Пра што іграе піяніст  Анатоль Разановіч

Пра што іграе піяніст

Анатоль Разановіч
Выдавец: Беларусь
Памер: 192с.
Мінск 2019
44.18 МБ
Апрануўшы пінжак і прычасаўшыся, Раброў выйшаў з гасцініцы і накіраваўся ў невялікі ўтульны рэстаран, які славіўся сваёй простай, але сытнай беларускай кухняй і да таго ж знаходзіўся непадалёк — на суседняй вуліцы.
II
У рэстаране амаль нікога не было. За суседнім столікам сядзеў загарэлы мужчына ў паўрашпіленай клятчастай кашулі і самотна піў гарэлку, запіваючы півам, а за другім — аб нечым сваім лапаталі дзве паўнагрудыя дзяўчыны. Па ўсім, мясцовыя.
Прысеўшы каля акна за акуратна прыбраны столік, Раброў замовіў сабе салат з агуркоў, бульбачку з катлетамі, паўлітровую бутэльку настойкі горкай «Белавежскай», фірмовы напой з ягад каліны і стаў чакаць свой заказ.
На дварэ ўжо вечарэла. Па паўпустыннай, выкладзенай яшчэ польскім брукам вуліцы ішлі каровы, вяртаючыся з пашы. За імі клыпаў пастух — крываногі рыжы хлопец у доўгім, да пят, брудным брызентавым плашчы. У тоўстых, як быццам вывернутых вуснах пастуха дымілася самакрутка. Ён ляніва азіраўся па баках, нібы правяраў, ці не адстала якая карова, і машынальна, мабыць па даўно выпрацаванай звычцы, махаў пугай. Параўняўшыся з рэстаранам, пастух затрымаў свой позірк на акне, у якое глядзеў Іван Васільевіч, пасля чаго
на момант спыніўся, дэманстратыўна выплюнуў дакураную самакрутку і з крывой усмешкай нешта сказаў. Напэўна, хлопец, убачыўшы ў рэстаране сумнага Раброва, захацеў ці то абразіць яго, ці то выказаць сваё негатыўнае стаўленне да піцейных устаноў і тых, хто гэтыя ўстановы наведвае. Ад гэтага Івану Васільевічу стала непрыемна і ён адвярнуўся ад акна. Пачуццё безвыходнасці яшчэ больш абвастрылася, яго ахапіла незразумелая трывога.
«Можа, захварэў?» — мільганула ў Раброва думка.
Ён дастаў цыгарэты, закурыў.
Афіцыянт, лысаваты грузны мужчына, падобны да цыгана, прынёс заказ. Бліснуўшы залатым зубам, нядбайна кінуў:
— Чым багаты — тым і рады.
Раброў наліў сабе гарэлкі, выпіў. Узяўшы агурок, адкусіў трохі, астатняе паклаў на талерку: есці не хацелася. Наліў другую чарку і толькі паднёс яе да рота, як пачуў знаёмы бас:
— А я думаю, хто гэта?.. Ваня?..
Іван Васільевіч падняў галаву. Перад ім, расплыўшыся ў лагоднай усмешцы, узвышаўся яго былы аднакурснік Цімафей Андрэевіч Зданевіч. Поўны, чырвоны, быццам пераспелы памідор, ён злёгку хістаўся і з п’янай любоўю паглядаў на Раброва.
— Ты, брат, усё такі ж. — Цімафей Андрэевіч жартаўліва пагразіў Івану Васільевічу тоўстым пальцам. — Спартыўны, як тады, у інстытуце... Ну, што сядзіш, абдымемся, ці што?..
— Прывітанне, — узрадаваўся Раброў падымаючыся.
Адразу падабрэўшы ад гэтай нечаканай і прыемнай сустрэчы, ён нейкі час збянтэжана стаяў, нібы баяўся, што Зданевіч як з’явіўся, так можа і знікнуць, пасля чаго падаўся да яго.
— Якімі лёсамі тут? — прагрымеў Зданевіч, пляснуўшыся ў крэсла, якое жаласліва зарыпела пад магутным седаком. I тут жа, дурнавата прыжмурыўшыся, папракнуў: — Мяне, напэўна, ужо не памятаеш?..
— Як жа, цябе забудзеш, — аджартаваўся Іван Васільевіч. — Ты ж, бачу, расцеш усё... Феномен.
— Гм... — Цімафей Андрэевіч кіўнуў палыселай галавой, паляпаў далонню-рыдлёўкай па сваім тоўстым жываце. — He расту, брат, а старэю.
— Добра, справа звычайная. — Раброў зноў засумаваў. — Давай вып’ем, раз нас занесла сюды абаіх.
-— Давай, — згадзіўся Зданевіч. — Перакулім, як у юнацтве, гэтую горыч. Дзе наша не прападала?.. — Ён падняўся, узяў з суседняга століка, за якім нікога не было, чарку, сам наліў у яе гарэлку. — Ну, за сустрэчу.
Выпілі. Цімафей Андрэевіч папрасіў афіцыянта прынесці што-небудзь з мясных страў і дзвесце грамаў гарэлкі. He прайшло і пяці хвілін, як афіцыянт падаў на стол нарэзку з мяса і каўбасы, паставіў графін з гарэлкай. Закусваючы, Іван Васільевіч і Зданевіч маўчалі, з цікавасцю пазіраючы адзін на аднаго. Яно і зразумела: столькі гадоў не бачыліся.
— Расказвай, — першым пацікавіўся пра жыццё свайго былога аднакурсніка і прыяцеля Цімафей Андрэевіч. — Што, дзе, як?..
— У цябе пытанні, быццам у следчага, — заўважыў Раброў.
— А ты меў справу са следчымі? — Зданевіч уважліва паглядзеў на Івана Васільевіча. — Га?..
— He накаркай, — кінуў Раброў. — Я працую сумленна.
—Я таксама, — уздыхаючы, выціснуў Цімафей Андрэевіч. — Ва ўсякім выпадку стараюся... Ну, слухаю цябе.
— А чаго мяне слухаць, — паціснуў плячыма Іван Васільевіч. — Прыехаў вось да вас у раён па ягады. Ужо трэці дзень тут.
— Фу-ты, ну-ты, — развязна фыркнуў Зданевіч. — Напэўна, за журавінамі?
— У асноўным за імі.
— А колькі табе іх трэба?
— Хоць бы тону, дзве, — паціснуў плячыма Раброў. — A атрымаецца болып — яшчэ лепш.
— У такім выпадку табе да мяне трэба звяртацца. — Цімафей Андрэевіч пераможна кіўнуў. — Я тут у раёне не апошні чалавек. He апошні... — Зданевіч узняў угору ўказальны палец. — Я, брат, намеснік старшыні райспажыўсаюза. Адчуваеш?..
— Адчуваю, — усміхнуўся Іван Васільевіч і ўжо па-свойску, па-добраму, як блізкі чалавек, прапанаваў: —Давай яшчэ вып’ем.
— Налівай, — не адмовіўся гаваркі і вясёлы Цімафей Андрэевіч.
— А ты ж інжынер-канструктар, — нагадаў свайму былому аднакурсніку Раброў.
— Быў, — прытворна ўздыхнуў Зданевіч. — Усе мы былі рысакамі... Усе мы — я маю на ўвазе наша пакаленне — былыя: выраслі пры Саюзе, а цяпер не разбярэш, хто і дзе... — Цімафей Андрэевіч гучна, але нявесела рагатнуў. — Быў я канструктарам, у райкаме партыі інструктарам, а сёння займаюся гандлем... Гандлёвы чалавек... Перабудова, суверэнітэт, а на самай справе — ратуйся, хто як можа.
— Другімі словамі, жыві, як можаш, — уставіў Іван Васільевіч.
— Адзін чорт, што першымі, што другімі, — махнуў рукой Зданевіч і, наліўшы сабе чарговую чарку, спустошыў яе адным махам. — Вось так...
— Калі б так, a то за грошы, — прамовіў Раброў. — Мабыць, нашы шляхі падобныя. Я зараз таксама займаюся, як кажуць, купі-прадай.
— Значыць, лёс, — падвёў рысу пад быццам бы вясёлай, нават некалькі задзірлівай, а па сутнасці, сумнай размовай Цімафей Андрэевіч. — Сам ведаеш... Быў бы капітал, працаваў бы на сябе, а так прыходзіцца гарбаціцца на дзяржаву. А яна прагная, рубля лішняга не дасць... Нават не прасі.
— Прыватнікі яшчэ горш, — з ноткамі злосці ў голасе прамовіў Іван Васільевіч. — Я вось у камерцыю падаўся. Думаў, кучу грошай зараблю, але не выйшла — што атрымаю, тое і раскідаю.
— А-а... He будзем... — Зданевіч павёў асалавелымі вачыма па зале рэстарана, якая была амаль ужо амаль запоўнена, і рашуча гаркнуў:
— Пятровіч!
Няспешна падышоў афіцыянт — усё той жа мужчына цыганскай знешнасці. На яго масляністым твары чыталася знарочыстая паслужлівасць, змешаная з насмешкай.
— Што, Цімафей Андрэевіч?
— Як заўсёды! — стукнуў па стале цяжкім кулаком Зданевіч. — Каб добра выпіць і са смакам паесці... Толькі хутка.
Афіцыянт паспешліва прынёс салату з капусты, салёныя агуркі, смажаную каўбасу і літровую бутэльку гарэлкі «Гарбачоў». Адставіўшы чаркі, наліў у фужэры. Амаль па-поўнаму.
Цімафей Андрэевіч няцвёрдай рукой узяў фужэр і, заплюшчваючы вочы, паглядзеў на Раброва.
— Ну, за ўсё добрае, што было ў нас і што будзе...
Зданевіч так махнуў рукой, у якой трымаў відэлец, што з яго зляцеў агурок. He звяртаючы на гэта ўвагі, асушыў фужэр да дна.
Іван Васільевіч, ужо добра захмялелы, няпэўна кіўнуўшы цяжкай галавой у знак згоды, выпіў сваю гарэлку.
III
Былыя аднакурснікі, а цяпер проста знаёмыя, Раброў і Зданевіч сядзелі доўга, да самага закрыцця рэстарана. Гаварылі, здаецца, пра ўсё, пра што могуць гаварыць п’яныя мужыкі. У гэтай зацягнутай размове яны ўсё больш скардзіліся адзін аднаму на свае праблемы, абураліся жыццём: і сваім, і тым, якое іх акружае. Тон іх гутаркі, якая пачалася адносна мірна і весела, стаў да наступу ночы нервовы, агрэсіўны. Ці таму, што пастарэлі -— ім ўжо было пад пяцьдзясят, — ці таму, што лёсы ў аднаго і другога склаліся не проста, са зрывамі і няўдачамі, ці таму, што перабралі лішняе. А хутчэй, ад усяго разам узятага.
Іван Васільевіч распавядаў пра тое, як сышоў з аб’яднання, калі разваліўся савецкі рынак і айчынныя тэлевізары, у параўнанні з заходнімі сусветна вядомымі мадэлямі, безнадзейна састарэлі, сталі амаль незапатрабаванымі ў пакупнікоў. I па якасці, і па дызайне, і па кошце. Пачаліся скарачэнні рабочых і інжынерна-тэхнічных работнікаў. Раброў, чалавек па натуры горды, звольніўся, праўда, сам. Але што з таго?.. Іншай добрай работы па сваёй спецыяльнасці не знайшоў, стаў выпіваць. I жыццё яго, якое абяцала спачатку сямейны дабрабыт і ўдалую службовую кар’еру, пакацілася ўніз. Ён развёўся з жонкай і сышоў жыць у інтэрнат, дзе камунальны побыт корміцца не
толькі чалавечай цярплівасцю жыхароў, але і іх чалавечымі слабасцямі. Менавіта з-за гэтага ў характары Івана Васільевіча адбыўся пералом. Пакуль яшчэ нязначны, ледзь адчувальны, але пачуццё няўпэўненасці, страх перад будучыняй, безвыходнасць завалодалі Рабровым.
Зданевіч, па характары добры і гаварлівы, таксама, аказалася, заблукаў на рынкавых прасторах. Збіўшыся са шляху, ён пачаў калясіць па былым Саюзе ў пошуках простага чалавечага шчасця, якое будуецца ў добрай сям’і, на нармальнай працы, пад надзейным дахам над галавой. Але, на жаль, марна. Паматаўшыся некалькі гадоў па неабсяжных прасторах былой вялікай краіны, Цімафей Андрэевіч вярнуўся ў свой родны гарадок, на бацькаўшчыну. Добра, што ў рэшце рэшт уладкаваўся на нядрэнную прыбытковую працу ў райспажыўсаюзе. Спачатку быў простым спецыялістам у гандлёвым аддзеле, потым выбіўся ў намеснікі старшыні па гандлі. Але што пасады, грошы, калі сям’я пасля шматлікіх пераездаў распалася, і ў былой кватэры, якая засталася яму ад бацькоў у спадчыну, пасялілася адзінота. Здавалася, назаўжды.
I Раброў, і Зданевіч апынуліся выкінутымі за борт новага, невядомага ім жыцця. Аб былым у іх засталася толькі памяць, ды і тая паступова сыходзіла ў нябыт.
— А ўсё ён нарабіў! — ткнуўшы пальцам у этыкетку з выявай Гарбачова, загрымеў на ўсю залу Цімафей Андрэевіч. — Ён, перабудоўшчык, халера яго бяры!.. Усё ён!..
I так чырвоны, Зданевіч пабарвавеў. На яго злым, перакошаным твары чыталася нянавісць, якая збіралася доўга і цяпер смела, адчайна выплюхвалася вонкі.
Іван Васільевіч і сам не ўспрымаў тых змен, якія адбыліся ў рэчаіснасці, але вярнуць назад былое немагчыма.