўся за крок ад яе, адчуў нейкі салодкі і таемны пах. Галава ў яго крыху закружылася, кепскія думкі тут жа выветрыліся.
Узяўшы ў жанчыны пакет, Сяргей паставіў яго на канапу і, гледзячы, як госця не спяшаючыся, артыстычна здымае белы плашч, прапанаваў:
— Павесьце ў шафу.
— Добра. — Жанчына зноў міла ўсміхнулася. — А разуцца можна?
Сяргей толькі зараз заўважыў, што яго госця стаіць у мокрых вастраносых чаравічках на тонкіх высокіх абцасах. Яшчэ ён убачыў, што ў яе вельмі прыгожыя і стройныя ногі, якія выглядваюць з кароткай скуранай чорнай спадніцы. Увогуле, жанчына была надзвычай прыгожай.
— Ну, будзем знаёміцца, — яна зрабіла крок да Сяргея. — Ірына.
— Сяргей. — Ён мітусліва і сарамліва падаў ёй руку і, затрымаўшы яе далонь у сваёй, дадаў: — Да мяне рэдка хто заходзіць.
— Да мяне — таксама, — нявесела сказала Ірына.
— He верыцца, — нібы сам сабе ціха прамовіў Сяргей.
— Гэта праўда, — уздыхнула яна. — Але так было не заўсёды.
— Значыць, ваша жыццё было іншым, — з палёгкай прагаварыў Сяргей, бо, наглядаючы праз бінокль за кватэрай сваёй госці, бачыў шмат з таго, што там адбывалася.
— Так, іншым.
— А калі?
— Мне абавязкова расказваць?
— He. канешне ж... Але, даруйце, мне хочацца ведаць.
— Добра... Mae жыццё было іншым, калі я працавала ў Італіі, — прызналася жанчына. — Там я ўдзельнічала ў паказах моднай вопраткі адной папулярнай фірмы.
— Дык вы мадэль?
Сяргей надзвычай востра адчуў, як гняце яго тое, што ён фізічна непаўнавартасны. Ён сціснуўся, быццам чакаў, што зараз яго нехта плясне па твары.
— Былая, — сумна мовіла жанчына. — He будзем успамінаць старое. Тым больш, што там засталося нямнога таго добрага і карыснага. Вы здзівіцеся, але менавіта ў Італіі мае працадаўцы навучылі мяне бачыць і цаніць прыгажосць. А яна не толькі ў яркіх фарбах, але і ў чорных, цёмна-сініх, шэрых... Галоўнае, каб усё было ў меру, гарманічна. Разумееце?