Пра што іграе піяніст  Анатоль Разановіч

Пра што іграе піяніст

Анатоль Разановіч
Выдавец: Беларусь
Памер: 192с.
Мінск 2019
44.18 МБ
Ужо вечарэла. Адразу за горадам дагараў барвовы захад. На гароды, з якіх цягнула агурочным пахам, садзілася смуга туману. Вакол было ціха і амаль бязлюдна.
Раброў чакаў. Ён адчуваў: вось-вось з’явіцца яго кат. Але таго не было. Прайшла гадзіна, другая, трэцяя...
Нервовае напружанне ў Івана Васільевіча нарастала. У нейкае імгненне ён не вытрымаў, захацеў было кінуць гэтае страшнае дзяжурства, з’ехаць. Але крыўда, што сядзела ў ім, перамагла. Яна, здавалася, крычала, выварочвала зняважаную душу Раброва, надзімала ў ім дзікую, безразважную злосць. I ён застаўся. Узіраючыся ў ледзь асветленыя пад’езды, праводзіў вачыма кожнага, хто ўваходзіў у дом ці выходзіў з яго.
Непрыкметна наступіла ноч. Стала халаднавата. Іван Васільевіч закурыў. I тады ён убачыў мардатага дзецюка. Той ішоў павольна, злёгку хістаючыся. «П’яны, — узрадаваўся Раброў. — Добра...»
Асцярожна адкрываючы левай рукой дзверцы машыны, правай Іван Васільевіч сціснуў рыльца бутэлькі з-пад партвейна, якую ён прадбачліва пакінуў у сваіх «Жыгулях». He спяшаючыся, баючыся зрабіць лішні рух, Раброў вылез з машыны. Сэрца яго адчайна білася, з кожным імгненнем усё часцей і часцей.
Малады здаровы мужчына набліжаўся да свайго дома. Іван Васільевіч, сцяміўшы, што можа не паспець ажыццявіць помсту, рушыў наперад. Ледзь стрымліваючыся, каб не павярнуць, уцячы, ён ішоў насустрач свайму кату. Вось і ён...
Раброў, каб спыніць яго, хацеў папрасіць закурыць, як гэта звычайна робяць падлеткі, калі прыстаюць да якога-небудзь небаракі, але не змог вымавіць ні слова.
Мардаты дзяцюк, гледзячы сабе пад ногі, дыхнуў перагарам і прайшоў міма Івана Васільевіча. Той, хутчэй інстынктыўна, чым свядома, рэзка павярнуўся, узмахнуў бутэлькай і наводмаш ударыў ёю па галаве свайго крыўдзіцеля. Бутэлька разляцелася на дробныя шкельцы. Аглушаны нечаканым ударам, хлопец ступіў па інерцыі некалькі крокаў і ўпаў тварам у кучу пяску. Валасы на яго галаве заблішчалі макроццем. «Кроў!» — здагадаўся Раброў і кінуўся да сваёй машыны. У гарачцы сеў у яе, завёў і на хуткасці пад’ехаў да пад’езда, дзе ляжаў Сашка. 3 цяжкасцю зацягнуўшы яго грузнае цела на задняе сядзенне, Іван Васільевіч панёсся за горад.
Па дарозе дзяцюк апрытомнеў. He разумеючы, дзе ён і што з ім, глуха выціснуў, звяртаючыся да Раброва:
— Ты хто?
Прыгледзеўшыся, пазнаў. Пацягнуўшы рукой па скрываўленай галаве, стаў патроху цяміць. I калі да яго дайшло, што адбываецца, сутаргава пацягнуўся рукамі да шыі Івана Васільевіча. Убачыўшы ў люстэрка небяспеку, той з сілай націснуў на тормаз і выскачыў з машыны. Спрабаваў адкрыць заднія дзверцы, ачомаўшыся, і бамбіза. Калі ён, нарэшце, адчыніў іх і стаў вылазіць, Раброў прыгнуўся, быццам рыхтаваўся да скачка, і дзіка, у нервовым прыступе, закрычаў:
— Што, зноў?!
Ён укладаў у гэтае «зноў» увесь свой боль, які яму прыйшлося перажыць, а яшчэ — нянавісць, прагу помсты. Кінуўшыся да мардатага дзецюка, гваздануў яму нагой у пах, потым у жывот, твар, яшчэ раз у жывот, яшчэ і яшчэ...
Іванам Васільевічам авалодала жывёльнае пачуццё страху, змешанае з жаданнем смерці свайму ворагу. Цяпер быў яго, Раброва, час: не ён, а яго крыўдзіцель, убогі і бездапаможны, з крывёю і слінай на мясістых вуснах, качаўся па зямлі, трацячы апошнія сілы і, напэўна, жадаючы лепш памерці, чым так пакутаваць.
— Атрымлівай!..
У запаленым мозгу Івана Васільевіча пранеслася тэлевізійная карцінка, на якой чарнявы паліцэйскі цягнуў на джыпе жорсткага бандыта. Ужо не цямячы, што робіць, Раброў хутка дастаў з багажніка вяроўку, прывязаў ёю да машыны напаўмёртвага бамбізу і пацягнуў па дарозе. Усё хутчэй і хутчэй...
Наперадзе бліснулі фары сустрэчнага грузавіка. Іван Васільевіч, спалохаўшыся, уціснуўся ў сядзенне і на нейкае імгненне адпусціў руль. «Жыгулі» ў тую ж хвіліну зляцелі з дарогі.
— Усё, — з адчаем смяротніка ціха выдыхнуў Раброў.
Пераварочваючыся ў паветры, машына стала падаць у асушаную і глыбокую канаву. Азірнуўшыся, Іван Васільевіч убачыў амаль чорнае, знявечанае цела свайго ворага, якое перашкаджала гэтаму свабоднаму, лёгкаму палёту і цягнула яго, Раброва, і машыну назад, на грэшную зямлю...
ЧАКАННЕ ЖАНЧЫНЫ
I
— Ты хочаш пазнаёміцца з жанчынай? — спытаў у інваліда, які сядзеў у калясцы, дзябёлы мужчына гадоў сарака з нечым.
Інвалід быў худы, даўно няголены, бязногі. Пачуўшы гэта, ён нервова ўсміхнуўся.
— Цябе маё пытанне здзіўляе?
Мужчына, апрануты ў цёмна-сіні расшпілены плашч з узнятым каўняром, з-пад якога выглядаў новы, таксама цёмна-сіняга колеру касцюм, гледзячы на інваліда, сумеўся:
— He, я проста пра гэта не падумаў
Яго буйны мясісты твар, заціснуты пад цяжкім падбародкам тугім вузлом паласатага гальштука, стаў незадаволены.
Інвалід спахмурнеў, ды так, што наліўся чырванню: рваны шрам, які пачынаўся каля левага вуха і цягнуўся да падбародка, напяўся. Здавалася, яшчэ імгненне, і ён сарвецца: пачне крычаць, патрабаваць да сябе ўвагі, але той маўчаў
— Прабач, — мужчына апусціў галаву, — але я сапраўды не падумаў...
— He падумаў? — Інвалід глядзеў жорстка і прама. — He, Рыгор, ты падумаў пра гэта. Толькі табе шкада грошай, хоць ты багаты, вельмі багаты. I ўсё ж ты прыходзіш да мяне. Да мяне — беднага. А чаму?.. Тлумачэнне простае. Таму што я твая адзіная нітачка, якая звязвае цябе з тваім мінулым, яшчэ адносна чыстым і шчырым, а значыць, і з тваім сумленнем. Парвецца гэтая нітачка — і ты загінеш, знікнеш, таму што цябе з’ядуць такія ж, як ты. А потым... Потым табе проста прыемна сюды прыходзіць, каб адчуваць сваю перавагу, каб яшчэ нехта цябе аб нечым папрасіў. Нават, калі гэта сябра... Былы сябра.
— Няпраўда.
— Праўда!
— He трэба, Сяргей, я прашу, — ціха прагаварыў мужчына. — Я вінаваты. У ва мне сапраўды нешта змянілася, гэта так. Але, павер, я не хачу гэтай змены. I ты мне тэлефануй, калі што. Я прыйду.
— Добра, — стомлена кіўнуў інвалід, — ідзі.
У апусцелай аднапакаёвай кватэры, абстаўленай старой абадранай мэбляй, інвалід застаўся адзін.
II
Што рабіць, калі аднаго жыццё лашчыць, а другога прымушае прыніжацца і прасіць міластыню. I як з гэтым жыць — не кожны зразумее. А жыць трэба.
Інвалід, па пашпарце Сяргей Іванавіч Лагвіновіч, з усяе сілы крутануў колы сваёй каляскі і заехаў у маленькую куханьку. Там ён дастаў з паўпустога халадзільніка пачатую літровую бутэльку гарэлкі, адпіў пару глыткоў і ўтаропіўся ў акно без фіранак.
За акном віравала жыццё вялікага горада з каменным сэрцам: у адзін і другі бок праносіліся аўтамашыны, спяшаліся па сваіх справах мінакі, нешта абмяркоўвалі на лаўцы ў двары дома бабулькі.
Ва ўсіх было сваё жыццё, нейкая мэта, сэнс, жаданне жыць далей, а таму ўсе яны ехалі, ішлі, нешта рабілі, пра нешта гаварылі.
Сяргею, у першыя гады як стаў інвалідам, вельмі хацелася далучыцца да гэтай бурлівай чалавечай мітусні. I калі б хто сказаў яму: «Ідзі да людзей, яны чакаюць цябе», — ён на сваёй інваліднай калясцы, здаецца, паскакаў бы ўніз па лесвічных прыступках, упаў бы ў чалавечы мурашнік і доўга ляжаў бы там, удыхаючы на поўныя грудзі гарадское паветра, у якім змяшаліся дым і гар, мужчынскі пот і жаночыя духі. Але яго ніхто не паклікаў і не пакліча. А ўсё таму, што ён — інвалід. А гэта азначае, што лішні сярод здаровых людзей, у якіх ёсць сіла і імкненне выбіцца наперад. Тыя людзі, з-за якіх ён быў абмежаваны, часта любілі гаварыць пра міласэрнасць, пра тое, што любяць чалавецтва. Але, на жаль, сярод гэтага чалавецтва ім не даводзілася мець справу хаця б з кімсьці адным, каго ўсе проста і дакладна называюць калекам.
III
Ужо была ноч. Сяргей прачнуўся, і яго рука машынальна пацягнулася да бутэлькі — даймала смага, — але бутэлька была пустая.
— Дрэнь! — пачаў лаяцца Сяргей. — Дрэнь!
У бутэльку ён набраў з-пад крана халоднай вады, зрабіў некалькі глыткоў і паехаў на калясцы ў пакой. Там спыніўся каля акна, за якім у святле ліхтароў бесклапотна драмаў яго, Сяргееў, горад, і ў той жа час не яго. А ўсё таму, што за апошнія гады горад змяніўся і не да лепшага: справа ад Сяргеевага акна, у магазіне, які пабудавалі нядаўна, ішоў начны бойкі гандаль; з чыгуначнага вакзала, што быў недалёка, чуўся гул цягнікоў; у дварэ суседняга дома завывала сігналізацыя раскошнага «Мерседэса».
За сцяной у суседняй кватэры нешта бразнулася і адразу ж пачуўся жаночы голас:
— Ідзі адсюль!..
«Няма спакою, — раздражнёна падумаў Сяргей, — і не будзе».
Ноч раставала, нічога новага яна не прынесла. Усё гэта ўжо было шмат, вельмі шмат разоў.
«Як усё надакучыла...»
Сяргей з сумам глядзеў на горад праз шкло, вымытае дажджом. У шматпавярхоўцы, што стаяла насупраць, святло было толькі ў адным акне. Гэтае святло было цьмяным, бардова-чырвоным. Яно быццам дражніла і клікала да сябе.
Сяргей доўга і ўважліва ўглядваўся ў тое акно. Пры гэтым твар яго нейкі час не мяняўся. Спачатку нерухомы, быццам прыціснуты, ён раптам ажывіўся, стаў напружаным: на лбе прыкметна акрэсліліся маршчыны, вочы расшырыліся, у іх з’явіўся бляск, які нечым нагадваў той, што бывае ў салдат, якія выконваюць сваё баявое заданне, або ў заўзятых паляўнічых у час гону на ваўкоў, лісіц, іншых драпежнікаў...
He адводзячы вачэй ад акна, Сяргей пад’ехаў да тумбачкі, дастаў адтуль вялікі вайсковы бінокль, навёў яго на святло ў доме насупраць. Крыніца гэтага святла, начная шкляная лямпа, напоўненая густой вадкасцю, стаяла на падстаўцы каля вялікага шырокага ложка. На ложку, ледзь прыкрыўшыся тонкай коўдрай, спала маладая пара.
Праз лінзы бінокля Сяргей «перабраў» светлыя густыя валасы маладой жанчыны, пяшчотна пагладзіў іх, пасля чаго дыханне яго стала частым.
— Але... — вены на Сяргеевай шыі напяліся, на твары выступіў пот. — Вось яно, жыццё...
Сяргей рэзка апусціў бінокль на ногі, адрэзаныя да калень, скрыгатнуў зубамі: «Не магу...»
Ён скінуў бінокль на падлогу, моцна крутануў правае кола каляскі і хутка паехаў да ўваходных дзвярэй.
На паветра.
IV
На лесвічнай пляцоўцы было халаднавата і вільготна, сюды праз расчыненыя дзверы далятаў вецер.
3 цяжкасцю прыкурыўшы цыгарэту, Сяргей з палёгкай выдыхнуў першую зацяжку і, адкінуўшы галаву назад, заплюшчыў вочы: захацелася забыць карціну чужога замілавання, якую толькі што бачыў употай. Але нядоўгай была цемра, што засціла вочы. Здаецца, яна толькі насунулася і адразу ж пачала святлець, чырванець. А праз хвіліну ператварылася ў бардова-чырвонае святло той самай лямпы насупраць акна яго кватэры, за якім двое былі паяднаны нябачнай, салодкай і такой прывабнай для Сяргея тайнай. Тое, што ён бачыў, салодка прыгнятала, шчымліва раздражняла: побач з гэтай прыгожай жанчынай быў не ён, Сяргей...