Прачутае  Сяргей Харэўскі

Прачутае

Сяргей Харэўскі
Выдавец:
Памер: 145с.
Вільня 2012
23.63 МБ
Уся Вільня, яе горы, яе старадаўнія помнікі, маляўнічыя прадмесьці — суцэльны музэй пад адкрытым небам. А як яшчэ назваць горад, у якім сабрана столькі скарбаў чалавечага духу? Варта толькі спыніцца, агледзецца, убачыць, колькі іх атачае чалавека ў Вільні. Гэты горад увабраў у сябе ўсё, што мог даць Бог і стварыць Чалавек. Калі не памыляюся, гэта сказаў Юзэф Пілсудзкі. Тут можна зазірнуць туды, дзе нашыя папярэднікі горача маліліся, дзе яны пралівалі й свой пот й сваю крывю, каб мы не забываліся пра іх... Гісторык Генадзь Сагановіч, які ўвесь час рыўся ў віленскіх архівах, зрабіў мне выпіску за 1617 (!) год: «...некояе Васілей Харевскі і Юры Ільлініч, старастове церквы Сявятое Троіцы віленскае...» У маёй грудзі было цесна сэрцу, калі я заходзіў пад зводы гэтае старадаўняе царквы ў Базылянскіх мурах. Тады тут яшчэ быў экспэрымэнтальны цэх Ковенскага політэхнічнага інстытуту. Цяпер — украінская грэка-каталіцкая царква. У сьцяне — старажытная эпітафійная пліта князя Канстанціна Астроскага. Тут пачаў сваё служэньне сьвяты Язафат Кунцэвіч. Калі чые ўспаміны будуць таленавітыя, то зьявіцца шанец прачытаць іху перакладзе. Культурныя кантэксты, нібы плоскасьці, утвораць жывы вобраз часу...
Напачатку 1990-х у Вільні яшчэ жылі старадаўнія,
тутэйшыя назвы вуліцаў. Неяк я шукаў старыя праваслаўныя могілкі, каб пабачыць якія беларускія імёны. 3 пошукам аніякіх праблемаў ня ўзьнікла. Старыя віленчукі адразу скіравалі мяне на Ліпоўку, на старасьвецкія Спаса-Эўфрасіньнеўскія клады. Я зьвярнуўся да старое кабеты, што парадкавала цьвінтар вакол царквы. Яна параіла паехацьу інвэнтарызацыйнае бюро віленскіх могілак. Гэта, кажа, на Кам'яўніма 18. Я пасмакаваў у роце чужое слова, што па-літоўску значыць «Камсамольская», і зьбянтэжыўся, засумняваўшыся, ці слушна я яго паўтараю. А старая мне й кажа: ты ня бойся, спытай, дзе вуліца Завальная, і табе там падкажуць.
I сапраўды, старыя людзі, ані каліва ня дзівячыся, паказалі мне слушны адрас. Кам'яўніма сама па сабе, Завальная сама па сабе. Цяпер яна завецца Піліма. У паэта Максіма Лужаніна ёсьць гэткія радкі:
На зялёнай Піліме, На Завальнай калішняй За сяброўства пілі мы Старасьвецкім кілішкам.
Пасьля гэтага я пачаў уважліва прыслухоўвацца да гутарак віленчукоў, пільней вывучаць старую віленскую тапаграфію. Вось п'яніцы радасна вітаюць адзін аднаго: «Як мы рады, як мы рады, што вы ўсе із Добрай Рады». Добрая Рада — гэта такая вуліца на ўскрайку, і яе ваколіцы завуцца гэтаксама. Тамака ж і наркалягічны дыспансэр. Па-літоўску гэтая вуліца завецца Гяросёс Вільціес (Gerosios Vilties).
Таму гаварыць, наколькі ўсё, што мы тут шукалі, знайшлі ці згубілі, было для нас экзотыкай, няслушна. I да канца СССР, да таго рашэньня пра патрэбу адрадзіць у Вільні беларускі дух, што было невядома кім прынятае на менскіх кухнях, мы не пачуваліся тутчужымі. Hi тады, калі за паўтара рубля каталіся
ледзь ня штотыдзень цягніком «Чайка», ані тады, калі заставаліся тут на даўжэй, знаходзячы ўсё новыя адрасы і новых знаёмых.
3 1990-га да 1991-га амаль усе віленскія вуліцы былі пераназваныя. Радыкальна. Тады тут выдаваліся самыя розныя брашуркі, кшталтам: «Сто перайменаваньняў за год», дзе падрабязна, на ўсіх тутэйшых мовах, вытлумачвалася, дзеля чаго памянялі тыя ці іншыя шыльды. Хоць у старэйшых свае дзівацтвы — па-ранейшаму ўпарта міжсобку называюць Кальварыйскую — Дзяржынскага, а які праспэкт Саванору (Savanorip) — Краснухай (былы праспэкт Чырвонай Арміі). Колішнюю вуліцу Горкага, як часта яе й дасёньня называюць старэйшыя людзі, падзялілі на тры гістарычныя: Вастрабрамскую, Вялікую й Замкавую. Цяпер гэтыя вуліцы ў Вільні носяць кожная сваё імя. Адно што па-літоўску Вялікая, дзе стаіць друкарня Скарыны, завецца пакуль нязвыкла — Дзіджоі (Didzioji). I яшчэ адну вуліцу падзялілі назвамі. Былая Танкістаў цяпер завецца часткова Беларускай, часткова Польскай. А вось за камуністамі гэткіх назваў не было. У сучаснай Вільні зроблена ўсё слушна — зь літоўскага гледзішча. Як пісаў Алесь Разанаў:
Блукаю па Вільні. На даўніх мурах новыя назеы...
Беларусы, дарэчы, былі моцна пакрыўдзіліся, калі літоўцы ў 1990-м годзе ліквідавалі вуліцу імя Янкі Купалы ў цэнтры. I гэта ў Вільні! Але неяк і тут выкруціліся. Цяпер імя Купалы носіць былая вуліца Чарняхоўскага, імя Цёткі — былая вуліца палкаводца Кутузава, далі адной вуліцы імя Якуба Коласа, іншай — Францішка Скарыны, а Каліноўскага ўжо й не чапалі. Засталіся ў Вільні й вуліцы Слуцкая, Віцебская, Беластоцкая, Менская ды яшчэ з тузін беларускіх назваў. Вось у такую Вільню мы ехалі ў 1991 годзе.
Хутчэй з СССР. У нашую старую Вільню. Дзе былі зь юнацтва знаёмыя вуліцы, пахі, гісторыі.
Сталічнасьць на Вільню звалілася даволі нечакана. За гэтыя гады горад стаў больш мітусьлівы і, адпаведна, шумны. Да гэтага спрычынілася і постсавецкая аўтамабільная рэвалюцыя. He засталося аніводнае вуліцы, па якой можна цяпер спакойна прайсьціся напрыканцы працоўнага дня, як дзесяць гадоў таму. А некалі ж нядзельныя званы Катэдры можна было пачуць ва ўсім горадзе...
Атады, напрыканцы старога й напачатку новага жыцьця, рэдкія людзі мінаюць цябе. Ясны восеньскі дзень. Камяніцы старое Вільні. Віленская рэстарацыя «Паланга» як заўсёднае месца сустрэчаў. Тыповы савецкі шкляны фасад, рыпучы савецкі паркет і невынішчальны водар савецкае кухні. Паўзмрок. Турысты не заўважалі яе — звычайны будынак у духу 1970-х гадоў, нічым не прыкметны на тле шыкоўнае віленскае архітэктуры ранейшых эпох. Турысты шукаюць экзотыкі, яе ў Вільні багата. А «Паланга»... была месцам для ўнутранага, так бы мовіць, хатняга ўжытку, ддя саміх віленчукоў. Напрыканцы савецкіх часоў тут можна было даволі танна й прыстойна пад'есьці. Напрыклад, узяўшы комплексны абед, з абавязковым халодным баршчом ды гарачай адбіўною. Добра памятаю, як тады тут наразалі хлеб. Танюткімі, амаль празрыстымі скібачкамі.
Вось жа ў «Паланзе» я пакрысе й перазнаёміўся зь віленчукамі. 3 рэдактарам часопісу «Крантай» («Krantai») Вайдотасам Даўнісам (Vaidotas Daunys), з рэдактарам газэты «Шаўрэс Аценай» («Siaures Atenai») Пранасам Моркусам (Pranas Morkus), зь беларускімі віленскімі мастакамі Алегам Аблажэем і Сяргеем Покладам. А таксама з рэдактарам тутэйшае польскае газэты Ўладыславам Струмілам, які выдатна гаварыў пабеларуску й нават перакладаў зь нямецкай для «Нашай
Нівы»... Яго можна было сустрэць у гэтай рэстарацыі ледзь ня штодня. I гэтаму месцу ён прысьвяціў багата сваіх апавяданьняў. Напрыклад, «Memento mori»: «А ўвечары... Увечары была, натуральна, «Паланга». Сядзелі мы ўгары, але не за столікам справа, як заўсёды, ён быў заняты, а ўселіся ля вакна, адкуль выгляд быў і на ўсю вялікую залю й на сквэр звонку — невялікі, смутнаваты й нейкі таямнічы».
Сквэр насупраць сапраўды таямнічы, ціхі, у густой засені. Проста пасярод гарадзкога тлуму. У ім была магіла савецкага генэрала Чарняхоўскага зь вялікім помнікам. Ад таго сквэр называлі Чарняхоўкаю. Яшчэ раней на месцы генэрала стаяла расейская капліца сьвятога Георгія, у гонар касаваньня вуніі. Ад яе за расейцамі й праспэкт зваўся Георгіеўскім. А да таго тут стаяла старасьвецкая капліца сьвятога Юра, і ў беларускай традыцыі праспэкт называлі СьвятаЮраўскім. Няма цяпер тут ні капліцаў, ні генэральскае магілы. Засталіся старыя дрэвы. Адсюль, з-за вялізарных шкляных шыбаў «Палангі», можна было гадзінамі цікаваць за вірлівым жыцьцём Вільні. Як з акварыюму. I можна было тут падгледзець прывіды зь мінулага. Хоць штосьці прымроіцца тут магло кожнаму, калі доўга глядзець скрозь шкло на стары віленскі брук. Седзячы тут, я таксама адчуваў шчыльную напоўненасьць этэру за шыбамі. Тут, зусім побач, была колішняя рэдакцыя «Нашай Нівы», дзе жыў Янка Купала, у суседнім пад'езьдзе жыў мастак і кампазытар Чурлёніс, а ў доме насупраць была рэдакцыя «Нашай Долі». Проста наперадзе, на брукаваным пляцы, расейскія карнікі расстралялі дэманстрацыю віленчукоў у крывавым 1905 годзе.
Але можна тут было спаткаць і здані з часоў нядаўніх. Гэтак Струміла, напрыклад, апісаў адно спатканьне: «Пазнаёміліся мы зь ім даўно, тут, у «Паланзе». На добрым падпітку ён падсеў да нас і напрасіўся на пачастунак. Былы карэспандэнт ТАСС на Кубе,
Віктар, п'янеў штораз хутчэй. Ён быў забаўны хлапец, ня злосны й нейкі безабаронны. Падсеўшы да нас аднаго вечара, уважаў сябе за нашага знаёмага і заўсёды даволі бесцырымонна патрабаваў ад мяне на некалькі наступных кілішкаў».
У свае трыццаць чатыры гады той былы савецкі карэспандэнт шмат чаго перажыў, перажыў і тую краіну, якую рэпрэзэнтаваў на Кубе, і, бадай, самога сябе. Перад самым сваім сконам, проста на эстрадзе ў рэстарацыі, ён усё згадваў сваю кубінскую дзяўчыну Хуаніту. Пасьля напрасіўся да мікрафону, узяў гітару й засьпяваў песьню Гарсія Лёркі...
Закашляўся, захістаўся, зачапіўся за мікрафон. Стойка мікрафону ўпала, суха ўдарыўшыся вобзем, як грудкі сухое зямлі аб вечка труны. Сьмерць наступіла адразу... Дарэчы, заўчасна пайшоў з жыцьця й сам Уладыслаў Струміла. Мяне запрасілі на ягонае пахаваньне нечакана. Ад газэты «Наша Ніва», дзе ён шмат друкаваў сваіх перакладаў. На хаўтурах пазнаёміўся, чарговы раз, зь Янам Сянкевічам, адным зь лідэраў тутэйшых палякаў, дэпутатам Сэйму. За чаркаю ён перайшоў на беларускую, красамоўна распавядаў пра сваю вучобу ў менскім Інстытуце замежных моваў. Згадаў свайго аднакурсьніка Зьмітра Коласа, цяпер вядомага перакладніка й выдаўца ў Менску, яшчэ аднаго нашага агульнага сябра. I гэтак плялосяперапляталася тут усё. Мінулае з сучасным, учора і сёньня, тут і там.
Бываў тут і яшчэ адзін вядомы савецкі карэспандэнт, Кіпрас Мажэйка. Мо памятаеце гэткага вусатага дзядзьку з гладкім тварам, які вёў рэпартажы з Заходняй Эўропы для маскоўскай праграмы «Время»? Ён хваліўся ў «Паланзе», што ягоным настаўнікам музыкі быў Вітаўтас Ландсбергіс (Vytautas Landsbergis). Мажэйка нядоўга пабыў у незалежнай Літве, зьехаў у Маскву. Дый «Паланга» сама мянялася вельмі хутка за
найноўшымі часамі. Раптам тут зрабілі аўтамабільны салён «Мазды». Затым — адно зь першых віленскіх казыно. Публіка хадзіла сюды таксама калярытная, але зусім ня тая... Цяпер ад тае «Палангі» няма і знаку. На яе месцы вырас вялікі бізнэс-цэнтар.