Прачутае
Сяргей Харэўскі
Выдавец:
Памер: 145с.
Вільня 2012
Проста гульні
Кожны з нас бачыў, як дзеці малюнак, што ім не спадабаўшыся, ці нягеглую скульптурку з плястыліну зьнішчаюць, каб пачаць наноў. Хто з нас, малечаю, ня быў зазлаваны правіламі той гульні, што прагульваў? I манілася зьмяніць правілы пасярод усяго, каб мець шанец перамагчы.
Гэтак і тыя дарослыя ўжо беларусы, каму то недаспадобы назва нашае краіны, то саманазва, то месцазнахожаньне і характар сталіцы. Ім ня сьпіцца ад пярэбараў у галаве «сапраўдных» назваў свайго
народу — крывічы, лмтвмны, rusiny, россы, ліцьвіны, палешукі, яцьвезі et cetera.
Як дзяўчына прымервае сукні, гэтак такія дзеціпераросткі прымерваюць «сапраўдныя» сталіцы — Полацак ці Наваградак, Вільня ці Горадня. Як Ямеля, лежачы на печы, яны хочуць заехаць некуды падалей ад неўпадабанае імі рэчаіснасьці ды прачнуцца ў прыгожай і заможнай «Краіне Замкаў», пашпартам якое можна ганарыцца.
Гэта як бы французы раптам пачалі ніякавець ад сваёй назвы з прычыны германскага паходжаньня плямёнаў франкаў і, ушчэнт закамплексаваўшы, узяліся выбіраць сабе імя — Аквітанія ці Гальлія :)))
Ніхто, вядома ж, не забароніць чалавеку лічыць сябе тым, кім ён сябе сам лічыць — старапольскім шляхціцам ці зухаватым казаком, індзейскім правадыром ці сьмелым каўбоем. Але рэчаіснасьць і правілы гульні ў ёй не зьмяняюцца адно ад нашых крозаў, нават калі хто ў сваю краіну мрояў паселіць яшчэ пару, ды хай і тузін, сваіх сяброў. Вакол нас — Беларусь. Сталіца, у якой жыве кожны пяты беларус, з усіх куткоў краіны, таксама адна. Калі мы адпрэчваем уласную мову — будзем карыстацца суседзкай. Хочам мы таго ці не.
Падабаюцца нам тыя правілы, паводле якіх мы сёньня саступаем, ці не. Трэба пасталець, прыняцьтыя правілы гульні, што ўсталяваў Лёс, і навучыцца перамагаць. Трэба вучыцца лепей гуляць, каб узяць верх. Нават скрозь сьлёзы. Праз боль. Паводде правілаў.
Шакаляд і крыўда...
Нам крыўдна. Мы крыўдуем немаведама на каго. На Расею, Амэрыку і Эўропу. На апазыцыянэраў, якія ўзялі ўдзел у выбарах, і на тых, хто застаўся ўбаку, удаючы разважлівасьць. Тымчасам на ўсіх экранах сьвету міжнародныя навіны распачынаюцца закалотамі ў КотДывуары, пасьля перамогаю народу ў Тунісе, у Эгіпце... Беларусь займае зусім ня тое месца ў эўрапейскай палітыцы, як бы нам хацелася. Куды сьціплейшае.
Бо ў Кот-Дывуары, напрыклад, ці палова сусьветнага ўраджаю какавы. Прыплюшчыце вочы. А цяпер уявіце, што шакаляду стала напалову меней! А блізу мільёна тунісцаў жыве ў Францыі, хоць ад берагу Тунісу найбліжэй да Італіі. Што ўжо казаць пра Эгіпет і ягоны ўплыў на суседзяў.
Беларусь на суседзяў мае ўплыў мінімальны. Перадусім, што крыўдна, — у культуры. Край, які даў сьвету цэлае сузор'е мастакоў, музыкаў і пісьменьнікаў, якія шмат у чым перадвызначылі шляхі мастацкай культуры Эўропы, застаўся ў смузе ружовага туману. Пра нас сёньня амаль нічога ня ведаюць нават у суседніх краінах. Пакрысе спаўзьлі весткі зь Беларусі на другія, трэція палосы газэтаў. Намі перастаюць цікавіцца. Ад нас стаміліся. Праблема Беларусі пачынае раздражняць. Бо, па вялікім рахунку, мы засталіся ў тым самым 1988 годзе, калі на Дзяды зьбілі шэсьце на Курапаты. Улада з асалодаю б'е людзей па-ранейшаму. Па-ранейшаму гэтая ўлада непахісная і недатыкальная. I пра наш боль ведама ў сьвеце ненашмат болей, чым тады, у 1988-м, пасьля Чарнобылю і Курапатаў... I дасёньня ня ведаем усёй праўды пра размах бальшавіцка-расейскага тэрору. Па-ранейшаму ахвяры Курапатаў і Катыняў застаюцца ў безыменных магілах, над якімі няма як нават паставіць крыжы. Застаюцца пытаньні: чаго мы яшчэ HE зрабілі за гэтыя гады, у якіх кампаніях, шэсьцях, мітынгах, выставах, канцэртах не ўзялі ўдзелу? I што рабіць далей...
Іншасьвет Сеціва, альбо Штосьці наперадзе...
Беларусы вельмі шануюць сваю асабістую прастору. Калі беларус заходзіць у вагон, у якім сядзіць усяго адзін чалавек, то ён беспамылкова знойдзе пункт, найбольш аддалены ад другога чалавека, каб сесьці самому. Мо таму ў нас пасьля КПСС гэтак і ня высьпелі вартыя ўвагі партыі... Сама думка пра партыйную дысцыпліну ці пра патрэбу ў рэгулярных сходках — балючая для здаровай беларускай псыхікі. Падазраю, тое самае тычыцца й амаль бясплённых у Беларусі спробаў цягам апошняе чвэрці стагодзьдзя запусьціць рухавік рэлігійнага жыцьця.
Беларускі краявід, у адрозьненьне, скажам, ад афрыканскага, заўсёды застаецца неразгорнуты. Гэта від у прачыненыя дзьверы. Калі ідзеш па лесе, бачыш толькі тыя дрэвы, што каля цябе, але ня бачыш лесу. Ягоны вобраз ствараецца ад дрэва да дрэва і — лапік блакіту ўгары. Гэта адчуваньне лесу, а не яго бачаньне, не сузіраньне. Цяжка ўявіць сабе групавую экскурсію ў беларускі лес. Каб пачуць птушак і ўбачыць зьвера, трэба ісьці аднаму. Нашыя зьвяры ня ходзяць табунамі. Лось, мядзьведзь, рысь — вялікія індывідуалісты. I пабачыш іх у прачыненыя дзьверы. Адзін.
Наш краявід, нашае натуральнае асяродзьдзе зьляпіла і нас. Таму замах на сваю асабістую прастору беларус успрымае балюча. Вядзецца не пра абстрактныя дэмакратычныя правы чалавека, а пра тое, што належыць мне пэрсанальна. Уяўляеце, напрыклад, што вы вяртаецеся дахаты, а там пабываў бяз вашага ведама нехта чужы. Можа й ня скраў нічога. Мо й не было чаго красьці. Але адчуваньне апаганенасьці сваёй прасторы, свайго маленькага сусьвету балюча адбіваецца ў людзкім сэрцы.
У маю электронную паштовую скрыню, што на tut.by, непрачытаныя лісты не прыходзяць. To бок
новыя лісты, не чытаныя мною, пазначаюцца, як ужо чытаныя. Ня мною. Хіба кожны ўжо беларус сутыкаўся зускрытымі паштовымі капэртамі, перагледжанымі пасылкамі. Паштаркі толькі вінавата ўсьміхаюцца, просячы ўсё ж расьпісацца за бандэроль, што ўжо нехта ператрэс ды крыва заклеіў назад, нават ня дбаючы пра супадзеньне штэмпэляў... Спачувальна ўздыхаючы, яны аддаюць табе пасылачку. Усім усё ясна. Адчуваньне, што ў цябе нешта скралі, застаецца.
Як ня выкрасьліш, не перапішаш у нашай гісторыі і таго, што ў нас скралі амаль усё, што было магчыма: людзкія жыцьці і сьвятыя абразы, музэйныя і архіўныя скарбы, памяць і славу. У нас адабралі, зынішчылі, пусьцілі парахном амаль усё, што нам было дарагое, — геніяльныя творы, бажніцы, палацы, курганы. Дзіва, бо ёсьць яшчэ што й сёньня апаганьваць, рабуючы сьвятыні ды музэі. Што можа біць мацней у беларускае сэрца? Дзіва ня тое, якое мы займаем сёньня месца. Дзіва — тое, што мы ўвогуле ёсьць.
Мне спачуваюць на мытнях, у паліклініцы, у падатковай інспэкцыі, у пад'ездах. Бо мною паўсюль ужо шматкроць пацікавіліся. Застаецца ўсьміхацца, адводзячы вочы. Спачуваюць беларусы. Бо гэта цалкам супраць нашай прыроды — зазіраць праз плячо, чытаць чужыя лісты, здаваць на аналіз палітычнае добранадзейнасьці сваю сьліну, здымаць адбіткі пальцаў у людзей. Тыя, хто руліць, хочуць пераламаць саму нашую натуру й натуральную гідлівасьць да зграйнага існаваньня. Але ўсім усё ясна...
Усім ясна, чаму, напрыклад, у нашым краі нішчацца бязьлітасна й несупынна памяткі мінуўшчыны. Бо начальства прадае дзялкі, на якіх яны стаяць, тым, хто болей заплаціць. Яму, начальству. Усім ясна, чаму ў такім ганебным стане нашая мова. Ясна, дзеля чаго ня можна ў нашай краіне голасна ўслаўляць Беларушчыну. Ясна, чаму людзі ня вераць у вынікі
раскрыцьця справаў пра выбухі ў Віцебску і ў Менску. Ясна, чаму ня могуць уздыхнуць вольна тыя, хто жыве сваім одумам і сваёй ініцыятываю.
Часам здаецца, што ўжо прагулялі ўсё. He застаецца ў Беларусі тэмаў, у якіх бы гучала нота аптымізму. Чаго б тое ні тычылася — месца мастацтва ў беларускім грамадзтве, ролі асьветы і адукацыі, помнікаў старасьветчыны ці лёсу нашага лесу. У нас скрадаюць і нашую спадчыну, і нашую будучыню.
Каб не было магчымасьці праз глябальнае павуціньне інтэрнэту стасавацца з аднадумцамі й паплечнікамі ў цэлым сьвеце — як не апусьціцца да адчаю ад відовішча ўсяго, што робіцца ў нашым доме? Але ў такія дні сумневаў, у дні нязносных роздумаў пра наканаваньні для маёй Айчыны, толькі, бадай, ты адзіны мне падтрыманьне й апірышча — магутны, праўдзівы і вольны інтэрнэт! :)
Біяграфія
Сяргей Харэўскі (нар. 1967, Менск) — мастак, літаратар, гісторык архітэктуры, культуроляг, мастацтвазнавец.
Вучыўся ў Менску ў мастацкай школе, у Менскай мастацкай вучэльні імя А. Глебава, у асьпірантуры Беларускай Акадэміі мастацтваў; у Пецярбурзе — у Інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры ім. I. Рэпіна і ў Варшаве — на курсах кампутарнай графікі, PR-мэнэджмэнту, у летняй школе Варшаўскага ўнівэрсытэту.
Цяпер выкладае ў Беларускім калегіюме і Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце (Вільня).
Як мастак-графік афармляў кнігі розных выдавецтваў, быў мастацкім рэдактарам часопісу «Бярозка», газэтаў «Свабода» і «Наша Ніва» (ад моманту аднаўленьня), супрацоўнічаў з рознымі радыёстанцыямі і тэлеканаламі ў Менску, Вільні, Варшаве, Празе. Тэксты С. Харэўскага перакладаліся й друкаваліся па-вугорску, па-летувіску, па-нямецку, па-польску, па-расейску, па-ўкраінску, пачэску. Супрацоўнічаў са СМІ Літвы, Чэхіі, Нямеччыны, Польшчы, Расеі, Люксэмбургу.
СЯРГЕЙ ХАРЭЎСКІ ПраЧутае
Аўтар ідэі сэрыі Максім Жбанкоў Каардынатар Алесь Анціпенка Галоўны рэдактар Валянцін Акудовіч Рэдактар Настасься Мацяш Карэктар Настасься Алехна Дызайн вокладкі Сяргей Ждановіч
У сэрыі «Бібліятэка «Беларускі калегіюм» выйшлі: Віталь Сіліцкі «Адкладзеная свабода», Алесь Анціпенка «Быць (пры)сутным», Валер Булгакаў «Беларусь 1994-2004 гг.: разбудова дзяржавы і перасьлед нацыі»
Фармат 84x1081/32. Папера афсэтная. Гарнітура «СаІіЬгі». Друк афсэтны. Наклад 300 асобнікаў.
Паліграфічнае выкананьне: Вільня